Парадоксы 1993 года

1993 год можна лічыць адным з самых парадаксальных у сучаснай беларускай гісторыі. З аднаго боку, працягваліся эканамічная дэпрэсія і палітычны крызіс, імкліва рос недавер да элітаў, краіну накрыла хваля злачыннасці. З іншага боку, гэты год — зеніт «кебічаўскага лібералізму», нябачаных да гэтага свабоды слова і магчымасцей прарыву да дэмакратыі.



1993 год можна лічыць адным з самых парадаксальных у сучаснай беларускай гісторыі. З аднаго боку, працягваліся эканамічная дэпрэсія і палітычны крызіс, імкліва рос недавер да элітаў, краіну накрыла хваля злачыннасці. З іншага боку, гэты год — зеніт «кебічаўскага лібералізму», нябачаных да гэтага свабоды слова і магчымасцей прарыву да дэмакратыі.

Пра эканамічны тонус беларусаў, дарэчы, добра сведчыць рэпертуар тагачасных КВЗ. Так, каманда з Віцебскага педінстытута на адным з фестываляў выконвала песню на матыў «Бухенвальдскага набату»: «Водка была 9,20.// Помните. // Хлеба буханка 16 коп. // Помните. // Пока сердца стучатся, помните // О том, что уже никогда не придет. //Помните».

Лозунг мінскіх анархістаў і Саюза беспрацоўных, з якім яны выйшлі на пікет 17 сакавіка, канчаткова згубіўшы давер да айчыннага палітыкуму: «ААН, навучы, як жыць!»

Напрыканцы года справа дайшла да забойстваў губернатараў, стральбы з гранатамётаў на плошчы Незалежнасці, перастрэлак пасярод бела дня на вуліцах абласных цэнтраў. Паколькі міліцыя яўна не спраўлялася, соцыум таксама ўключыўся ў барацьбу з крыміналам. У вёсцы Любішча (Івацэвіцкі раён) сельсавет увёў пакаранне розгамі. Такім чынам вяскоўцы збіраліся спыніць кра­дзеж у хатах гарэлкі і ежы.

У зводках міліцыі, праўда, знайшлося месца і адной цікавай навіне, якая сведчыць, што ідэя беларускай незалежнасці нарэшце пайшла ў масы. 15 студзеня 1993 года міліцыя выявіла першага ў гісторыі фальшывага «зайчыка». Падробленую купюру наміналам у сто рублёў знайшлі ў Магілёве. Яна была намалявана фламастэрам. Гісторыя, на жаль, не ведае аўтара гэтага шэдэўру.

Па «кебічаўскім лібералізме» да гэтага часу сумуе шмат людзей, якія засталі тую эпоху ў свядомым узросце. Ім «ліхія 90-я» далі ўнікальную магчымасць для самарэалізацыі ў шматлікіх сферах жыцця. Інфраструктура постсавецкага грамадства толькі пачала складацца.

Менавіта ў 1993 годзе фармуецца новая канфігурацыя медыйнага поля, дзе тон задаюць ужо не дзяржаўныя, а незалежныя выданні, напрыклад «БДГ». У эфіры годную канкурэнцыю Белтэлерадыё аказваюць вольныя студыі, кшталту 8-га каналу, і першыя FМ-радыёстанцыі.

Наладжваецца сапраўднае партыйнае жыццё. Увесну БНФ атрымлівае памяшканне славутай сядзібы на Варвашэні. Квітнее культура — у Магілёве адкрыты першы ў Беларусі рок-клуб. Узнікаюць контуры трэцяга сектару, у якім не апошнюю ролю адыгрывае Ліга абароны правоў чалавека Яўгена Новікава — цяперашняга ці не самага адыёзнага каментатара на БТ, які лічыць правы чалавека прапагандысцкай зброяй заходніх імперыялістаў.

Як добра сказаў пра дух пачатку 1990-х адзін з герояў рамана Пялевіна: «Цяпер адмысловы час. Такога ніколі раней не было і ніколі потым не будзе. ...Ёсць рэальная магчымасць упісацца ў гэту сістэму, прыйшоўшы прама з вуліцы. Тое, на што ў Нью-Ёрку паўжыцця кладуць, каб толькі з правільнымі людзьмі сустрэцца за абедам».

Аднак не ўсім грамадзянам было так добра ад постсавецкіх рэалій. Здаецца, лепшай квінтэсэнцыяй Беларусі 1993 года быў апісаны ў «Знаменцы» эпізод у грамадскім транспарце. Журналіст падгледзеў, як нейкая бабка ў салоне аўтобуса дала торбай па галаве хлопцу, што стаў наперадзе. На яго пытанне: «За што?», жанчына адказала: «А каб не смяяўся».

Людзі кшталту той жанчыны — тыповай ахвяры крызісу — не ўпісаліся ў трэнды часу. Яны выжывалі, настальгавалі па мінулым і марылі пра рэванш. Гэта ідэя фікс саўка перадаецца элітам, якія аказаліся не гатовыя да структурных рэформаў.

Як знак з цэнтру афіцыйны Мінск успрыняў адстаўку Ягора Гайдара і з’яўленне на палітычнай арэне «моцнага гаспадарніка» Віктара Чарнамырдзіна, што ўступіў на пасаду расійскага прэм’ера з кароннай фразай: «Я за рынак, аднак супраць базару». Аналагічныя працэсы назіраліся ва Украіне, дзе на пасаду кіраўніка Кабміну прыйшоў «чырвоны дырэктар» Леанід Кучма, які пачаў канфліктаваць з прэзідэнтам Краўчуком.

І двух гадоў не прайшло, як беларуская наменклатура з апераджэннем сваіх расійскіх чырвона-карычневых саюзнікаў пачала спрабаваць адкруціць махавік гісторыі назад. На мяжы 1993-га самая буйная ў парламенце група «Беларусь», якая фармавалася з былых савецкіх апаратчыкаў, перажыла прыступ амнезіі — забылася, што не так даўно галасавала за роспуск Савецкага Саюза. Цяпер любімай справай спікераў фракцыі на трыбунах ВС становіцца патрабаванне дэнансацыі Белавежскіх пагадненняў. 3 лютага 1993 года нардэпы з «Беларусі» дамагліся прыняцця рашэння аб адмене сваёй жа, прынятай у жніўні 1991-га, пастановы аб часовым прыпыненні дзейнасці Кампартыі.

Напэўна, гэта быў самы вар’яцкі выпадак у гісторыі, калі нейкая палітычная групоўка (парламенцкая група «Беларусь» па прыродзе як бы левая) падтрымала стварэнне структуры, што была яе непасрэдным палітычным канкурэнтам. 25 сакавіка, як жартавалі аглядальнікі, да свята Дня Волі, камуністы абвясцілі пра стварэнне сваёй фракцыі ў ВС.

Навіна з Авальнай залы абудзіла беларускае палітычнага балота, якое пасля таго, як увосень правалілася ідэя рэферэндуму наконт даверу да ВС, знаходзілася ў стане летаргічнага сну. Аляксандр Фядута нават развіваў канцэпцыю пра тое, што недзе паміж палітычнымі акторамі падпісаны негалосны пакт аб ненападзе, накшталт канвенцыі паміж дзецьмі лейтэнанта Шмідта. Па яго словах, акторы (апазіцыя і наменклатура) прызналіся, што першыя не могуць кіраваць, а другія — прыйсці да ўлады. Таму і вырашылі папросту дацягнуць да новых выбараў.

Апазіцыя рашуча паўстала супраць вяртання чырвоных. Так, усе фермеры Докшыцкага раёна, даведаўшыся пра легалізацыю ПКБ, дружна запісаліся ў Сялянскую партыю, якую ў чырвонай прэсе называлі «партыя кулакоў». Партыя БНФ заявіла, што ўрад Кебіча — гэта «ўрад камуністаў», і заклікала да байкоту з’езду беларусаў свету, які быў прызначаны на ліпень. А эсдэкі ўвогуле выступілі за правядзенне канферэнцыі, на якой планавалі перагледзець вынікі так званай Берлінскай канферэнцыі 1925 года аб ліквідацыі БНР.

Сапраўды, пасля 3 лютага пачынаецца імклівая рэабілітацыя савецкага мінулага, што часам выглядала вельмі забаўна.

Напрыклад, у Баранавічах камуністы, якія выйшлі з падполля, адразу пасля абвяшчэння легалізацыі Кампартыі наладзілі выпуск газеты «Товарищ». У першым нумары быў апублікаваны ліст чытача (!) газеты з Манголіі нейкага Б. Явдухулана, які пісаў: «Мы, манголы, верым, што справа Кастрычніка і Леніна будзе жыць». У калгасе «Сацыялістычны шлях» Крычаўскага раёна камуністы патрабавалі ад кіраўніцтва калгасу грошай на ўтрыманне іх суполкі, паколькі «Кампартыя — адзіная грамадская арганізацыя, якая абараняе інтарэсы рабочых і сялян». Як пісала агенцтва РИД, на фоне навін пра адраджэнне ПКБ у мінскіх гатэлях з’явілася элітная валютная путана па мянушцы Камсамолка. Быццам перад тым, як легчы ў ложак, яна даставала з торбы камсамольскі білет і ўрачыста цалавала яго. Кліенты, калі верыць агенцтву, папросту вар’яцелі ад гэтай сцэны. У адным з інтэрв’ю тагачасны гродзенскі дэмакрат Аляксандр Мілінкевіч распавядаў, нібыта кіраўнік гродзенскага КДБ у нейкай прамове перад ветэранамі вайны казаў, што «Маршрут Напалеона» — створаны гродзенскімі краязнаўцамі тур па слядах гісторыі вайны 1812 года — не што іншае, як карта закідвання ў краіну французскіх шпіёнаў.

З гэтай жа серыі — вяртанне ў палітычны дыскурс прозвішча Пятра Машэрава. Да 75-х угодкаў з дня нараджэння Машэрава на старонках шматлікіх газет з’явіўся опус «Наш Міронавіч» за подпісам Кебіча. У ім прэм’ер апісваў свае адносіны з нябожчыкам і адначасова спрабаваў выставіць сябе галоўным пераемнікам ягонай спадчыны, якая, па словах аўтара, заключалася ў тым, каб уважліва слухаць людзей і стабільна развіваць эканоміку. Пазней высветлілася, што артыкул размяшчалі ва ўсіх газетах па разнарадцы ўраду.



Гэтая супярэчнасць — плынь савецкай дэмагогіі на фоне паўзучай «прыватызацыі» і сацыяльнай палярызацыі — прывяла да дэвальвацыі аўтарытэта Кебіча, які ўвасабляў той курс. Ад лета ў праўладным лагеры пачынаецца фронда. Прафсаюзы і Саюз беларускай моладзі (нашчадак камсамолу) збіраюць подпісы за адстаўку ўраду і пагражаюць страйкам. Напрыканцы года «ўдарам у спіну прэм’ера» называе ўрадавая прэса адкрыты ліст двух сілавых міністраў, якія патрабуюць ад Кебіча рэформы памежных войскаў.

Сваё слова ў падзенні рэйтынгу Кебіча сказала і непаслядоўная палітыка Расіі. Тройчы на працягу 1993 года падпісваліся «прарыўныя» эканамічныя дамовы наконт інтэграцыі і геапалітычнай кааперацыі, і тройчы вынік іх быў вельмі супярэчлівы. Больш за тое, здавалася, што Масква кажа адно, а робіць іншае. Так, увосень пасля дзяжурнай серыі баек пра славянскае сяброўства, Ельцын увёў у Маскве «візавы рэжым» у тым ліку і для беларусаў. Кожны грамадзянін Сінявокай, пакідаючы Першапрастольную, павінен быў спачатку заплаціць за знаходжанне ў горадзе. Без гэтай квітанцыі чыгуначныя касы не мелі права прадаваць квіткі.

Яшчэ большую свінню падклаў Ельцін Кебічу ў ліпені. Праз тыдзень пасля падпісання міжурадавай дамовы пра эканамічны саюз расійскі Цэнтрабанк («каварна» — як адзначыў грузінскі МЗС) вывеў з абароту купюры СССР. Гэта справакавала крызіс неплацяжоў, дэфіцыт бензіну і паліва, і, як следства, параліч працы прамысловых гігантаў. Прыпынілі працу 45 прадпрыемстваў, уключна з МТЗ і БелАЗам. З фальклору таго часу: «Савецкая ўлада мінус электрыфікацыя».

Нарэшце, Кебіч, што стаў закладнікам чыровна-карычневай рыторыкі, аказаўся ў лагеры праціўнікаў Ельцына, якія ўвесь 1993 год рыхтаваліся да рашаючай сутычкі за ўладу. У ліпені дэлегацыя фракцыі «Беларусь» правяла перамовы з Русланам Хасбулатавым, спікерам Вярхоўнага Савета РФ, галоўным апанентам ЕБН. Сярод іншага ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі ідэю аб’яднання парламентаў Расіі і Беларусі пад праект новага СССР. У кастрычніку да самага апошняга моманту, пакуль не стаў відавочны вынік путчу, урад, у адрозненні ад ВС, не заняў яснай пазіцыі.

У выніку, калі канфлікт Вярхоўнага Савета і Ельцына закончыўся на карысць апошняга, Кебіч і яго паплечнікі з фракцыі «Беларусь» аказаліся ў скуры камуністаў жніўня 1991-га. Гэта, здавалася, давала новы шанец беларускай дэмакратыі, якім яна, аднак, зноў не здолела скарыстацца.

 

Каментаваць