Марш смерці

З 22-м чэрвеня звязаны яшчэ адзін трагічны эпізод беларускай гісторыі. Гаворка ідзе пра эвакуацыю зняволеных з турмаў заходніх абласцей БССР, якая абярнулася страшнай трагедыяй для многіх тысяч людзей. Адзін з найбольш жорсткіх эпізодаў той драмы разгарнуўся ў беларускім горадзе Глыбокае.

 



Манастыр Беразвечча ў 30-х гадах


…Ужо ў кастрычніку 1939 года савецкія ўлады стварылі ў будынку сярэднявечнага манастыра базыльянаў у Беразвеччы турму. Асноўны кантынгент зняволеных у ёй складалі былыя грамадзяне ІІ Рэчы Паспалітай, сярод якіх было шмат афіцэраў Войска польскага, паліцэйскіх, святароў, землеўласнікаў, настаўнікаў. У Беразвецкі манастыр трапілі ў асноўным жыхары Глыбокага, Браслава, Дзісны, Плісы, Пастаў, Шаркоўшчыны ды іншых мясцовасцяў. Разам з тым, сярод зняволеных былі і польскія грамадзяне з заходніх ваяводстваў, якія спрабавалі ўратавацца ад немцаў.

Адным з вязняў Беразвецкай турмы быў ляснік Францішак Вайткевіч з Браслаўскага павету. У архіве Інстытуту Нацыянальнай Памяці ў Варшаве мне ўдалося знайсці ўспаміны яго дачкі, Марыі Аўчарчук. Жанчына адзначала, што ўсю іх сям’ю арыштавалі 20 чэрвеня 1941 года і прывезлі на чыгуначную станцыю ў Глыбокім. Пад аховай унутраных войскаў НКУС там ужо знаходзілася шмат людзей. Жанчын і дзяцей пагрузілі ў вагоны, а мужчын павялі ў бок Беразвецкага манастыра. Марыя тады не ведала, што бачыць бацьку ў апошні раз.

Пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз частка вязняў турмы ў Беразвеччы была забіта на месцы. Адзін са сведкаў тых страшных падзей Вільгельм Жэчыцкі сцвярджаў, што пасля таго, як НКУС пакінула турму, на яе тэрыторыі былі знойдзены брацкія магілы. На некаторых з ахвяр былі бачныя сляды катаванняў. Іншы відавочца Вацлаў Брынк у сваіх паказаннях адзначаў, што на тэрыторыі турмы ў 1941 годзе было выяўлена 7 або 8 брацкіх магіл. Частка трупаў знаходзілася ў камерах.

У кнізе Ю. Мацкевіча «Катынь» змешчаны пратакол допыту чалавека, які быў адным з першых, хто ўбачыў турму ў Беразвеччы пасля таго, як яе пакінуў НКУС. Вось вытрымка з гэтага дакументу: «Я, мой бацька і яго таварыш, які пражываў у Жаўнераўшчыне Дзісненскага павету, пайшлі ў Беразвечча, дзе на ўскрайку мястэчка ў некалькіх адчыненых будынках можна было ўбачыць трупы забітых. Я быў у трох пакоях аднаго з будынкаў. У кожным з іх ляжалі трупы забітых у цывільнай вопратцы і ўніформе польскага войска. Казалі, што сярод забітых былі ў асноўным палякі і беларусы».

Дакладная лічба ахвяр расстрэлаў у Беразвецкай турме не вядома. Па інфармацыі Акружной камісіі вывучэння злачынства супраць польскага народа ў Лодзі, у перыяд з 17 верасня 1939 па 24 чэрвеня 1941 года на тэрыторыі Беразвецкай турмы было знішчана да 800 вязняў.

24 чэрвеня 1941 года пакінутых у жывых вязняў вырашаюць эвакуяваць праз Ушачы ў Віцебск. Пешую калону зняволеных ахоўвалі вайскоўцы НКУС і міліцыі з сабакамі. Усяго, па розных дадзеных, турму пакінулі да 4 тысяч зняволеных. Калона выглядала наступным чынам: наперадзе ехаў конны раз’езд унутраных войскаў НКУС, за ім рухаўся абоз з турэмнай дакументацыяй, далей ішлі байцы ўнутраных войскаў НКУС, узброеныя аўтаматычнай зброяй, за імі —рэзервісты. Затым ішлі зняволеныя: палітычныя (мужчыны), далей жанчыны, замыкалі калону канваіры і абоз з сем’ямі супрацоўнікаў НКУС. Між кожнай групай была адлегласць у 30–40 метраў.

Людзі шукаюць сваіх родных сярод ахвяр НКУС

Ахвяры савецкага тэрора ў турме ў Беразвеччы


Адзін з вязняў глыбоцкай турмы Міхаіл Баговіч так апісваў тыя падзеі: «Са зняволеных сфармавалі групы па 8 чалавек. Калона «зэкаў» расцягнулася на 1,5 км. Па абочынах дарог сабраліся мясцовыя жыхары, якія спрабавалі даць нам ваду, ежу. Многія шукалі сваіх родных. У майго сваяка былі афіцэрскія боты. Вельмі цесныя. Ён паспрабаваў іх зняць. Але тут жа атрымаў прыкладам у спіну і ўпаў. Да яго падышоў салдат і замахнуўся вінтоўкай са штыком. Хлопец схапіўся за штык. Я паспрабаваў падбегчы да яго на дапамогу, але таксама атрымаў прыкладам па плячы. Рушыла ўслед каманда «Кладзіся», і ўсе зняволеныя ўпалі ў прыдарожны пыл».

Давёўшы зняволеных да бліжэйшага лесу, начальнік турмы, сяржант дзяржбяспекі Міхаіл Прыёмышаў, вырашае «разгрузіць этап», апраўдваючы свае дзеянні тым, што нібыта зняволеныя палякі, убачыўшы нямецкія самалёты, сталі крычаць: «Жыве Гітлер!» Прыёмышаў аддаў загад адкрыць агонь па вязнях. У выніку было забіта каля 600 зняволеных. За гэта злачынства па распараджэнні ваеннага пракурора войскаў НКУС начальнік глыбоцкай турмы быў арыштаваны. Па справе праводзілася следства, матэрыял якога трапіў у рукі сакратара ЦК КП (б) Беларусі П.К. Панамарэнкі. І той прызнаў дзеянні Прыёмышава правільнымі і загадаў адпусціць яго з-пад варты.

Відавочца таго расстрэлу, Надзея Красоўская, успамінае: «У тым пекле выжыла наша знаёмая акушэрка. Яна ішла ў адным шэрагу з мужам. Калі пачалі страляць, яе выратавала тое, што яна звалілася ў канаву каля дарогі. Сукенка гэтай жанчыны з ног да галавы была запэцкана крывёй расстраляных людзей».

Касцёл бызыльянаў. Канчаткова знішчаны савецкімі уладамі ў 1960-1970 гадах



Апагеем беразвецкага «Маршу смерці» стаў расстрэл каля вёскі Мікалаева каля Улы. Гэта жорсткае дзейства доўжылася не больш за 15 хвілін. Вось як тое ўспамінаў Міхаіл Баговіч: «Мы раптам пачулі страшны трэск з усіх бакоў. Аднекуль пачуўся крык: «Браты, нас расстрэльваюць!» Побач пачуліся стогны. Канваіры нешта крычалі. Лаяліся. Тым, хто застаўся жывы, салдаты загадалі збіраць трупы і скідаць іх на абочыну».

А вось што ўбачыў іншы сведка, Павел Кажух: «Адны зняволеныя падалі як нежывыя. Мабыць, куля трапіла ў сэрцы, іншыя скакалі, падымаючы рукі ўверх, нібы маліліся аб выратаванні, трэція проста ляжалі і стагналі. Я ляжаў у рове ля дарогі. На мяне скідалі мёртвыя целы. Дыхаць было цяжка. Неўзабаве я пачуў, як канваіры падлічвалі трупы. Апошняй лічбай была 1773».

Жыхарцы Мікалаева Разаліі Барысевіч у 1941-м было 13 гадоў. На яе вачах разгарнулася трагедыя, пра якую яна не забудзе да канца жыцця. 26 чэрвеня яна працавала ў полі і раптам убачыла вялікую калону людзей, якія ішлі праз мост на Дзвіне. Разалія пабегла да дарогі, спадзеючыся ў натоўпе зняволеных убачыць свайго бацьку, арыштаванага НКУС. Як толькі калона прайшла мост, яго ўзарвалі. Праз некалькі хвілін у небе над Мікалаевым з’явіліся нямецкія самалёты. Зямля затрэслася, пачалася бамбёжка. А потым пачалося новае пекла. Разалія ляжала ў прыдарожнай канаве, зачыніўшы вушы рукамі. Над галавой свісталі кулі, трашчалі кулямёты і аўтаматы. Паўсюдна чуліся крыкі, плач, стогны. Канваіры расстрэльвалі зняволеных. Брахалі сабакі, а ўздоўж дарогі бегалі жонкі супрацоўнікаў НКУС і крычалі, што, маўляў, мясцовым жыхарам не трэба баяцца, іх салдаты ў сініх фуражках не зачэпяць, бо не вінаватых яны не расстрэльваюць. А ў чым быў вінаваты беларускі хлопец, арыштаваны НКУС за «контррэвалюцыйную агітацыю», або настаўнік-каталік з вясковай школы, якога «па веравызнанні» запісалі ў катэгорыю ворагаў народу?

У скверы, дзе стаіць бюст галоўнага чэкіста, у 1941 г. таксама былі пахаваны ахвяры, растраляныя НКУС у Беразвецкай турме



Нарэшце страляніна спынілася, і на тым месцы, дзе яшчэ нядаўна стаялі жывыя людзі, цяпер было крывавае месіва. А канваіры, нібы на бойні, хадзілі паміж трупамі і дабівалі параненых штыкамі. Боты салдат па самыя халявы былі пакрытыя чалавечай крывёю. Разалія ўспамінала, што потым целы забітых пагрузілі ў сялянскія вазы і павезлі ў лес.

Лясны масіў недалёка ад Мікалаева мясцовыя называлі «Таклiнаўскі барок». Там былі выкапаныя ямы, у якіх сяляне зімой захоўвалі бульбу. У гэтыя ямы і скінулі расстраляных вязняў турмы ў Беразвеччы. Падчас нямецкай акупацыі целы былых зняволеных былі эксгумаваны і перапахаваны на ўскраіне лесу. Па розных дадзеных, там спачывае прах каля двух тысяч чалавек.

Сярэднявечны касцёл у Беразвеччы канчаткова быў знішчаны савецкімі ўладамі ў 1960–1970 гадах. У будынку манастыра базыльянаў да сённяшняга дня знаходзіцца турма. Перад галоўным уваходам у яе стаіць помнік Феліксу Дзяржынскаму, на якім, між іншых, напісаны словы: «Прайсці свой шлях да пераможнага канца». Гісторыя згуляла з гэтым месцам злы жарт. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што ў скверы, дзе стаіць бюст галоўнага чэкіста, у 1941 годзе таксама былі пахаваны ахвяры, расстраляныя НКУС у Беразвецкай турме.
 

Каментаваць