Паляванне на Каліноўскага

Праз вёску Шэйпякі Слонімскага павета па паштовым тракце са Слоніма ў Ваўкавыск 7 кастрычніка 1862 года ў 17 гадзін праехала кібітка, з якой невядомы падарожны раскідваў скруткі папер.

Непісьменныя тутэйшыя сяляне Марцін Мікуцін, Антон Агіевіч і Міхаіл Лукашэвіч сабралі іх і адправіліся да сваіх адукаваных вяскоўцаў. У хуткім часе змест напісанага на лістках ведалі ўсе Шэйнякі, а затым некалькі падабраных экземпляраў былі перададзеныя і ў суседнія вёскі. У гэты ж дзень адзін са скруткаў у канаве каля Вострава знайшоў селянін Кіпрыян, але ў яго вёсцы не было пісьменных, каб прачытаць улёткі. 

«Дзецюкі!»


«Дзецюкі! Жывучы пад рондам маскоўскім, кожны ведае, што ён нас абдзірае і глуміць…» — менавіта так пачынаўся знойдзены сялянамі дакумент, у якім да іх звяртаўся нейкі «Яська-Гаспадар з-пад Вільні», які тлумачыў грабежніцкі характар аграрнай рэформы, праведзенай 19 лютага 1861 года.

Весткі пра невядомыя брашуры, з якіх «сяляне, чытаючы паміж сабою, здабываюць разнастайную думку», дайшлі да ведама прыстава Слонімскага павета Л. Агаціна. Ён пачаў шукаць крыніцу агідных ідэяў, якія распаўсюджваліся сярод сялян.

У выніку Агацін паехаў па ваўкавыскаму тракту ад вёскі да вёскі і 27 кастрычніка дабраўся да Шэйнякаў. Тут мясцовы стараста Людвіг Ляўсковіч паведаміў царскаму службоўцу вестку, якая ўжо на наступны дзень рапартам была дасланая да гродзенскага генерал-губернатара Івана Уладзіміравіча фон Галера: сярод сялян распаўсюджваецца забароненае выданне, якім аказаўся трэці нумар «Мужыцкай праўды». 

Невядомы пад № 16668


Пагражаючы арыштам, Агацін атрымаў два асобнікі «Мужыцкай праўды» і апісанне невядомага падарожнага: апрануты ў авечы кажух з каўнярам ад адной доўгай скуры чорнага баранчыка, на галаве фуражка з зоркай грамадзянскага ведамства, на выгляд гадоў 36-ці, сярэдняга росту, брунет з чорнымі вусамі. Сяляне таксама апісалі светлавалосага з русымі вачамі фурмана з Ружанскай паштовай станцыі. Менавіта гэта стала зачэпкай для далейшых росшукаў.

Агацін неадкладна накіраваўся на Ружанскую паштовую станцыю, дзе здабыў наступны запіс з кнігі: 5 кастрычніка за № 16668 быў запісаны шляхціц, які вяртаўся са Слоніма ў Ваўкавыск. Яго імя — Вікенцій Каліноўскі.

Ад фурмана Талая, які суправаджаў Каліноўскага, Агацін даведаўся: падазраваны ў раскідванні «Мужыцкай праўды» працуе ў адным з прысутных месцаў Ваўкавыска, а з Ружанскай станцыі ён ездзіў у Падароск. Далей Агацін 30 кастрычніка накіраваўся ў Слонім, каб высветліць, калі Каліноўскі прыбыў у горад і пры якіх абставінах з яго выбыў.

Каліноўскі меў падарожную ад гродзенскага віцэ-губернатара, выдадзеную для асабістых патрэбаў 5 кастрычніка. Аднак, што ён рабіў у Слоніме, з якога выбыў 7 кастрычніка ў 11 гадзін, так і засталося для прыстава не вядомым.


Наладжванне паўстанцкай арганізацыі ў Слоніме


Каліноўскі ў Слоніме сустракаўся з некалькімі афіцэрамі 3-й артылерыйскай батарэі, сярод салдат якой пазней пачала распаўсюджвацца адозва «Что надо делать войску». Менавіта да гэтага кола належаў харунжы батарэі Міхал Цюндзявіцкі, імя якога стаіць першым у доўгім спісе пакараных смерцю ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў у Беларусі, асуджанага за распаўсюджванне «Мужыцкай праўды» ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні.

Другая сустрэча адбылася дзеля арганізацыі працы мясцовай паўстанцкай суполкі, для прыкрыцця таемных сходаў якой выкарыстоўваліся грамадская публічная бібліятэка на чале з бібліятэкарам Цэзарыем Казігродскім і самадзейны тэатр гарадскога доктара Антона Макржэцкага.

Усё гэта засталося невядомым уладам, але Агацін высветліў, што са Слоніма Каліноўскі спачатку накіраваўся да Міжэвічаў на трох конях з фурманам Васюкевічам. Адтуль жа ён дабраўся да Ружанаў, дзе і наняў Талая, каб ехаць у Ваўкавыск. 6 лістапада гэтая інфармацыя паступіла ў Гродна. Яшчэ 1 лістапада губернатар Галер загадаў жандарскаму штаб-афіцэру маёру М.А. Лелякову расследаваць справу пра распаўсюджванне «Мужыцкай праўды» ў Шайняках і адшукаць Каліноўскага. Лелякоў перадаручыў заданне свайму ад’ютанту капітану Вітэ.

Уся гродзенская жандармерыя накіравалася на пошукі Каліноўскага. Як вынік — 8 лістапада стала вядома пра яго прыезд у Вялікую Бераставіцу да ксяндза Ігната Казлоўскага. Вітэ неадкладна скіраваўся туды. Але на месцы нікога не аказалася. Давялося чакаць Казлоўскага, які толькі ў 9 гадзін вечара 8 лістапада вярнуўся дахаты.


«Не Вікенцій, а Канстанцін Каліноўскі»


З’яўленне жандараў не было для ксяндза нечаканасцю. Таму на пытанні Вітэ адносна Вікенція Каліноўскага, святар спакойна патлумачыў, "што не Вікенцій, а Канстанцін Каліноўскі, будучы даўно знаёмым, заехаў у хату яго, ксяндза, 4 дня ўвечары, г.зн. у нядзелю, і прасіў дазволіць яму, Каліноўскаму, пераначаваць. Але як ксёндз Казлоўскі быў выкліканы дэканам Гінтаўтам у Гродна для атрымання жалавання, то Каліноўскі разам з ім на другі дзень паехаў з нанятым парабкам ад жыхара м. Бржэставіцы Старжынскага, пераначаваўшы ў м. Індура ў заезджай хаце, але не ведае, як гаспадара клічуць.

А 6 лістапада адправіліся ў Гродна, дзе сустрэлі цяжкасці ў пераправе праз раку Нёман, пакінуўшы рэчы і коней з чалавекам на занёманскім фарштаце ў заезджай чырвонай драўлянай габрэйскай хаце па мянушцы невядомай, размешчанай пры спуску ў горы, па правым баку. А самі адправіліся ў горад, дзе ксёндз Казлоўскі за атрыманнем ад дэкана Гінтаўта жалавання дзве ночы начаваў у ксяндза Шмігера без Каліноўскага, дзе ж Каліноўскі ў горадзе кватараваў, адклікаўся няведаннем.

Прычым растлумачыў, што гэтага дня, а менавіта 8 лістапада, перад ад’ездам сустрэўся з Каліноўскім пры варотах хаты ксяндза Шмігера. Рэчы ж свае Каліноўскі забраў з кватэры ў адсутнасці яго, ксяндза Казлоўскага, бо ключ ад пакоя знаходзіўся ў вышэйсказанага парабка. Прычым дадаў, што Каліноўскі застаўся ў Гродне, і намякнуў, што мае намер ехаць у Вільню для адшукання службы".

У Вітэ не было часу на далейшыя допыты ні ксяндза Ігната Казлоўскага, ні парабка Міхаіла Чывеля, якія суправаджалі Каліноўскага ў Гродне. І пасля праведзенага беспаспяховага ператрусу ў хаце святара, жандар вымушаны быў працягнуць далейшыя пошукі, на падставе якіх 13 лістапада гродзенскі губернатар падпісаў наступную рэзалюцыю:
«Паведаміць варшаўскаму обер-паліцмайстру і пану начальніку Віленскай губерні, а таксама гарадскім і земскім паліцыям у губерні. Пра ўсё данесці пану міністру ўнутраных спраў і пану генерал-губернатару. Вельмі патрэбнае».



Пад пастаянным сакрэтным наглядам


Ваўкавыскі земскі іспраўнік Алішэўскі ўстанавіў пастаянны сакрэтны нагляд за Якушоўкай, дзе жыла сям’я Каліноўскіх, якая 25 кастрычніка страціла старэйшага брата Канстанціна — Віктара, памерлага ад сухотаў. І ўсё ж, нягледзячы на рызыку, у сярэдзіне лістапада Каліноўскі прабраўся ў бацькоўскі маёнтак, каб наведаць магілу брата.

У Якушоўцы ён правёў усяго адзін дзень. Яго бацька, Сымон Каліноўскі, пазней паведамляў паліцэйскім: «За ім па пятах ехалі, аднак яны былі на гэтым баку Нёмана, а Канстанцін як дабраўся да Гродна, дык ужо не маглі знайсці».

Паліцыя прыехала ў Якушоўку амаль адразу ж пасля ад’езду Каліноўскага, але так і не здолела яго злавіць. У выніку 30 лістапада ваўкавыскі земскі іспраўнік Алішэўскі паведамляў гродзенскаму губернатару, што «Каліноўскі да гэтага часу ў павеце не знойдзены, а між тым даходзяць да мяне чуткі, што ён ужо пайманы». Адказам на яго запыт, ці варта далей шукаць падазраванага ў палітычных злачынствах, было: «Абавязкова. Чуткам верыць няма чаго».

Аднак жандар маёр Лелякоў, нягледзячы на тое, што ўся жандармерыя губерні стаяла на вушах, вымушаны быў паведамляць губернатару: «Па атрыманым жа сведчаннях, ён быццам бы выправіўся па чыгуначнай дарозе ў. Вільню, але ці знаходзіцца ён цяпер там, ці выехаў далей, невядома». І гэта ў той час, як Сымон Каліноўскі, атрымаў ад сына ліст, адпраўлены 5 снежня са сталіцы імперыі — Пецярбурга.

З Гродна ў Вільню і Пецярбург


17 снежня Вітэ, каб самому высветліць абставіны «аб следаванні Вікенція, ён жа Канстанцін, Каліноўскага з Ваўкавыска ў г. Слонім і назад», накіраваўся ў Ружаны. Капітан жандараў паўторна правёў допыт Івана Талочкі, які вазіў Каліноўскага з Ружанаў на Падароскую станцыю.

Але на дзіва фурман адмовіўся пацвярджаць, што Каліноўскі раскідваў сялянам якія-небудзь паперы. Наадварот, Талочка патлумачыў, што скруткі дакументаў раскідваў невядомы, які ехаў на чацвёрцы рудых коней з Падароскай станцыі праз Шэйнякі. Фурманам у таго быў Салата, які выправіўся з Ружанаў раней, чым Каліноўскі.

Да таго ж Каліноўскі не мог фізічна гэтага зрабіць, полькі ўжо ў 16 гадзін 7 кастрычніка быў дастаўлены ў Падароск. Аднак Вітэ, як дасведчаны жандар, зразумеў у гэтых словах спробу заблытаць следства. Паведаміўшы пра тое свайму кіраўніцтву, ён працягнуў працу і высветліў, што з Падароска Каліноўскі адправіўся ў Ваўкавыск з нейкім Бегічам, які ў горадзе заехаў на сваю кватэру, а сам Каліноўскі ў заезджы двор габрэя Мартхілевіча, адкуль 10 кастрычніка накіраваўся ў Гродна.




У кастрычніку-снежні 1862 года жандары на Гродзеншчыне некалькі разоў мелі магчымасць схапіць Каліноўскага, але кожны раз ён выбіраўся з расстаўленых на яго пастак. У выніку здолеў паспяхова дабрацца да Вільні. Тут ён у Літоўскім правінцыйным камітэце адхіліў ад улады стаўленіка Варшавы Нестара Дзюлерана, намагаючыся дабіцца ад польскага Цэнтральнага нацыянальнага камітэта прызнання роўных правоў.

А ў канцы лістапада выехаў у Пецярбург, дзе вяліся перамовы з прадстаўнікамі рускай арганізацыі «Зямля і воля», а таксама Камітэтам рускіх афіцэраў у Польшчы аб будучым іх удзеле ў сумесным паўстанні. Да таго ж на працягу чатырох месяцаў былі выдадзеныя тры нумары «Мужыцкай праўды» (№ 3, 4, 5)! Нягледзячы на ўсе далейшыя спробы высветліць месцазнаходжанне Кастуся Каліноўскага, расійскім уладам гэта не ўдавалася ажно да студзеня 1864 года, калі яму здрадзіў Вітольд Парфіяновіч.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць