Палякі маглі быць на баку Трэцяга рэйха

Што было б, калі б Польшча ў 1939 годзе прыняла ўльтыматум Гітлера і перадала Гданьск Германіі? У бальшавікоў не было б ніякіх шанцаў на выратаванне. Такі паварот падзей мог бы рэанімаваць федэралісцкую ідэю Пілсудскага.

 



У сваёй кнізе “Пакт Бек—Рыбентропа, або як палякі маглі на баку Трэцяга рэйха перамагчы Савецкі Саюз” польскі публіцыст і гісторык Пётр Зыховіч прааналізаваў памылкі, зробленыя польскай палітычнай элітай напярэдадні Другой сусветнай вайны.

Гэтая тэма ўздымалася ўжо не аднойчы. Аднак у тыя часы на высновы гісторыкаў вялікі ўплыў аказвала ідэалогія. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны шэраг польскіх гісторыкаў вымушаны былі пакінуць тэрыторыю “народнай” Польшчы, іншыя, застаўшыся на радзіме, “гулялі” па правілах, устаноўленых камуністамі. Таму гісторыя знешняй палітыкі міжваеннай Польшчы ў момант самага страшнага ўзброенага канфлікту ў гісторыі чалавецтва патрабавала больш глыбокага і аб’ектыўнага аналізу. Менавіта такую працу і паспрабаваў зрабіць Пётр Зыховіч.

Безумоўна, аўтар быў вымушаны часта звяртацца да формулы “што было б, калі б”, але гэта не зніжае каштоўнасць кнігі, бо Зыховіч абгрунтоўвае свае разважанні, прыводзячы рэальныя гістарычныя факты і спасылаючыся на дакументы і першакрыніцы. Так, у адным з раздзелаў публіцыст сцвярджае, што калі б польская вярхушка саступіла Трэцяму рэйху ў 1939 годзе, гэта дазволіла б Польшчы умацаваць сваю армію.

Зыховіч, у прыватнасці адзначае: “Польшча перад самай вайной зрабіла значны рывок у справе ўзбраення, абсталявання і будаўніцтва моцнай, сучаснай арміі. [...] Для таго, каб уключыцца ў еўрапейскую гонку ўзбраення, у 1936 годзе польскія ваенныя ўлады ініцыявалі каласальную па сваіх памерах “Праграму развіцця Войска Польскага”.

Аўтар не без падставаў адзначае, што калі б Польшчы ўдалося дамовіцца з Германіяй, то польскае вайсковае кіраўніцтва змагло б закупіць найноўшую нямецкую і італьянскую тэхніку. Акрамя гэтага, палякі ў 1939 годзе мелі на ўзбраенні выдатныя самалёты ўласнай прадукцыі. Адзін толькі “PZL.37 Łoś” чаго варты. Гэты самалёт перад вайной куплялі шматлікія еўрапейскія краіны, у тым ліку Балгарыя, Югаславія, Турцыя. Дарэчы, якасць гэтага самалёта адзначаў і савецкая бок. Акрамя гэтага, польскія інжынеры працавалі і над іншымі тыпамі самалётаў. Новыя знішчальнікі і бамбардзіроўшчыкі павінны былі паступіць у серыю ў пачатку 1940-х.

Такая ж сітуацыя была і ў польскім танкабудаўніцтве. Да пачатку нямецкай агрэсіі на Польшчу на ўзбраенні Войска Польскага знаходзілася каля 100 сучасных танкаў 7TP, здольных супрацьстаяць любой нямецкай ці савецкай машыне. Да 31 ліпеня 1940 года польская армія павінна была атрымаць яшчэ каля 300 такіх машын. Акрамя гэтага, польскія канструктары завяршалі працу над прататыпамі новых танкаў 14TP і 25TP.

Пётр Зыховіч таксама адзначае вельмі важны момант, а менавіта тое, што катастрофа польскай арміі ў верасні 1939 года была звязана з тым, што практычна ўсё міжваеннае дваццацігоддзе польскае камандаванне найбольш верагодным праціўнікам разглядала не Германію, а Савецкі Саюз. На думку гісторыка, у 1939-м і пазней Войска Польскае было цалкам гатова да вайны з усходнім суседам.

І сапраўды, у 1935 годзе галоўнакамандаванне польскай арміі прыступае да распрацоўкі так званага плана “Усход” — абарончага плана на выпадак вайны з СССР. Калі б пачаліся ваенныя дзеянні, польскае войска павінна было арганізаваць манеўраную абарону на лініі рэк Стрый, Ясельда, Канал Агінскага, Шчара і Нёман. Важную ролю пры гэтым павінны былі гуляць ўмацаваныя участкі ў Баранавічах і Сарнах.

Аўтар кнігі абгрунтавана заяўляе, што барацьба з рознымі супернікамі патрабуе рознай тактыкі і ўзбраення. Зыховіч падкрэслівае, што “войска, якое змагалася з немцамі на захадзе, павінна было мець шмат аўтатранспарта і бронетэхнікі, а, у сваю чаргу, войска, якое змагалася б з бальшавікамі на ўсходзе, магло быць “лягчэйшым” (быць здольным перасоўвацца па бездаражы і не патрабаваць рэгулярных паставак гаручага — І.М.). Такім і было Войска Польскае ў верасні 1939 года. Да таго ж сімвал польскай арміі — кавалерыя — была менавіта тым мабільным родам войскаў, які патрабаваўся для вядзення баявых дзеянняў на Палессі, у Літве і на Валыні.

Тое, што польская армія магла паспяхова супрацьстаяць Чырвонай Арміі, даказваюць шматлікія рэальныя эпізоды вераснёвай кампаніі 1939 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, калі нават абяскроўленыя і слаба ўзброеныя польскія часткі нанасілі бальшавікам адчувальныя страты. Да такіх прыкладаў можна аднесці абарону Гродна, бітву пад Шацкам і Вытычна і г.д. Што было б, калі б Гродна абаранялі не харцэры і апалчэнцы з вінтоўкамі ды “кактэйлямі Молатава”, а часткі рэгулярнага войска з гарматамі і іншымі сродкамі супрацьтанкавай абароны? Думаю, што “гасцям з Усходу” прыйшлося б не салодка.

А што было б, калі б Польшча заключыла саюз з Гітлерам і разам з ім атакавала Савецкі Саюз? Пётр Зыховіч перакананы, што ў гэтым выпадку ў бальшавікоў не было б ніякіх шанцаў на выратаванне. Такі паварот падзей, на думку аўтара, мог бы ў пэўным сэнсе рэанімаваць федэралісцкую ідэю Пілсудскага. Гаворка ідзе пра падтрымку, якую аказалі б палякі “вызваленым” ад бальшавікоў беларусам і ўкраінцам. Мала хто сумняваецца ў тым, што прадстаўнікі гэтых народаў сустракалі б палякаў з кветкамі. У рэчаіснасці многія заходнія беларусы і ўкраінцы ў чэрвені 1941-га з радасцю сустракалі салдат вермахта. Да гэтага іх падштурхнуў бесчалавечны сталінскі рэжым.

Аўтар задаецца пытаннем, што б выйграла Польшча ад саюза з Трэцім Рэйхам? Адказ відавочны. У верасні 1939 года не наступіла б падзелу ІІ Рэчы Паспалітай паміж Сталінам і Гітлерам, не было б рэпрэсій супраць палякаў і грамадзян Польшчы іншых нацыянальнасцяў, не было б жорсткіх дэпартацый і канцлагераў. Так, польская армія, безумоўна, несла б страты, але гінулі б салдаты, а не мірнае насельніцтва.

Мне асабіста здаецца, што дадзены сцэнар мог прынесці значныя плюсы і для рэалізацыі беларускага нацыянальнага праекта. Палякі, хутчэй за ўсё, пайшлі б на стварэнне нейкага падабенства БНР, звязанага з Польшчай.

Аднак, з’яўляецца слушнае пытанне. Як паставілася б сусветная грамадскасць да таго, што Польшча стала адным з сатэлітаў нацысцкай Германіі? Адказ аўтара просты. “Паглядзім на прыклад Венгрыі і Румыніі. Хоць гэтыя краіны і ваявалі на баку Германіі, калі Рэйх пакаціўся ўніз, прадстаўнікі гэтых дзяржаў пачалі тайныя перамовы з саюзнікамі. Вялікабрытанія і ЗША ішлі на гэтыя перамовы, без якіх-небудзь затрымак”, — піша гісторык. У падобнай сітуацыі апынуліся і Італія. Нарэшце, у жніўні 1939 года саюзнікам Трэцяга рэйху стаў Савецкі Саюз.

Галоўнай высновай кнігі з’яўляецца думка пра тое, што шэф польскай дыпламатыі Юзэф Бек зрабіў велізарную памылку, не прыняўшы ўльтыматум Германіі. Гэтая спроба захаваць рэнамэ вернага хаўрусніка старых дэмакратый занадта дорага каштавала ІІ Рэчы Паспалітай. Па сутнасці, польскія палітыкі самі прывялі сваю краіну на мяжу гібелі і справакавалі “чацвёрты падзел Рэчы Паспалітай”.

Праца Пятра Зыховіча не з’яўляецца “сухой” навуковай манаграфіяй. Гэта кніга напісана ў жанры гістарычнай публіцыстыкі. Пры гэтым аўтар паспяхова карыстаецца навуковым апаратам. Каштоўнасць дадзенага даследавання бачыцца перш за ўсё ў тым, што яно прымушае пераасэнсаваць многія стэрэатыпы ў гісторыі Другой сусветнай вайны. Аўтар даказвае, што польская армія ў 1930-х гадах зусім не была “хлопчыкам для біцця” і пры пэўных абставінах Войска Польскае паказала б сваю поўную моц.

Акрамя гэтага Зыховіч, глыбока аналізуючы перадваенную палітыку польскіх кіруючых колаў, даказвае памылковасць многіх прынятых тады рашэнняў. Нарэшце аўтар яшчэ раз прымушае ўсіх задумацца над дылемай, сфармуляванай амерыканскім генералам Джорджам Патанам аб тым, што ж, насамрэч, лепей: загінуць за радзіму ці прымусіць ворага загінуць за сваю. Такія даследаванні, як кніга Пятра Зыховіча прымушаюць адмовіцца ад замшэлых пастулатаў у вывучэнні падзей Другой Сусветнай вайны.

Zychowicz, Р. Pakt Ribbentrop-Beck czyli jak Polacy mogli u boku III Rzeszy pokonać Związek Sowiecki. — Poznań: Dom wydawniczy Rebis, 2012. — 368 с.

Фота аўтара

Абмеркаванне:

  • Андрейка
  • 2013-02-13 23:22:08
Цікавы погляд! Раней не сустракаў. Дзякуй
  • Ігар Мельнікаў
  • 2013-02-14 02:31:53
П.Зыхович прыходзе да высновы, што Польшчы щдалося б пазней "кинуць" Нямеччыну на карысць заходніх хаўруснікаў. І гэта цалкам магчыма - у рэчаіснасці Румынія, Венгрыя, Фінляндыя так і
зрабілі. Застаўшыся без падтрымкі (усе камунікацыі ішлі праз Польшчу) нямецкія войскі хутка б капітулявалі.

Наконт Белрусі, тут не ўсё так адназначна. Калі б перамагла неафэдэралісцкая канцэпцыя (а палякі разумелі, што ў канфлікце з Германіяй) ім патрэбна будзе дапамога Украіны і Беларусі цалкам магчыма,
што з'явіліся б "незалежныя" краіны звязаныя з Польшчай. А гэта першы крок да рэальнай незалежнасці.

Немцы напярэдадні вайны рабілі Варшаве недзвухсэнсоўныя прапановы, але палякі зрабілі стаўку на заходнія дэмакратыі і пралічыліся. У сваю чаргу Сталін у 1939 г. быў больш дальнабачным, і пайшоў такі
на хаўрус з Гітлерам. У выніку, адхапіў значныя тэрыторыі.
  • S.V.Yozh
  • 2013-02-15 15:45:13
Калі б усё было па Зыховічу, Польшча б ператварылася ў пратэктарат Нямеччыны. Калі б яны ў супольнасці атакавалі СССР, "у бальшавікоў не засталося б шанцаў". Але калі б шанцаў не
засталося ў "бальшавікоў", шанцаў "кінуць" Нямеччыну не засталося б і ў палякаў, і ў румынаў, і ў венграў з французамі. Такім чынам, не існавала б Польшчы.



Што тычыцца "карысці для беларусаў"... Вельмі спрэчнае пытанне, бо ў "белапольскай" Польшчы ўсё беларускае вынішчалася значна інтэнсіўней, чым гэта рабілі Саветы. А
каб палякі ўзяліся за гэта з немецкай дапамогай і пунктуальнасцю... Здаецца мне, лёс беларусаў нічым бы не адрозніваўся ад лёсу габрэяў. Казаць пра тое, што палякі стварылі б "падабенства БНР
пад сваім крылом", -- зменшага, наіўна, бо палякі б самі былі пад крылом фашыстаў.
  • Ігар Мельнікаў
  • 2013-02-15 20:33:10
Не зусім так. У Германіі не было шансаў, таму што Вялікабрытанія і ЗША вялі супраць яе вайну. Польшча не стала бы пратэктаратам, як не сталі пратэктаратам тыя ж Румынія і Венгрыя. Да таго ж паўтаруся
нямецкая армія ў Расіі, застаўшыся без падтрымкі (якая магла б ісці толкі праз Польшчу) доўга бы не вытрымала. Да і да палякаў савецкія народы пацягнуліся худчэй, чым да тэўтонаў.

Таму і з'яўляецца беларускі фактар, які б безумоўна раней праявіўся за 1991 год. Палякі на 100 працэнтаў пайшлі б на стварэнне легіёнаў, а адтуль і урад з войскам, а там і краіна, няхай і звязаная з
Польшчай.

Каментаваць