Ён 60 гадоў маўчаў пра тое, як дапамагаў Ларысе Геніюш

«На аўтастанцыі да мяне падышоў невядомы мужчына і спытаў, да каго я ў Зэльву прыязджаў. Я сказаў, што да паэткі і купіў у яе сярэбранік. Але далей наша размова спынілася — прыехаў аўтобус і я заскочыў у салон. А мужчына ў адказ паспеў сказаць: «Мы яшчэ сустрэнемся, і, спадзяюся, хутка».

 Алімпіяда Панасік — сяброўка Ларысы Геніюш. Зэльва, 1929 год. Фота друкуецца ўпершыню.

З 83-гадовым Вячаславам Берастоўскім я пазнаёміўся нядаўна. Жыве ён у Слоніме адзін, бо жонка некалькі гадоў таму памерла. Вячаслаў Канстанцінавіч, нягледзячы на свой сталы ўзрост, выглядае даволі ўпэўнена і моцна.

Яго невялікая двухпакаёўка нагадвае своеасаблівы музей. Асабліва прыцягваюць увагу круглыя драўляныя рамачкі з надпісамі і партрэцікамі. У адной з іх — Тадэвуш Касцюшка і тэкст: «Воля, роўнасць, незалежнасць». У другой рамачцы пазнаю Міхала Казіміра Агінскага з тэкстам: «Слонім, М. Агінскі». На трэцяй — буслы ў гняздзе і словы: «Воля і гонар. Жыве Беларусь». «Гэта маё хобі, я з маленства люблю што-небудзь майстраваць з дрэва», — прызнаўся Вячаслаў Канстанцінавіч.


Амаль усё жыццё ён адпрацаваў токарам на слонімскай фабрыцы «Тэкстыльшчык», і пра гэта не шкадуе. Бо была праца, добрая сям’я, выгадавалі дзяцей, растуць унукі і праўнукі. А яшчэ Вячаслаў Канстанцінавіч вельмі цікава і доўга можа распавядаць пра сваякоў і родных, якія жылі ў ХХ стагоддзі і якімі ён да сёння ганарыцца і часта ўспамінае.

«Ці праўда, — пытаюся ў Вячаслава Канстанцінавіча, — што вы былі знаёмыя з беларускай паэткай Ларысай Геніюш, якая жыла ў Зэльве?». «Так, — адказвае Васіль Берастоўскі. — Я сустракаўся з ёй у Зэльве тры разы…»

Вячаслаў Берастоўскі, верасень, 2017 год.

І стары слонімец пачынае прыгадваць той час і хуткія спатканні ў горадзе над Зальвянкай.

Справа ў тым, што ў 1930-х гадах цётка Вячаслава Берастоўскага Алімпіяда была замужам за Аляксандрам Панасікам. Панасік быў даволі багатым чалавекам, у Зэльве ён меў некалькі будынкаў, у адным з іх пасля вайны знаходзілася пошта. Кім ён працаваў і чым займаўся, Берастоўскі не ведае. І куды ён знік, як прыйшла ў 1939 годзе ў Зэльву савецкая ўлада, таксама ніколі не чуў. Магчыма, Панасіка арыштавалі органы НКУС і расстралялі.

У першым шэрагу сядзяць: Аляксандр Панасік і яго жонка Алімпіяда Пананасік, стаяць: Аксана Садоўская і Канстанцін Берастоўскі — бацька Вячаслава Берастоўскага. Зэльва, 1929 год. Фота друкуецца ўпершыню. 


А Алімпіяда Панасік з дачкой выехалі ў Польшчу і жылі ва Вроцлаве. Алімпіяда больш замуж ніколі не выходзіла. Але ў той час, калі ўсе да вайны шчасліва жылі ў Зэльве, Панасікі шчыра сябравалі з Ларысай Геніюш. Яны хадзілі адзін да аднаго ў госці, у іх былі маленькія дзеці: у Алімпіяды — дачка, у Ларысы — сын Юрка, які нарадзіўся ў 1935 годзе ў Зэльве.

— Першы раз я паехаў у Зэльву ў 1968 годзе, — пачаў успамінаць Вячаслаў Берастоўскі. — Мяне туды завёз сябра на матацыкле. Прывёз ён на Зэльвенскую аўтастанцыю. Там я адразу ўзяў зваротны білет на аўтобус у Слонім. Калі купіў білет, то хуценька пайшоў шукаць вуліцу і хату.

Недалёка ад хаты да мяне падышла нейкая жанчына і спытала: ці не Ларысу Антонаўну я шукаю? Я сказаў, што менавіта яе. Потым неяк непрыкметна з’явілася і сама паэтка, якой я хутка перадаў 500 савецкіх рублёў — вялікія па тых часах грошы. Яна іх узяла і адразу схавала. А мне ў рукі дала срэбную манету (сярэбранік). Я ўзяў манету і хуценька пайшоў на аўтастанцыю, бо праз пэўны час павінен быў прыехаць аўтобус да Слоніма.

На аўтастанцыі да мяне падышоў невядомы мужчына і спытаў, да каго я ў Зэльву прыязджаў. А потым сам дадаў: да паэткі? Я сказаў, што так, да паэткі і купіў у яе сярэбранік. Але далей наша размова спынілася — прыехаў аўтобус і я заскочыў у салон. А мужчына мне ў адказ яшчэ паспеў сказаць: «Мы яшчэ сустрэнемся, і, спадзяюся, хутка». Але я ўжо ад’язджаў у Слонім.

— Ці чапаў вас хто пасля гэтага першага візіту ў Зэльву?

— Не, ніхто.

— А хто вас накіраваў у Зэльву да Ларысы Геніюш?

— Мая цётка, якая жыла ў Слоніме. Яна неяк мне сказала, што ў Зэльве жыве адна бабка, вельмі трэба ёй завезці грошы, але так, каб ніхто мяне не бачыў там, і зрабіць гэта трэба як найхутчэй. Выканаць такую просьбу прасіла цётка Алімпіяда Панасік з Вроцлава — сястра майго бацькі. Гэту цётку я бачыў у жыцці толькі два разы.

Алімпіяда Панасік — сяброўка Ларысы Геніюш. Зэльва, 1929 год. Фота друкуецца ўпершыню.

— Але потым вы зноў вазілі грошы Ларысе Геніюш?

— Другі раз у Зэльву я паехаў рэйсавым аўтобусам у 1969 годзе. Быў я больш смялейшым, бо ведаў, дзе яе хата. Выйшаў на аўтастанцыі і смела пайшоў у належным кірунку. Увайшоў у хату, прывітаўся. Ларыса Антонаўна была ў хаце адна. Жылі Геніюшы дужа сціпла, гэта было бачна. Я перадаў грошы, Ларыса Антонаўна паставіла на стол нейкай настоечкі, мы па кроплі з ёй выпілі, яна распытала, як жыве цётка Алімпіяда, і я хуценька пабег на аўтастанцыю. Гэтым разам ніхто мяне не чапаў і не затрымліваў.

А трэці раз я вазіў дапамогу Ларысе Антонаўне ў 1972 годзе. Калі прыйшоў да яе ў хату, яна хацела мяне пачаставаць, але я сказаў, што мне нельга доўга затрымлівацца. Паэтка абняла мяне, паляпала па плячы, і я пайшоў на аўтастанцыю…

Калі Вячаслаў Берастоўскі наведаў польскі горад Ольштын і гасціў у роднай бацькавай сястры Аксаны Садоўнік, другая цётка з Вроцлава Алімпіяда Панасік шчыра дзякавала за дапамогу і казала, што Ларыса Геніюш — гэта наша сапраўдная змагарка і патрыётка і дапамагаць ёй — гэта для яе быў найвялікшы гонар у жыцці.

Алімпіяда Панасік — сяброўка Ларысы Геніюш. Зэльва, 1929 год. Фота друкуецца ўпершыню.

Даследчык творчасці Ларысы Геніюш Міхась Скобла неяк сказаў, што Алімпіяда Панасік у 1943 годзе сустракалася з Ларысай Геніюш у Празе…

Дарэчы, у тыя 1968–1972 гады, жывучы ў Зэльве, Ларыса Геніюш шчыра сябравала і перапісвалася з Міколам Прашковічам, Ірынай Крэнь, Алесем Белакозам, Юркам Голубам, Зоськай Верас, Сяргеем Панізьнікам, Адамам Мальдзісам, Максімам Танкам ды іншымі. Сяброў тады ў нашай паэткі і патрыёткі было шмат, але і ворагі вакол яе не спалі ў шапку…

Калі я развітваўся з Вячаславам Берастоўскім, ён сказаў, што даўно не быў у Зэльве і вельмі хоча паглядзець на хату, дзе жыла Ларыса Геніюш, наведаць яе магілу на мясцовых могілках. Я паабяцаў Вячаславу Канстанцінавічу, што мы туды ў бліжэйшы час абавязкова з’ездзім.


Каментаваць