Пакутныя крыжы: крыжы Юркі Моніча

Калі будзе магчымасць зняць мастацкі фільм у хічкокаўскім стылі ці дэтэктыўны серыял у стылі Яна Флемінга, заснаваны на рэальных падзеях, то галоўным героем абавязкова павінен быць Юрка Моніч. Сялянскі сын, народны настаўнік, герой першай сусветнай вайны, начальнік штаба палка Слуцкага Збройнага Чына, камандзір партызанскага атрада. Гэта каларытнейшая асоба свайго часу сярод іншых беларускіх змагароў. Толькі ўявіце — годнае, поўнае прыгодаў жыццё, а ў дадатак — гераічная і трагічная, нібы для кіношнага сцэнарыя прапісаная, смерць.



Калі будзе магчымасць зняць мастацкі фільм у хічкокаўскім стылі ці дэтэктыўны серыял у стылі Яна Флемінга, заснаваны на рэальных падзеях, то галоўным героем абавязкова павінен быць Юрка Моніч. Сялянскі сын, народны настаўнік, герой першай сусветнай вайны, начальнік штаба палка Слуцкага Збройнага Чына, камандзір партызанскага атрада. Гэта каларытнейшая асоба свайго часу сярод іншых беларускіх змагароў. Толькі ўявіце — годнае, поўнае прыгодаў жыццё, а ў дадатак — гераічная і трагічная, нібы для кіношнага сцэнарыя прапісаная, смерць.

(Твор мастака Алеся Пушкіна з серыі «Беларускі Рэзыстанс»)


За некалькі гадзін да сканчэння жыцця беларускі герой трапіў у аблаву бальшавікоў. Знаходзячыся ў двайным коле ўзброеных салдат, ён усё ж змог прарваць адно ачапленне і вырвацца. І толькі другое кола чэкістаў спыніла Моніча. Бальшавікі ўвагналі ў цела камандзіра 9 куль, доўга збівалі труп прыкладамі вінтовак, здзекаваліся з яго, потым павезлі па навакольных мястэчках Барысаўскага павета паказваць сялянам, каб тыя пабачылі, што можа здарыцца з кожным, хто не змірыўся. У знявечаных, акрываўленых рэштках цела з цяжкасцю можна было пазнаць ліхога камандзіра. І забойства яго, здзейсненае 23 мая 1924 года, стала трагічнай падзеяй для сялянства і для ўсяго партызанскага антыбальшавіцкага руху.

Варта нагадаць, што ўжо ў 1918 годзе жыхары беларускай вёскі добра зведалі савецкую ўладу, якая вызначылася нечалавечымі метадамі кіравання. Ленінская ўлада душыла сялян харчразвёрсткай, выплочваючы Германіі кантрыбуцыю. Забіралі апошняе. Пакідалі пасля сябе абрабаваныя вёскі, разораныя цэрквы, забітых мірных жыхароў. На беларускім гарызонце замаячыў голад. Не дзіўна, што ў гэты час па ўсёй Беларусі пракаціліся антыбальшавіцкія сялянскія паўстанні, фарміраваліся атрады самаабароны. Адзін з такіх атрадаў, які ўзяў пад кантроль некалькі валасцей Барысаўскага павета, праславіў вопытны камандзір Юрка Моніч. Бальшавікі называлі яго бандытам. Але навакольнае сялянства вітала і паважала смелага кіраўніка ўзброенага атраду, ставілася да монічаўцаў як да сваіх заступнікаў, бо яны баранілі вёскі ад бальшавіцкіх прадатрадаў, адбіралі ў іх нарабаванае дабро, харч і зноў вярталі сялянам.

Прыгадваючы асобу Юркі Моніча, распавядаюць цікавую гісторыю, якая здарылася ў 1923 годзе. Атрад монічаўцаў спыніў цягнік «Берлін—Масква». Камандзір атраду на вачах у замежных дыпламатаў загадаў адшомпаліць па цікаваму месцу ўсіх камуністаў, якія ехалі ў цягніку, — па разу за кожны год жыцця «дарагога» Уладзіміра Ільіча. Камуністы змірыліся, бо былі папярэджаны, што пры супраціўленні атрымаюць па разу яшчэ і за кожны год жыцця не менш «дарагога» Карла Маркса. Гэта гісторыя выклікала істэрыку ў Маскве, адкуль быў кінуты спецаддзел ГПУ для знішчэння Моніча і яго паплечнікаў. Дасталі камандзіра толькі праз год.


Крыж, замацаваны на дрэве, —
у памяць аб крыжах на елках

«У звязку з гэтай гісторыяй мушу дадаць, што ніводзін пасажыр цягніка не быў забіты, — гаворыць мастак Алесь Пушкін. — Але беларусы мусяць шанаваць Моніча не з-за гэтай яскравай гісторыі. Зараз дакладна вядома, што монічаўцы ратавалі беларускіх сялян, вярталі ім нарабаваныя бальшавікамі дабро і харч. Моніч быў нашым беларускім Робін Гудам. І я стаўлюся да яго, у першую чаргу, як да нацыянальнага героя, які ў тагачасных умовах шчыра верыў і аддана змагаўся за незалежнасць Беларусі. Увогуле, мала які раён можа ганарыцца тым, што на яго тэрыторыі змагаліся менавіта за дзяржаву, якая б была без панскай Польшчы і без бальшавіцкай Расіі, за Беларускую Народную Рэспубліку. Афіцыйнае выданне «Звязда» пісала пра гэта яшчэ ў 1924 годзе».

Алесь Пушкін жыве ў вёсцы Бобр — у адной з тых мясцінаў, у якой дзейнічаў атрад монічаўцаў. Беларускаму камандзіру прысвечаны не толькі партрэт. Алесь карпатліва сочыць за тым, каб памяць пра Юрку Моніча была належным чынам ушанавана. Па яго ініцыятыве разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай грамадскасці ўсталёўваюцца крыжы памяці.

Першы крыж Монічу ўсталёўваўся разам са старшынёй секцыі «Мемарыял» Вячаславам Сіўчыкам 23 мая 2007 года на ўскрайку лесу паміж вёскамі Вялікія Жаберычы і Радзіца. І сёння гэтае месца ў народзе называюць «Монічавым лесам». Крыж замацаваны на дрэве — у памяць пра крыжы на елках, якія пакідалі людзі на тым месцы, дзе быў забіты камандзір.



Гэты шматпакутны крыж, устаноўлены
на Барысаўскіх батарэях, прастаяў толькі
пяць дзён



Яшчэ адзін крыж устаноўлены на Барысаўскіх батарэях з ініцыятывы актывістаў секцыі «Мемарыял» і дэмакратычнай часткі грамадства з Барысава, Крупак, Вілейкі 23 мая 2008 года. «Гэта месца было выбрана невыпадкова, — кажа Алесь. — На барысаўскіх батарэях былі расстраляны ўдзельнікі барысаўскага галоднага бунту, сярод якіх у большасці былі жанчыны і дзеці. Тут былі расстраляны і ўдзельнікі антыбальшавіцкага атрада — аднадумцы Моніча. Па вялікай верагоднасці, тут пахаваны і сам кіраўнік атраду. Гэты шматпакутны крыж прастаяў толькі пяць дзён, а затым быў знесены работнікамі камунальнай гаспадаркі Барысава».

 


Краязнаўца Андрэй Аляхновіч нагадаў пра два самыя старыя крыжы Монічу, якія захаваліся і па сённяшні дзень. Менавіта з іх трэба было б і пачаць.

«Самы першы крыж з’явіўся на тым самым месцы, дзе быў забіты Моніч. Крыж насыпала жоўтым пясочкам каханая камандзіра з вёскі Вялікія Жаберычы, — распавёў Аляхновіч. — Усё сваё жыццё жанчына даглядала гэтае месца. Цягам часу насыпны крыж пераўтварыўся ў «магілу», якая знаходзіцца ў лесе паміж вёскамі Вялікія Жаберычы і Радзіца. Гэтая мясціна так і завецца — «магіла Моніча». Другі крыж з’явіўся ў 1970-х, пасля смерці жанчыны. Аднак на гэтым месцы наўмысна зрабілі дзялянку — зруйнавалі «магілу» і выпілавалі кавалак лесу, бо на некаторых елках былі выразаныя нажом невялікія крыжыкі ў памяць Моніча. Але праз некалькі гадоў, у 1980-х, на дзялянцы з’явіўся чатырохкутны каменны крыж, выкладзены кімсьці з мясцовага насельніцтва».

23 мая 2009 года на могілках вёсак Вялікія і Малыя Жаберычы, зноў жа па ініцыятыве Алеся Пушкіна, старшыні і актывістаў секцыі «Мемарыял», дэмакратычнай часткі грамадства Крупак, Барысава і Жодзіна быў усталяваны трохметровы драўляны крыж святой Ефрасінні Полацкай. Праз тры дні ён быў ліквідаваны мясцовымі вертыкальшчыкамі па тэлефонным загадзе аблвыканкама. Крыж прызначаўся ўшанаваць памяць не толькі славутага героя, але і ўсіх 55-ці палітычна рэпрэсаваных з гэтай вёскі ў 1924–1944 гадах. Кампазіцыйна тут быў змешчаны партрэт Моніча, напісаны Пушкіным, а побач пералічаныя прозвішчы ўсіх забітых і зніклых аднавяскоўцаў.

Партрэт Моніча, напісаны А. Пушкіным, а побач пералічаныя прозвішчы ўсіх  забітых і
зніклых аднавяскоўцаў

 


Чаму зносяць крыжы, хто іх баіцца? «Пакуль жывуць нашчадкі людзей, датычных да забойстваў нацыянальных герояў Беларусі і ўсіх мірных жыхароў (а гэта сыны, унукі, праўнукі), існуе негалосная патрэба засакрэчваць факты і месцы іх злачынстваў. Тэма камуністычных рэпрэсій яшчэ вельмі жывая, трапяткая, балючая. Да прыкладу, у суседняй Украіне праблемы халакосту і галадамору афіцыйна набылі палітычны статус. Беларуская ж дзяржава пакуль не гатова ў поўнай меры прызнаць і асудзіць усе жахі камуністычных вычварэнстваў», — лічыць Алесь Пушкін.

Асудзіць — не значыць не дараваць, але мець магчымасць не быць збітым, затрыманым, кінутым у СІЗА, аштрафаваным пры ўскладанні кветак і памінальнай малітве ля мемарыяльнага знака. Таму мушу не пагадзіцца з думкай Алеся Пушкіна. Ушанаванне продкаў, усталёўка крыжоў на месцы страшных расправаў над людзьмі, запальванне знічак і ўскладанне кветак ніяк не суадносяцца з варожасцю і помстай да таго ўнука, дзед ці бацька якога расстрэльваў беларускіх грамадзян. Але ж варожасць і нецярпімасць дэманструецца ўвесь час толькі з аднаго боку. Напрыклад, крыж, усталяваны на Барысаўскіх батарэях ахвярам 1919–1937 гадоў за апошнія дзесяцігоддзе 10 разоў зносіўся вандаламі і кожны раз аднаўляўся грамадскімі актывістамі. Гэта мемарыяльны помнік расстраляным жыхарам Барысава і мястэчак, у тым ліку, удзельнікам Барысаўскага бунту (прызыўнiкам 1919 года) і Барысаўскага галоднага бунту 1932 года. А вандалізмам займаюцца барысаўскія камунальшчыкі — па загаду мясцовых уладаў.
 

Каментаваць