Мова жыцця Зоры Кіпель

Успаміны і дзённікі Зоры Кіпель, выбітнай дыяспарнай дзяячкі, рэдактаркі газеты «Беларус», бібліятэкаркі, літаратуразнаўцы, чакаюць да сёння не проста свайго чытача, а сваіх спецыялістаў і папулярызатараў. «Так выглядае, што ў наш час можна мець дзве Бацькаўшчыны», — пісала яна.

Зора Кіпель

Зора Кіпель



Амаль тысячастаронкавы твор цікавы не проста як летапіс дыяспарнага жыцця ў Амерыцы і не як мемуары, а да ўсяго як цудоўная і неапрацаваная крыніца ведаў для мовазнаўцаў, палітолагаў, гісторыкаў, літаратуразнаўцаў і гендарных спецыялістаў. Мяне зацікавіла і шармавала перадусім мова спадарыні Кіпель. Багатая, адмысловая, адрозная ад метрапольнай беларускай мовы, дыяспарная мова, якая захавала важны, згублены ў нас пласт лексікі ў выніку русіфікацыі. Мова, якая пры ўсім эвалюцыянавала, адкрывалася ў сваіх пошуках і перадачы амерыканскай рэчаіснасці. Калі беларуская мова ў Беларусі празмерна апекавалася рускай мовай і пазычала словы з Захаду праз пасярэдніцтва рускай мовы, то дыяспарная беларуская мова смела кантактавала з англійскай ды іншымі мовамі і вынаходзіла розныя варыянты новых словаў без усялякай чужамоўнай апекі.


Укладальнік кнігі ўспамінаў Зоры КіпельСяргей Шупа — ва ўступе слушна пазначае, што артыкулы і дзённікі Зоры Кіпель чакаюць даследавання мовазнаўцаў Беларусі. І сапраўды, у ХХІ стагоддзі аналіз мовы спадарыні Кіпель дапаможа ўзбагаціць цяперашнюю лексіку ці вырашыць праблему інтэграцыі ў сучасную мову пэўных варварызмаў-англіцызмаў (напрыклад, геаграфічных англамоўных назваў). Акрамя гэтага тэксты выбітнай дыяспарніцы цікавыя смелым эксперыментам па стварэнні наватвораў і ўжываннем кур’ёзных, а часам нязвыклых і смешных калькаў. Пазначым асноўныя цікавыя пласты лексікі ў тэстах Зоры Кіпель.


Вокладка кнігі ўспамінаў Зоры Кіпель, выдадзенай у Мінску ў 2010 годзе

Вокладка кнігі ўспамінаў Зоры Кіпель, выдадзенай у Мінску ў 2010 годзе



Геаграфічныя назвы, амерыканскія і аўстралійскія — Тэксас, Атлянтык Сіты, Нью Дзэрдзі, Пенсільванія, Нэвада, Мангэтан, Флярыда, Адэйляда, Ньюёрк, Нью Брансуік, Аява, Гаваі (у Гаваі, у Багамы), іншыя — Гэлсінкі і Гэльсінкі, Лювен, Венэцуэля.


Гэта і тэхнічныя паняткі: ахаладжэнне і халадзільнік (кандыцыянер), круцёлка (вентылятар), газаліна (бензін), аэрадром (як аэрапорт), выладка (напр. батарэі), матаровы лятак, матароўка (лодка), джэт і джэтовец (рэактыўны лятак).


Цікавыя фемінітывы: боска, навукоўка, фрызерка (фрызёрка), рэдактарка, кіраўнічка, сцювардэса, нашчадніца. Аўтарка актыўна фемінізуе назвы пасадаў, хоць трэба адзначыць, што падчас рэдагавання газеты «Беларус» Зора Кіпель часта дазваляла сабе такія грувасткія варыянты, як жанчына-следчая, жанчына-рэдактар, а часам і русізмы кшталту «парыкмакерша», «дырэктарша», «губэрнатарша».


Натуральна, варварызмы: парквэй, амбулянс, сабатыкал, плямбэрка, вікенд, лівінг, лоер, лоерскі, абстракт, лякатэр, дуана, фрызюра, ірытацыя, бранч, трафік, гамбургэрс, порч, кар(а), даўнтаўн, пунч, мушлі, сукцэс, шрымпы, зразыгнаваць.


Асобна варта пазначыць словы, якія рэдка трапляюцца з-пад пяра публіцысткі, але, якія могуць стаць цудоўнай заменай многім цяперашнім варварызмам ці проста вартымі сінонімамі. Пачну з майго ўлюбёнага слова «канцатыдзень» (замест вікенд, ўікенд ці выходныя). Побач з бранчам сустракаем снеданне-абед, з фрутайфруктовае дрэва, вітра — вітраж, беларусіка і беларусаведа замест беларусазнаўства, смакалыкі — смачнасці, ласункі, паправа — рэабілітацыя, сімпатык — сімпатызант, прыхільнік, кампрамітовы — замест кампраметуючы, скарот — абрэвіяцыя, кухарка замест кулінарнай кнігі, візытар — візіцёр, лазун — памаўза, шкоднік, нефартунны — нешчаслівы, няшчасны, адпружана — спакойна, антычны магазын (крама) — антыкварная крама, распружыцца — супакоіцца, плавальныя курсы — плавацельныя, лучнік — лучво, хлебнік — пекар, этнік — чалец этнічнай суполкі і г.д.


Зрэшты, пазначым своеасаблівую манеру аўтаркі напісання і/ці выкарыстання пэўных словаў — трэйці (трэці), крыху-па-крысе (паступова, пакрысе), навучка (навука — «будзе нам навучка!»), запазнацца (пазнаёміцца), някурачы, някурачая (для непалячых, непалёнцаў, некурцоў), аларгія (алергія), уладзіцца (уладкавацца), фільмовая кампанія (кінакампанія), кводар (чацьвяртак ад долара), хутчыня (хуткасць), рэчовы (істотны), экіпунак (экіпіроўка), чытань (чытанка), антыпсіхічныя пігулкі (антыдэпрысанты), Скарынінка (Скарынаўка), эвентуальна (зрэшты, нарэшце; магчыма), эфэктоўна (эфектна) і г.д.


Калі перафразаваць Зору Кіпель, то атрымліваецца, што мы цяпер нібыта маем не толькі дзве бацькаўшчыны, але і дзве беларускія мовы, і некалькі родных моваў наогул.

 Зора Кіпельна «малой радзіме». Фота vidymus.livejournal.com


Веданне, цікаўнасць рознымі варыянтамі беларускай мовы мусіць быць асновай узбагачэння сучаснай лексікі, і мы павінны ўсяляк унікаць маргіналізацыі такога важнага і непаўторнага варыянту, як дыяспарная мова, і тарашкевіца ўвогуле. Бо на сёння гэты варыянт змаргіналізаваны: аўтарам-тарашкевічанцам няма дзе друкавацца ў Беларусі, і нават у сеціве тарашкевіца паступова мізарнее. На першы план зноў выходзіць аднадум’е, адналоб’е, змірэнчы прагматызм у выглядзе нібыта кампраміснага зрасійшчынага варыянта беларускай мовы. Тэксты дыяспарнікаў перавыдаюць у Беларусі і абавязкова каструюць — амаль «перакладаюць» на цяперашнюю беларускую мову Беларусі, артыкулы, якія дасылаюцца ў рэдакцыі беларускіх газет, таксама «чысцяцца» ад тарашкевіцы, як ад паршы, многія тэксты савецка-беларускіх пісьменнікаў атэісцкай загартоўкі «хрысціянізуюцца» (рэлігійныя паняцці, у тым ліку «бог», якія былі прынцыпова напісаны малымі, выпраўляюцца на вялікалітарныя) і г.д. І гэта ўсё робяць самі беларусы, — не Саветы, не расійцы, не палякі. Беларусы так навучыліся кантраляваць, цэнзураваць і маргіналізаваць сябе, што нават не дапускаюць думкі аб іншаўзуснасці, аб іншых колерах, фарбах і акцэнтах сваёй жа мовы.


Але ўзгадайма, якраз пасланне дыяспарнай беларускай мовы, у тым ліку ў версіі Зоры Кіпель, палягала і палягае ў супрацьстаянні і першапачатковай адмове рэфармавання мовы на расійскі капыл. Рэч простая і прынцыповая для дыяспары: мова расстралянай літаратуры была адна, цяпер, пасля рэформаў і знявечання беларускай мовы расійскай, яна цалкам іншая. І прыняць, а тым больш працаваць на мове знявечанай — гэта насмешка і абраза ўсіх тых, хто загінуў, тых, хто тварыў на мове прынцыповага рэзістансу і захавання традыцыі. А таму старая дыяспара так і не адмаўляецца ад мовы, некранутай чысткай.


Зора Кіпельна «малой радзіме». Фота vidymus.livejournal.com

Зора Кіпельна «малой радзіме». Фота vidymus.livejournal.com



Магутныя здабыткі, напрацоўкі дыяспарнай літаратуры і мовы часта малавядомыя і маладаступныя ў Беларусі. Пры гэтым цалкам параўнаныя з тым, што было зроблена ў метраполіі. А таму не трэба спісваць дыяспарнікаў, як мінарытарных, састарэлых і ўпартых бздурнікаў. У пэўны сферах дыяспарная культура стварала значна больш, чым метрапольная культура — напрыклад, у сферы перакладаў і стварэння перакладных слоўнікаў.


Перад тым як ляцець у Беларусь, якую Зора Кіпель не бачыла шмат год, яна, як сведчаць дзённікі, задавалася пытаннем, ці мае права яна ехаць і «калабараваць» з падсавецкай Беларуссю, з варожай і непрымальнай сістэмай? Як вядома, яна паляцела і пайшла на кантакт з паланёнай, у заўсёдных кнэблях магутнай усходняй суседкі радзімай, але ў моўным пытанні яна, як і многія яе аднадумцы-дыяспарнікі, засталася непахіснай і адданай замілаванкай непадсавецкай беларускай мовай. Яна прызнала ў 1991 годзе, што ў чалавека могуць быць дзве бацькаўшчыны, але мова ў спадарыні Зоры засталася ўсё ж такі адна — мова ўсяго яе жыцця.


Зора Кіпель, Васіль Быкаў і Вітаўт Кіпель.  Фота vidymus.livejournal.com

Зора Кіпель, Васіль Быкаў і Вітаўт Кіпель.  Фота vidymus.livejournal.com



Каментаваць