Мяжа была пад Мінскам

Пасля таго, як «Беларуская чыгунка» перайшла на фармат «гарадскіх электрычак», кірунак Мінск—Заслаўе стаў вельмі папулярным не толькі сярод жыхароў старажытнага беларускага горада, але і сярод мінчан. Праўда, не шмат хто з цяперашніх беларусаў ведае адказ на пытанне, чаму чыгуначная станцыя ў Заслаўі называецца «Беларусь». Для гэтага вернемся на 90 гадоў назад.

(На здымку: польскі памежнік)



Пасля таго, як «Беларуская чыгунка» перайшла на фармат «гарадскіх электрычак», кірунак Мінск—Заслаўе стаў вельмі папулярным не толькі сярод жыхароў старажытнага беларускага горада, але і сярод мінчан. Праўда, не шмат хто з цяперашніх беларусаў ведае адказ на пытанне, чаму чыгуначная станцыя ў Заслаўі называецца «Беларусь». Для гэтага вернемся на 90 гадоў назад.

(На здымку: польскі памежнік)


У сакавіку 1921 года скончылася польска-савецкая вайна і быў заключаны Рыжскі мірны дагавор, па якім заходняя частка Беларусі была ўключана ў склад толькі што адроджанай польскай дзяржавы, а ўсходняя засталася за бальшавікамі. У выніку мяжа паміж дзвюма дзяржавамі прайшла ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад Мінска. Старажытнае Заслаўе засталося на савецкім баку, а размешчаная там чыгуначная станцыя неўзабаве атрымала назву «Беларусь», бо з’яўлялася апошняй буйной беларускай станцыяй перад Польшчай.

БССР: Заслаўе–Хмелеўка

Першыя савецкія памежныя часткі сталі прыбываць на мяжу ўжо ў 1921 годзе. У Беларусі былі створаны 6-я, 10-я і 21-я асобныя памежныя брыгады. На мяжы ствараліся заслоны ў выглядзе пастоў, якія, у сваю чаргу, аб’ядноўваліся ў памежныя ўчасткі. Мяжа разбівалася на раёны. Штабы дзвюх пагранічных дывізій знаходзіліся ў Мінску і Віцебску. У 1922 годзе ахова межаў была перададзена Дзяржаўнаму палітычнаму ўпраўленню (ДПУ).

На заходняй мяжы поўным ходам сталі будавацца памежныя заставы. Адна з такіх з’явілася і ў Заслаўі. Неўзабаве (у 1924 г.) была створана Заходняя памежная акруга, якая складалася з сямі атрадаў. У Заслаўі знаходзіўся штаб 15-га Заслаўскага пагранатрада. Адным з першых яго начальнікаў быў выхадзец з беларускага мястэчка Чэрыкаў, будучы начальнік пагранвойскаў НКУС СССР Аляксандр Кавалёў.

На прыгранічных тэрыторыях, у тым ліку і ў Заслаўі, сталі высяляць так званых «памешчыкаў», уладальнікаў зямлі. Мала хто ведае, што мікрараён Заслаўя Хмелеўка калісьці быў фальваркам. Хтосьці з землеўладальнікаў збег за мяжу — дзякуй Богу, тая была блізка, іншыя з прыгранічнай зоны былі выселены.

У пачатку 1930-х гадоў памежны рэжым яшчэ больш узмацнілі. Уводзілася абмяжоўваючая сістэма правіл, мерапрыемстваў і нормаў, якія рэгулявалі парадак уезду, пражывання і прац у памежных зонах. Уезд у пагранзону быў забаронены ўсім, акрамя сталых жыхароў.

 

Заслаўе

Савецкія памежнікі пераходзяць савецка-польскую мяжу


У канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў павялічваецца паток перабежчыкаў з Польшчы ў БССР. Маладыя беларускія сяляне, знаходзячыся пад уплывам прапагандыстаў з КПЗБ і бачачы дыскрымінацыйную палітыку польскіх улад у дачыненні да беларусаў, прымалі рашэнне сысці ў БССР. Частымі такія выпадкі былі і на ўчастку 15-га Заслаўскага пагранатрада. Адзін з жыхароў вёскі Векшыцы Пятрышкаўскага сельсавета Мінскага раёна Віктар Мілановіч узгадваў, што ў 1935 годзе ў яго вёсцы былі злоўлены «палякі». Гэтых людзей абшукалі і адправілі ў камендатуру ў Заслаўі. Там сабралася некалькі дзясяткаў «уцекачоў з захаду». Даходзіла і да кур’ёзаў. Аднойчы ў раёне Пятрышак мяжу перайшло цэлае вяселле: жаніх, нявеста, баяніст, сябры маладых. «Гасцей» з буржуазнай Польшчы пад канвоем суправадзілі ў пагранатрад.

Некаторых з перабежчыкаў арыштоўвалі, здараліся і выпадкі расстрэлаў. Але большасць «палякаў» сялілі ў мясцовых вёсках. Па ўспамінах заслаўчан, многія з тых, хто спазнаў усе выгоды «бальшавіцкага раю», голад і калектывізацыю, спрабавалі затым зноў вярнуцца ў Польшчу, але атрымоўвалася гэта не ва ўсіх.

Беглі і ў Польшчу ўсходнія беларусы. Напрыклад, увосень 1930 года з вёскі Векшыцы Пятрышкаўскага сельсавета збегла сям’я беларускіх сялян Павічавых. Савецкія памежнікі спрабавалі іх пераследаваць, але каля мяжы сабака след страціў...

Да канца 1930-х гадоў колькасць перабежчыкаў стала памяншацца. Гэта было выклікана ўзмацненнем жорсткасці ў адносінах савецкіх уладаў да нелегальных перабежчыкаў, якіх у БССР практычна пагалоўна сталі запісваць у катэгорыю «польскіх шпіёнаў». Аднак беларускія і польскія гісторыкі падкрэсліваюць, што пераходы з польскай тэрыторыі працягваліся да жніўня 1939 года.

Шапавалы–Пелікшы

Палякі таксама ўзмацнялі ахову сваіх межаў. Насельніцтва памежных з СССР паветаў насцярожана ставілася да польскай дзяржавы. У сярэдзіне 1920-х стала ясна, што польская дзяржаўная паліцыя не ў стане арганізаваць якаснае функцыянаванне пагранічнай інфраструктуры. У гэтай сувязі ў 1924 годзе ўрад Другой Рэчы Паспалітай стварае новую ваенізаваную службу — Корпус аховы памежжа (KАП). Ужо ў верасні таго ж года была распрацавана арганізацыйная структура новага органу. Корпус адначасова падпарадкоўваўся Міністэрству абароны і Міністэрству ўнутраных спраў. Галоўнай задачай КАП была ахова памежнай тэрыторыі з Літвой, Латвіяй, СССР і Румыніяй (з лютага 1939 года). Варта ўлічваць, што заходнія рубяжы Польшчы ахоўвалі звычайныя памежныя войскі. У перыяд з 1929 па 1938 год адбылася вялікая колькасць змяненняў у арганізацыйнай структуры КАП. Мяняліся назвы падраздзяленняў, месца іх дыслакацыі.

Байцы 15 Заслаўскага пагранатрада на чале з начальнікам А. Кавалёвым

Польска-савецкая мяжа ў Беларусі



Польскімі суседзямі 15-га Заслаўскага пагранатрада былі часткі 1-й роты батальёна КАП «Івянец». Гэта падраздзяленне ўваходзіла ў склад 2-й брыгады пагранаховы «Навагрудак». На польскіх і савецкіх ваенных мапах таго часу выразна відаць, што «насупраць» Заслаўя і фальварку Хмелеўка знаходзіліся польскія памежныя стражніцы Пелікшы і Шапавалы, асабісты склад якіх быў са ўзвода салдат, якімі камандаваў унцер-афіцэр. Штаб батальёна знаходзіўся ў Івянцы. Паміж польскімі заставамі і штабам была вельмі добра адладжаная тэлефонная сувязь, чым, да прыклады, доўгі час не маглі пахваліцца савецкія памежнікі.

Асноўнай апорай «капістаў» былі асаднікі — былыя польскія вайскоўцы, якім даваліся зямельныя надзелы ў заходнебеларускіх ваяводствах. Тым, каму «пашанцавала» атрымаць зямлю наўпрост ля мяжы з Саветамі, па сутнасці, станавіліся польскім памежнікамі.

«Капісты» часта ладзілі дабрачынныя абеды для мясцовых жыхароў. Многія стражніцы дапамагалі школам. Сем’і афіцэраў КАП займаліся зборам адзення для сялян. Разам з тым польскія памежнікі жорстка змагаліся з любой антыдзяржаўнай дзейнасцю і часта выконвалі паліцэйскія функцыі па барацьбе з камуністычным і нацыянальным беларускім падполлем.

Загад — перайсці мяжу

З пачаткам вайны з Германіяй большасць баяздольных частак польскай арміі, у тым ліку і некаторыя падраздзяленні корпуса памежнай аховы, былі перакінутыя на заходні фронт. Ва ўсходніх ваяводствах засталіся толькі аслабленыя гарнізоны пагранічных застаў ды штабное камандаванне.

Каля 8.00 жыхары Івянца пачулі гул матораў цяжкіх самалётаў. Ішла вайна, і да гэтых пагрозлівых гукаў івянчане даўно прызвычаіліся. Але замест крыжоў на крылах самалётаў яны ўбачылі чырвоныя зоркі. Апоўдні да будынка ваеннага шпіталя пад’ехаў грузавік. З яго вынеслі насілкі з цяжка параненым польскім памежнікам. Ён і расказаў, што савецкія войскі перайшлі мяжу.

Польска-савецкая мяжа пад Заслаўем з паметкамі. Мапа 1929 г.



Гарнізоны польскіх стражніц спрабавалі арганізаваць супраціў, але сілы былі няроўнымі. Памежнікі з заставы Шапавалы (знаходзілася прама насупраць фальварка Хмелеўка) пад камандаваннем капрала Нядзельскага аказалі ўпартае супраціўленне савецкім кавалерыстам, якія спрабавалі прарвацца на польскую тэрыторыю. Неўзабаве супраціў «капістаў» быў падаўлены. Памежнікі з Пелікш паспелі адысці ўглыб польскай тэрыторыі і, злучыўшыся з іншымі часткамі батальёна «Івянец», пайшлі ў бок Ліды. Пазней гэта падраздзяленне КАП было атакавана чырвонаармейцамі 145-га кавалерыйскага палка і амаль цалкам знішчана.

Былыя казармы савецкіх памежнікаў у Заслаўі

Праверка дакументаў у цягніку Парыж-Негарэлае


На працягу двух тыдняў Чырвоная Армія «вызваліла» Заходнюю Беларусь, а 28–30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку адбыўся Народны сход, на якім былі прыняты Дэкларацыі аб дзяржаўнай уладзе і аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. 2 лістапада пазачарговая 5-я сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла Закон аб уключэнні ў склад СССР Заходняй Беларусі і яе ўз’яднанні з БССР, а 14 лістапада 1939 года 3-я сесія Вярхоўнага Савета БССР пастанавіла прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР. У выніку тэрыторыя БССР павялічылася з 125,6 да 225,6 тысячы квадратных кіламетраў, а насельніцтва — з 5,6 да 10,3 мільёна чалавек.

Новая савецкая мяжа праходзіла цяпер па Бугу. Разам з гэтым не знікла і старая «рыжская мяжа». У мэтах «унутранай бяспекі» савецкія памежнікі ахоўвалі яе аж да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а дзеля яе перасячэння патрабаваўся адмысловы пропуск. У 1940 годзе 15-ы Заслаўскі пагранатрад быў расфармаваны, а яго асабісты склад быў перададзены ў распараджэнне 16-га Дзяржынскага пагранатрада. Канчаткова заходняя мяжа Беларусі вызначылася ў 1945 годзе.

* * *

У верасні 2011 года на могілках горада Глыбокае быў перапахаваны прах Паўла Палчынскага, камандзіра польскай памежнай заставы Каменны воз, які загінуў пры выкананні службовых абавязкаў 17 верасня 1939 года. На жалобнай цырымоніі было шмат беларусаў і палякаў.

Несправядлівая мяжа 1921 года стала адным са змрочных эпізодаў беларускай нацыянальнай гісторыі. Шмат пытанняў застаецца і ў дачыненні да «вызваленчага паходу Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 года». Бясспрэчным з’яўляецца тое, што ў яго выніку адбылося ўз’яднанне этнічных беларускіх зямель у адной дзяржаве, з якой нара­дзілася Рэспубліка Беларусь. Але не варта забываць і аб ахвярах. Памяць пра тых людзей, у незалежнасці ад іх нацыянальнасці, веравызнання і дзяржаўнай прыналежнасці, павінна жыць з намі, бо з гэтых момантаў і складаецца наша нацыянальная гісторыя.
 

Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук

Каментаваць