Палескі Джэймс Бонд

Лёс гэтага чалавека нагадвае прыгодніцкі раман. Ён нарадзіўся ў Бельгіі, вучыўся ў Англіі, ваяваў у Афрыцы, служыў у Польшчы і амаль 15 гадоў жыў на беларускім Палессі. Гаворка пра брытанскага генерала Адрыяна Картон дэ Віарта.



Генерал Картон дэ Віарт


Бельгіец на брытанскай службе

Нарадзіўся будучы генерал 5 мая 1880 года ў сям’і арыстакратаў у Брусэлі. Пасля смерці маці хлопчыка адправілі ў каталіцкую школу ў Англіі, скончыўшы якую Адрыян паступіў у Оксфард. Аднак атрымаць вышэйшую адукацыю не атрымалася. У 1899 годзе пачалася англа-бурская вайна, якая прымусіла маладога бельгійца кінуць вучобу і запісацца ў брытанскую армію. У адным з першых баёў у Афрыцы Картон дэ Віарт быў цяжка паранены ў жывот.

Даведаўшыся, што сын кінуў вучобу, бацька Адрыяна быў раз’юшаны, але зрабіць нічога не змог. А між тым малады бельгіец ў 1902 годзе пераехаў у Індыю. У 1904-м Картону дэ Віарту прысвоілі званне лейтэнанта і зноў перавялі ў Паўночную Афрыку. Ён быў прызначаны ад’ютантам галоўнакамандуючага брытанскіх войскаў у Афрыцы сэра Генры Хіларда.

Дзіўны факт, праслужыўшы 7 гадоў у брытанскай арміі, Адрыян ўвесь гэты час заставаўся грамадзянінам Бельгіі. 13 верасня 1907 года ён, нарэшце, прынёс прысягу на вернасць каралю Эдуарду VII і атрымаў брытанскае падданства. У лютым 1910-га Картону дэ Віарту было прысвоена званне капітана.

Малады вайсковец шмат падарожнічаў па Еўропе, бываў у Аўстра-Венгрыі, Баварыі, безумоўна, у Бельгіі. Дарэчы, двое яго стрыечных братоў зрабілі бліскучую кар’еру на радзіме. Анры Картон дэ Віарт быў абраны ў палату прадстаўнікоў бельгійскага парламента, у 1911 годзе стаў міністрам юстыцыі і, нарэшце, у 1920-м быў абраны на пасаду прэм’ер-міністра Бельгіі. Падчас Другой сусветнай вайны Анры узначальваў бельгійскі ўрад у выгнанні. Другі стрыечны брат будучага генерала, барон Эдмон Картон дэ Віарт, быў палітычным сакратаром караля Бельгіі і дырэктарам кампаніі “Сасьетэ жэнераль Бельгія”.

У 1908 годзе Адрыян ажаніўся з графіняй Фрэдэрыкай Фугер фон Бабенхаўзен. У іх нарадзілася дзве дачкі. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны Адрыян Картон дэ Віарт быў накіраваны на службу ў брытанскі Самалі. Мужнасці гэтага афіцэра дзівіліся нават ворагі. Падчас адной з атак на варожы форт Шымбер Бэррыс наш герой быў цяжка паранены (куля выбіла вока і адарвала частку вуха). Але гэта не спыніла яго, і малады афіцэр ўсё роўна павёў сваіх людзей у атаку, выбіўшы ворага з займаемых ім пазіцыі. За гэты подзвіг ў 1915 годзе Адрыян быў узнагароджаны Ордэнам за заслугі.

У лютым таго ж года Картон дэ Віарт вяртаецца на кантынент і ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях на заходнім фронце, камандуючы пяхотнай брыгадай. У адным з баёў на Іпры яму адарвала кісць левай рукі. Падчас бітвы на Соме ён быў паранены ў плячо і галаву. Афіцэру адно за другім прысвойвалі чарговыя званні: маёр, падпалкоўнік, палкоўнік, генерал. У сакавіку 1918 года ён быў узнагароджаны бельгійскім Ваенным крыжам, а таксама брытанскім ордэнам Св. Джорджа і Майкла. Але самай галоўнай узнагародай 36-гадовага бельгійца стаў Крыж Вікторыі, вышэйшая ўзнагарода Брытанскай імперыі, якая ўручаецца за гераізм падчас ваенных дзеянняў.

У дакуменце аб узнагароджанні, у прыватнасці адзначалася: “узнагароджваюцца за мужнасць і рашучасць, праяўленыя падчас кровапралітных баёў. Пасля таго, як камандзіры іншых батальёнаў былі забітыя, ён прыняў на сябе камандаванне гэтымі часткамі і ўмела імі камандаваў”.

На баку Пілсудскага

Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны Картон дэ Віарт быў накіраваны ў толькі што адроджаную Польшчу ў якасці сябра Брытанскай вайсковай місіі. Неўзабаве ён і ўвогуле ўзначаліў гэтую місію. Варта таксама падкрэсліць, што генерал быў прадстаўніком брытанскай разведкі ў Польшчы.

Дошка ў гонар кіраўніка французскай вайсковай місіі ў Польшчы М. Вейгана ў Варшаве

Падчас знаходжання ў Варшаве Адрыян Картон дэ Віарт завязвае цесныя сяброўскія адносіны з Юзафам Пілсудскім, Ігнатам Падэрэўскім, кіраўніком французскай вайсковай місіяй Максімам Вейганам і сябрам гэтай місіі, маладым афіцэрам Шарлем дэ Голем. Вялікай заслугай брытанскага афіцэра была арганізацыя перамоў паміж польскімі ўладамі і прадстаўнікамі Сымона Пятлюры. У выніку, у Польшчы з’явіўся яшчэ адзін хаўруснік у барацьбе з бальшавікамі.

Картон дэ Віарт (трэці злева) падчас савецка-польскай вайны

Генерал быў адным з нешматлікіх замежных дыпламатаў і членаў замежных місій, хто адмовіўся пакінуць польскую сталіцу падчас Варшаўскай бітвы 1920 года. Аднойчы ён выехаў на фронт, але ў раёне Млавы на цягнік, у якім ехалі замежныя вайскоўцы, напаў атрад чырвоных казакоў. Брытанскі генерал не спалохаўся праціўніка і ўмела арганізаваў абарону цягніку. У выніку, бальшавікі вымушаны былі адступіць. За заслугі перад Польшчай Адрыян Картон дэ Віарт быў узнагароджаны вышэйшай польскай узнагародай, крыжам “Віртуці Мілітары”. Юзаф Пілсудскі любіў гаварыць пра брытанскага генерала, што ён “быў больш польскім, чым самі палякі”. 

Пасля заканчэння вайны ў 1921 годзе генерал працягваў кіраваць брытанскай вайсковай місіяй, а пасля завяршэння яе працы вырашыў застацца ў краіне, якая стала для яго па-сапраўднаму роднай. Тым больш, яго сябар, давідгарадзенскі ардынат Караль Мікалай Радзівіл, атрымаў у спадчыну велізарныя зямельныя ўладанні ў Заходняй Беларусі і падараваў брытанскаму генералу маёнтак Простынь на Палессі. 50-гадовы генерал з задавальненнем прыняў такі шчодры падарунак.

Давідгарадзенская ардынатура

 

Ардынат Караль Мікалай Радзівіл

Маёнтак генерала знаходзіўся ў глухой палескай пушчы. Ад яго да савецкай мяжы было ўсяго некалькі міль. Рэзідэнцыя генерала знаходзілася на востраве, пасярэдзіне якога быў пабудаваны невялікі фальварак, дом для прыслугі і гаспадарчыя пабудовы (у тым ліку стайня, хлеў, куратнік). У распараджэнні генерала было 4 кані, 7 кароў, 3 свінні, некалькі дзясяткаў бараноў і каля 200 курэй. Працавала на генерала 5 давераных асоб.

Вось як Простынь апісваў польскі мастак Хенрык Узембло: “Стары, паляўнічы, драўляны, тыповы радзівілаўскі дом, але перабудаваны ўнутры пад патрэбы сапраўднага ангельскага джэнтльмена. Перад домам зроблены тратуар, па краях якога пасаджаны пеларгоніі. Чырвоныя, такія, як ля Букінгемскага палацу. А дубы нагадваюць Рычманд ці Хэмптан Корт”.

А так пра свой маёнтак пісаў сам генерал: “У Простыні было ўсё, пра што я заўсёды марыў: паляванне і пачуццё аддаленасці ад цывілізацыі. Тут было ціха і спакойна. На мяне працаваў выдатны польскі повар і мой верны слуга Холмс”.

Брытанец часта ладзіў паляванні. Нягледзячы на адсутнасць кісці левай рукі і вока, Картон дэ Віарт быў выдатным стралком. Час ад часу генерал наведваў маёнтак Караля Радзівіла ў Маньковічах. Узімку Адрыян выязджаў на лячэнне ў Англію і вяртаўся, як толькі на палескіх рэках і азёрах пачынаўся крыгаход. Па ўспамінах сучаснікаў, брытанскі генерал ненавідзеў бальшавікоў. Падчас паляванняў, якія адбываліся недалёка ад мяжы, ён гаварыў сваім калегам: “У бальшавікоў моцнае войска, але хай толькі паспрабуюць да нас сунуцца”.

Палац Радзівілаў ў Маньковічах

Апошняе выпрабаванне

У ліпені 1939-га 60-гадоваму Картону дэ Віарту ізноў прыйшлося надзець вайсковы мундзір. Ён узначаліў Брытанскую вайсковую місію ў Варшаве. Праўда, ўзаемадзейнічаць генералу прыйшлося ўжо не з Пілсудскім, а з маршалам Эдвардам Рыдз-Сміглы.

У канцы жніўня 1939 года англійскі генерал спрабуе давесці да польскага камандавання думку пра неабходнасць адводу польскіх войскаў далей ад мяжы і арганізацыі абароны на рацэ Вісла, але польскія генералы, упэўненыя ў сіле свайго войска, не слухалі старога бельгійца і працягвалі трымаць свае часткі непасрэдна ля мяжы з Трэцім Рэйхам.

1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Германскі “бліцкрыг” стаў жорсткім урокам для тых, хто не захацеў паслухаць старога інваліда, які прыехаў з палескіх балот. Брытанскаму генералу ўсё ж удалося настаяць на тым, каб польскі флот, размешчаны на Балтыцы, пакінуў сваю базу і не ўступаў у бессэнсоўныя і кровапралітныя баі з германскім флотам. У выніку, польскія караблі дабраліся да брытанскіх выспаў і ўсю вайну ваявалі супраць нацыстаў у складзе ВМФ Вялікабрытаніі.

17 верасня 1939 года Картон дэ Віарт прымае рашэнне аб эвакуацыі брытанскай вайсковай місіі з Польшчы. На шляху да румынскай мяжы калона аўтамашын была атакаваная самалётамі люфтвафэ, у выніку чаго загінула жонка аднаго з брытанскіх афіцэраў. Уратавалася місія і ад частак Чырвонай Арміі, якія, імкліва прасоўваліся да мяжы з Румыніяй, каб адрэзаць “польскім афіцэрскім бандам” шлях да адступлення.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР фальварак генерала быў нацыяналізаваны, а ўнікальная калекцыя паляўнічых стрэльбаў, прадметаў мэблі, прывезеных у Простынь непасрэдна з Вялікабрытаніі, была вывезена ў Мінск і перададзена ў распараджэнне музеяў сталіцы БССР. Падчас нямецкай акупацыі ўсе гэтыя найкаштоўнейшыя прадметы былі разрабаваныя і знішчаныя.

Картон дэ Віарт (другі злева), 1940 г.

Але Другая сусветная вайна для генерала Картона дэ Віарта на гэтым не скончылася. У красавіку 1940 года ён прыняў удзел у баях за Тронхейм ў Нарвегіі. Затым ён камандаваў 61-й пяхотнай дывізіяй, раскватараванай у Паўночнай Ірландыі. У красавіку 1941 года генерал быў прызначаны кіраўніком брытана-югаслаўскай вайсковай місіі. Картон дэ Віарт наведаў Бялград і ўдзельнічаў у перамовах з югаслаўскім урадам. На зваротным шляху ў бамбардзіроўшчыка, на якім ляцеў генерал, адмовілі абодва рухавіка, і машына ўпала на тэрыторыі, кантраляванай італьянцамі.

Картон дэ Віарт выжыў, але быў схоплены італьянскімі салдатамі і змешчаны ў турму для высокапастаўленых ваеннапалонных. 61-гадовы генерал пяць (!) разоў спрабаваў уцячы. У 1943 года італьянцы выкарыстоўвалі палоннага брытанца ў перамовах з саюзнікамі аб выхадзе іх краіны з вайны. У выніку, генерал быў вызвалены і апынуўся ў Вялікабрытаніі.

Картон дэ Віарт на канферэнцыі ў Каіры

Але і на гэтым “адысея” “палескага Джэймса Бонда” не скончылася. У 1943 годзе генерал у складзе брытанскай дэлегацыі адпраўляецца ў Каір, дзе праходзіла сустрэча паміж брытанскім прэм’ер-міністрам Уінстанам Чэрчылем, амерыканскім прэзідэнтам Франклінам Рузвельтам і кітайскім лідарам Чан Кайшы. Неўзабаве пасля гэтага, Чэрчыль накіроўвае генерала ў якасці свайго асабістага прадстаўніка ў Кітай.

Картон дэ Віарт з кітайцамі

У 1945 годзе Адрыян Картон дэ Віарт быў узнагароджаны Ордэнам Брытанскай імперыі. Толькі ў 1947-м генерал, нарэшце, выходзіць у адстаўку. Праз два гады памірае яго жонка, а ў 1951-м ён ажэніцца з жанчынай, якая на 23 гады была маладзейшая за яго. Памёр генерал Адрыян Картон дэ Віарт ў 1963 годзе.

Ці ўспамінаў гэты чалавек беларускія палескія краявіды, паляванне на балотах і маляўнічых азёрах Заходняй Беларусі? Безумоўна, так. У адной з гутарак з журналістамі, на пытанне, ці шкадуе ён пра скрадзеную Саветамі з Простыні калекцыю паляўнічай зброі, Картон дэ Віарт, уздыхнуўшы, сказаў: “Бальшавікі скралі мае стрэльбы, мэблю, адзенне, але яны не змаглі скрасці мае ўспаміны, якімі я і жыву”.

Фота аўтара і з архіва аўтара

Абмеркаванне:

  • Іванко
  • 2013-02-19 02:09:13
гісторя Заходняй Беларусі - гэта зусім не вывучаная старонка гісторыі Беларусі. Столькі цікавага і пра гэта амаль не ведае грамадства. Шкада. Такія факты, як гісторыя гэтага генерала варта
распаўсюджваць. Вельмі цікава.
  • Renessaince
  • 2013-02-27 19:24:33
Карэктар (калі ён увогуле ёсьць), пачнем з таго, што такія абароты, як «у выніку» і «неўзабаве» аддзяляць коскамі ня трэба.
  • беларус
  • 2013-03-03 23:52:11
цікава, а крамя косак, вы яшчэ нешта ў стане ўбачыць? Ці коскі - галоўнае?

Каментаваць