НКУС супраць Радзівілаў

18 снежня 1935 года памёр перадапошні XVI Нясвіжскі ардынат Альбрэхт Антоні Радзівіл. Замак і радавыя зямельныя ўладанні атрымаў у спадчыну яго малодшы брат Леон Уладзіслаў Радзівіл. Біяграфія гэтага чалавека, на жаль, не дастаткова вывучана. Аднак яна заслугоўвае самай пільнай увагі.



18 снежня 1935 года памёр перадапошні XVI Нясвіжскі ардынат Альбрэхт Антоні Радзівіл. Замак і радавыя зямельныя ўладанні атрымаў у спадчыну яго малодшы брат Леон Уладзіслаў Радзівіл. Біяграфія гэтага чалавека, на жаль, не дастаткова вывучана. Аднак яна заслугоўвае самай пільнай увагі.

Леон Уладзіслаў Радзівіл нарадзіўся ў 1888 годзе ў Патсдаме. З адзнакай скончыў Імператарскі Пажаскі корпус у Пецярбургу ў 1909-м і паступіў на службу ў лейб-гвардыі Прэабражэнскі полк. З пачаткам Першай сусветнай вайны будучы апошні ўладальнік Нясвіжскага замка, які дасканала валодаў польскай, рускай, нямецкай і італьянскай мовамі, паступіў на службу ў Аддзел замежных спраў генеральнага штаба Рускай імператарскай арміі і праслужыў там да кастрычніцкай рэвалюцыі. 5 ліпеня 1917 года за службу ён быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава 3 ступені.

Праз некалькі гадоў, у маі 1919 года, Леон Радзівіл уступіў у польскую армію. Улічваючы вопыт службы ў рускім генеральным штабе, маладога князя накіроўваюць у палітычны аддзел Галоўнага камандавання польскай арміі. Праз некалькі месяцаў князь пераходзіць у Другі (выведвальны) аддзел Генеральнага штаба польскага войска. Нарэшце, у 1920 годзе князя Радзівіла накіроўваюць у распараджэнне французскай вайсковай місіі, дзе ён атрымлівае званне капітана французскай арміі.

Радзівіл адразу ж адпраўляецца ў Італію. Там ён арганізуе адпраўку ваеннапалонных палякаў, якія раней служылі ў аўстра-венгерскай арміі, на тэрыторыю Францыі для арганізацыі з іх польскага ваеннага легіёна ў складзе арміі генерала Юзэфа Галера. У асабістай справе князя, якая захоўваецца ў Цэнтральным вайсковым архіве Польшчы, у прыватнасці пазначана, што на працягу 7 месяцаў Леон Радзівіл арганізаваў адпраўку ў Францыю 30 тысяч салдат і 3 тысяч афіцэраў польскага паходжання. Усе гэтыя вайскоўцы пасля ўступілі ў польскую армію. За паспяховае выкананне задання французскага камандавання князь Радзівіл быў узнагароджаны ордэнам ганаровага легіёна. А ўжо ў Польшчы, у 1922 годзе за выкананне гэтай місіі Леону ўручылі польскі крыж «Віртуці Мілітары» 5-й ступені.

Леон Уладзіслаў Радзівіл падчас савецка-
польскай вайны 1920 г


Пасля савецка-польскай вайны князь Леон звольніўся з войска і заняўся мецэнацтвам. З 1935 года ён практычна ўвесь час жыў у Нясвіжскім замку. Там жа яго заспела і Другая сусветная вайна. Старадаўняя рэзідэнцыя беларускіх князёў стала прытулкам для многіх бежанцаў «блакітных» крывей, якія пакінулі акружаную гітлераўскімі войскамі Варшаву. Генералы, афіцэры, прадстаўнікі грамадскай і палітычнай эліты — усе гэтыя людзі разлічвалі на тое, што старажытныя муры Нясвіжскага палацу абароняць іх ад вар’яцтва вайны.

17 верасня 1939 года ў кабінеце князя зазваніў тэлефон. Чалавек на тым канцы дроту назваўся камісарам Сіроткай. Князь палічыў, што нехта дрэнна пажартаваў, назваўшы сябе імем яго знакамітага продка, і паклаў трубку. Але тут жа пачуўся паўторны званок, і суразмоўца паведаміў, што ў горадзе Чырвоная Армія і хутка ў замак прыедуць упаўнаважаныя. Візіт людзей у «васільковых» фуражках не прымусіў сябе чакаць. Адным з тых, хто прыйшоў за князем, быў і карэспандэнт газеты «Праўда». Вось як ён апісваў арышт Радзівіла: «Марш савецкіх войскаў быў настолькі імклівым, што многія польскія паны і памешчыкі не паспелі збегчы. У цэнтры горада мы занялі будынак, дзе раней знаходзілася кіраванне маёнткамі князя Радзівіла. Той, хто бачыў прыходныя кнігі князя, можа ўявіць сабе велізарныя багацці, якімі ён валодаў. Гэтаму чалавеку належалі дзясяткі тысяч гектараў зямлі, і вялікая колькасць жывёлы. [...]

У селяніна-беларуса мы спыталі, дзе замак князя. Селянін сеў у наш аўтамабіль і ўпершыню ў жыцці як гаспадар заехаў у княжацкі парк. Мы з маёрам Грыдневым, мякка ступаючы па дыванах, разасланых па лесвіцах, падняліся на другі паверх замка. У гасцінай нас сустрэў нейкі польскі журналіст, уцякач з Варшавы. [...] З розных пакояў пачалі выходзіць у гасцёўню важныя чыноўнікі былой польскай дзяржавы. На грудзях у іх былі ордэны і медалі. [...] У гасціную выйшла жонка польскага генерала, якая збегла з Варшавы. Нарэшце з’явіўся князь Леў (так у тэксце артыкула — І.М.) Радзівіл. Мы папрасілі здаць зброю. З розных пакояў прынеслі браўнінгі, маўзеры, паляўнічыя ружжы. [...] У замку Радзівіла — вялізныя багацці. Тут маецца вялікая бібліятэка, калекцыя разнастайнай зброі, карціны знакамітых еўрапейскіх майстроў жывапісу». Па ўспамінах відавочцаў, падчас арышту абураны князь павярнуўся да слуг і сказаў: «Усё, што зараз адбываецца, — гэта велізарная памылка».

Арышт князя праводзіў маёр дзяржбяспекі Вячаслаў Грыднеў. Гэты чалавек зрабіў паспяховую кар’еру ў савецкіх спецыяльных органах, прайшоўшы шлях ад упаўнаважанага ЧК да начальніка вышэйшай разведвальнай школы МГБ СССР. Падчас вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 года Грыднеў быў накіраваны «на захад» у якасці начальніка аператыўнай групы НКУС БССР. За арганізацыю аперацыі па арышце князя Леона Радзівіла, а таксама іншых высокапастаўленых польскіх чыноўнікаў у Нясвіжскім замку маёр дзяржбяспекі быў узнагароджаны ордэнам «Баявога Чырвонага Сцяга». Пазней Грыднеў быў прызначаны начальнікам Ваўкавыскага гараддзела НКУС. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны займаўся фармаваннем разведвальна-дыверсійных атрадаў для закіду ў тыл германскіх войскаў.

Вячаслаў Грыднеў, які арыштаваў Леона
Радзівіла ў верасні 1939 г.



Князя Леона Радзівіла з сям’ёй і іншых арыштаваных у замку мужчын вывезлі з пачатку ў Мінск, у турму НКУС, а затым на Лубянку. Хутчэй за ўсё, у савецкіх спецслужбаў быў план выкарыстання ўплывовага беларускага магната ў сваіх мэтах. Берыя і яго падручныя добра ведалі аб той ролі, якую адыгрывалі Радзівілы ў перадваеннай Польшчы. Сам князь таксама разумеў, што выбар у яго невялікі: альбо ён ідзе на супрацоўніцтва з савецкай выведкай, альбо... у савецкіх улад было дастаткова падстаў, каб пазбавіць былога памешчыка жыцця.

Апошняга нясвіжскага ардыната выратавала знаёмства яго маці Марыі Ружы з Браніцкіх з сям’ёй італьянскага манарха. У маладосці княгіня Браніцкая вяла актыўнае свецкае жыццё. Дыпламаты, мастакі, інтэлектуалы, прадстаўнікі манаршых родаў — маладая дваранка тады і не ўяўляла, што гэтыя знаёмства выратуюць ёй і яе родным жыццё. Пра тое, што сям’я Леона Радзівіла знаходзіцца на Лубянцы, стала вядома каралеве Італіі Алене Чарнагорскай, і тая звярнулася за дапамогай да міністра замежных спраў Італіі Галіяца Чыана. Урэшце да вырашэння «лёсу Радзівілаў» падключыўся прэм’ер-міністр Італіі Беніта Мусаліні. У выніку разыгранай камбінацыі Радзівіла ўдалося абмяняць на італьянскіх камуністаў, якія ўтрымліваліся ў турмах фашысцкай Італіі. Пагаворвалі, што сярод вызваленых тады камуністаў быў і знакаміты Пальміра Тальяці.

Першы злева — Леон Радзівіл


Апошні нясвіжскі ардынат князь Леон Радзівіл разам з роднымі выехаў спачатку ў Італію, а затым у Англію. Знаходзячыся ў Еўропе, ён цалкам адышоў ад актыўнага грамадскага жыцця і ўсю Другую сусветную вайну правёў на туманным Альбіёне. Пасля вайны Радзівіл пераехаў у Парыж, дзе ціха памёр вясной 1959 года. Нясвіж і радавы замак ён так больш і не ўбачыў.

Нясвіжскі палац, гасцёўня, 1930-я гады



* * *

Аўтар выказвае шчырую падзяку Цэнтральнаму вайсковаму архіву Польшчы і асабіста яго дырэктару спадару Чэславу Ан­джэю Жаку за дапамогу ў падрыхтоўцы дадзенага артыкулу.

 

Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук

 

Каментаваць