Памежная зона

Памежжа Магілёўскай і Гомельскай абласцей і расійскай Браншчыны прыняло на сябе канцэнтраваную радыяцыйную дозу, якая мусіла быць распаўсюджана паўночна-ўсходнім ветрам углыб Расіі. Авіяцыя спыніла небяспечныя аблокі, утварыўшы другую па велічыні чарнобыльскую пляміну на сусветнай мапе. Мы з сябрамі вырашылі на роварах здзейсніць падарожжа па зямлі, якая была вымушана прыняць на сябе радыяцыйны ўдар.

Беларусь



Памежжа Магілёўскай і Гомельскай абласцей і расійскай Браншчыны прыняло на сябе канцэнтраваную радыяцыйную дозу, якая мусіла быць распаўсюджана паўночна-ўсходнім ветрам углыб Расіі. Авіяцыя спыніла небяспечныя аблокі, утварыўшы другую па велічыні чарнобыльскую пляміну на сусветнай мапе. Мы з сябрамі вырашылі на роварах здзейсніць падарожжа па зямлі, якая была вымушана прыняць на сябе радыяцыйны ўдар.

Беларусь

Пачынаем свой шлях з найбольш радыяцыйна забруджанага беларускага горада — Веткі (Брагін у разлік не бяром: ён мае статус гарадскога пасёлку). Горад узнік напрыканцы XVII стагоддзя і мусіў стаць па задуме стварыўшых яго ўцекачоў-старавераў галіной, ад якой вырасце дрэва сапраўднай хрысціянскай веры. Не атрымалася: на сёння ад стараверскага горада засталіся толькі музейныя экспанаты. Самі ж праваслаўныя кансерватары ў горадзе калі і ёсць, то вядуць яны вельмі замкнёны лад жыцця.

Веткаўскае насельніцтва жыве пераважна ў драўляных хацінках, вокны і франтоны якіх традыцыйна ўпрыгожаны вытанчанай разьбой. Да радыяцыі жыхары ставяцца спакойна: “Дзе той Чарнобыль, дый калі ён быў?! Пра бестурботнасць веткаўцаў гаворыць і дасягненне горадам дачарнобыльскай колькасці насельніцтва.

Знішчаныя чарнобыльскім смерчам 58 вёсак гарантавалі Веткаўскаму раёну малапачэснае лідэрства ў Беларусі. Толькі Неглюбскі сельскі савет больш-менш прыдатны да жыцця.

Дарога на Неглюбку — суцэльны лес, уваход і ўезд у які забаронены жахлівымі знакамі з чорна-жоўтай афарбоўкай. Вёска на ўсю Беларусь славіцца ткацтвам: кросны тут маюцца ў кожнай гаспадыні. Некаторыя жанчыны ткалі да 75–80 гадоў, аднак сёння не вытрымліваюць вочы. У вёсцы працуюць два дзіцячыя ткацкія гурткі, таму ёсць спадзяванне, што традыцыя захаваецца, а не знікне, як тое сталася з мужчынскім промыслам — вырабам гармонікаў. Набожнае насельніцтва вёскі з асаблівай увагай ставіцца да афармлення чырвоных кутоў у хаце: у кожным пакоі тут знаходзіцца абраз, упрыгожаны стракатымі ручнікамі.

Вёска выключная не толькі рамёствамі і промысламі, аднак і нацыянальным складам: тут пражываюць прадстаўнікі больш як дзесяці народнасцяў. Замежнікаў прываблівае бясплатнае жыллё, праца і мажлівасць хутка атрымаць беларускае грамадзянства. На ферме працуюць пераважна казахі, малдаване, азербайджанцы — маладое беларускае насельніцтва даўно з’ехала з гэтага радыяцыйнага аазіса.

Багаты на лес і прыдарожныя знакі радыяцыйнай небяспекі Чачэрскі раён, сярэднія паказчыкі радыяцыі (па Cs–137) тут вагаюцца паміж 5 і 15 Кі/км2. Аднак і тут сустракаюцца досыць вялікія населеныя пункты. Вёска Палессе цікавая мініяцюрнай праваслаўнай царквой і абурэннем мясцовых жыхароў, чаму вакол зашкальвае радыяцыя, а іх сяло лічыцца цалкам чыстай зонай.

Чарнобыльскі след у Краснапольскім раёне яшчэ глыбейшы, чым на Чачэршчыне, аднак дзіва — радыяцыйных знакаў тут амаль няма. Яшчэ добра, што землі тут не засяваюць. Траса Краснаполле—Касцюковічы — зона адсялення (радыяцыя тут сягае за 15 Кі/км2). Закінутыя землі пакідаюць змрочнае ўражанне. Амаль усе прыдарожныя вёскі даўно пахаваныя, што дагэтуль ігнаруюць дарожныя паказальнікі і мапы. Сярод такіх паселішчаў-зданяў — Савінічы, аднак дзіва — па другі бок ад пахаванай вёскі пасвіцца калгасны маладняк. Пастухоў далейшы лёс мяса-малочнай прадукцыі не хвалюе, больш іх непакоіць пытанне адсутнасці чарнобыльскага давеску да заработнай платы.

Неглюбскія бабулі


Апошнія гады свайго існавання адлічваюць Самацэвічы, радзіма Аркадзя Куляшова. Вёска амаль дваццаць гадоў таму была выселена, аднак людзі, пераважна старыя, адзін за адным павярталіся. Вёску давялося рэабілітаваць і дазволіць жыццё на забруджанай тэрыторыі. Сёння на вялізнай плошчы былога мястэчка раскіданыя з дзесятак жылых хацін і закінутая царква ў псеўдарускім стылі. Усе кінутыя пабудовы раўнуюць з зямлёй “радонаўцы.

Такі ж лёс мусіў напаткаць памежныя Відуйцы, аднак жыхары не праявілі эмігранцкага імпэту. З беларускага боку мяжы ў дваццацікіламетровым радыусе ад іх — бязлюдныя і дзікія абшары. Засяваецца толькі невялікая тэрыторыя вакол вёскі, і тое на паказальнікі дазіметраў тут заплюшчваюць вочы — не хочацца пакідаць пустой самую ўрадлівую глебу ў рэгіёне. Вёска жыве: на ферме сушыцца зерне, малыя дзеці гойсаюць у пяску, закіданым лялькамі, да позняга вечара тут бабулі вядуць гамонкі і спяваюць песні на прысядзібных лавах.

Ужо амаль дзесяць гадоў тут базуюцца “радонаўцы, у функцыі якіх уваходзіць хаваць у зямлю ўсё, што засталося ад закінутых чарнобыльскіх вёсак і кантраляваць навакольны фон. Унутраны двор аддзялення спецпрадпрыемства “Радон упрыгожаны трафеямі знішчаных хацінак — кроснамі, калаўротам, керамічнымі і кавальскімі вырабамі. Праўда, ад размовы работнікі ветліва адмовіліся — відаць, ёсць што хаваць.

Расія


Там, дзе палявая дарога пераходзіць у выкладзеную з блокаў узлётна-пасадачную паласу былога аэрадрома, пачынаецца Расія. Іншыя паказальнікі дзяржаўнай мяжы тут не прадугледжаны. Памежная вёска Мядзведзі сустракае помнікам Чапаеву і ажыўленымі гандлёвымі шэрагамі, на якіх багата гасцей з Беларусі. Чарнобыльскі статус вёскі не паўплываў на яе населенасць: выязджаць сталі толькі ў апошнія гады, бо дзяржава пачала даваць істотную кампенсацыю за пакінутыя хаты. Мясцовыя жыхары задаволеныя знаходжаннем па гэты бок мяжы: тут спраўна адлічваюць чарнобыльскія “грабавыя, прасцей адкрыць прадпрымальніцкую справу і адсутнічае атмасфера безвыходнасці, характэрная для беларускай зоны.

Раённы цэнтр Красная Гара вядомы тым, што гадоў дзесяць таму прасіўся ў склад Беларусі. За тое было сабрана больш за пяць тысяч подпісаў, аднак справа скончылася толькі звальненнем граданачальніка. Сёння краснагорцы на гэту антыдзяржаўную акцыю забыліся: прабеларускіх настрояў тут паменела. Аднапавярховы гарадскі пасёлак аказаўся досыць дагледжаным, аднак працы, як і раней, нестае.

Веткаўская хата


Поўдзень раёна найбольш забруджаны, аднак і тут нідзе не сустрэнеш прыдарожных знакаў радыяцыйнай небяспекі. Пра радыяцыю тут імкнуцца не нагадваць. У вёсках жыхароў становіцца ўсё менш, аднак гэта можна спісаць на натуральны працэс урбанізацыі. У блізкай да беларускай мяжы вёсцы Ялоўка ўбранне жылых пабудоў дапаўняюць разьбой, а гаворка, насуперак запэўніванням мясцовых жыхароў (“Не, мова наша ні беларуская, ні руская — дзеравенская), ужо зусім родная.

У суседнім Увеллі называюць звышнатуральныя лічбы радыяцыі і кажуць, што за трыста метраў адсюль, на балотах, не хапае шкалы дазіметру, каб яе замерыць. Аднак вёска напалову заселеная, людзі трымаюць гаспадарку і з аптымізмам глядзяць у будучыню. Грашовы чыннік займае не апошняе месца: жыхары напоўніцу карыстаюцца чарнобыльскімі даплатамі, кампенсацыямі і льготамі. Пра тых жа, хто адсюль з’ехаў, кажуць, што ўсіх ужо прывезлі і пахавалі на вясковых могілках. Гэткая квінтэсенцыя чарнобыльскай праблемы ў Расіі — смерць з набітымі кішэнямі і ўсмешкай на вуснах.

Чамусьці лепшым з горшых падаецца беларускі падыход: незасеяныя палі, пустыя вёскі са знакамі “Увага, радыяцыя! Уваход і ўезд забаронены!.

Лясной пясчанай дарогай кіруюся дадому — у Беларусь.

Каментаваць