«Малады ліцвін з тэмпераментам вясковага грамадзяніна…»

Малады ліцвін, з тэмпераментам вясковага грамадзяніна і па «прафесіі» сваё мастацтва лічыць рэччу другаснай, а сябе лічыць дылетантам. Шчыры і працавіты дылетант, якога чакае вялікая будучыня...



Богуш-Сестранцэвіч. Аўтапартрэт.


У гэтым нарысе гаворка пойдзе не пра знакамітага Станіслава Богуш-Сестранцэвіча — асветніка, гісторыка, славіста, пісьменніка і першага мітрапаліта ўсіх рымска-каталіцкіх цэркваў Расіі, і да таго ж яшчэ і дзядзькі Дуніна-Марцінкевіча, а пра іншага. Таксама Станіслава Богуш-Сестранцэвіча — мастака, вартага ўвагі і памяці, тым больш, што 11 лістапада 2014 года спаўняецца 145 гадоў з дня яго нараджэння.

У вандроўку па жыцці

Біяграфічных звестак пра мастака захавалася вобмаль. Нарадзіўся Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч у 1869 годзе ў збяднелай шляхецкай сям’і, у Вільні, на Зарэччы. У месцы, якое поўнілася заезджымі дварамі, таннымі корчмамі, лаўкамі рамеснікаў ды пральнямі, і якое сёння мы ведаем як «Незалежную Рэспубліку Ужупіс».

Першымі жыццёвымі крокамі юнака да асветы была віленская рэальная вучэльня, а следам за ёй — рысавальная школа Трутнева. Далей шлях пралёг па добра ўбітай многімі землякамі сцежцы — акурат у Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. З выбарам класа Стась доўга не вагаўся. Шляхецкая жарсць і спадчынная любоў да коней, падмацаваная ўражаннямі бачаных у дзяцінстве «конскіх базараў» з абавязковымі і заўжды існымі цыганамі, што было часткай «эстэтычнага выхавання дзіцяці», зрабілі сваю справу. Яшчэ ў студэнцкія гады за свайго «Шэрага ў яблыках» ён атрымаў першую акадэмічную ўзнагароду і зрабіўся сталым удзельнікам выставаў Пецярбургскага таварыства мастакоў.

Батальны клас жывапісу прафесара Багдана Паўлавіча Вілевальдэ (1818–1903) лічыўся адным з лепшых у Акадэміі. Як згадваюць сучаснікі, яго «паважалі за незвычайную дабрыню і шчодрасць: ён са сваіх зберажэнняў выдаваў дапамогу многім вучням класа і клапаціўся пра іх».

Лічыцца, што Багдан Вілевальдэ, мастак з саксонскімі каранямі, пісаў кідкія палотны, сюжэты для якіх запазычваў у гісторыях і легендах вайны 1812 года, а таксама ў аповесцях пра замежныя экспедыцыі рускага войска, што ён стварыў расійскі батальны жанр і батальны жывапіс увогуле.

Клас Вілевальдэ даваў даволі грунтоўную і ўсебаковую падрыхтоўку. Але ў ім не існавала міфалагічных і біблейскіх сюжэтаў. Баталісты абапіраліся выключна на расійскую гісторыю. Дзеючыя асобы іх палотнаў, што распавядалі пра гераічныя замежныя паходы імперскага войска, — дзеці і старыя, сяляне і мяшчане, не кажучы ўжо пра купцоў і салдат — прадстаўлялі спрэс «рускі свет».

Але памяць дзяцінства, праведзенага на вулках размаітагалосага віленскага Зарэчча, сцвярджала Станіславу штось іншае, калі не супрацьлеглае. Падчас навучання ў Акадэміі юнак хварэў на сухоты. «Станіслаў вучыўся на выдатна, але чамусьці з трэцяга курса, у 1892 годзе, быў выключаны «за непаспяховасць»... Калі ўжо сабраўся было ехаць у Вільню, у яго папрасілі прабачэння і аднавілі ў правах студэнта», — піша Барыс Крэпак.

Пасля гэткай абразы Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч яшчэ пэўны час працягваў навучэнне, і нават 11 лістапада 1893 года атрымаў малы срэбраны медаль. Але неўзабаве сам «не пажадаў працягваць навучэнне ў Імператарскай акадэміі мастацтваў». Сапраўдная матывацыя гэтага ўчынку дасюль не вядомая.

Замежны след

Вяртанне ў Вільню, дзе Станіславу быў знаёмы кожны закуток, сталася шчымліва-радасным, але і самотна-кароткім адначасова. Тут Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч мусіў быў выжываць, клапаціцца пра «хлеб надзённы». Шукаць шляхі далейшай навукі.

Удасканальваць свой рэалістычны досвед Станіслаў накіраваўся ў Парыж, у прыватную Акадэмію Жуліяна (Academia Julian), што існавала ад 1868 года. Асновай тагачаснага навучэння ў Парыжы былі штудыі аголенай натуры, і таму ў дзяржаўную школу вытанчаных мастацтваў (École des Beaux-Arts) жанчын не прымалі. Акадэмія Жуліяна такой дыскрымінацыі не рабіла. Слухачы маглі нават спаборнічаць за дзяржаўную стажыроўку — «Рымскую прэмію». Неўзабаве гэта акадэмія стала часткай Нацыянальнай праграмы выяўленчага мастацтва — «Penninghen». Менавіта ў Акадэміі Жуліяна Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч адточваў сваё майстэрства.

Наступным жыццёвым прыпынкам пасля Парыжу стаў Мюнхен. Тут Станіслаў працягваў сваё навучэнне ў майстэрні мастака-рэаліста Юзэфа Брандта (1841–1915), з якім меў не толькі прафесійныя, але і сваяцкія стасункі, бо хоць і каротка, але быў пабраны шлюбам з адной з яго дачок. Каньком прафесара мюнхенскай акадэміі, даруйце за каламбур, былі коні, а таксама гістарычны, батальны і анімалістычны жывапіс, — тое, да чаго Станіслаў быў схільны з дзяцінства. Сябра мюнхенскага кунстферайна («кunst-verein» — грамадская мастацкая супольнасць дапамогі «некамерцыйным» мастакам), ён, натуральна, браў удзел і ў культурным жыцці горада.

Вяртанне на радзіму

Утаймоўваюча-аптымістычным стала вяртанне Станіслава ў Вільню ў 1897 годзе. Тут спакваля адраджалася мастацкае жыццё, раней прыгнобленае  рэпрэсіямі Мураўёва. Мастак прыняў удзел у некалькіх выставах: вясновай віленскай выставе «тэракотаў і гіпсаў» былога вучня школы малюнка — Баляслава Балзукевіча, якая прайшла ў будынку цырка на Лукішках. А ўвосень была арганізавана і маштабная выстава са 150 твораў.

Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч браў удзел у падрыхтоўцы да святкавання юбілею Адама Міцкевіча. Працаваў у грамадскім камітэце пабудовы помніка і, апрача конкурсных эскізаў да яго, па прапанове рэдактара Чэслава Янкоўскага, увасабляў постаці сяброў і паплечнікаў паэта: Зана, Адынца, Чачота. У тым жа 1897 годзе ў складзе мюнхенскай групы «Sezession» ён са сваёй работай «З поля» удзельнічаў у міжнароднай выставе, што не абмінае ў сваім аглядзе «Tygodnik ilustrоwany». А на першым конкурсе тэатральнай фатаграфіі ў Варшаве Станіслаў нават заняў 4-е месца. Не прапусціў ён і другую віленскую выставу ў жніўні 1899 года.

Крыху пазней крытык Адольф Навачынскі ў артыкуле «Сучасныя мюнхенцы. Карціны і людзі» напіша пра Станіслава Богуш-Сестранцевіча: «Малады ліцвін, з тэмпераментам вясковага грамадзяніна і па «прафесіі» сваё мастацтва беспадстаўна лічыць рэччу другаснай, а сябе лічыць толькі дылетантам. Гэта вельмі шчыры і працавіты дылетант, якога чакае вялікая будучыня ў параўнанні са шматлікімі калегамі... Богуш-Сестранцэвіч… арыгінальны ў сваіх віленскіх завулках, забудовах, падворках, незалежна ад таго, ці адлюстроўвае іх алейнай фарбай, ці пяром. У малюнках пяром заключаецца яго галоўная моц, тэмперамент і стыль».

Несупынны карагод, што кружляў перад вачыма мастака: гламурна-недасяжныя мясцовага гатунку красуні, не надта абцяжараныя маральнасцю, перастарэлая гімназічная дама, якая ў лепшым выпадку з зайздрасцю ставіцца да сваіх бэйбусаў-гадаванцаў, значныя, заўжды пахмурна-заклапочаныя чыноўнікі, бравыя вайскоўцы, самазадаволеныя фацэт-мажоры, картачныя гульцы, тусовачна-багемныя балбатуны, плеткары і яшчэ, і яшчэ — усё гэта можна ўбачыць у яго творах. Эскізна-лёгка ўвасабляе ён разнастайныя псіхалагічныя і сацыяльныя тыпы ў акварэльных працах «Віленскае грамадства», «Менскае грамадства», «Кветкі вялікага горада».

Не дзіва, што «востра-крытычны позірк мастака» імпанаваў нават савецкай уладзе, якая з гонарам паказала яго ў Маскве у 1940 годзе.

Як яно і было

Паводле ладу свайго жыцця Богуш-Сестранцэвіч быў тыповым прадстаўніком багемы, у тым сэнсе, што асабістую свабоду з ганарарнымі заробкамі ставіў вышэй за казённую, штодзённую прысутнасць. Не зважаючы на тое, што грамадскія варункі ў краі ніколі не спрыялі развіццю і буянню мастацтваў, спадчыннік ВКЛ, ён быў мастаком краёвай свядомасці і, натуральна, не мог абмінуць тутэйшых тэмаў, тым больш што часта выязджаў у Мінск і іншыя мястэчкі, дзе цікавіўся і фіксаваў жыццё сялян і дробнай, згалелай шляхты.

«...З галавой кідаецца ў «часопісную» творчасць… пасля 1906 года, супрацоўнічае і з першай беларускай легальнай перыядычнай газетай «Наша ніва». Няма сумневу, што ён знаёмы і з братамі Луцкевічамі, і з Алаізай Пашкевіч (Цёткай), і з маладымі Янкам Купалам, Вацлавам Ластоўскім, Ядвігіным Ш.», — піша крытык Барыс Крэпак. Мусіць, так і было, але дакументальна гэта не пацверджана.

Падставай жа для гэтай патрыятычна-катэгарычнай заявы, відаць, сталася праца мастака над ілюстрацыямі адной з першых беларускіх кніжак — апавяданнем Элізы Ажэшкі «Гедалі», якое выпусціла выдавецтва «Наша Ніва» ды не разгаданы псеўданім графіка беларускіх выданняў пачатка ХХ стагоддзя — «Яніслаў Валакіта».

Светлай памяці Генадзь Каханоўскі лічыў, што за гэтым псеўданімам хаваўся Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч. Надзея Усава тое абвяргае, грунтуючыся на тым, што подпіс, пададзены «беларускай лацінкай, уласцівай для мастакоў інсітнага, непрафесійнага мастацтва, але з усведамленнем». Роля ілюстратара, які схаваўся пад гэтым «празрыстым» псеўданімам, больш пасуе паэту і драматургу Альберту Паўловічу (1875–1951), лічыць яна.

Кропку ў палеміцы мажліва будзе паставіць, знайшоўшы і вывучыўшы архівы беларускіх выдавецтваў Вільні (перадусім «Беларускай хаткі»).

Майстра на ўсе рукі

Лёгкі на пад’ём, Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч ад сур’ёзных псіхалагічных партрэтаў ці мадэрнова трактаваных кампазіцыяў (такіх, як «Гейша», 1902) або глыбока рэалістычных («Прачкі») твораў хутка пераходзіў да банальна-камерцыйных рэчаў. «Рабіў пампезныя, замоўныя партрэты са спісанымі з Ван Дэйка аголенымі рукамі», заўважае Паклеўскі. Ад вытанчана-іранічных станкавых, а часам і гратэскна-сатырычных твораў пераходзіў да ілюстрацыйнай, часопісна-газетнай графікі. Пісаў шчымліва-лірычныя краявіды і побытавыя кампазіцыі. Стала і прафесійна займаўся фатаграфіяй.

Кажуць, што ў часы жорсткага безграшоўя Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч змушаны быў кінуцца ў матрыманіяльную тэматыку, што карысталася гарачым попытам не толькі тых, хто рушыў да шлюбу, але і рознага кшталту гульцоў і аматараў моцных напояў і прыгодаў. Як і большасць мастакоў, Станіслаў займаўся педагагічнай працай, а таксама быў сузаснавальнікам і рэжысёрам тэатра-кабарэ «Ach».

Тэатр-кабарэ ў Вільні з’явіўся раней, чым у Варшаве ды Львове. Арганізатарамі і заснавальнікамі яго сталі мастак Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, лекар Міхаіл Мінкевіч і архітэктар Тадэвуш Раствароўскі. Прэм’ера адбылася 29 студзеня 1908 года ў зале на вуліцы Міцкевіча.

У пяцігадзінным відовішчы, апрача самадзейных артыстаў, з сем’яў арэндадаўцаў, сярод якіх сустракаліся прадстаўнікі з вышэйшага свету, бралі ўдзел і прафесійныя акцёры. Пазней бацькі-заснавальнікі запрасілі і выканаўцаў з Варшавы ды Пецярбургу — Горскага, Сабаньску, Барткевіча.

Праграма кабарэ ўлучала ў сябе данс-шоў (упершыню публічна танчылі вальс, а таксама яшчэ фандага, мазурку, чардаш і паланез), аднаактную п’есу, сатырычныя дыялогі, як кажуць, на «злобу дня». Выступы меркавалася даваць у памяшканні віленскай мэрыі, па аднаму на год, кшталту масленічных карнавалаў. Але па патрабаванні гледачоў ды канкурэнцыі з тэатрамі-вар’етэ «Szuman» у Батанічным садзе і створаным у 1910 годзе яшчэ адным кабарэ «Rcvucta Kukuryku» планы змянілі.

Абавязкам Богуш-Сестранцэвіча была падрыхтоўка і выданне праграмак. Вокладку зазвычай упрыгожвала выява П’еро з гітарай, але гэта быў хутчэй сімвал-камертон дзеі.

Героі карнавала-відовішча — містычныя Белая і Чорная дамы, чарнакніжнік, гістарычныя асобы розных эпох (іспанскі кароль ХVII cт., графы і графіні, князь Віктар Святаполк-Мірскі, «дзікая краіна» з-над Віліі з яе чыноўніцтвам, ліберальнымі і патрыятычна-манархічнымі журналістамі, тагачаснымі месцічамі). Калі ж дадаць у гэты шэраг пачвару «з дзвюма галовамі, дзвюма рукамі, адным тулавам і трыма нагамі» і Караля-кавуна, ролю якога выконваў сам пан Станіслаў, — кола замкнецца.

Адзін з віленскіх крытыкаў пісаў, што ў дзень выступу трупы сцэна пашыралася да памераў усёй Вільні. Крыніцы спазнання віленскіх кабарэ сціплыя, адзначае супрацоўніца Цэнтра паланістыкі віленскага ўніверсітэта Ірэна Федаровіч. Апрача «Кур’ера Віленскага», гэта папулярныя ў тыя гады «аднадзёнкі», досвед супрацы з якімі пан Станіслаў меў з мюнхенскіх часоў — беларускія выданні «Кнут», «Крапіва», «Саха», якімі апекаваўся Францішак Аляхновіч.

Спектаклі ў большасці падаваліся «mowiono z proprowincji». Аглядальнік Ф. Грыневіч пісаў, нібыта кожны рух, кожнае слова паказвала пазнавальны віленскі выпадак і перадавала трапную нацыянальную і асабовую характарыстыку.

Ад’езд

У кастрычніку 1919 года, пасля амаль стогадовай летаргіі, зноў адчыніўся Віленскі ўніверсітэт. Першы дэкан і рупліўца мастацкага факультэта, прафесар Фердынанд Рушчыц падабраў лепшыя выкладчыцкія кадры. Станіславу Богуш-Сестранцэвічу ён даверыў кіраванне майстэрняй натуры і даў беспрытульнаму мастаку пакойчык пры мурах факультэта.

Няшчымна-халоднае жыццё патроху наладжвалася, але пагроза чырвонай акупацыі змусіла да бежанства практычна ўвесь першы склад факультэта. Хворы і самотны мастак апынуўся ў Варшаве. Але апошні прытулак знайшоў у горадзе, у якім нарадзіўся.

Памёр Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч 24 траўня 1927 года. Хаўтурнымі клопатамі па ім, з-за адсутнасці нашчадкаў, займалася былая жонка — Крысціна Бранд-Тышкевіч. Пахаваны ён адпаведна тэстаманту 28 траўня, у Вільні, на зруйнаваных у 1950-я гады могілках.

Жалобную імшу па Станіславу Богуш-Сестранцэвічу справілі ў строга-класіцыстычнай (на манер рымскіх храмаў) евангелісцка-рэфарматарскай царкве, веліч якой вартавалі скульптурныя кампазіцыі Карла Ельскага. Пабудаваная яшчэ ў 1830–1831 гадах па праекту Карла Падчашынскага як лютэранская, царква ад самага пачатку задавальняла рэлігійныя патрэбы і другой рэфарматарскай плыні — кальвінісцкай, да якой належаў мастак. Месцілася гэтая святыня на былой Завальнай (зараз Піліма) вуліцы (у паваенныя часы ў гэтым будынку месціўся кінатэатр «Хроніка»).

У 1956 годзе пашкоджаныя вайной рэфарматарскія могілкі канчаткова зруйнавалі, на іх месцы пасадзілі парк. Бліжэй да нашых часоў на тым месцы вырас Палац Шлюбу.

Пытанне спадчыны

Жанрыст, які змалку прызвычаены быў пільна ставіцца да «дробязяў жыцця» з іх імкліва-непаўторным рухам, мастак, які занатоўваў гэтае жыццё алоўкам і пяром, фіксаваў яго на фотапласцінах, Богуш-Сестранцэвіч нічога не пакінуў на ўспамін спадчыннікам-беларусам. Яго творы ў зборах Вільні, Варшавы, Кракава, Мюнхена, Лодзі ў музеі Плоцкага ваяводства, але не ў Беларусі...

Будзем спадзявацца, што калі-небудзь хтосьці з беларускіх патрыётаў зоймецца арганізацыяй яго выставы ў Мінску.

Каментаваць