Мытня дае дабро?

Пасля «Рыжскага міру» і далейшых дамоваў, Беларусь аказалася падзеленай «па жывому». Новыя межы выклікалі новыя складанасці ў іх ахове. Як функцыянавалі польскія і савецкія мытныя органы ў міжваеннае дваццацігоддзе?



Ганебны падзел

Яшчэ ў кастрычніку 1920 года ў Рызе паміж РСФСР (якая, у тым ліку, прадстаўляла інтарэсы Беларусі), а таксама УССР з аднаго боку і Польскай рэспублікай з другога боку была заключана прэлімінарная мірная дамова, у адпаведнасці з якой новая дзяржаўная мяжа дзяліла беларускія тэрыторыі на дзве часткі. У дакуменце, які публікаваўся ў выдадзеным у 1922 годзе ў Пецярбургу «Зборніку дзеючых дамоў, пагадненняў і канвенцый, заключаных РСФСР з замежнымі дзяржавамі», адзначалася, што «ўсходнюю мяжу Польшчы складае лінія па рацэ Заходняя Дзвіна ад мяжы Расіі з Латвіяй да пункту, у якім былая Віленская губерня сыходзіцца з мяжой былой Віцебскай губерні; далей да вёскі і чыгуначнай станцыі Арэхоўна, якая застаецца на польскім баку; затым ізноў уздоўж усходняй мяжы былой Віленскай губерні да пункту, дзе злучаюцца Дзвінскі, Лепельскі і Барысаўскі паветы; далей да вёскі Малая Чарніца, якая застаецца на баку Беларусі; далей на паўднёвы Захад праз сярэдзіну возера на рацэ Бярэзіне да вёскі Зарэчыцк, якая застаецца за Беларуссю; далей на паўднёвы захад да ракі Вілія, да пункту, які знаходзіцца на Усход ад Даўгінава; далей па рацэ Віліі да тракту, які ідзе на поўдзень ад Даўгінава; далей на поўдзень да ракі Іліі, да яе злучэння з ракой Рыбчанкай, на поўдзень да чыгуначнай станцыі «Радашковічы», пры гэтым станцыя і мястэчка застаюцца на баку Беларусі; далей на ўсход ад населеных пунктаў Ракаў, Волма, Рубяжэвічы да чыгуначнай лініі Мінск–Баранавічы ля населенага пункта Коласава, які застаецца на баку Польшчы; далей на Поўдзень да сярэдзіны дарогі з Нясвіжу на Цімкавічы; далей на поўдзень да сярэдзіны дарогі з Клецка ў Цімкавічы; далей на поўдзень ад Маскоўска-Варшаўскай шашы; далей да ракі Лань, ля населенага пункту Чудзін, які застаецца на баку Польшчы; далей па рацэ Лань да ўпадзення яе ў Прыпяць; далей на ўсход па рацэ Прыпяць на працягу сямі кіламетраў, адтуль на поўдзень да ракі Стрыга, далей уверх па рацэ Стрыга, да пункту, дзе рака перасякае мяжу былой Мінскай і Валынскай губерняў, адтуль да мяжы Роўненскага і Аўручскага паветаў». Аднак пасля заключэння прэлімінарнай мірнай дамовы, мяжа яшчэ «гуляла». Пазней бальшавікі пагадзіліся перадаць Другой Рэчы Паспалітай частку беларускіх тэрыторый. Так, напрыклад, у складзе польскай дзяржавы апынулася мястэчка Радашковічы, тады як станцыя (вёска Пятрышкі) усё ж засталася ў БССР. 18 сакавіка 1921 года там жа, у Рызе, было падпісана канчатковае мірнае пагадненне, якім скончылася кровапралітная польска-бальшавіцкая вайна.

 

Цяжкасці НЭПу

 

Цяжкая эканамічная сітуацыя падзеленай «па жывому» Беларусі спрыяла развіццю кантрабанды на савецка-польскай мяжы. Тым больш, што жыхары добра ведалі мясцовасць і маглі незаўважна перасекчы кардон. У пачатку 1920-х гадоў у савецкай Расіі была абвешчана Новая эканамічная палітыка, якая прывяла да дысбалансу коштаў паміж прамысловымі і спажывецкімі таварамі з аднаго боку і прадуктамі сельскагаспадарчай вытворчасці з другога. Кошты ў дзяржаўных крамах былі высокімі, а паралельна развіваўся камерцыйны гандаль. Гэтаму ў тым ліку дапамагала кантрабанда.

 

У лютым 1922 года Дэкрэтам Савета народных камісараў быў створаны Мытна-тарыфны камітэт, а ў сакавіку таго ж года была сфармавана Заходняя мытная акруга, якая павінна была змагацца супраць нелегальнага правозу/праносу рэчаў праз мяжу. У 1923 годзе з’явілася новая структура — Беларуская раённая камісія па барацьбе з кантрабандай. Спачатку грошы і маёмасць, канфіскаваныя ў «пшэмытнікув», ішлі на ўдасканаленне памежнай аховы. У 1924 годзе быў прыняты Мытны статут СССР, а яшчэ праз чатыры гады Мытны кодэкс «першай дзяржавы працоўных і сялян». У 1925 годзе ў БССР было створана Беларускае аддзяленне Галоўнага мытнага ўпраўлення. У гэты час дзейнічалі мытныя пасты ў Плешчаніцах, Слуцку, Полацку, Мінску, Бігосава, Фарынава, Негарэлым, Жыткавічах, Радашковічах. У выпадку апошніх чатырох гутарка ішла пра чыгуначныя станцыі.

 

У гэты час у савецкай Беларусі працавала каля 300 мытнікаў, у якіх было шмат працы. Вось што адзначалася ў адной з тэлеграм камандавання памежаховы Заходняга краю: «Вясенні перыяд дае большыя магчымасці кантрабандыстам, бо лясныя дарогі і сцяжынкі паўсюль даступныя для праходу і скрытыя ад вачэй памежнікаў. Таму зараз адбываецца наплыў кантрабандных тавараў на нашы рынкі. Асабліва заўважна ажыўленне кантрабанднага промыслу ў памежных раёнах, дзе рынкамі збыту з’яўляюцца Мінск, Барысаў, Бабруйск, Віцебск і іншыя вялікія гарады. У мэтах стрымання кантрабанды ў 100-кіламетровай памежпаласе на працягу месяцу будзе ажыццяўляцца блакада».

Савецкія памежнікі, сярэдзіна 1920 гадоў

Што насілі праз мяжу?

Якія рэчы былі асноўным аб’ектам кантрабанды на польска-савецкім кардоне? З Польшчы, у асноўным насілі жаночую бялізну, тканіны, біжутэрыю, гарбату, каву, вырабы з каштоўных металаў, польскую гарэлку, віно, наркотыкі (какаін) і, безумоўна, спажывецкія тавары. Напрыклад, звычайны крэмень для запальніцы ў Польшчы каштаваў каля «чырвонца», а вось у Мінску — ужо 50 рублёў. У сваю чаргу, кілаграм сахарыну ў Заходняй Беларусі можна было набыць за 8 рублёў, а ў БССР ён каштаваў ужо 60. У 1928 годзе на біржах знізіўся курс савецкага рублю. Гэта прывяло да таго, што кантрабандысты неслі на Усход абясцэненыя рублі, дзе за іх набывалася замежная валюта і ювелірныя каштоўнасці. Хутка была выпушчана пастанова ЦВК, якая забараняла ўвоз рублёў на савецкую тэрыторыю без доказу таго, што чалавек з імі выехаў за мяжу.

Валюта і золата, рэквізаваныя ў кантрабандыстаў

 

З Савецкага Саюза ў Польшчу «цягнулі» пушніну, золата, ікру. Вось, напрыклад, што адзначалася ў справаздачы Галоўнага ўпраўлення памежнай аховы і войскаў АДПУ ў студзені 1929 года: «За апошні час памежнымі войскамі зарэгістраваны асобныя выпадкі нелегальнага вывазу з СССР за мяжу рыбных прадуктаў, у прыватнасці асабліва каштоўнага прадукту — бялужай слоікавай ікры. Стымулюе адзначаны від кантрабанды высокая яе рэнтабельнасць і вялікі попыт на ікру за мяжой. Да прыкладу, калі фунт бялужай ікры на рынку ў СССР абыходзіцца ў сярэднім у 4–6 рублёў, то ў Германіі за яе ўжо плацяць 20–40 рублёў. Калі фунт асятровай ікры ў нас каштуе каля 4 рублёў, то ў Германіі ён жа абыходзіцца ў 15–20 рублёў. Такім чынам, рэалізацыя кантрабанднай ікры дае высокі даход». Кантрабандны тавар цягалі ў спецыяльных торбах-носках, а таксама хавалі ў спецыяльных схованках.

 

«Карны меч пралетарыяту»

 

У пачатковы перыяд працы савецкай памежнай ахове і мытнікам удалося затрымаць больш за тры тысячы кантрабандыстаў. У перыяд з 1921 па 1925 гады было канфіскавана тавараў на 3 мільёны 600 тысяч залатых рублёў. Аднак, як адзначаюць айчынныя даследчыкі, усяго праз кардон за гэты перыяд пранеслі тавараў на… 72 мільёны залатых рублёў. Для ілюстрацыі таго, як органы ДПУ змагаліся супраць кантрабандыстаў, прывядзем вытрымку з адной з чэкісцкіх справаздач: «У ноч на 16 лютага 1926 года два чырвонаармейцы, падчас знаходжання на пасту паміж памежзнакамі №№ 686–687, заўважылі двух невядомых асоб, якія ішлі з нашага боку ў бок дзяржаўнай мяжы. На вокліч «стой», адзін з незнаёмых кінуўся бегчы і паспеў перабегчы на польскі бок, другі быў затрыманы. Ён назваў сябе польскім грамадзянінам Паўлоўскім з вёскі Сідараўцы, Ракаўскага павету. Падчас ператрусу ў яго былі знойдзены 585 рублёў золатам і рэвальвер сістэмы «Наган» з трыма патронамі. На допыце Паўлоўскі прызнаўся, што разам з грамадзянінам Акуневічам узяў кантрабанду на суму 1000 рублёў. 14 лютага яны нелегальна перайшлі мяжу і накіраваліся ў Мінск, дзе кантрабанду прадалі знаёмаму габрэю, прозвішча якога Паўлоўскі, аднак, не ведае. Пры гэтым Паўлоўскі прызнаўся, што на савецкі бок пайшоў па прапанове Акуневіча, рэвальвер «Наган» атрымаў ад яго ж».

 

У той час такіх паўлоўскіх на Ракаўскім і Заслаўскім накірунку было досыць шмат. Савецкія ўлады рабілі ўсё, каб спыніць актыўнасць кантрабандыстаў. Дзеля гэтага значную частку кантрабандыстаў абвінавачвалі ў шпіянажы і супрацы з польскай выведкай. Вось што адзначалася ў адным з данясенняў паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ ў Заходнім краі: «Нарадам 3-й заставы ля вёскі Нябышына былі затрыманы два польскіх шпіёны з кантрабандным таварам. У сувязі з гэтым затрыманнем арыштаваны цэлы шэраг асоб, звязаных з кантрабандным промыслам». У гэты ж час Прэзідыум ЦВК СССР даў Асаблівай нарадзе АДПУ права на высылку і заключэнне ў лагер на тэрмін да трох гадоў, як затрыманых за кантрабанду, так і тых, хто толькі падазраваўся ў незаконным праносе тавараў праз мяжу. Пры гэтым памежнікі атрымалі права пазасудовай кары кантрабандыстаў праз расстрэл.

 

У 1930 годзе на тэрыторыі Беларусі адбылася гучная кантрабандысцкая справа. На ўчастку 17-га Цімкавіцкага атрада савецкім памежнікам удалося затрымаць партыю сахарына, гадзіннікаў, французскіх панчох, парфумы і пудры фірмы «Каці» на суму больш чым 100 тысяч рублёў. Гэта была самая буйная аперацыя «зялёных фуражак». Вось як гэтыя падзеі апісваў ветэран савецкіх памежных войскаў Сцяпан Банных: «На сустрэчу кантрабандыстам выйшаў «блізкі чалавек», памочнік начальніка памежатрада. Не выклікаючы падазрэння, ён прапанаваў разгрузіць фурманку. Гэта не заняло шмат часу. Кантрабанда была запакавана ў фанерныя скрыні. Зараз трэба было заплаціць аванс. «Блізкі чалавек» апусціў руку ў кішэнь, выхапіў рэвальвер і падаў каманду: «Наперад». Група памежнікаў імгненна атачыла кантрабандыстаў. У ліку кантрабандыстаў, якія перайшлі мяжу, апынуліся два буйных варшаўскіх камерсанта, чыноўнік міністэрства фінансаў і афіцэр польскай памежнай стражы. [...] Такія «акулы» трапляліся ў расстаўленыя чэкістамі сеці нячаста. Звычайна на мяжы затрымліваліся невялікія групы кантрабандыстаў ці адзінкавыя мяшочнікі з дробнай галантарэяй».

Долары, царскія чырвонцы, замежныя пашпарты 1930-х гадоў

 

Вароты ў СССР

 

Асаблівым тыпам кантрабанды быў правоз забароненых тавараў пасажырамі цягнікоў. Тут галоўную ролю адыгрывала мытня на станцыі Негарэлае. Вось што пра яе пісалі ў 1932 годзе: «На працягу апошняга года Негарэлаўская мытня дасягнула вялікіх поспехаў у барацьбе з кантрабандай. Рэвізійная зала, якая тут працуе, з’яўляецца ўзорнай». На гэтым памежна-мытным пасту адбываліся розныя сітуацыі. У 1935 годзе праз Негарэлае спрабавалі збегчы з «імперыі Сталіна» грамадзянкі СССР, супрацоўніцы японскага консульства. У перакладчыцу Марыю Вегенер закахаўся японскі журналіст Кабаясі Хідэа і прапанаваў ёй і яе дачцэ Надзеі збегчы з Савецкага Саюза. Жанчын змясцілі ў дзвюх вялікіх чамаданах з дыпламатычнай поштай. Нкусаўцы сачылі за консульствам і дакладна ведалі, што жанчыны ўвайшлі ў будынак дыпламатычнага прадстаўніцтва і адтуль не выйшлі. Хутка чэкісты даведаліся, што жанчыны бягуць на Захад у цягніку Манчжурыя–Парыж.

 

Вось вытрымка са следчай справы НКУС: «26 снежня 1935 года на станцыі Негарэлае Маскоўска-Беларуска-Балтыйскай чыгункі ў нагляднай залі мытні былі адчынены чамаданы японскага консула, у якіх былі знойдзены жанчыны». Хутка на памежную станцыю з Масквы прыехаў высокі чын НКУС, якому начальнік 16-га Дзяржынскага атраду далажыў аб выкананні загаду. Пасля гэтага ўсе ўдзельнікі «аперацыі» з’елі абед у рэстаране «Інтурыст» у будынку станцыі. У выніку за спробу нелегальнага праходу праз мяжу Марыя Вегенер і яе дачка Надзея, а таксама іх сваякі за неданясення пра злачынства былі адпраўленыя ў ссылку. Праз год Марыя памерла, а лёс яе дачкі невядомы.

 

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года памежнікі працягвалі несці службу на былой мяжы, а вось мытнікі з Негарэлага былі пераведзены ў Берасце.

 

Крамы для багатых

 

У пачатку 1930-х гадоў толькі на памежным участку ля Заслаўя было затрымана 1412 парушальнікаў мяжы, у якіх было канфіскавана тавараў і валюты на суму 708 тысяч рублёў. Варта адзначыць, што з 1931 па 1936 гады ў СССР былі адкрытыя і працавалі крамы па гандлю з замежнікамі (ТОРГСИН). Кожны, хто меў замежную валюту (не толькі турысты, але і падданыя СССР), там мог набыць усё, што пажадае. Як у гэтай сітуацыі дзейнічалі спекулянты? Яны набывалі валюту ў замежнікаў, абменьвалі яе на боны «Торгсина», на якія, у сваю чаргу, куплялі каштоўнасці і перапрадавалі савецкім грамадзянам за рублі або замежнікам за валюту.

 

Безумоўна, тыя, хто займаўся незаконнымі валютнымі аперацыямі, траплялі ў поле зроку Эканамічнага ўпраўлення НКУС СССР і тэрытарыяльных аддзелаў гэтай структуры. Але ў большасці выпадкаў канфіскаваныя сумы аказваліся невялікімі, так што справы атрымліваліся нязначнымі. Пасля закрыцця «валютных» гандлёвых кропак у 1935 годзе насельніцтва памежных тэрыторый, у тым ліку і ў БССР, зноў вымушана было вярнуцца да кантрабанднай дзейнасці.

 

Вось што адзначалася ў дакладзе Упраўлення памежнай і ўнутранай аховы НКУС БССР: «У 1936 годзе часткі і органы НКУС БССР ажыццявілі 72 затрымання кантрабанды на 189 тысяч 320 рублёў, супраць 138 тысяч 249 рублёў у 1935 годзе. Асноўнай формай кантрабанднай дзейнасці былі наступныя: развіццё бартарных здзелак (калі адзін тавар абменьваўся на іншы), якія былі распаўсюджаны ў 1930–1931 гадах і цалкам зніклі падчас дзейнасці «Торгсіна»; перапродаж атрыманых з-за мяжы для асабістага карыстання пасылак з замежнымі рэчамі; занятак кантрабандай інтурыстаў, з якіх вялікая частка спецыяльна прыязджае ў СССР з мэтай заробку; пакіданне (у якасці матэрыяльнай дапамогі) інтурыстамі рэчаў сваякам для іх будучага продажу; набыццё валюты (у асноўным амерыканскіх долараў) для вывазу за мяжу». У дакументах НКУС БССР адзначаецца, што за перыяд з 1921 па 1935 гг. на савецка-польскай мяжы было затрымана: шпіёнаў — 4902, дыверсантаў — 550, кантрабандыстаў — 13 656. Пры гэтым чэкістам і мытнікам удалося затрымаць кантрабанды на агульную суму 10 мільёнаў 101 тысяча 240 рублёў. Акрамя гэтага, за дваццаць міжваенных гадоў савецкія спецыяльныя органы на «рыжскай» мяжы рэквізавалі каля дзвюх тон золата і 12 тон наркотыкаў.

Парушальнік, затрыманы савецкімі памежнікамі, канец 1920 г.

 

Пад аховай памежнай паліцыі…

 

Улады Другой Рэчы Паспалітай таксама імкнуліся кантраляваць сітуацыю з кантрабандай на «неспакойнай» мяжы з Саветамі. Міжваенная Польшча ў 1920-я гады была краінай, разбуранай вайной. Больш за тое, свае асаблівасці накладаў неаднародны этнічны склад розных рэгіёнаў краіны. Першапачаткова барацьбу з кантрабандай на ўсходніх межах Другой Рэчы Паспалітай ускладняла слабая падрыхтоўка памежных органаў. Нагадаем, што пасля польска-бальшавіцкай вайны мяжу ахоўвала польская памежная паліцыя і толькі ў 1924 годзе ёй на замену прыйшоў Корпус аховы памежжа (КАП). У пачатку 1920-х гадоў у Заходняй Беларусі здаралася вельмі шмат кур’ёзных сітуацый, калі польская памежная ахова размяшчалася ў хаце беларускага селяніна… які займаўся кантрабандай.

 

Першым крокам на шляху барацьбы супраць гэтай з’явы была арганізацыя легальнага гандлю. Дзеля гэтага Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы прапанавала арганізаваць спецыяльныя кірмашы на мяжы. Пры гэтым выехаць «у Расію» з гандлёвымі мэтамі польскі грамадзянін мог толькі пасля атрымання дазволу з МУС. Асобы, якія накіроўваліся праз мяжу, павінны былі праходзіць праз мытны, санітарны і ветэрынарны кантроль на польскім баку. Гэта ж тычылася і грамадзян савецкай Расіі, якія ехалі гандляваць «за кардон». Месца кірмашоў павінна было быць акрэслена спецыяльнай двухбаковай камісіяй. У лістападзе 1922 года загадам міністра ўнутраных спраў Польшчы мяжа была падзелена на «мёртвыя» і «рухомыя» ўчасткі. Зразумела, што таварны і грамадзянскі памежны рух мог адбывацца толькі ў апошніх. Прадстаўнікі гандлёвых кампаній з Другой Рэчы Паспалітай і савецкай Расіі таксама павінны былі атрымліваць спецыяльны дазвол, пасля чаго маглі накіроўвацца праз мяжу. Пры гэтым мясцовае кіраўніцтва магло звярнуцца да польскіх памежных улад з просьбай аб стварэнні памежнага пераходу ў дадзенай мясцовасці. У выпадку станоўчага выніку разгляду такога звароту адчыняліся «часовыя рухомыя ўчасткі».

 

…і Корпуса аховы памежжа

 

З 1924 года сітуацыя па польскім баку мяжы змянілася. У функцыі КАП уваходзіла, у тым ліку, барацьба з нелегальным перамяшчэннем тавараў і людзей праз мяжу. Вось што адзначалася ў Інструкцыі службы Корпусу аховы памежжа, складзенай у 1928 годзе: «Абавязкамі органаў КАП з’яўляюцца: прадухіленне мытных злачынстваў па сродках надзору за рухам тавараў, недапушчэнне нелегальнага перавозу тавараў і пераходу мяжы асобамі без дазволу; адсочванне і барацьба з кантрабандай і іншымі злачынствамі ў сферы фінансавай бяспекі дзяржавы. Пры гэтым памежныя органы надзяляюцца паўнамоцтвамі, якія маюць фінансавыя органы краіны».

 

Жаўнеры КАП. 1930-я гады

 

Дадзеная функцыя да пачатку 1930-х гадоў была больш важнай, чым барацьба з дыверсантамі і выведнікамі з Усходу. Як вядома, на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў сярэдзіне 1920-х гадоў занятак кантрабандай быў пастаўлены «на прамысловыя рэйкі». У тым жа Ракаве існавала 9 канцэсій, якія забяспечвалі кантрабандыстаў неабходнымі таварамі. Нават у 1930-я гады дзейнасць «пшэмытнікув» уражвала. У 1935–1936 гадах польскім уладам удалося перахапіць кантрабандных тавараў на суму амаль 3,5 мільёна тагачасных польскіх злотых.

 

На працягу ўсяго міжваеннага дваццацігоддзя на польска-савецкім памежжы дзейнічалі, кажучы сучаснай мовай, «лагістычныя цэнтры», дзе хаваліся кантрабандныя тавары. Польскія памежнікі разам з паліцыяй палявалі на гэтыя сховішчы, аднак для спецорганаў Другой Рэчы Паспалітай такія рэйды не заўсёды заканчваліся паспяхова. Супраць кантрабандыстаў працавала нават выведка КАП. Яе агенты ўкараняліся ў асяродак «пшэмытнікув» і даведваліся пра дэталі іх бізнесу. Пры гэтым польскія выведнікі актыўна вывучалі не толькі дзейнасць кантрабандыстаў на сваім баку мяжы, але і на тэрыторыі сумежнай дзяржавы. У 1935 годзе дзякуючы працы выведнікаў удалося перахапіць і знішчыць 12 буйных каналаў пастаўкі кантрабанды. Пры гэтым былі разбіты злачынныя супольніцтвы пад кіраўніцтвам Янкеля Гельмана (кантрабанда перцу і буйной рагатай жывёлы), Вітальда Галінскага (кантрабанда карыцы), Шломы Гольберга (тытунь). У 1937 годзе выведцы КАП удалося выйсці на след банды Альфрэда Юргілевіча, які амаль на прамысловым узроўні займаўся кантрабандай сахарына. Кожны год, на працягу ўсяго міжваеннага дваццацігоддзя, у рукі КАП у сярэднім траплялася ад 300 да 600 кантрабандыстаў. Усяго з 1924 па 1939 год памежнікам Корпуса аховы памежжа ўдалося затрымаць каля 10.000 «палюбоўнікаў Вялікай Мядзведзіцы».

 

Неспакойная мяжа

 

Капаўцам у міжваеннае дваццацігоддзе давялося змагацца з кантрабандыстамі не толькі на савецка-польскай мяжы, але на кардоне з Латвіяй, Прусіяй, Румыніяй і Літвой. У апошнім выпадку сітуацыя была вельмі цяжкай, бо кантрабандныя тавары з Коўна і Клайпеды даходзілі не толькі да Гродна, Ліды, Баранавічаў і Ракава, але нават да Варшавы.

 

Польскія памежнікі падчас затрымання кантрабандыстаў

Вельмі частымі былі боесутыкненні. У справаздачы КАП адзначалася, што за 1933–1934 гады адбылося 118 агнявых кантактаў з кантрабандыстамі, у 1934–1935 гадах — 73, у 1937–1938 гадах — 52. Асобнай праблемай для польскіх памежнікаў была барацьба з самагонаварэннем, якое асабліва было распаўсюджана ў Віленскім ваяводстве. Дзеля барацьбы з самагоншчыкамі КАП ладзіў сумесныя рэйды з супрацоўнікамі Дзяржаўнай паліцыі. У 1935 годзе супрацоўнікі Корпусу выкрылі 24 падпольных заводы па вытворчасці нелегальнага алкаголю, а таксама 28 выпадкаў яго продажу. Падчас спецаперацый было затрымана 126 асоб. На наступны год польскім праваахоўнікам і памежнікам удалося знішчыць 100 мінізаводаў. Пры гэтым затрымана было 194 асобы.

Польскія ўлады разумелі, што развіццё кантрабанды ва ўсходніх ваяводствах звязана з цяжкай эканамічнай сітуацыяй у гэтым рэгіёне. Аднак да пачатку Другой сусветнай вайны Варшаве так і не ўдалося вырашыць гэтую праблему.

Каментаваць