На «Пілсудскім» у ЗША і канвоем у Архангельск

Прыгожым днём 1937 года ў пінскім офісе фірмы «Cosulich line» 27-гадовы Уладзімір Завацкі набыў квіток на карабель, што трымаў шлях праз акіян у ЗША. На тым караблі было шмат жыхароў Заходняй Беларусі, якія шукалі лепшай долі.



Уладзімір Завацкі ў Вялікабрытаніі, 1947 год


Прадстаўніцтва фірмы «Cosulich line» знаходзілася на вуліцы Лагішынскай, 13 у Пінску. Варта сказаць, што адзначаная параходная кампанія была адной з найбольш паспяховых у міжваеннай Еўропе. Яе штаб-кватэра знаходзілася ў Трыесце, а параходы «Cosulich line» курсавалі ў Паўночную Афрыку, ЗША, Канаду, а таксама Паўднёвую Амерыку. Дарэчы, спецыяльна для працоўных мігрантаў з Другой Рэчы Паспалітай у 1930-я гады прадстаўніцтвы фірмы з’явіліся ў Аргенціне і Бразіліі. У Польшчы галоўная кантора кампаніі знаходзілася на вуліцы Свентакшыскай, 25 у Варшаве. Акрамя Пінска, у Заходняй Беларусі бюро «Cosulich line» знаходзілася ў Вільні (вул. Чыгуначная, 13).

Лайнер "Пілсудскі" ў Гдыні. Канец 1930-х гадоў

 

Карабель, на які Завацкі купіў квіток, называўся «Пілсудскі», быў пабудаваны па замове польскіх улад з удзелам капітала «Cosulich line». Судна водазмяшчэннем 14 тон хадзіла па маршруце Гдыня — Нью-Ёрк — Галіфакс — Гдыня. Першы рэйс карабля адбыўся 15 верасня 1935 года.

Перад гэтым, дарэчы, Уладзімір атрымаў амерыканскую візу, прайшоў медагляд і прышчапіўся ад хвароб. Медагляд быў важным этапам падрыхтоўкі да выезду. Як адзначалася ў памятцы на «Санітарнай карце», якую ў 1930-х гадах атрымлівала кожная эмігруючая з Другой Рэчы Паспалітай асоба, «калі ў чалавека няма ніякіх хвароб, то лекар пазначае, што «спадар/спадарыня кваліфікуецца да выезду». Калі ж хваробы маюцца, то павінен быць зроблены запіс «не можа ехаць да моманту, пакуль не вылечыцца», альбо «не можа ехаць». У апошнюю катэгорыя траплялі тыя, хто хварэў на сухоты, рак, трахому, сляпыя, асобы, маючыя разумовыя засмучэнні. Цяжарным жанчынам трэба было праходзіць асобную камісію і кансультавацца са спецыялістамі Эміграцыйнага сіндыкату.

Медыцынскае пасведчанне Завацкага перад выездам у ЗША

Першыя выпрабаванні

Праз колькі часу Уладзімір Завацкі нарэшце прыехаў Нью-Ёрк, дзе справы яго пашлі добра. Праз год ён зарабіў неабходныя для набыцця ўласнай зямлі грошы і вырашыў вярнуцца дадому. Што і зрабіў.

Дакументы У.Завацкага

У маі 1938 года ў вёсцы Пагост-Загароцкі ён ажаніўся са Сцепанідай Пашалюк. Аднак спакойна пажыць маладым не давялося. 1 верасня 1939 года пачалася Другая Сусветная вайна. Уладзімір быў мабілізаваны ў Войска Польскае і змагаўся ў складзе 84-га пяхотнага палка пад Дзялошынам. Пазней, калі стала зразумелым, што Польшча прайграла Вераснёўскую кампанію, афіцэры дазволілі жаўнерам-беларусам вярнуцца дадому. 17 верасня 1939 года савецка-польскую мяжу перайшлі войскі Чырвонай Арміі, і хутка Заходняя Беларусь стала савецкай.

Новая ўлада стала пільна прыглядацца да тых, хто быў за мяжой. 15 кастрычніка 1940 года Уладзіміра Фёдаравіча арыштавалі супрацоўнікі НКУС. Яго абвінавацілі ў антысавецкай агітацыі і 11 студзеня 1941 года, у адпаведнасці з артыкулам 58-10 часткі І УК РСФСР, прысудзілі да 5 гадоў лагераў. Завацкага накіравалі на спецпасяленне ў Архангельскую вобласць для працы на цагляным заводзе. Яго цяжарную жонку Сцепаніду таксама дэпартавалі ў Архангельск. Дачка Завацкіх Надзея нарадзілася ўжо там.

У войску генерала Андэрса

22 чэрвеня 1941 года Трэці Рэйх напаў на Савецкі Саюз. Гэтая трагічная падзея прынясла збаўленне для соцень тысяч былых польскіх грамадзян, у тым ліку і жыхароў Заходняй Беларусі, якія сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. 30 ліпеня 1941 года польскім прэм’ерам у выгнанні Уладзіславам Сікорскім і амбасадарам СССР у Вялікабрытаніі Іванам Майскім у прысутнасці брытанскага міністра замежных спраў Энтані Ідэна было падпісана пагадненне аб аднаўленні дыпламатычных зносін паміж Другой Рэччу Паспалітай і Савецкім Саюзам. Паводле гэтага дакумента савецкі бок пагадзіўся абвясціць амністыю для былых польскіх грамадзян, якія знаходзіліся ў ГУЛАГу, турмах і спецпасяленнях, а таксама выказаў згоду на фарміраванне польскага войска на тэрыторыі СССР.

Брытанскі вайсковы білет У.Завацкага

Амаль 400 тысяч чалавек, якія да 17 верасня 1939 года былі падданымі Другой Рэчы Паспалітай, атрымалі доўгачаканую свабоду. Сярод іх была і сям’я Завацкіх. Уладзімір пакінуў жонку і дачку ў СССР, а сам трапіў у Армію генерала Андэрса і разам з ёй апынуўся на Блізкім Усходзе. У сакавіку 1943 года ён стаў жаўнерам 1-й польскай танкавай дывізіі (камандуючы — брыгадны генерал Станіслаў Мачак), якая з ліпеня 1944 года ўдзельнічала ў вызваленні Нармандыі ад нацыстаў.

У.Завацкі. 1947 год

Польскія танкісты змагаліся ў складзе 1-й канацкай арміі і ўдзельнічалі ў наступленні па ўчастку Канны — Фалез. У немцаў там была глубокая абарона, аднак танкам 1-й дывізіі ўдалося яе прарваць. 19–20 жніўня 1944 года нацысты контратакавалі і акружылі пазіцыі палякаў. Аднак хутка 4-я канацкая танкавая дывізія дэблакавала польскіх танкістаў.

Вайсковая кніжка У.Завацкага

Пазней былі баі ў Бельгіі, Галандыіі і Германіі. У чэрвені 1947 года часткі дывізіі былі перакінутыя ў Вялікабрытанію, дзе адбылася дэмабілізацыя гэтай вайсковай адзінкі. Уладзімір Завацкі жыў у Лондане.

У.Завацкі з сябрамі ў Вялікабрытаніі

У гэты час у распараджэнні Упраўлення ўпаўнаважанага Савета Міністраў СССР па справах рэпатрыяцыі былі падрабязныя спісы польскіх жаўнераў беларускага і ўкраінскага паходжання, якія пасля вайны знаходзіліся на тэрыторыі Вялікабрытаніі. Савецкія чыноўнікі і дыпламаты апрацоўвалі гэтых людзей і ціснулі на тое, што ў СССР у іх засталіся сем’і і блізкія. Ва Уладзіміра Завацкага ў савецкай Беларусі засталася жонка і дачка, аднак ён добра памятаў арышт і дэпартацыю ў Архангельскі край. Перад польскім жаўнерам стаяў выбар: альбо вярнуцца да родных і рызыкаваць быць зноў арыштаваным, альбо застацца. Ён застаўся.

Завацкі ў Вялікабрытаніі, 1948 год

Падзеленая сям’я

У 1951 годзе Завацкі прайшоў медкамісію ў Польскім медычным дыспансеры і пасля атрымання неабходных прышчэпак зноў выехаў у Злучаныя Штаты. Дарэчы, у гэты ж самы час у БССР сталінскія спецорганы правялі арышты і высылку з тэрыторыі Беларусі былых жаўнераў генерала Андэрса. За акіянам Уладзімір Завацкі пасяліўся ў Нью-Джэрсі, атрымаў амерыканскае грамадзянства (у новым пашпарце было пазначана: Завацкі Вальтар Тэадоравіч) і ўжо ў жніўні 1951 года стаў працоўным буйной фірмы «Johns Mansville», якая займалася вырабам прамысловай ізаляціі і дахаў.

Знаходжанне ў савецкай турме і на спецпасяленні, а таксама вайсковыя выпрабаванні кепска адбіліся на здароўі палешука. 19 жніўня 1969 года 59-гадовы эмігрант з Заходняй Беларусі раптоўна памёр.

У.Завацкі ў ЗША, 1951 год

Увесь час пасля вайны Сцепаніда Завацкая шукала свайго мужа. Пасля смерці Сталіна стаў магчымым асцярожны пошук сваякоў за мяжой. Сцепаніда звярталася ў Чырвоны крыж, амбасаду ЗША і нарэшце знайшла мужа.

Завацкі ў ЗША, 1952 год

Аднак, на жаль, ужо пасля яго смерці. У верасні-кастрычніку 1969 года Сцепаніда Фамінічна наведала ЗША і пазнаёмілася з сябрамі мужа. Уладзімір Фёдаравіч быццам бы ведаў, што яго жонка прыедзе за акіян. Перад смерцю ён адклаў грошы для сваіх блізкіх у Беларусі. У 1969 годзе Сцепаніда Завацкая выслала самой сабе ў Пінск 5 тысяч долараў ЗША. Яшчэ 2,5 тысячы яна даслала сястры памерлага мужа. Гэта былі вялікія грошы. У той час валюта залічалася на рахунак у Банк для знешняга гандлю СССР. Пазней грошы перанакіроўваліся ў «Знешпасылторг», і савецкі грамадзянін атрымліваў чэкі, на якія мог атаварвацца ў крамах тыпу «Бярозка». Дзякуючы паступленням з-за акіяну блізкія Уладзіміра Завацкага змаглі набыць кааператыўную кватэру і аўтамабіль «Жыгулі-ВАЗ-2103».

Пашпарты і іншыя дакументы У.Завацкага

Рашэнне аб рэабілітацыі ўдзельніка Другой сусветнай вайны, жаўнера Войска Польскага Уладзіміра Фёдаравіча Завацкага было прынята савецкай пракуратурай толькі ў жніўні 1989 года. У 1993 годзе была рэабілітавана і яго дачка Надзея, якая з моманту наро­джання ў 1940 годзе лічылася дзіцём «ворага народа».

Каментаваць