Мінулае і будучыня айчынных шахмат

У апошнія гады палітолаг і перакладчык Вольф Рубінчык вывучае гісторыю айчынных шахмат. Напрыканцы 2012 года ён выдаў кнігу «З гісторыі Беларусі шахматнай», прысвечаную памяці забітага ў гады сталінізму беларускага  паэта і шахматыста Зэліка Аксельрода (1904–1941).



Вольф Рубінчык


Гэта, бадай, першае ў Беларусі навукова-папулярнае выданне пра шахматную мінуўшчыну, дзе ўвага засяроджана не на фігурках, знойдзеных археолагамі, а на гульцах і іхняй грамадскай актыўнасці. Рэцэнзентамі кнігі выступілі кандыдаты гістарычных навук Міхась Чарняўскі (Мінск) і Ігар Пушкін (Магілёў).

Сярод закранутых аўтарам тэм — шахматы на Беларусі «за царскім часам», жыццё і дзейнасць беларускіх шахматыстаў першых дзесяцігоддзяў XX стагоддзя, у тым ліку Саламона Разенталя, Уладзіслава Сіліча, Ісака Мазеля і Гаўрылы Верасава, жаночыя шахматы ў БССР, стан шахматнай кампазіцыі ў Беларусі напярэдадні Кастрычніцкага перавароту і пазней, знаходжанне на беларускай зямлі сусветна вядомых гульцоў Эмануіла Ласкера, Хасэ Рауля Капабланкі, Макса Эйве, Міхаіла Батвінніка, Сала Флора, Веры Менчык, Андрэ Ліліенталя і Ганса Кмоха.

Слушнай выглядае прапанова Рубінчыка ўсталяваць на будынку былой памежнай чыгуначнай станцыі Негарэлае мемарыяльную дошку ў гонар чэмпіёнаў свету па шахматах. Менавіта на станцыі Негарэлае вядомых шахматыстаў падчас перасадкі віталі прадстаўнікі ўладаў, беларускія заўзятары і журналісты. У 1936 годзе Батвіннік нават паспеў даць на станцыі сеанс адначасовай гульні. У дадатку да кнігі «З гісторыі Беларусі шахматнай» — статут Мінскага шахматнага гуртка 1903 года. Гэты статут быў першай на тэрыторыі сучаснай Беларусі кніжкай пра шахматы (у Вільні шахматная літаратура выдавалася ўжо ў XIX стагоддзі). Пра вынікі нядаўніх росшукаў Вольф Рубінчык распавёў карэспандэнту НЧ Марату Гаравому.

— Самыя раннія шахматныя фігуркі, што знойдзены на тэрыторыі краіны, айчынныя археолагі датуюць XI–XII стагоддзямі. Фігуркі выраблялі з косці, каменя, дрэва і каштоўных металаў. У старадаўнія часы шахматная гульня была часткай адукацыйнага працэсу магнатаў і шляхты, вабіла і месцічаў. У XVI стагоддзі нямецкі вандроўнік Паўль Одэрборн сведчыў: шахматысты Полаччыны гуляюць так добра, што з імі наўрад ці справяцца яго суайчыннікі. Сярод выбітных гістарычных асоб, якія цікавіліся шахматамі, даследчыкі згадваюць князя Вітаўта, Льва Сапегу, Міхала Клеафаса Агінскага і Кастуся Каліноўскага…

У XIX стагоддзі гульня яшчэ больш пашырылася ў тутэйшым грамадстве. Пад канец XIX і ў пачатку XX стагоддзяў шахматныя клубы і гурткі існавалі ў Вільні, Мінску, Віцебску і Гародні. Так, у мінскую кавярню Вянгржэцкага на рагу вуліц Захар’еўскай і Петрапаўлаўскай (на заходнім баку Кастрычніцкай плошчы, прыкладна там, дзе цяпер уваход на станцыю метро «Кастрычніцкая»), якая працавала з 1861 года, завітвалі амаль усе гарадскія гульцы. Штодзень з 12 гадзін да позняга вечара яны займалі адзін-два столікі і гулялі лёгкія партыі з невялікай стаўкай (10–25 капеек). Толькі зрэдку адбываліся матчы паміж гульцамі першай катэгорыі.

А расійскі часопіс «Всемирная иллюстрация» 30 верасня 1872 года паведамляў: «У Мінску да таго развітая любоў да шахматнай гульні, што тамтэйшым шахматыстам свая арэна ўжо робіцца цеснай, і яны выклікаюць на спаборніцтва па перапісцы Пецярбургскі шахматны клуб, просяць нас наладзіць гэтую справу…».

Асаблівасць айчынных шахмат, бадай, у тым, што беларуская зямля здаўна адыгрывае ролю трампліна для мігрантаў. Сярод гэтых шукальнікаў шчасця адметнае месца занялі ўраджэнец Ваўкавыску Давід Яноўскі і мінчанін Барыс Гельфанд.

Яноўскі нарадзіўся ў 1868 годзе, у дзяцінстве пераехаў з бацькамі ў Лодзь, потым жыў у Францыі і Амерыцы, хаця не адмаўляўся і ад расійскага грамадзянства. У пачатку ХХ стагоддзя Яноўскі быў адным з наймацнейшых шахматыстаў планеты і двойчы аспрэчваў у Ласкера званне чэмпіёна свету, праўда, беспаспяхова.

Наш сучаснік Барыс Гельфанд перабраўся ў Ізраіль пад канец XX стагоддзя, а ў траўні 2012 года змагаўся за званне чэмпіёна свету з індусам Вішванатанам Анандам і таксама прайграў. Але мяне цікавяць не толькі і нават не столькі прэтэндэнты на чэмпіёнскі тытул.

Адной з прыкметных асоб у беларускіх шахматах быў Марыс Крайчык (1882–1957), сузаснавальнік і сакратар Мінскага шахматнага гуртка ў 1902–1904 гадах. Пазней ён стаў прафесарам матэматыкі ў Бельгіі, жыў у ЗША, у Беларусь не вярнуўся. Сёння амаль забыты і супернік Крайчыка, студэнт Мінскай камерцыйнай вучэльні першакатэгорнік Раман Герцык: на пачатку XX стагоддзя ён з’ехаў у Маскву, дзе ў 1909 годзе перамог будучага чэмпіёна свету Аляксандра Алехіна. Гэтая перамога наводзіць на думку, што Герцык быў блізкі да ўзроўню маэстра.

Дарма што цяпер на Беларусі жывуць больш за тузін вядомых гросмайстараў (у 1980-х іх было двое: Віктар Купрэйчык і Кіра Зварыкіна), у апошнія дзесяцігоддзі папулярнасць шахмат падупала. Адной з прычын заняпаду з’яўляецца нежаданне тых, хто прымае рашэнні, вывучаць гісторыю. Што казаць пра дарэвалюцыйныя гурткі — ігнаруюцца і савецкія дасягненні.

У 1920–1930-я гады на Беларусі выявілася шмат таленавітай моладзі як у шахматнай гульні, так і ў кампазіцыі. Найбольш вядомымі  кампазітарамі таго часу былі мінчукі Васіль Кобец і Якаў Камянецкі, а гульцамі — першыя беларускія майстры спорту СССР па шахматах Уладзіслаў Сіліч з Віцебска (1929), мінчукі Ісак Мазель (1931) і Гаўрыла Верасаў (1937), а таксама гамельчук Абрам Маневіч (1939).

Тады вакол іх віраваў энтузіязм і гэтых маэстра ледзь на руках не насілі. Яны давалі сеансы адначасовай гульні, кіравалі гурткамі, вялі рубрыкі ў газетах, у правінцыі іх сустракалі з аркестрам як высокіх службовых асоб. Першыя чэмпіянаты БССР датуюцца 1924 годам (мужчынскі) і 1928 годам (жаночы). Удалося ўстанавіць, што жаночых чэмпіянатаў да вайны было не два, як лічылі ў федэрацыі шахмат, а як мінімум шэсць, а чэмпіёнкамі БССР у 1920–1930-я гады былі не толькі Дунер і Шамес, але і Меяровіч, Гарб, Шафраноўская і Тамара Някрасава. Дэталізацыя біяграфій гэтых шахматыстак вымагае дадатковых доследаў.

Увогуле ж, першай з вядомых на беларускіх землях шахматыстак была Багародская, якая ў 1880-х згуляла ў гродзенскім турніры, — пра гэта я даведаўся дзякуючы расійскім калегам Уладзіславу Новікаву і Рамілю Мухаметзянаву. Часам здаецца, што расійцы больш цікавяцца шахматнай гісторыяй Беларусі, чым тутэйшы люд. З іншага боку, у росшуках мне моцна дапамаглі нашы знаныя архівісты, у тым ліку Вольга Бабкова і Васіль Матох.

Цікавай падзеяй сталася I Усебеларуская калгасна-саўгасная спартакіяда па шахматах і шашках імя XI Усебеларускага з’езда саветаў (Мінск, 1935). Гулялі ўсяго 17 чалавек, у тым ліку 8 шахматыстаў і 9 шашыстаў, але іх віталі старшыня шахматнага камітэта Усесаюзнага савета фізкультуры Мікалай Крыленка, чэмпіён СССР Міхаіл Батвіннік і старшыня Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР Аляксандр Чарвякоў.

Імпрэза ладзілася перадусім для прапаганды камуністычнай ідэалогіі, каб прадэманстраваць свету, што рэвалюцыя далучае рабочых і сялян да лепшых здабыткаў сусветнай культуры. У той час шахматы былі вельмі важнай, з гледзішча ўладаў, гульнёю. Так, у 1936 годзе старшыня Савета народных камісараў БССР Мікалай Галадзед прыняў экс-чэмпіёна свету Эмануіла Ласкера, які даваў у Мінску сеансы і кансультаваў мясцовых шахматыстаў, у тым ліку Гаўрылу Верасава (1912–1979). Верасаў, дарэчы, праславіўся тым, што на XII чэмпіянаце СССР 1940 года перамог прэтэндэнта на шахматную карону Паўля Керэса.

Навагодні сяброўскі шарж на Гаўрылу Верасава з газеты «Звязда», 1 студзеня 1941 г.

У 1930–1940-я гады былі рэпрэсаваныя людзі, якія заклалі падмурак беларускай шахматнай школы. У 1942 годзе ў лагеры на Поўначы сканаў старшыня шахматна-шашачнай секцыі пры Народным камісарыяце аховы здароўя Радзівон Шукевіч-Траццякоў, блізкі да нацыянал-камуністаў. У 1920-я гады ён нямала зрабіў для папулярызацыі гульні і аднаўлення памяці пра мінуўшчыну, у газеце «Звязда» вёў першую шахматную рубрыку ў БССР. Загінулі гулец з Барысава лесатэхнік Якаў Сядашаў і паэт Зэлік Аксельрод, які выступаў за Беларусь ва ўсесаюзным першынстве работнікаў друку. Некалькі гадоў у лагеры адседзеў Вацлаў Гебельт (1913–1999) — складальнік задач з Гродзеншчыны, які пасля вайны стаў найвядомейшым шахматным кампазітарам Беларусі. Ён быў рэабілітаваны толькі ў 1992 годзе.

Вядучых шахматыстаў Беларусі сталінскія рэпрэсіі не пасеклі, але вайна забрала жыцці Уладзіслава Сіліча, маладзейшых таленавітых гульцоў Юліса Насцюшонка і Рамана Фрадкіна, складальніка з-пад Брэста Шаі Крэленбаўма. Ахвярай вайны можна лічыць і другога па ліку шахматнага майстра БССР Ісака Мазеля (1911–1945) — ён прайшоў праз вайну камандзірам узводу, але за месяц да перамогі памёр ад тыфу.

Асоба гэтая ў нечым авантурная. Мазель — адзін з першых шахматных педагогаў у БССР (з 1927 года вёў гурток у мінскай школе №2). Мазель вывучыўся на дрэваапрацоўшчыка, але сцяміў, што ў савецкай краіне рабочым усе шляхі былі адкрытыя толькі на паперы. Напрыканцы 1920-х гадоў ён вырашыў стаць шахматным прафесіяналам. У 1931 годзе Мазель ужо ўзначальваў шахматна-шашачную секцыю Цэнтральнага савета прафсаюзаў БССР — гэта, відаць, дапамагло яму зрабіцца майстрам. Пасля пераезду ў Маскву Мазель прадоўжыў кар’еру шахматнага функцыянера, даваў жыць людзям і не забываў пра сябе — ездзіў у камандзіроўкі, з платнымі сеансамі адначасовай гульні і лекцыямі дабіраўся аж да Усходняй Сібіры. Некаму тое не падабалася, Мазеля параўноўвалі з Астапам Бендэрам і ў 1939 годзе дыскваліфікавалі, але перад Вялікай Айчыннай вайной званне майстра ўсё-такі вярнулі. У пачатку 1942 года лейтэнант Мазель выйграў шахматны чэмпіянат Масквы, на які яго адклікалі з фронту…

Карыкатура ваеннага часу на Ісака Мазеля

Некалі я рэдагаваў часопіс «Шахматы», вёў рубрыку ў «Нашай Ніве», цяпер супрацоўнічаю пераважна з самвыдавецкім бюлетэнем «Альбино» і дадаткам да яго «Альбино плюс». Праект заснаваны ў 1991 годзе, яго аніматар — гісторык і журналіст Вадзім Жылко з Лунінца. Сярод беларускіх незарэгістраваных выданняў «Альбино» — доўгажыхар, мо таму, што прыцягвае аўтараў і чытачоў з паловы свету, ад Авіньёна ў Францыі да Іркуцка ў Расіі. З сотым нумарам «Альбино» павіншаваў чалавек-легенда, найстарэйшы гросмайстар Юрый Авербах, які цяпер загадвае цэнтрам шахматнай культуры і інфармацыі ў Маскве.

З 2008 года ладзяцца Кубкі «Альбино» па рашэнні шахматных кампазіцый — фактычна, неафіцыйныя чэмпіянаты Беларусі. Яны маюць мемарыяльны характар, прысвячаюцца юбілеям славутых кампазітараў. Можна разглядаць гэтыя імпрэзы выключна як спартовыя спаборніцтвы рашальнікаў, мне ж карціць бачыць у іх парастак незалежнай шахматнай супольнасці, а нават і феномен беларускай культуры. У 2012 годзе на адкрыцці V Кубка ўпершыню чыталіся вершы.

Пераможцы юніёрскай лігі Кубка «Альбино» 2012 г. (фота Вадзіма Жылко)

Тэма «шахматы ў мастацтве, мастацтва ў шахматах» часам недаацэньваецца, а дарэмна. Нагадаю, што з песняроў у Беларусі захапляліся гульнёй Алесь Гарун, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Янка Купала, Альберт Паўловіч, Эля Савікоўскі… З 2007 года штогод праходзяць чэмпіянаты Саюза беларускіх пісьменнікаў па шахматах. Апантаным аматарам гульні і кампазіцыі выявіўся чэмпіён СБП паэт Васіль Жуковіч.

Федэрацыя шахмат мала дбае пра захаванне памяці, у ёй не вядзецца летапіс — нядаўна быў уражаны тым, што ў гэтай паважанай суполцы не ведалі нават сваіх кіраўнікоў да 1977 года. Многія сюжэты шахматнага мінулага краіны (ці толькі шахматнага?) яшчэ не распрацаваны: напрыклад, дзейнасць шахматыстаў Заходняй Беларусі да Другой сусветнай вайны. Увогуле, міжваенны перыяд заслугоўвае глыбейшага вывучэння, чым у маёй кніжцы. Калі хто мае дадатковыя звесткі, прашу ліставаць на rubinczyk@yahoo.com.

Мінулае мінулым, а паглядаю і ў будучыню. У шашках прыйшлі да зменаў у правілах, варта зрабіць аналагічны крок і ў шахматах. У 2009 годзе прыдумаў «вольныя шахматы», альбо «шахматы–5039»: белыя фігуры вольна размяшчаюцца на першай гарызанталі дошкі, а чорныя — сіметрычна. Ёсць 5 039 варыянтаў расстаноўкі фігур, не лічачы звыклага, у выніку тэорыя шахматных дэбютаў, узараная ўздоўж і ўпоперак з дапамогай кампутарных праграм, «адпачывае». У 2012 годзе адбыўся першы чэмпіянат Мінска па вольных шахматах».

Абмеркаванне:

  • Вольф
  • 2013-01-05 22:21:44
Дзякуй за публікацыю, хіба заўважыў колькі арфаграфічных памылак. "Кастычніцкай плошчы..." - прапушчана "р". "з 1927 годзе вёў гурток..." - трэба
"з 1927 года...". "ад Авіньёна ва Францыі" - трэба "ў Францыі". "кіраўнікоў да 1977 года Многія" - прапушчана кропка перад словам
"Многія". Прашу паправіць.

Каментаваць