Памяці Дзядзькі Піліпа

Адным з актыўных дзеячаў Таварыства беларускай школы (ТБШ) у 1930-х гадах быў Піліп Кізевіч. Ён усё сваё жыццё думаў пра лёс беларусаў, змагаўся за родную мову, за беларускія школы, за тое, каб беларусы былі шчаслівым народам. 



Піліп Кізевіч


Нарадзіўся Піліп Кізевіч 15 лістапада 1898 года ў вёсцы Стральцы Гродзенскага павета. З маладых гадоў ён актыўна ўключыўся ў беларускі рух. У верасні 1926 года яго абралі скарбнікам павятовага камітэта Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) — масавай легальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай нацыянал-вызваленчай арганізацыі працоўных у Заходняй Беларусі ў 1925–1927 гадах. А праз год ён стаў сябрам Гродзенскай гарадской управы Таварыства беларускай школы.

12 ліпеня 1928 года ў Гродна адбыўся з’езд павятовых дэлегатаў ТБШ. Там Піліпа Кізевіча абралі скарбнікам Гродзенскага акруговага і павятовых праўленняў ТБШ. А восенню таго ж года на Гродзенскім акруговым з’ездзе ТБШ яго аднагалосна выбралі дэлегатам на агульны сход ТБШ у Вільню, дзе беларускі грамадскі актывіст стаў сябрам Галоўнай управы ТБШ, куды акрамя яго ўваходзілі Міхась Пяткевіч, Фелікс Стацкевіч, Сяргей Паўловіч, Мітрафан Кепэль, Рыгор Шырма і Мікалай Марцінчык.

Галоўная ўправа ТБШ. Злева направа ў першым шэрагу сядзяць Міхась Пяткевіч, Фелікс Стацкевіч, Сяргей Паўловіч, Мітрафан Кепэль, у другім шэрагу — Рыгор Шырма, Піліп Кізевіч і Мікалай Марцінчык

Піліп Кізевіч пачаў працаваць, працаваць шчыра, натхнёна, сур’ёзна. Ён з сябрамі абышоў беларускія вёскі, мястэчкі, гарады Гродзеншчыны і Беласточчыны, дапамагаў ствараць гурткі ТБШ, падказваў, раіў, прапаноўваў. На яго імя была нават аформлена беларуская кнігарня ў Гродна, дзе любы жадаючы мог купіць сабе беларускую кнігу, часопіс, каляндар.

Паліцыя пачала пільна сачыць за беларускім актывістам. І 7 ліпеня 1929 года яго арыштавалі.

Піліп Кізевіч быў даволі адукаваным чалавекам. Ён часта друкаваўся ў віленскім беларускім друку. У сваіх артыкулах любіў паразважаць пра лёс беларусаў. Асабліва шырокі водгук выклікаў ягоны артыкул «Курсы для дарослых», які быў апублікаваны ў «Летапісе ТБШ» (1933, № 3–4, с.53–54). У ёй аўтар адзначыў, што «беларускі народ дагэтуль знаходзіцца яшчэ на невысокім узроўні культурнага жыцця. Рэч зразумелая. Краіна наша, адсталая тэхнічна, эканамічна і палітычна, не можа даць высокіх культурных здабыткаў нашаму народу…»

Далей аўтар разважаў, што беларускі селянін пад саламянаю страхою жыве зімою разам з курамі, свіннямі, цялятамі, ягнятамі. «Голад таксама з’яўляецца вельмі частым госцем беззямельнага або малазямельнага, — пісаў Піліп Кізевіч. — А пры такіх непераможных абставінах, ці ж можа быць вольны прыплыў культуры?» Але, як пісаў аўтар, выхад ёсць. «Выхад не толькі ёсць, але беларускі народ на чале з ТБШ вядзе ўжо амаль па ўсёй Заходняй Беларусі, жывую культурна-асветную працу ў розных формах. Побач з дамаганнем школы ў роднай мове, сваімі ўласнымі рукамі стаў браць для сябе тое з навукі, што можа. Вёска і места загаварылі аб кніжцы, аб газеце, аб спектаклях, аб лекцыях. Гарэлка ж і тытунь адсунуты ў мінулае гісторыі. Нягледзячы на перашкоды, на той цярністы шлях жыцця і працы, народ наш на чале з ТБШ ідзе бадзёра да вызначанае мэты», — пісаў Піліп Кізевіч.

Ён заўсёды быў аптымістам і актывістам. Зімою ў 1932–1933 гадах Піліп разам з сябрамі Беластоцкай акруговай управы ТБШ наладзіў вялікі цыкл лекцый па ўсёй акрузе. Былі арганізаваныя пры гуртках ТБШ курсы для дарослых і праведзеныя заняткі з неадукаванымі і малаадукаванымі людзьмі. Напрыклад, Пяшчаніцкі гурток ТБШ арганізаваў курсы для дарослых, якія складаліся з дзвюх груп: непісьменныя і малапісьменныя. У першай групе выкладалася беларуская мова, вучыліся чытаць і пісаць, лічыць да 100. У другой групе выкладалася беларуская мова, граматыка, правапіс, арыфметыка, гісторыя і геаграфія Беларусі. Працавалі каля 25 гадзін.

Дзярнякоўскі гурток ТБШ таксама наладзіў курсы для дарослых, дзе выкладаліся беларуская мова, арыфметыка і гісторыя. Працавалі 20 гадзін.

Залуцкі гурток ТБШ арганізаваў курсы для дарослых, дзе выкладаліся беларуская мова і арыфметыка.

Вельмі актыўна праводзілі курсы для дарослых сябры Навасёльскага гуртка ТБШ. Выкладаліся беларуская мова, гісторыя і геаграфія. З дарослымі працавалі 15 чалавек з ТБШ, сярод якіх былі і тры дзяўчыны. Сябры Белявіцкага гуртка ТБШ выкладалі беларускую мову, арыфметыку, геаметрыю, гісторыю і геаграфію Беларусі. Вельмі актыўным сябрам ТБШ у гэтым гуртку быў спадар Лебядзінскі…

Піліп Кізевіч стаіць пасярэдзіне. Гродзенскі гурток ТБШ, першая палова 1930-х гадоў

Гэта толькі некалькі прыкладаў таго, што рабілася сябрамі ТБШ на Беласточчыне дзеля ліквідацыі непісьменнасці сярод беларусаў. І ў гэтым была вялікая заслуга сябра Галоўнай управы ТБШ Піліпа Кізевіча.

Пасля Другой сусветнай вайны Піліп Кізевіч жыў у Беластоку. У верасні 1949 года на Беласточчыне сталі арганізоўвацца школы з беларускай мовай навучання. У сувязі з гэтым Кураторыя Беластоцкай школьнай акругі (КБША) вырашыла ўзяць чалавека на пасаду візітатара школ для такога віду ўстаноў. У 1950 годзе на гэту пасаду быў прыняты ніхто іншы, як Піліп Кізевіч. Тры гады ён працаваў на ніве беларускай асветы на Беласточчыне.

З самага пачатку 1956 года ў Польшчы рабіліся першыя арганізацыйныя захады наконт заснавання Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ). У памяшканні Ваяводскага праўлення таварыства польска-савецкай дружбы ў Беластоку быў арганізаваны аргкамітэт па стварэнні БГКТ. У яго склад увайшлі 9 чалавек, сярод якіх быў і Піліп Кізевіч. Камітэт павінен быў падрыхтаваць арганізацыйны з’езд і скамплектаваць рэдакцыйны калектыў. І камітэт паспяхова з гэтым справіўся. 26 лютага 1966 года ў Беластоку адбыўся першы з’езд БГКТ. З’езд абраў Піліпа Кізевіча намеснікам старшыні галоўнага праўлення БГКТ. А 30 сакавіка 1958 года ў Беластоку адбыўся другі з’езд БГКТ. У склад прэзідыума ГП БГКТ увайшлі Уладзімір Станкевіч — старшыня, Піліп Кізевіч — намеснік старшыні і паэт Віктар Швед — сакратар.

10 гадоў БГКТ. На 5 з'ездзе таварыства выступае Піліп Кізевіч, 1966 г.

Вось што пра Піліпа Кізевіча прыгадаў мне беларускі паэт Віктар Швед з Беластока: «Сустракаліся мы вельмі часта на прэзідыумах Галоўнага праўлення БГКТ. Піліп Кізевіч заўсёды быў надта актыўны, ён быў адказны ў Таварыстве за культурную працу. Высокага росту, прыстойны старэйшы чалавек, вельмі шчыры беларус, лагодны і памяркоўны, карыстаўся аграмаднай папулярнасцю не толькі ў беларускім асяроддзі. У прафесійнай працы быў ён дырэктарам Беластоцкага прадпрыемства вадаправодаў і каналізацыі. Яшчэ нядаўна я размаўляў з чалавекам, які з ім працаваў, і ён памятаў свайго дырэктара як добрага арганізатара працы, справядлівага, надта спагадлівага і дабрэйшага культурнага чалавека».

Піліп Кізевіч меў шмат сяброў. Асабліва даражыў сяброўствам з тымі, з кім працаваў разам у ТБШ. Ён перапісваўся з Рыгорам Шырмам, Міхасём Забэйдам-Суміцкім, шчыра сябраваў з Пятром Ластаўкай, які быў арганізатарам славутага прадпрыемства «Бэтэска» ў Варшаве і фінансаваў беларускія справы. У памяшканні беларускага тыднёвіка «Ніва» ў 1958 годзе адбылася сустрэча з Рыгорам Шырмам. На сустрэчу да беларускіх журналістаў і літаратараў вядомага дзеяча Заходняй Беларусі запрасіў Піліп Кізевіч. Ён расказаў аб грамадскай і палітычнай дзейнасці кампазітара ў час санацыйнай Польшчы ў 1920–1930-гадах, спыніўся на яго творчасці і дзейнасці. Тады і Рыгор Шырма прыгадваў, як са скрыпкай пад пахай з сябрамі вандраваў па Беласточчыне, ад вёскі да вёскі, збіраючы народныя песні. Пяшчанікі, Страшава, Гарадок, Тапілец — мясціны былі добра знаёмыя і Шырму, і Кізевічу.

Рыгор Шырма сядзіць у цэнтры. Стаіць трэці злева Піліп Кізевіч. Беласток, 1958 г.

 

Прыязджаў у Беласток і Міхась Забэйда-Суміцкі ў 1965 годзе. Яго з сябрамі БГКТ шчыра вітаў і Піліп Кізевіч. Гэта ён арганізоўваў у 1937 годзе гастролі спеваку ў Беластоку, гэта ён з радасцю вітаў госця і ў 1965 годзе. Тады Міхась Забэйда-Суміцкі даў сем канцэртаў на Беласточчыне — у Міхалове, Бельску, Саколцы, Гайнаўцы, Мілейчыцах і два ў Беластоку. І заўсёды з ім побач быў сябра Піліп Кізевіч.

Міхась Забэйда-Суміцкі пасля выступлення ў кінатэатры прафсаюзаў. Крайні справа Піліп Кізевіч. Беласток, 1965 г.

Піліпа Кізевіча на Беласточчыне вельмі любіла і паважала беларуская моладзь. Ён для яе быў аўтарытэтам і беларусам з вялікай літары. Калі не стала Піліпа Кізевіча (памёр 17 студзеня 1985 года), Сакрат Яновіч апублікаваў невялікія ўспаміны ў тыднёвіку «Ніва» (17 лютага 1985 года) пра дзядзьку Піліпа. Артыкул свой ён так і назваў: «Памяці дзядзькі Піліпа». У ім аўтар шчыра і адкрыта сказаў: «Дзядзька Піліп увасабляў нам сабою дзівосна жывую лучнасць паміж даўнім і новым, абарваную войнамі, акупацыямі і чым хочаш. Мы, маладыя, глядзелі на яго як на нейкага такога, хто па-апостальску зведаў тыя далёкія дарогі, па якіх усё ішла да нас беларускасць, гэты наш свой гонар і ў нікога не пазычаная наша свая воля жыць далей на ўласны рахунак ды на ўласную адказнасць. Бывала і так, што бег я ў кут, каб выплакацца там Гаруновымі слязьмі ад шчасця, што я — беларус, беларус, беларус!!! Ён чуйна прыкмячаў гэтае шаленства ў нас…»

Каментаваць