Нам дапамагаюць нашы дзяды

Гарадскіх негарэльцаў мы, камароўскія засцянкоўцы, не любілі. Хадзілі яны, вялізныя, цыбатыя, шумныя, праз нашу Камароўшчыну ў наш лес па ягады, а мы, малеча, стаялі за варотамі і дражнілі іх: «Негарэлец уваліўся ў кубелец!» Прагаворыш — і драпака.  



Негарэлае ў 1924 годзе зрабілі цэнтрам сельсавету, а ў 1938-м — пасёлкам гарадскога тыпу. Але тады ўсё было перакулена дагары нагамі, і гарадская Лена Дзядзюля плакала ад таго, што ў 5-м класе ёй давядзецца вучыцца з «деревенскими». Помню, што мы яе суцяшалі. У нас не было шляхецкай пыхі.

«Яны былі ліхімі»

Бабуня Клементына збірала чараду ўнукаў і вяла нас па ягады, грыбы. У лес, як у Храм. Наказвала: не разыходзьцеся, каб не галёкаць! Галёкаюць чужыя. Бабуня не любіла пазбіркаў, ведала, дзе нерушы, імкнулася да іх: «Ганначка, паглядзі, якія кісты сядзяць, залезь ты пад куст — пазбірай!» Не любіла яна марнатраўства, абмінала прастагаліны з дробнымі ягадамі: «Хай пасядзяць, пабуйнеюць!»

Такі падмурак закладваўся ў сям’і, у дзяржаве была інакшая стратэгія. Дзяржава ад слова «дзяржаць», не пушчаць, заганяць у стойла. Але каму патрэбны нявольнікі?..

Можа ў класе 3-м ці 4-м прыходзілі да нас, у Камароўскую школу, будучыя аднакласнікі з Негарэлага. Помню, што прыносілі яны агіткі з выявамі піянераў-герояў: Марата Казея, Мікалая Гойшыка, Зіны Партновай… А Васіль Аляксандравіч, наш настаўнік, маляваў чырвоным алоўкам плакат: «Чалавек чалавеку сябар, таварыш і брат». Такая была наглядная агітацыя.

Пасля мы пазнаёмімся бліжэй з тымі негарэльцамі. Яны былі ліхімі, хітрэйшымі ад нас і больш прыстасаванымі да жыцця ў дзяржаве. Гэта мы хадзілі за 3 кіламетры, нягледзячы на забарону, у 30-градусныя маразы да школы, а блізкія негарэльцы там не з’яўляліся. Яны скакалі па партах і біліся, мы паводзілі сябе спакайней. У дзяржаўнай школе яны ўжо ўведалі болей ад таго, што яшчэ давядзецца ўведаць нам.

Негарэлае — Парыж

У апошнюю вайну Негарэлае было спалена немцамі. Згарэў і мураваны чырвоны трохпавярховы вакзал, якім надта казыралі бальшавікі; там быў «класавы парадак»: першы паверх для першае класы, другі — для другой, а на трэцім была рэстарацыя.

Чыгунку ў Негарэлым праклалі яшчэ за царом, у 1871 годзе. Негарэлае — былая памежная станцыя, тут пачынаўся Савецкі Саюз. Адсюль хадзілі цягнікі Парыж — Негарэлае. Пасля 17 верасня 1939 года мая цёця Карольця, калі рабіла правадніцай, вазіла ў Беласток матросаў-артыстаў, каб тыя песнямі абжывалі новыя прасторы. Гэта было найлепшае ў ейным жыцці, потым яно стала занепадаць усё болей і глыбей. У 1969 годзе Франак Петкавіч з Камароўшчыны напісаў «Баладу пра Негарэлае»:

Свяціла сонца і не грэла,

І Негарэлае

гарэла.

З пажыткамі гарэлі хаты.

Крычалі людзі:

— Дзе ж нам жыць?!

Гарэла ўсё.

Фашысты-каты

Не падпускалі

патушыць.

А бомбы сыпаліся бобам —

Трашчалі нават камяні.

Крычаў фашыст:

— Усё да бога!

Дашчэнту

спалім

камунізм!

А «месершміты» кожным рэйсам

Падвозяць смерць,

трашчыць пажар…

Ды не згарэлі негарэльцы,

Чужынцаў моцны стрэў удар.

Такое не забудзеш скора,

Аб гэтым мусіш гаварыць…

Была тут пустка — зараз горад

Агнямі

па начах гарыць.

Вось жа цяпер, праводзячы экскурсіі па Негарэлым, можна будзе прачытаць верш нашага паэта ды не цытаваць з «Памяці» радкі Маякоўскага: «На горизонте — белое. Снега и Негорелое… Голая, нищая бежит Белоруссия».

Згарэў паэт

Перагортваючы падшыўку старых газет за люты 1970 года, знайшла астатні Франакаў верш. А ў 1971-м, на Пакровы, — помню, цёмнай-цёмнай парою — ён і сам згарэў з гарэлкі. Дык, можа, «Балада пра Негарэлае» была завершаннем, і ён тым сплаціў свайму краю?..

Мой тата (і ён ужо пераступіў зямную рысу, няхай ясна будзе яму!) казаў, што Франак пісаў словы да паланеза Агінскага. Можа і так, талент у яго адчуваецца, але які самотны, які трагічны бывае талент на зямлі... І, каб не заблудзіцца, ступаючы ў поцемках па зямлі, трэба мець добрага Водзцу. Таленту — асабліва. «Літаратура — гэта думка вольнага чалавека», — сказаў мой настаўнік Ян Пятроўскі. Ён жа вызнаваў і крэда літаратара: «Калі ёсць што сказаць, скажы і не хлусі; калі няма чаго — маўчы».

Вакзал у Негарэлым

Я не знайшла Франака ў раёнках, што называліся тады «Сцягам Кастрычніка», а цяпер — «Узвышшам» ні за 1963–1964 гады, ні за 1971-ы. У пачатку было яму 24–25 гадоў, у канцы — 32. Можа ў 24-х ці 25-гадовым веку Франак сканчаў факультэт журналістыкі БДУ, бо ў 1965 ён ужо працаваў настаўнікам Паланевіцкай 8-гадовай школы.

Думаецца, што юнацкія гады вучобы — найлепшыя гады, і для творчасці — таксама. Шкода, але я не ведаю тых вершаў і мусіць ніколі ўжо не ўведаю… Магу толькі ўявіць, якія яны былі, вось па гэтым вершы «Погляд каханай», напісаным у 1966 годзе:

А ты й не ведаеш,

Колькі ў вачох тваіх ласкі.

Падаруй мне, каханая,

Позірк ледзь-ледзь даўжэйшы.

Я гляджу ў твае вочы,

Чыстыя, як вочы ластаўкі, —

І прападае сум,

І я станаўлюся дужэйшы.

Адзіны гэты верш — чысты, як ластаўчыныя вочы, на ўсіх астатніх ляжыць цень змрочнага часу, у якім ён мусіў жыць. Франак быў жанаты, засталіся ў яго дзве дачкі, але, каб сталася гэтая каханая ягонай жонкай, можа, не адбылася б трагедыя 1971-га… У тым часе працягвалася вайна, дзе скрозь гэтыя «фашысты-каты» сыплюць бомбы ды мараты казеі сядзяць у засадзе. Не скончылася і рэвалюцыя, хоць і хаваюць «цела дзеда-ленінца», ды «жывыя ленінцаў нашчадкі» клянуцца, што «не забудуць спраў дзядоў». І край наш увесь у няволі падманных камуністычных спаборніцтваў, дзе нават прыгожыя дзяўчаты-ткачыхі за абяцанку зораў і неба змушаныя даваць тыя «нормы».

Бульдозерам па могілках

«Быў край наш нібы лагерам калоднікаў», — напіша Франак у вершы «Радзіма» нібыта пра даўнейшы час, а папраўдзе — пра свой, пра тыя нэндзныя 1950–1960-я, тыя ўдушлівыя, як пятля, 1970-я, дый пра цяперашні час, у каторым жывем мы. Наш час папраўдзе жудасны, бо колішняе панаванне д’ябла ў «Сцягу Кастрычніка, ва «Узвышшы» змянілася няўтаймоўным баляваннем… ці не прад апошняй Атлантыдай…

Зруйнаваны помнік Юзафу Абламовічу на старых Койданаўскіх могілках (фота прадстаўлена аўтарам)

Вынішчаны ўжо ўсе жывыя душы нашай нацыі, цяпер дабраліся да старых могілкаў, вынішчаюць парэшткі культуры нашай. А святары, тыя, хто даўней апекаваліся могілкамі, цяпер адкараскаліся ад сваіх абавязкаў. Андрэй Бараноўскі, ініцыятыўны чалавек у Койданаве, дзе руйнуюць старыя могілкі, абыходзіў людзей, каб сабраць подпісы нязгодных. Зайшоў да ксяндза, а той адказаў, што ён «innego paсstwa», спрабаваў зайсці да бацюшкі, а той і на парог Андрэя нават не пусціў. Меў рацыю Ян Пятроўскі, калі яшчэ напачатку 1960-х напісаў: «Літва — твая загуба ў Рыме!»

Тыя, хто павінны былі пільнаваць чысціню навукі Пана Езуса, сказілі яе. Мы страцілі сваю Айчыну, таму што не мелі святароў, якія б дбалі пра Культуру. Тое, што засталося з навукі Пана Езуса, перахоўваюць носьбіты з простага народу. Сэрца ведае гэтую навуку, яна простая. Ведала сэрца цёці Эмці, што гэтак пакутавала за Франака, і ведаюць сэрцы ўсіх матак, што пакутуюць за сваіх дзяцей.

Выглядае, што і сёння мы не маем святароў, што баранілі б нашу культуру…

Разбураны помнік

Заўтра мая добрая знаёмая Вераніка збіраецца ісці на старыя койданаўскія могілкі, каб уратаваць ад знішчэння вялікі мармуровы помнік па Юзафу Абламовічу, доктару медыцыны Віленскага ўніверсітэта, уладальніку маёнткаў у Мікулічах і Негарэлым.

Пасля паразы лістападаўскага паўстання графства Радзівілаў (Койданаў, Негарэлае і далей) трапіла ў казну. Потым Негарэлае і Мікулічы выкупіў Юзаф Абламовіч. У тастаманце ён запавядаў зямлю дачцэ, таксама — пабудаваць капліцу пры бальшаку з цяперашняга пасёлку Энергетыкаў да Мелькавічаў (завём Мелькаўскі бальшак) і пахаваць яго там. Мусіць, тое было невыканальным з прычыны паразы паўстання, таму Юзаф Абламовіч быў пахаваны ў Койданаве.

Частка старых койданаўскіх могілак ужо даўненька пахавана  пад асфальтам. Цяпер тутэйшыя ўлады ўздыбілі ўсё мястэчка, як перад Дажынкамі! Нібыта парадак рабіць на запушчаных імі ж могілках. Дзеля гэтага павалілі крыжы, помнікі, агароджы, бульдозерам узадралі зямлю. Папраўдзе, тут патрэбна шырокае грамадскае абмеркаванне; свой голас павінны падаць навукоўцы, рэлігійныя і творчыя людзі. Што рабіць са старымі могілкамі? Тым часам пакуль народ наш спіць, начальства загадала зрабіць прыпынак для грамадскага транспарту, зноў-такі ўрэзаўшы частку могілкаў, што зусім блізка ад помніка Юзафу Абламовічу… Што ім да нашае гісторыі, нашае памяці, славы нашае?!

«Я — грамадзянін Сусвету», — казаў Ян Пятроўскі. Адчыньма і пашырма сваю сведамасць, разнявольма Думку! Мы не самотныя, і мы пераможам, бо з Неба, з усяго Сусвету за намі назіраюць і нам дапамагаюць нашы Дзяды.  

Абмеркаванне:

  • Дзядзька Мікола
  • 2014-11-22 16:58:30
дасціпна, цікава!

Каментаваць