Мэра Пінска выклікалі на дуэль

Навіна стала топавай у горадзе над Пінай. Такога яшчэ не было і пэўна ўжо не будзе, менавіта таму інфармацыя імгненна разышлася сярод гараджан. Яны абмяркоўвалі, ці здарыцца ўрэшце дуэль, якога выніку чакаць, хто пераможа?


Штотыднёвая газета паведаміла: “Віцэ-прэзідэнт Пінска Лапчынскі за абразу, выказаную яму прэзiдэнтам Алявінскім, выклікаў апошняга на дуэль”.


Пётр Алявінскі (1895-1962)

Інцыдэнт меў месца ў сталіцы Палесся 85 год таму. У 1931 годзе кіраўніком Пінска з’яўляўся Пётр Алявінскі, на той момант вядомы чалавек у міжваеннай Польшчы, легенда польскага руху скаутаў і адзін з заснавальнікаў харцэрства.


 Польскія скаўты (Пётр Алявінскі другі злева), 1914 год


Марш польскіх скаутаў.

Як вядома, тэрыторыя Заходняй Беларусі, згодна з ганебнай Рыжскай дамовай 1921 года, уваходзіла ў склад польскай дзяржавы да восені 1939 года. Сучасны старшыня гарвыканкама называўся “прэзідэнтам горада”.

Спадар Лапчынскі, шчыра кажучы, зрабіў эфектны крок, які рэальна мог каштаваць яму жыцця. Па-першае: Алявінскі, акрамя таго, што вышэйшы па пасадзе, карыстаўся падрымкай у вышэйшых уладных колах Польшчы. Па-другое: Алявінскі выдатны вайсковец, у часы барацьбы Польшчы за незалежнасць працаваў у выведцы, некалькі разоў з поспехам праводзіў аперацыі на фронце. Карацей кажучы, прэзідэнт Пінска мог скарыстаць, як адміністрацыйны рэсурс, так і вайсковы. Менавіта таму захоўвалася інтрыга, як паведзе сябе першая асоба ў такой складанай, неадназначнай сітуацыі.


Першы злева Пётр Алявінскі, 1925 год

Трэба зберагчы годнасць — тварам не ўпасці ў бруд, запэцкаўшы мундзір, але нельга секчы згарача — прадстаўляе дзяржаву.

Алявінскі меў яшчэ, куды большую адказнасць, ён меў добрае знаёмства з самім Юзафам Пілсудскім. На Палессі казалі, што менавіта першы кіраўнік незалежнай Польшчы з’яўляўся надзейнай падтрымкай нашага героя. Ёсць версія: Пілсудскі ў пачатку ХХ стагоддзя хаваўся ад царскай жандармерыі за вызваленча-рэвалюцыйную дзейнасць на Пінскім Палессі. Прытулак Пілсудскі знайшоў у Калбах, вёска ў сучасным Пінскім раёне. Гэта радавое месца Алявінскіх, дзе і нарадзіўся Пётр у студзені 1895 года.

Але разам з гэтым нельга ўсё спісваць на знаёмства і бязмежную ўдзячнасць маршалака Польшчы. Пётр Алявінскі з юнацтва ўдзельнічаў у польскім руху скаутаў, дасягнуў вялікага поспеху. Прайшоў падпольную вайсковую школу і ў 1915-18 гадах браў удзел у барацьбе за незалежнасць польскай дзяржавы. У 1918 годзе паляшук стаў адным з кіраўнікоў патрыятычнага моладзевага руху — харцэраў.


Кіраўнікі польскіх харцэраў (Алявінскі трэці справа ў ніжнім радзе), лістапад 1918 год.

З сярэдзіны 1920-х гадоў займаўся палітыкай, абіраўся ў парламент, дзе паспяхова працаваў у Камітэце па аграрнай рэформе. З 1931-га па 1934 год узначальваў уладу ў Пінску. Прыклаў намаганні па развіцці пінскага музея. Прынамсі, заклікаў жыхароў Палесся зрабіць падарунак або перадаць на часовае захоўванне ў фонды музея рэчы, якія сімвалізуюць традыцыі, побыт, прыроду рэгіёна. Як бачым, не просты чыноўнік.

Выхад са складанай сітуацыі Пётр Алявінскі знайшоў. У хуткім часе ў друку з’явіўся адказ Лапчынскаму, маўляў, падначалены павінен выконваць загады, а не абражацца. Дуэль не адбылася.


У цэнтры Алявінскі, 1938 год.

Прэзідэнт Пінска працягнуў працу да 1934 года, пасля чаго пайшоў на павышэнне ў сенатары. У 1939-1944 гадах паляшук удзельнічаў у антынацысцкім патрыятычным падпольным руху на тэрыторыі акупаванай Польшчы. У пасляваенны час займаўся гісторыяй харцэрскага руху.

Алявінскі памёр у красавіку 1962 года ў польскім горадзе Канстанціне-Язёрным, дзе і пахаваны.

Пятро Савіч, Радыё Рацыя

Каментаваць