Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Містык «Бацька Адам» Міцкевіч

На сваіх лекцыях у 1844 годзе ён выклікаў дух Напалеона, прапаноўваў слухачам паразмаўляць з памерлым французскім імператарам, раздаваў яго партрэты. Гэта, нарэшце, прывяло да таго, што яго адправілі ў 6-месячны адпачынак.

Мы ведаем яго, перш за ўсё, як паэта на сумежжы культур, творы якога ўваходзяць у скарбонку сусветнай літаратуры. Яго выклік «О, Літва, Айчына мая!» стаў заявай цэлага пакалення. Сам невысокі, з тыповым мужчынскім сілуэтам, прыгожай капною чарнявых валасоў і блакітнымі вачыма ён меў вялікую папулярнасць сярод жанчын: пра яго любоўныя сувязі напісана не адна гісторыя.

Але доўгі час, каб стварыць легенду, якая перарасла ў культ, даследчыкі закрывалі вочы на іншы бок яго асобы, без якой немагчыма разуменне творчасці Адама Міцкевіча: яго глыбокі містыцызм.

Уладальнік выдатнай памяці

Ён нарадзіўся 24 снежня 1798 года, і згодна легендзе, акушэрка перарэзала яму пупавіну над кнігай, каб адкрыць немаўлю дарогу ў навуку. Праўда гэта ці не, але факт застаецца фактам: Міцкевіч валодаў выдатнай памяццю, якая дазваляла яму запамінаць усё, што ён чуў, не кажучы ўжо пра тое, што чытаў. Ён, які не любіў выконваць школьныя заданні, аддаваў перад тымі перавагу раманам, нават прасіў братоў, каб яны чыталі яму падручнікі перад сном, і такім чынам заўсёды быў добра падрыхтаваны.

Але гэтага хапала не заўсёды, паколькі яму бракавала дысцыпліны, ды і здароўе падводзіла. Як вынік — двойчы па два гады Адам Міцкевіч праводзіў у адным класе дамініканскай школы, дзе вучыўся ў 1807-1815 гадах, пасля чаго працягнуў навучанне ў Віленскім універсітэце. Дарэчы, пры паступленні ён на конкурснай аснове спаборнічаў за атрыманне стыпендыі на навучанне з Тамашам Занам. У выніку атрымаў стыпендыю менавіта Адам, а Тамаш зрабіўся яго лепшым сябрам.

Немаўля, якое выпала з акна

Калі ад бацькі Мікалая Адаму дасталося ўменне ў напісанні вершаў, то ад маці, Барбары з Маеўскіх — глыбокая хрысціянская вера, асабліва ў розныя цуды. Аднойчы, калі Барбара глядзела за малым Адамам, той неспадзявана выпаў з акенца. Маці моцна спалохалася і звярнулася з малітваю да Астрабрамскай Божай Маці. Адам застаўся цэлы, а Барбара палічыла гэта за цуд. Да гэтай матчынай веры дамешваліся фантастычныя аповеды ў стылі гісторый барона Мюнхаўзена, якія распавядаў дзецям сям’і Міцкевічаў іх служка Уласій. У выніку Адам з дзяцінства рос як вельмі ўражлівы малады чалавек.

Але яго ўражлівасць з цягам часу перарасла ў непрыхаваны местыцызм, чаму садзейнічаў той жыццёвы досвед, які з’яўляўся ў маладога паэта, вымушанага выправіцца на эміграцыю ў Францыю.

Міцкевіч і Тавянскі

Тут, у Парыжы, у хуткім часе пасля шлюбу з Цалінай Шыманскай, Адам Міцкевіч напрыканцы 1834 года заснаваў таварыства “Злучаныя браты”, якое грунтавалася на строгім выкананні нормаў каталіцызма. Зварот да такой практыкі быў выкліканы цяжкасцямі ў жыцці,які вымушалі знаходзіць выйсце ў рэлігіі. Гэта перш за ўсё фінансавыя праблемы і творчыя паразы.

Сітуацыя ўскладнілася ў 1838 годзе, калі жонка Міцкевіча Цаліна патрапіла ў бальніцу з цяжкай нервовай хваробай. Праз некалькі месяцаў ёй стала лепш, што дазволіла Адаму разам з сям’ёй, якая да таго часу пабольшала на двух дзяцей, перабрацца ў Лазанну, дзе паэт атрымаў працу ў акадэміі. Але калі ў 1840 годзе французскі ўрад вырашыў адкрыць у Каледж дэ Франс кафедру славянскіх літаратур, Міцкевіч вяртаецца ў Парыж, дзе яго жонцы зноў становіцца горш. Нічога не дапагамала.

Міцкевіч быў падкошаны хваробаю жонкі. Нечакана ў асяродку знаёмых з’явіўся эмігрант Андрэй Тавянскі, які быў яго аднагодкам і нарадзіўся 21 снежня 1798 года (па іншых звестках 1 студзеня 1799) у маёнтку Анташвінец Віленскай губерні. Тавянскі прапанаваў Міцкевічу лекі, а калі яны падзейнічалі і дапамаглі Цаліне, Тавянскі абвесціў Міцкевічу пра сваю місію быць прарокам новага вучэння, якое ў далейшым атрымала назву «тавянізм», а яго прыхільнікаў назвалі «тавянчыкі».

Андрэй Тавянскі

Каб канчаткова патрапіць у давер да паэта, Тавянскі паведаміў таму некаторыя факты асабістага жыцця Міцкевіча, якія маглі ведаць толькі бліжэйшыя сябры. Адам паверыў.

«Месіянізм»

Згодна Тавянскаму, сусвет населены злымі і добрымі духамі, якія змагаюцца паміж сабою за ўладу над кожным асобна ўзятым чалавекам. Мэта чалавецтва — дасягненне хрысціянскага ідэала. Цяпер надышла новая эпоха, папярэднікам якой быў Напалеон, але той не выканаў ускладзенай на яго місіі, таму неабходна працягваць працу па змяненні сусвету, пачаткам якіх стануць радыкальныя палітычныя пераўтварэнні. Пры гэтым Тавянскі адмаўляў дасягненні навукі і лічыў іх непатрэбным глупствам, якія адцягваюць увагу ад галоўнага — «справы Божай».

Але не гэтыя ідэі прыцягвалі да Тавянскага эмігрантаў з колішняй Рэчы Паспалітай. Згодна аднаму з іх, асноўны сэнс распрацаванага напрыканцы 1830-х гадоў вучэння заключаўся ў тым, што «Польшча атрымала высокае прызначэнне ў сям’і хрысціянскіх народаў, але адышла ад яго, страціўшы хрысціянскі дух, з-за чаго сышла з наканаваных ёй Вышэйшай воляй гістарычных дарог. Як кару за нявернасць Бог аддаў яе ў ярмо няволі, якое не скінуць аніякія яе адчайныя кіданні, пакуль не апамятаецца, не папросіць прабачэння ў Бога і не вернецца на пакінутыя шляхі свайго нацыянальнага прызначэння».

Папулярнасць новага вучэння была выклікана толькі тым, што ў вуснах Міцкевіча пад час яго лекцый даволі туманныя думкі заснавальніка вучэння пачыналі гучаць зразумела, паколькі ў іх прысутнічала вера ў адраджэнне незалежнасці Радзімы. Гэтая вера даходзіла да таго, што многія эмігранты пачалі прадаваць сваю маёмасць у Францыі і перабірацца на часовае, як ім здавалася, пражыванне ў гасцініцы.

У 1842 годзе ў Парыжы было заснавана Кола Божай Справы на чале з Тавянскім, якое дзялілася на сямёркі на чале з вартаўнікамі. Але ў хуткім часе французскія ўлады вымусілі Тавянскага перабрацца ў Швейцарыю, адкуль ён працягваў кіраваць арганізацыяй. Яго намеснікам у Парыжы заставаўся Міцкевіч, які імкнуўся пашыраць новае вучэнне. Ён распавядаў пра чарадзействы і чароўныя сны, у якіх перад ім з’яўляліся злыя духі.

«Нацыянальнасці загінуць, пераплавяцца…»

Міцкевіч спрабаваў перацягнуць на свой бок папулярнага сярод эмігрантаў князя Чартарыйскага, затым банкіра Ротшыльда, і нарэшце вырашыў звярнуцца з лістом да расійскага імператара Мікалая І. Міцкевіч адзначаў, што “ранейшым духам нянавісці” немагчыма змяніць Расію і дасягнуць поспеху ў справе вызвалення Айчыны, спачатку неабходна захапіцца братэрскай любоўю да рускіх. Але гэтыя думкі прывялі да раскола «тавянчыкаў», ад якіх аддзялілася суполка на чале з паэтам Славацкім. А ў 1847 годзе, нарэшце, адбыўся разрыў і Міцкевіча з Тавянскім, які імкнуўся да татальнага кантролю над створанай ім арганізацыяй.

Погляды паэта адчувалі глыбокую трансфармацыю, аб чым сведчыць размова пад час сустрэчы 20 сакавіка 1848 года з Зыгмунтам Красіньскім, Нарвідам і Станіславам Малахоўскім. Так, Адам Міцкевіч заявіў: «Польшчы больш не будзе. Злучацца Чэхі, Маскалі і Палякі… Нацыянальнасці загінуць, пераплавяцца… Нават назва Польшча асуджана на смерць і знішчэнне”. Працягваючы сваю думку, Міцкевіч абрынуўся з крытыкай на шляхту, якая “павінна быць ліквідаваная!». Пасля гэтай сустрэчы Норвід напісаў у лісце да генерала Скжынецкага, што гэты выступ Міцкевіча: «я знаходжу яго самым магутным ашуканцам, прыкладу якога да гэтага часу няма… Гэты чалавек страшны для Польшчы». Працяг гэтага канфлікта перапыніла «Вясна народаў», якую Міцкевіч сустрэў з вялікай надзеяй. Надзеяй на абяцаныя Тавянскім палітычныя зрухі, якія прывядуць да абнаўлення чалавецтва.

Міцкевіч і легіёны

Таму Міцкевіч едзе… у Рым, да папы Пія ІХ, каб пераканаць таго прыняць вучэнне Тавянскага і распаўсюдзіць яго па Еўропе. Але з гэтага, зразумела, нічога не выйшла. Да таго ж каталіцкае духавенства адносілася да паэта як да ерэтыка. Тады ў Міцкевіча ўзнікла іншая ідэя — арганізаваць польскія легіёны, якія б далучыліся да італьянцаў у іх барацьбе з Аўстрыяй. Вакол Міцкевіча нават сабралася невялікая купка дабраахвотнікаў, якая дайшла да Мілана. Адсюль Міцкевіч накіраваўся ў Парыж, каб дабіцца падтрымкі шырокіх колаў эміграцыі. Але пакуль паэт дабіраўся да сталіцы Францыі і наладжваў кантакты, у Італіі быў ужо заключаны мір. Чарговы раз спадзяванні Міцкевічане спраўдзіліся.

Але нечакана адбылася лютаўская рэвалюцыя ў Парыжы. Міцкевіч паверыў у прэзідэнта Луі Напалеона, які павінен быў стаць прадаўжальнікам напалеонаўскай ідэі. Але і тут здарылася расчараванне.У выніку Міцкевіч зусім зачыніўся, перастаў выходзіць на публіку.

«Разваліна»

Кола яго знаёмых цяпер абмяжоўвалася сям’ёй і набліжанымі прыхільнікамі ідэй тавянізма. Яго слухалі як прарока, «які хуткімі няроўнымі крокамі бегае па пакоі, трымае ў зубах кароткую люльку, і, пускаючы з яе клубы дыма, увесь час гаворыць рэзкім голасам. Калі ён сядзе на хвіліну, сядаюць і тыя госці, якія яго слухаюць; калі ён устане, і яны паўстаюць… Адныя з яго сяброў называюць яго бацькам Адамам, другія – братам Адамам. Першыя цалуюць яму руку, другія – плячо…» Біёграф Міцкевіча Хмялеўскі назваў стан паэта ў апошнія гады не інакш, як “разваліна”.

З пачаткам крымскай вайны, Міцкевіч зноў ажывіўся і паверыў у будучае здзяйсненне абяцанага Тавянскім. Пасля таго, як у красавіку 1855 года памерла яго жонка, Адам увосень накіроўваецца ў Канстанцінопаль – для арганізацыі польскіх легіёнаў. Але не прайшло і двух месяцаў, як Міцкевіч захварэў на халеру і 26 лістапада памёр ва ўзросце 58 гадоў. Апошнімі яго словамі быў зварот да дзяцей, якім павінны былі перадаць яго словы «Няхай любяць адзін аднаго», да чаго пасля паўзы дадаў шэптам «Заўсёды!».

Яго цела было перавезена ў Парыж, адкуль у 1890 годзе перапраўлена ў Кракаў.

Каментаваць