Па сцяжынках Каруся Каганца

Вёска Вялікія Навасёлкі, што ў васьмі кіламетрах ад Дзяржынска, славіцца сваімі садамі, добразычлівымі, працавітымі людзьмі, а таксама гісторыка- краязнаўчым музеем, які размяшчаецца ў мясцовай сярэдняй школе. У ліку іншых славутасцей вёскі кожны мясцовы жыхар назаве былую сядзібу Кастравіцкіх, парк, стайню і бровар.
 



Карусь Каганец


Цёплым восеньскім днём краязнаўчы сверб закінуў мяне ў гэтую вёску. Кіраўнік музея педагог і краязнаўца Вячаслаў Уладзіміравіч Кавалеўскі правёў мяне па залах музея, асобны куточак якога прысвечаны жыццю і творчасці Каруся Каганца — вядомага беларускага пісьменніка, драматурга, мастака і скульптара. Радаводнае дрэва шляхецкага роду Кастравіцкіх, кнігі Каганца, малюнкі, фотаздымкі. Побач — стэнд, прысвечаны стрыечнаму пляменніку Каганца, вядомаму французскаму паэту Гіёму Апалінэру. Пасля знаёмства з музеем Вячаслаў Уладзіміравіч праводзіў мяне да магілы Каруся Каганца, якая знаходзіцца на ўскраіне вёскі, непадалёку ад школы, пад шатамі магутных дрэў. Вучні і настаўнікі школы часта наведваюць яе, саджаюць кветкі.

Шляхецкі род Кастравіцкіх, з якога паходзіць Карусь Каганец, мае глыбокія карані. У ХV стагоддзі жыў праваслаўны шляхціц і скарбнік Мсціслаўскага княства Іван Кастравіцкі. Літаратурныя і гістарычныя крыніцы нагадваюць, што ў больш познія часы Кастравіцкія валодалі землямі на Астравеччыне, Навагрудчыне, Дзісненшчыне. Мелі Кастравіцкія і радавы герб «Байбуза». Па адной з версій, з віленскіх дваран Кастравіцкія былі пералічаны ў мінскія: у 1834 годзе Мінскі дваранскі сход запісаў Кастравіцкіх у кнігу Мінскай губерні. З таго часу прадстаўнікі адгалінавання роду Кастравіцкіх валодалі і землямі на Койданаўшчыне (зараз Дзяржыншчына).

Гіём Апалінэр

 Карл Самуілавіч Кастравіцкі, бацька будучага пісьменніка, атрымаў нядрэнную агранамічную адукацыю, быў вялікім аматарам музыкі. Ад нараджэння меў фізічны недахоп — быў гарбаты. У саракагадовым узросце Карл Кастравіцкі пабраўся шлюбам з 19-гадовай Аленай Тадэвушаўнай, якая была з багатай сям’і, адукаваная (скончыла Віленскі інстытут). За актыўны ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага Карл Кастравіцкі быў высланы ў сібірскі горад Табольск, а яго маёмасць, акрамя невялікага фальварка Навасёлкі, канфіскаваная. У хуткім часе да Карла прыехала і яго жонка. 10 лютага 1868 года ў Кастравіцкіх у Табольску нарадзіўся сын Казімір Рафаіл Карлавіч Кастравіцкі (Карусь Каганец). Па злой іроніі лёсу, неяк малы Казік выпаў з вакна, моцна пакалечыўся, і хлопчык, як і бацька, стаў гарбатым.

 Удзельнікам паўстання быў і брат Карла, Міхал Апалінары Кастравіцкі. Каб пазбегнуць пакарання, ён з’ехаў у Італію. У 1880 годзе ў дачкі Міхала Апалінара нарадзіўся сын Вільгельм, у будучым сусветна вядомы паэт Гіём Апалінэр (поўнае імя — Вільгельм Альберт Уладзімір Аляксандр Апалінэр Кастравіцкі). Пасля высылкі Кастравіцкія атрымалі дазвол вярнуцца на радзіму. З Табольска яны дабраліся на санях спачатку да Масквы, а потым цягніком да Мінска. Абсталяваліся на Стаўбцоўшчыне, у вёсцы Засулле. Там неўзабаве, у 60-гадовым узросце, бацька Каганца памёр, і маці засталася з чатырма дзецьмі. Каб вылезці з галечы, яна ўзяла ў прымы селяніна Кардэцкага, ад якога нарадзіла яшчэ трох дзяцей, і з Засулля пераехала ў вёску Прымагілле (Юцкі).

У вялікай сям’і малы Казік быў нялюбым не толькі з-за сваёй выродлівасці, але і з-за таго, што сябраваў з сялянскімі дзяцьмі, моладдзю, размаўляў з імі на беларускай мове. А «простая» — гэта значыць беларуская мова — у сям’і Кастравіцкіх не падтрымлівалася. Хлапчук з дзяцінства ўмеў добра маляваць, займаўся самаадукацыяй. Вучыўся ён спачатку ў Мінскім гарадскім вучылішчы, а потым у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Аднак на завяршэнне вучобы не хапіла грошай.

 Сваю літаратурную дзейнасць Казімір Кастравіцкі пачаў з 1893 года з апрацоўкі беларускіх легенд і казак: «Вітаўка», «Прылукі», «Адкуль мядзведзі», «Машэка», а таксама з напісання невялікіх апавяданняў («Ваўчок», «Навасадскае замчышча» і інш.). З’явіліся і яго першыя вершы: «Наш покліч», «Наш сымболь», «Згадка пра Галубка». Тады ж ён узяў сабе і псеўданім — Карусь Каганец. Каганец — гэта прымітыўная сялянская свяцільня, у пераносным сэнсе — «светач», той, хто нясе асвету ў народ. А імя «Карусь» узяў у памяць бацькі, бо некалі на Беларусі ўсіх Карлаў звалі Карусямі.

Ён марыў свяціць народу, дапамагчы ўсвядоміць сябе як нацыю. У тыя часы існавала легенда, быццам кожны дзень Карусь блукае па Мінску з ліхтаром і шукае… беларуса. Сучаснікі Каруся Каганца адзначалі, што з усімі, нават з панамі і падпанкамі, ён размаўляў толькі на беларускай мове.

Калі Каганцу споўнілася 30 гадоў, ён ажаніўся з Ганнай Пракаповіч, якая нарадзіла яму двух сыноў — Янку і Мірона, і двух дачок — Галіну і Мілену. Са сваёй сям’ёй Карусь абсталяваўся жыць ва ўрочышчы Лісія Норы, паблізу ад Прымагілля (Юцкоў). Жылі небагата, глеба была неўрадлівая, таму Каганец мусіў працаваць у розных мясцінах Беларусі і за яе межамі. Дый працу яму было знайсці цяжка: з-за рэвалюцыйнай дзейнасці яму амаль паўсюль адмаўлялі.

У 1903 годзе Карусь Каганец разам з Антонам і Іванам Луцкевічамі, Элізай Пашкевіч (Цёткай), Вацлавам Іваноўскім і Аляксандрам Бурбісам стварае Беларускую  рэвалюцыйную грамаду.

Каганца можна лічыць ці не заснавальнікам беларускай палітычнай карыкатуры. Гэта на сёння ўжо хрэстаматыйныя — «Пахаванне Свабоды» і «Віншую з Новым годам!». У 1904 годзе Карусь Каганец распрацаваў праект газеты «Палессе» — газеты для працоўнага сялянства. Але дазволу на выданне не атрымаў. У той жа час яго стрыечны пляменнік Апалінэр у Парыжы таксама прыкладаў намаганні, каб стварыць уласны часопіс, але ў яго таксама, хаця і па іншых прычынах, нічога не атрымалася.

Зімой 1905 года Каганец на Коданаўшчыне арганізаваў антыцарскі мітынг, за што быў арыштаваны і зняволены ў мінскую пішчалаўскую турму (зараз турма па вуліцы Валадарскага), але праз некаторы час па хадайніцтву сваякоў і сяброў быў адпушчаны на волю. У маі 1906 года было заснавана першае беларускае легальнае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца». Першай выпушчанай у свет выдавецтвам кнігай стаўся «Беларускі лемантар» аўтарства Каруся Каганца і з яго ж 19-цю малюнкамі. У тым жа годзе адно з пецярбургскіх выдавецтваў заказала Карусю Каганцу малюнкі для сваіх выданняў, а ў 1909 годзе — малюнкі да вокладкі кніжкі Якуба Коласа «Другое чытанне для дзяцей беларусаў».

Магіла Каруся Каганца


У пачатку 1908 года Карусь Каганец едзе ў Вільню, дзе працуе ў рамеснай школе пры касцёле св. Стэфана і адначасова стварае бытавую камедыю «Модны шляхцюк», якая карысталася вялікай папулярнасцю: гэта быў адзін з першых твораў нацыянальнага тэатральнага рэпертуару. «Модны шляхцюк» быў нязменным спектаклем у рэпертуары вандроўнага тэатра Ігната Буйніцкага.

Па старой судовай справе 1905 года Віленскай судовай палатай Карусь Каганец у красавіку 1910 года быў асуджаны на год зняволення, і адбываў пакаранне ў той жа мінскай пішчалаўскай турме. У турме ён пазнаёміўся і пасябраваў з Якубам Коласам. За кратамі Колас напісаў шмат твораў, многія з якіх Карусь Каганец аздабляў сваімі малюнкамі. У лісце з турмы да жонкі ён пісаў: «Маляваць я маляваў усё найбольш беларускія тыпы. Ажно два малюнкі з турэмнага жыцця, а то нарысаваў 12 рысуначкаў Якубу Коласу да яго твораў…». На вялікі жаль, гэтыя турэмныя малюнкі Каруся Каганца не захаваліся.

Як ні дзіўна, але ў гэты ж час яго стрыечны пляменнік Апалінэр Гіём таксама на некалькі месяцаў трапляе ў парыжскую турму па падазрэнню ў крадзяжы «Джаконды» Леанарда да Вінчы. Паэт, нягледзячы на апраўдальны прысуд, доўга не мог адысці ад спалоху. Але тым не менш пачатак 1900-х гадоў быў паспяховым у творчым плане для абодвух Кастравіцкіх.

Пасля вызвалення з турмы Каганец робіць спробы ўладкавацца на працу ва Украіне, у Вільні, пасля чаго вяртаецца ў Мінск і жыве ў малодшай сястры Мані. У гэты час з’яўляецца яго апавяданне «Што кажух, то не вата», ён стварае шмат скульптурных работ і карцін, якія экспанаваліся на выставе ў Мінску.

У альбоме мастака з’явіліся малюнкі жабракоў, земляроба з плугам. А што да Гіёма Апалінэра, то пасля выхаду з турмы ён падрыхтаваў выпуск свайго першага паэтычнага зборніка «Алкаголі», куды ўвайшлі вершы розных гадоў.

Пасля турмы здароў’е Каганца значна пагоршылася, ён хутка пачаў згараць ад хваробы, і 20 мая 1918 года памёр ад сухотаў у вёсцы Прымагілле (Юцкі) у брата па маці і быў пахаваны, як ужо згадвалася, у Вялікіх Навасёлках. У 1988 годзе на яго магіле быў пастаўлены помнік. А праз паўгода, 9 лістапада 1918 года, пайшоў з жыцця і выдатны французскі паэт, беларус па паходжанні, Гіём Апалінэр, якому так і не давялося наведаць радзіму сваіх продкаў.

 У 3-х кіламетрах ад месца апошняга спачывання Каруся Каганца, праз тры гады пасля яго смерці, у вёсцы Малыя Навасёлкі нарадзіўся выдатны беларускі гісторык, паэт, грамадскі дзеяч Мікола Ермаловіч.

Шануюць на Беларусі памяць выдатнага сына беларускага народа Каруся Каганца. У Мінску, у мікрараёне Лошыца, яго імем названа вуліца, а адно з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у Стаўбцоўскім раёне таксама носіць імя Каруся Каганца.

 У 1910 годзе, калі Карусь Каганец знаходзіўся ў турме, Максім Багдановіч прысвяціў яму выдатны верш — «Каганцу»:

«Змоўк пясняр, затаіў свае песні,
Ён іх болей ужо не пяе».


Свой верш «Маналог Каруся Каганца» прысвяціў нашаму выдатнаму суайчынніку і Міхась Скобла:

«Я прысвячаю табе.
Свой лёс, Айчына, даручаю…».


Віктар Шніп таксама напісаў верш «Балада «Каруся Каганца»:

«І турма на зямлі на беларускай — турма,
І зіма на зямлі на бацькоўскай — зіма».

Каментаваць