Памяці рэпрэсаваных пісьменнікаў

30 кастрычніка ў Мінску, у мастацкай галерэі “Ў” адбылася вечарына памяці беларускіх пісьменнікаў, рэпрэсаваных у 1930-я гады. Арганізатарам вечарыны выступіў “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.



У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску былі расстраляныя 103 грамадскія, культурныя і палітычныя дзеячы Беларусі. Сярод іх паэты Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Сяргей Мурзо, Зяма Півавараў, Юлій Таўбін, Ізі Харык, Міхась Чарот, Арон Юдэльсон, празаікі Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Майсей Кульбак, Васіль Сташэўскі, літаратурныя крытыкі Якаў Бранштэйн, Саламон Левін, Пятро Хатулёў, Макар Шалай, журналісты Віктар Вайноў,  Павел Шастакоў … Больш поўны спіс імёнаў -- на сайце (marakou.by). Усяго толькі за тры восеньскія месяцы 1937-га было рэпрэсавана больш за 500 грамадскіх і культурных дзеячаў Беларусі.

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску былі расстраляныя 103 грамадскія, культурныя і палітычныя дзеячы Беларусі. Сярод іх паэты Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Сяргей Мурзо, Зяма Півавараў, Юлій Таўбін, Ізі Харык, Міхась Чарот, Арон Юдэльсон, празаікі Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Майсей Кульбак, Васіль Сташэўскі, літаратурныя крытыкі Якаў Бранштэйн, Саламон Левін, Пятро Хатулёў, Макар Шалай, журналісты Віктар Вайноў,  Павел Шастакоў … Больш поўны спіс імёнаў -- на сайце (marakou.by). Усяго толькі за тры восеньскія месяцы 1937-га было рэпрэсавана больш за 500 грамадскіх і культурных дзеячаў Беларусі.
 

Мая Кляшторная

Паводле слоў літаратуразнаўцы Алеся Пашкевіча, такой трагедыі, калі ў кароткі тэрмін краіна страціла гонар нацыянальнай літаратуры, не ведае сусветная гісторыя. “Семдзесят пяць гадоў таму апрычнікі дваццатага стагоддзя жахлівымі вар’яцкімі метадамі адзначылі дваццацігоддзе кастрычніцкага перавароту, -- сказаў Пашкевіч. Ён звярнуў увагу на тое, што на вечарыну сімвалічна сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў, якія сваімі лёсамі зведалі цяжар страты бацькоў і родных.    
 

Сяргей Законнікаў. фота Радыё Свабода

Вядучы вечарыны, паэт Сяргей Законнікаў узгадаў свайго дзядзьку – вядомага беларускага паэта Сяргея Ракіту, арыштаванага нкусаўцамі ў 1936-м толькі за тое, што малады паэт на пісьменніцкім сходзе выступіў у абарону Янкі Купалы і скептычна выказаўся наконт калгасаў, за што атрымаў 10 гадоў лагераў ГУЛАГу. Дарэчы, Сяргей Ракіта быў адным з адным з тых, хто, нягледзячы на катаванні, не прызнаў свае віны і не сведчыў супраць сяброў, падкрэсліў Законнікаў.
 

Радзім Гарэцкі. фота Радыё Свабода

Акадэмік Радзім Гарэцкі узгадаў, што ў 1938 годзе ягонага бацьку Гаўрылу Гарэцкага ў чарговы раз пасадзілі за краты. “Час быў вельмі цяжкі, вязні вельмі галадалі, над імі здзекваліся бясконцымі допытамі, ўтрыманнем у карцары і катаваннем, іх даводзілі да таго, што многія канчалі жыццё самагубствам. І бацька папрасіў маці перадаць яму лязо. Яна схавала лязо ў каўнерык сарочкі і перадала яго бацьку. Добра, што ў таты хапіла мужнасці не пайсці на самазабойства. Я памятаю, як аднойчы з братам мы ўбачылі невялікую групу вязняў, якую пешшу вялі праз мост. Сярод іх быў бацька ў жудасным стане: няголены, худы, паніклы, на пухлых нагах нейкія падраныя тапачкі, прывязаныя шпагатам, бо на ногі ні чаравікі ні нават тапкі не налазілі. Убачыўшы нас, бацька неяк яшчэ больш сагнуўся, апусціў галаву, бо, відаць, яму было няёмка ад таго, што мы бачым яго ў такім стане, але вочы трошкі пасвятлелі і ён махнуў нам рукою, як быццам развітваўся назаўсёды…, -- распавёў Радзім Гарэцкі. На ягоную думку, такое нельга забыць і трэба рабіць ўсё магчымае, каб такі жах ніколі больш не паўтарыўся.   

Паэт Анатоль Вярцінскі нагадаў, што ў 2009 годзе ў Мінску ў серыі “Беларускі кнігазбор упершыню выйшла анталогія твораў беларускіх пісьменнікаў, загубленых сталінскімі сатрапамі ў 1920-1950 гады. У кнізе пад назвай “Расстраляная літаратура сабраныя найбольш значныя творы 66 ахвяраў таталітарнага рэжыму, забітых за тое, што ўсе гэтыя творцы – людзі розных нацыянальнасцяў, рэлігійных і палітычных поглядаў і прафесій жылі ў Беларусі, любілі Беларусь і пісалі па-беларуску, сказаў Вярцінскі.

Гісторык Ігар Кузняцоў адзначыў, што з 5.772 расстраляных ў Мінску і пазней рэабілітаваных ахвяраў сталінізму 60% складаюць сяляне і 24% -- рабочыя, прычым з усіх ахвяраў 59% з’яўляюцца беларусамі, 25% -- палякамі, 9% -- габрэямі, 7% -- рускімі і 2% -- літоўцамі. Навукоўца звярнуў увагу на тое, што ахвярамі былі не толькі беларусы, а катамі -- прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, а не толькі рускія.


Віктар Жыбуль

Леанід Маракоў

Пад час вечарыны выступілі дачка рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная, паэт Віктар Жыбуль, культуролаг Анатоль Сідарэвіч і даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій Леанід Маракоў.

Каментаваць