НЭП: пад пільным вокам спецслужбаў

У часы НЭПу для барацьбы з бюракратычным уплывам вырашылі яшчэ болей пашырыць ролю спецслужбаў, каб, абапіраючыся на іх, змагацца з гэтай новай формай контррэвалюцыі. Узначаліў барацьбу спачатку Фелікс Дзяржынскі, а пасля яго раптоўнай смерці — Іосіф Сталін, які даволі хутка гэты НЭП і скончыў.


Савецкая спадчына

Сучасны чытач, асабліва малады, ужо дастаткова далёкі ад разумення працэсаў, якія адбываліся ў першай палове ХХ стагоддзя. Гэтаму шмат у чым спрыяе і наяўнасць афіцыйна-дзяржаўнай версіі савецкай гісторыі. Яшчэ жывым сведкам жыцця ХХ стагоддзя яно, мінулае, згадваецца толькі як перыяд іх асабістага жыцця, калі ўсе былі маладыя і здаровыя.

Папулярнасць «сацыяльнай гісторыі» таксама здымае праблему вывучэння галоўных рухаючых механізмаў савецкай дзяржавы. Новыя маладыя палітычныя лідары, якія выраслі ўжо пасля распаду СССР і шчыра жадаюць прынесці карысць сваёй краіне і народу, часта ўпадаюць у спакусу, калі знаёмяцца з поўнымі зачаравання і «рамантыкі чырвоных кастрычніцкіх нападаў» лозунгаў савецкага часу. Для Беларусі гэта асабліва актуальна, таму што палітыкі, якія прыйшлі да ўлады ў першай палове 1990-х гадоў у маладой незалежнай беларускай дзяржаве, гэтай спакусы не вытрымалі.

У Рэспубліцы Беларусь захавалі ад вынішчэння, а потым пачалі і адраджаць шмат якія здабыткі савецкага часу развіцця, тыя ці іншыя структурныя элементы савецкай дзяржавы. Сярод тых палітыкаў было і ёсць папулярнае выказванне, што савецкая сістэма — самая сацыяльна арыентаваная ў свеце, ідэалагічна накіраваная на захаванне інтарэсаў працоўных, гнуткая і эканамічна эфектыўная. Толькі трэба «выправіць» гістарычныя памылкі, звязаныя ці то з асаблівасцямі масонска-сіянісцкай змовы супраць Расіі, ці то з праявамі культаў асоб, ці то з неспрыяльнымі міжнароднымі абставінамі, асабліва наступствамі апошняй сусветнай вайны, ці то з нядобразычлівымі адносінамі краін-суседзяў.

Але, на шчасце ці на жаль, гісторыю нельга выправіць. Тым больш не выпраўляецца савецкая гісторыя.

Традыцыйна лічыцца, што галоўным рухавіком развіцця савецкай народнай гаспадаркі з’яўляліся рашэнні партыйных структур і з’ездаў або вышэйшых службовых асоб Камуністычнай партыі СССР і Беларусі. Разам з тым, у дзяржаўнай машыне існавалі адмысловыя органы, якія мелі адной са сваіх галоўных задач забеспячэнне працэсу эканамічнага развіцця краіны ў адпаведнасці з пазначанымі вышэйшымі органамі савецкай і партыйнай улады напрамкамі і параметрамі. Гэтыя органы працавалі ў цесным кантакце з органамі дзяржаўнага палітычнага і гаспадарчага кіравання, пракуратурай, судамі, рознымі іншымі кантралюючымі структурамі, валодалі часткай іх функцый.

Структуры гэтыя ў свеце маюць звыклую назву спецслужб, у Беларусі яны называюцца органамі дзяржаўнай бяспекі. У розныя часы савецкай Беларусі яны называліся надзвычайнымі камісіямі, палітычнымі ўпраўленнямі, наркаматам унутраных спраў, камітэтам дзяржбяспекі.

Глыбока сімвалічна, што прыхільнасць да савецкага дзяржаўнага ладу спалучылася з жаданнем захаваць савецкую назву галоўнага рухавіка эканамічнага прагрэсу — Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Кіруючым элітам быў дадзены знак, які яны зразумелі дастаткова правільна.

Гісторыя савецкай Беларусі першай паловы ХХ стагоддзя непарыўна звязаная з гісторыяй СССР: працэсы, характэрныя для гэтага дзяржаўнага ўтварэння, адбываліся тут, не асабліва адрозніваючыся ад працэсаў, напрыклад, у цэнтральнай Расіі, хоць і са сваёй спецыфікай. Прывязка да эканомікі Расіі застаецца і да сёння.

Сучасны НЭП

Галоўная навіна любой восені, па версіі беларускага ТБ, — колькі зерня сабралі з палёў. Усе тэленавіны пачынаюцца з інфармацыі пра эканамічныя падзеі. Як і амаль 100 гадоў таму, эканоміка — галоўная палітыка ў Беларусі. Але падабенства не толькі ў гэтым.

Кіраўнікі Беларусі з 1994 года намагаюцца пабудаваць тут сістэму, што была ў БССР падчас так званай «новай эканамічнай палітыкі» (НЭПу), з пачатку 1920-х і прыкладна да 1929 года.

У беларускай гістарычнай навуцы, як, дарэчы, і ў расійскай, у некаторых даследчыкаў назіралася і назіраецца пэўная рамантызацыя ленінскай ідэі — як з найменшымі стратамі для бальшавізму перажыць паслярэвалюцыйную і пасляваенную разруху і пабудаваць квітнеючую камуністычную краіну. Сутнасць ідэі простая: дазволіць абмежаваную прыватную ўласнасць перш за ўсе ў сферы абслугоўвання, але захаваць уласнасць дзяржавы ва ўсіх важных для развіцця эканомікі галінах вытворчасці.

НЭП у нашай гістарычнай памяці асацыюецца не толькі з адносным павышэннем жыццёвага ўзроўню беларусаў, але і з такімі з’явамі, як беларусізацыя і каранізацыя (калі да кіраўніцтва краінай на ўсіх узроўнях павінны былі прыйсці прадстаўнікі беларускага ці карэннага насельніцтва, развівацца беларуская культура, культура карэнных для Беларусі нацыянальнасцяў і інш.), пачатак барацьбы з непісьменнасцю.

Безумоўна, перыяд НЭПу быў адным з найважнейшых станоўчых этапаў развіцця БССР як дзяржаўнага ўтварэння. Але ці была гэтая форма насамрэч найлепшай?

Эканоміка — перш за ўсё

Акрамя поспехаў ад дзеяння інстытута прыватнай уласнасці, хоць і абмежаванага, у савецкай Беларусі для развіцця эканомікі ўжываліся іншыя, больш моцныя патаемныя вагары. Гэтымі вагарамі былі спецслужбы, якія ў тыя часы называліся ДПУ — гэтая новая назва была нададзеная супрацоўнікам Надзвычайных камісій, якія скампраметавалі сябе падчас так званага «ваеннага камунізму» рознымі злачынствамі. Менавіта падчас НЭПу гэтыя вагары былі створаныя, апрабаваныя і закла­дзеныя ў падмурак савецкай эканомікі як яе неад’емны складнік.

Ужо да сярэдзіны 1920-х гадоў дзейнасць дэпэушнікаў, ці, як іх называлі беларускія людзі, чэкістаў, з кантролю за палітычнай добранадзейнасцю перакрочыла ў галіну эканомікі. Тлумачылася гэта, як і сёння, тым, што ніякія палітычныя задачы не могуць быць вырашанымі без «заваёваў эканомікі».

У прывітальнай тэлеграме, накіраванай у ЦК КП(б)Б з нагоды сёмых угодак Кастрычніка сакратаром партыйнай ячэйкі ДПУ Беларусі Волкавым у лістападзе 1924 года, адзначалася: «…У нас ёсць не толькі жывыя белагвардзейскія ворагі, але шмат і іншых велічэзных перашкод — гэта гаспадарчае будаўніцтва. НЭП ператварыць у камунізм — вось наша цяжкая задача. Ператварыць 1/6 частку зямнога шара ў рэвалюцыйную кузню, у якой будуць каваць пралетарскія камуністычныя молаты для стварэння Чырвонага Кастрычніка і ў іншых заходнееўрапейскіх пакуль яшчэ буржуазных дзяржавах. І гэтага мы даможамся, а закладам нашай перамогі з’яўляецца наша гаспадарка, што аднаўляецца гіганцкімі крокамі».

У «ператварэнні НЭПу ў камунізм» спецслужбам адводзілася асаблівая роля — роля галоўнага кантралёра за ўсімі аспектамі сацыяльнага і эканамічнага развіцця.

Тайная форма Дзяржкантролю

У ДПУ быў створаны адмысловы аддзел — эканамічны, які збіраў інфармацыю пра эканамічнае развіццё Беларусі, ён называўся скарочана ЭКА. Для работы ЭКА стварылі асведамляльную сетку, дзейнасць якой рэгулявалася адмысловай Інструкцыяй аб асведамляльнай службе. У адпаведнасці з інструкцыяй, агентурна-асведамляльны апарат павінен быў складацца з масавай асведамляльнай сеткі, сакрэтнай агентуры і штатных агентаў. Інфарматары вербаваліся апаратам сакрэтных упаўнаважаных пры Інфармацыйным аддзеле сакрэтнага аддзелу ДПУ «на патрыятычнай аснове», гэта значыць, без сістэматычнай грашовай узнагароды. Восенню 1922 года былі ўсталяваныя дзве катэгорыі пазаштатных супрацоўнікаў — інфарматары і паведамляльнікі.

Інфарматары — штатныя работнікі ўстаноў і прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі розных груп насельніцтва горада і вёскі. Галоўнай задачай інфарматараў было «асвятленне настрояў» і спраў на прадпрыемствах і ва ўстановах, праца кіруючага і адміністрацыйна-гаспадарчага апаратаў. Паколькі афіцыйна ў дзейнасць кааператываў і прыватных прадпрыемстваў спецслужбы ўмешвацца не маглі, яны дзейнічалі галоўным чынам праз інфарматараў. Паведамляльнікаў у Беларусі называлі таксама «сачкомы» — ад слова «сачыць».

У снежні 1922 года былі сфармуляваныя агульныя палажэнні дзейнасці ЭКА:

«1. Асновай працы эканамічнага аддзялення павінна быць усебаковае асвятленне ўсяго эканамічнага жыцця Беларускай Рэспублікі з мэтай выяўлення ненармальных і злачынных бакоў, у выглядзе эканамічнай здрады, тэхнічнай здрады, эканомшпіянажу, буйнога сабатажу, падробак і да т.п. 2. Галоўную ролю ў працы эканомаддзелаў павінна адыгрываць кваліфікаванае спецыяльнае асведамленне. З гэтай мэтай яно павінна мець пастаяннае назіранне і кіраўніцтва з боку пам. начальніка па эканомасвятленні. З. Прыступіць да неадкладнага насаджэння спецыяльнай агентуры па гаспадарчых органах для вядзення спецработы па буйных агентурных распрацоўках. 4. Звесткі, здабытыя пра працу таго ці іншага гаспадарчага органа негалосным шляхам, павінны супастаўляцца з паралельна атрыманымі звесткамі асведамляльнага характару, і ўсё гэта да ўсталявання факту павінна канцэнтравацца ў літарнай справе, а пазней вылучацца ў агентурную справу, затым, пасля заканчэння аперацыі, заводзіцца следчая справа...».

ЭКА таксама выяўляла «палітычную фізіяномію кіраўнікоў і работнікаў прадпрыемстваў і ўстаноў», характарызавала іх і перадавала атрыманую інфармацыю ў сакрэтнае аддзяленне. Была рэгламентаваная дзейнасць і мясцовых падраздзяленняў ЭКА: «2. Для вывучэння ўсіх бакоў гаспадарчага жыцця губерні варта стварыць у адпаведных галінах прамысловасці сетку інфарматараў з ліку спяцоў. 3. Разам з працай па вывучэнні буйной прамысловасці звярнуць асабліваю ўвагу на сельскую гаспадарку і падуладныя яму ўстановы як непасрэдна звязаныя з буйной прамысловасцю», указвалася ў рэзалюцыі, прынятай 5 сакавіка 1922 года на з’ездзе начальнікаў палітбюро (так тады называліся мясцовыя аддзяленні ДПУ) Гомельскай губерні.

Ужо ў дакладзе аб працы ДПУ Бел. за снежань 1922 года паказвалася, што ЭКА праз асведамленне выканаў 73 заданні, атрымаў 80 інфармацыйных зводак аб дзейнасці асобных устаноў. Былі заведзеныя следчыя справы — з нагоды буйных крадзяжоў на мінскай бойні, злоўжыванняў у Койданаўскай нарыхтканторы, злоўжыванняў у сельскім падсобным пункце Мазырскай нарыхтоўчай канторы і іншыя.

Супрацоўнікі ЭКА падрабязна інфармавалі сваё кіраўніцтва пра змены, якія адбываюцца ў сувязі з новай эканамічнай палітыкай. «З дакладаў высветлілася, што працоўныя імкнуцца перайсці на прыватныя прадпрыемствы, дзе аплата вышэй... Увогуле, усе прыйшлі да такой высновы, што адзінай умовай для ўзняцця прадукцыйнасці на нашых прадпрыемствах з’яўляецца забеспячэнне працоўных усім неабходным, як то: адзеннем, харчаваннем і прадметамі шырокага спажывання. Практыка паказала, што ніякія прымусовыя захады не дапамогуць да таго часу, пакуль працоўныя не будуць адчуваць сябе матэрыяльна забяспечанымі».

Кадры вырашаюць усё

Да 1929 года ДПУ БССР не імкнулася ўзяць на сябе выпраўленне недахопаў у эканоміцы. Атрыманыя аператыўным шляхам звесткі адпраўляліся ў той дзяржаўны орган, які мог ці павінен быў сітуацыю выправіць. Паралельна інфармацыя накіроўвалася кіраўніцтву ЦК КП(б)Б, у асабліва важных выпадках — першаму сакратару ЦК КП(б)Б. Напрыканцы паведамленняў, дакладных запісак стаялі дзве стандартныя фразы: «накіроўваецца для Вашага рэагавання» ці «для Вашага інфармавання».

Усе матэрыялы, якія зыхо­дзілі са спецслужбаў, з’яўляліся сакрэтнымі. Пасля прачытання адрасат абавязаны быў вярнуць іх у інфармацыйны аддзел ДПУ, яны захоўваліся там пэўны час, а затым падлягалі знішчэнню або перадачы ў архіў ДПУ.

Акрамя інфармацыі аб працы прадпрыемстваў збіраліся звесткі аб добранадзейнасці супрацоўнікаў. Гэтай інфармацыяй шырока карыстаўся размеркавальны аддзел ЦК КП(б)Б. «З нагоды вылучэння НК аховы здароўя кандыдатуры Алонава Я.Ф. на пасаду рэктара ветэрынарнага інстытута, які адкрываецца ў Віцебску, ЦК КПБ просіць паведаміць, ці не маюцца ў Вас звесткі, кампраметуючыя гр. Алонава, якія могуць перашкаджаць вышэйадзначанаму прызначэнню», — такія лісты на імя кіраўніка ДПУ дасылаліся ў сувязі з прызначэннямі на кіруючыя пасады любога ўзроўню. Пры прызначэнні ва ўстановы, якія мелі дзяржаўнае значэнне або сакрэтнасць, правяраліся і шараговыя службоўцы. Так, пры накіраванні нават камуністаў на працу ў мытныя органы, запытваліся органы ДПУ.

Асаблівая ўвага надавалася праблемам, якія маглі выклікаць масавую незадаволенасць, — выплаце зарплаты, умовам працы, адносінам да дзяржаўных ініцыятываў. Звесткі аб затрымцы заработнай платы дасылаліся як сакратару ЦК КП(б)Б, так і ў інфармацыйны аддзел АДПУ ў Маскву ў выглядзе спецыяльных паведамленняў.

Так, 14 лютага 1925 года была дасланая наступная спецзводка: «Па наяўных у нас звестках Вітбуд (аддзяленне Белдзяржбуда) у дадзены момант перажывае востры фінансавы крызіс. Рабочым зарплата не выплачаная за 4 месяцы, за выключэннем частковых авансаў, выдадзеных на пачатку студзеня бягучага года. Рабочыя перастаюць верыць, што ім заплацяць, і з кожным днём усё больш і больш настойліва патрабуюць неадкладнай выплаты.

У выпадку, калі зарплата не будзе выплачаная неадкладна, непазбежныя эксцэсы. Вітбуд самастойна ліквідаваць запазычанасць не ў стане з-за адсутнасці ў касе грошай, таму што Упраўленне Паветранага Флоту ў Маскве да гэтага часу не выплаціла грошай на пабудову 8-мі ангараў, матывуючы тым, што выканаўчы каштарыс складзены Вітбудам няправільна. Пытанне перададзенае на рашэнне судовых органаў, але да іх рашэння атрымання грошай не прадбачыцца. Запазычанасць рабочым і служачым дасягае 30 тыс. рублёў. У дадзены момант пакінута ўсяго толькі 14 служачых і каля 50-ці чалавек працоўных, астатнія ж звольненыя, аднак разлік з імі не зроблены».


Бясконцая барацьба з бюракратыяй

У кастрычніку 1926 года разгарэлася чарговая кампанія па барацьбе з бюракратызмам у дзяржаўных установах. Прадпрыемствам даручылі правесці рэарганізацыю, скараціць колькасць пасад, пацвердзіць абгрунтаванасць службовых акладаў. Спецслужбам даручалася праверыць правільнасць рэарганізацыі на прадпрыемствах.

У бюлетэні «Аб ненармальнасцях у працы БелШкло» ў кастрычніку 1926 года адзначалася беспадстаўнае павелічэнне зарплаты інжынера, што месца звольненай машыністкі заняў агент па немаведама чаму і «ў сутнасці нічога не змянілася», штатным работнікам прыпісаныя нагрузкі, якія яны не выконвалі; супрацоўнікі выкарыстоўваюць дома 10 тэлефонных апаратаў, у той час як ва ўстанове іх толькі 6; нарыхтоўшчыку сыравіны з Маскоўскай канторы дадаткова выплачваецца 150 рублёў за працу, якая ўваходзіць у яго службовыя абавязкі. Звярталася ўвага на нізкую кваліфікацыю супрацоўнікаў, на тое, што «праект ваннай печы пажырае шмат паліва», што існуе авансавая запазычанасць служачым трэста.

Першапачаткова дзейнасць ДПУ абмяжоўвалася «паведамленнямі» кіраўніцтву пра недахопы развіцця эканомікі. Некаторыя недахопы выпраўляліся, але ў цэлым паляпшэння сітуацыі не назіралася. Сітуацыя ў сярэдзіне 1920-х гадоў была падобная на сённяшнюю — дрэннага кіраўніка «абмяркоўвалі» на пасяджэннях партыйных органаў, пазбаўлялі адной кіруючай пасады і накіроўвалі на іншую. Скарачэнне пасад і нават устаноў праз некаторы час стымулявала павелічэнне іх колькасці.

Дзяржаўна-партыйная і гаспадарчая бюракратыя даволі хутка стала самадастатковай і не хацела мець ніякіх абмежавальнікаў для ўласнага ўзбагачэння. НЭП жа не толькі даваў самыя шырокія магчымасці для ўзбагачэння чыноўніцтва, але рабіў гэтае ўзбагачэнне прывабным і жаданым.

Частка вышэйшага кіраўніцтва СССР даволі хутка заўважыла гэтую асаблівасць развіцця НЭПу. Для барацьбы з бюракратычным уплывам вырашылі яшчэ болей пашырыць уплыў спецслужбаў, каб, абапіраючыся на іх, змагацца з гэтай новай формай контррэвалюцыі. Узначаліў барацьбу спачатку Фелікс Дзяржынскі, а пасля яго раптоўнай смерці — Іосіф Сталін, які даволі хутка гэты НЭП і скончыў.


Крымінал у галіне эканомікі

Каб пашырыць магчымасці спецслужбаў паўплываць на развіццё эканомікі, іх дзейнасць атрымала юрыдычнае абгрунтаванне. 15 лістапада 1928 года ў Крымінальным Кодэксе БССР былі вызначаныя «контррэвалюцыйныя злачынствы ў галіне эканомікі».

«Контррэвалюцыйныя злачынствы ў галіне эканомікі» караліся па трох артыкулах КК БССР — 69, 71 і 75. Усе яны належалі да «расстрэльных», то бок прадугледжвалі пакаранне не толькі ў выглядзе пазбаўлення волі не менш за 3 гады, канфіскацыю маёмасці, паразу ў правах, але і расстрэл вінаватага.

Расстрэл мог прымяняцца за «падрыў дзяржаўнай прамысловасці, транспарту, гандлю, грашовага звароту або крэдытнай сістэмы, а таксама кааперацыі, зроблены з контррэвалюцыйнымі мэтамі, шляхам адпаведнага выкарыстання дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў, або супрацьдзеянне іх нармальнай дзейнасці, а роўна выкарыстанне дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў або супрацьдзеянне іх дзейнасці зробленыя ў інтарэсах былых уласнікаў або зацікаўленых капіталістычных арганізацый» (арт. 69), а таксама за псаванне дзяржаўнай маёмасці (арт. 71) і «свядомае невыкананне кім-небудзь пэўных абавязкаў ці наўмысна нядбайнае іх выкананне са спецыяльнай мэтай паслаблення ўлады ўрада і дзейнасці дзяржаўнага апарату» (арт. 75).

Апошняя група злачынстваў называлася «контррэвалюцыйны сабатаж». Прычым прадугледжвалася пакаранне не толькі за ўжо выкананыя дзеянні, але і за арганізацыйную дзейнасць па іх падрыхтоўцы, а таксама за ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі (арт. 76). Да асабліва небяспечных злачынстваў належалі таксама кантрабанда, парушэнне працоўнай дысцыпліны на транспарце, парушэнне правілаў валютных аперацый, выраб фальшывых грошай. Захады «сацыяльнай абароны» таксама былі суровыя — ад трох гадоў пазбаўлення волі да расстрэлу.

Да іншых злачынствах супраць дзяржаўнага кіравання ў галіне эканомікі адносіліся: нясплата падаткаў, адмова ад выканання работ, якія маюць дзяржаўнае значэнне, «злоснае невыкананне пастаноў і правілаў, якія забяспечваюць паспяховую калектывізацыю сельскай гаспадаркі, у тым ліку злосны забой і распродаж жывёлы (рагатай і асабліва коней) з мэтай перашкодзіць правядзенню мерапрыемстваў па абагульненні жывёлы».

Караўся забой коней без дазволу ветэрынарнага лекара, ухіленне ад пастаноўкі на ўлік інжынерна-тэхнічных работнікаў, а таксама іх адмова перайсці на іншую працу па рашэнні органаў працы. Крымінальна караліся кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў, гаспадарак за парушэнне планавага размеркавання рабочай сілы, тэхнічнага рэжыму, вытворча-тэхнічнай дысцыпліны.

Крымінальнае пакаранне накладалася «за парушэнне законаў, пастаноў і правілаў, якія рэгулююць гандаль і прамысловасць, за выпуск недабраякаснай або некамплектнай прадукцыі». За выпуск прадукцыі з парушэннем «абавязковых стандартаў» дырэктары, галоўныя інжынеры і начальнікі аддзелаў тэхнічнага кантролю караліся як за «шкодніцтва».

Падлягалі крымінальнаму пераследу парушэнне правілаў будаўнічых работ, парушэнне правілаў устаноўкі механічных рухавікоў, «продаж, абмен або водпуск на бок адпушчанага прадпрыемствам абсталявання і матэрыялаў, якія сталіся залішнімі і нявыкарыстанымі».

Міжвольныя паралелі



Сучасныя дэкрэты, у тым ліку і знакаміты дэкрэт пра «дармаедаў», на гэтым фоне хоць і выглядаюць вельмі паблажліва, на самай справе, як і ў часы НЭПу, прызначаныя змусіць людзей сумленна і якасна працаваць. Нават больш жорсткімі метадамі гэта не ўдалося ў 1920-я гады.

Сам ініцыятар НЭПу Ула­дзімір Ленін зазначаў, што НЭП — палітыка часовая, якая можа скончыцца або пераходам да «буржуазнай дзяржавы», або да сацыялістычнай. У гісторыі БССР пераход адбыўся да таго сацыялізму, якім яго бачылі бальшавікі. Ён скончыўся ўсталяваннем новага «чырвонага тэрору», названага па імені тагачаснага кіраўніка СССР — сталінскім.

Для сучаснай Беларусі новы НЭП некалькі зацягнуўся. Але пераход да іншай «палітыкі» непазбежны. Чым ён скончыцца? Ператварэннем Беларусі ў «новую Данію», пра якую марыў Дзмітрый Прышчэпаў, наркам сельскай гаспадаркі БССР у 1920-я гады, або масавымі рэпрэсіямі, пашырэннем уплыву спецслужбаў і пошукам ворагаў эканамічнага развіцця?



Каментаваць