Нармандыя ў жывапісе

Выстава «Нармандыя ў жывапісе», адкрытая для наведвальнікаў Нацыянальнага мастацкага музея да 25 красавіка, зачароўвае і палоніць.

Пасля экспанавання ў Аўстрыі, ЗША, Італіі, краінах Паўночнай Еўропы і ў Эстоніі ды Латвіі, калекцыя гэта сталася першай сапраўднай ластаўкай леташніх дамоўленасцяў высокага ўзроўню аб франка-беларускім культурным супрацоўніцтве.

Выстава «Нармандыя ў жывапісе», адкрытая для наведвальнікаў Нацыянальнага мастацкага музея да 25 красавіка, зачароўвае і палоніць.

Пасля экспанавання ў Аўстрыі, ЗША, Італіі, краінах Паўночнай Еўропы і ў Эстоніі ды Латвіі, калекцыя гэта сталася першай сапраўднай ластаўкай леташніх дамоўленасцяў высокага ўзроўню аб франка-беларускім культурным супрацоўніцтве.

Назва выставы «Нармандыя ў жывапісе» ўдала адпавядае яе канцэпцыі. Гэты еўрапейскі куток Францыі, паказаны сродкамі новага жывапісу мастакоў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў хораша і поўна. Выстава настолькі прыгожая і насычаная, што ўзнікае спакуса назваць яе «энцыклапедыяй» французскага мастацтва ХІХ стагоддзя.

Нармандскі краявід з яго раўнінамі, берагам і морам, небам і малавядомымі таемнымі бакамі існавання, падпарадкаваны непасрэднаму ўплыву сонца і паветра, «зямлі і неба» неабсяжна разнастайны па сваім кругаглядзе — ад «шэрага імпрэсіянізму» да «перламутравага каларызму» — увекапомнены ў жывапісе. Укладзеная з 80-ці твораў, зусім непамернага, не эпічнага, а хутчэй камерна-лірычнага жывапісу, выстава знаёміць беларускага гледача больш чым з трыццаццю зоркамі мастацтва ХІХ–ХХ стагоддзяў.

На выставе прадстаўлены творы такіх мэтраў, як Тэадор Жэрыко (1791–1824), энергічны і дынамічны мастак высокага напалу жарсцяў, які лічыцца адным з заснавальнікаў рамантычнай плыні ў французскім мастацтве. Жан-Батыст Каміль Каро (1796–1875), мастак, за чыімі работамі палявалі Напалеон ІІІ і герцаг Арлеанскі. Шарль Дабіньі (1817–1878) — сын вядомага французскага пейзажыста, які вылузнуўся з акадэмічнай школы і дзякуючы свайму свабоднаму, чуйнаму і светаноснаму мазку далучыўся да імпрэсіяністычнай плыні. Эжэн Будэн (1824–1898), мастак-вандроўнік, прадвеснік імпрэсіянізму і адзін з заснавальнікаў пленернай «Сен-Семіонаўскай школы», чыя палітра вібруючых тонаў перадавала трапяткія адценні святла і яго адбіткі на люстраной гладзі вады. Клод Мане (1840–1926), знакавая асоба не толькі імпрэсіянізму, але і ўсяго мастацтва ХІХ–ХХ стагоддзяў, які разглядаецца французскімі гісторыкамі мастацтва як папярэднік лірычнага абстракцыянізму. Рауль Дзюфі (1877–1953), што пачынаў свой творчы шлях пад уплывам Будэна і Мане, але здолеў распрацаваць свой стыль і данесці да гледача каштоўнасці сваёй душы. Альбер Марке (1875–1947), графічна-лаканічны прадстаўнік мастацтва мадэрну ў яго фавістычнай разнавіднасці, які зазнаў уплыў імпрэсіянізму і з радасцю перадаваў натуру ў розныя поры года, пры розным асвятленні ці без яго ўвогуле. Жак Війон (1879–1963) — мастак спадчыннай мастацкай культуры, які імкнуўся інтэрпрэтаваць кубізм як своеасаблівы працяг імпрэсіянізму.

Апрача гэтых імёнаў беларускі глядач парадуецца і ўзбагаціць знаёмствам з такімі выдатнымі і рознымі мастакамі, як Іаганам Йонкіндам, Фрэнкам-Маерсам Богтсам, Гіёмам Фаусам, Роберт-Антуанам Піншонам і іншымі вартымі ўвагі і ўдзячнасці.

Як азначыў генеральны куратар, дырэктар калекцыі «Нармандыя ў жывапісе» Ален Тапье, літаратурна ўтвораная і «няскораная рамантычная жарсць» пачынае паддавацца імпрэсіяністычнаму парыву. Мастацтва змяняецца сюжэтна і прадметна, спакваля сціраецца традыцыйны, сканструяваны сэнс «перад тварам свабоднага натхнення асобы», а інтэрпрэтацыя рэальнага чалавека і Бога дадзенай прыроды паступова займае галоўнае месца. Зайздросную мажлівасць убачыць і адчуць гэта мае беларускі глядач.

Выстава карысная беларусам і з пазамастацкага, грамадзянскага гледзішча. Свята, наладжанае з ласкі Амбасады Францыі ў Беларусі, даводзіць, як мастацкі збор, запачаткаваны ў 1992 годзе, які паўстаў з супольнай ініцыятывы дзяржаўных органаў, органаў мясцовага самакіравання, калекцыянераў і аматараў мастацтва, набыў сусветную вядомасць і ўнёс дадатковы выразны штрых у партрэт Нармандыі.

Каментаваць