Партызаны Другой Рэчы Паспалітай

У пачатку 1920-х гадоў у Другой Рэчы Паспалітай быў створаны Грамадзянскі камітэт абароны, у склад якога ўваходзіла 5 тысяч чалавек, што ў выпадку вайны павінны былі ствараць партызанскія атрады па 100 чалавек у кожным. 



Жаўнеры ля плакату аб мабілізацыі. Жнівень 1939 года


Дыверсійная дзейнасць

У другой палове 1920-х гадоў польскія вайсковыя ўлады больш увагі сталі надаваць падрыхтоўцы дыверсійнай дзейнасці на тэрыторыі магчымага ворага. Другі аддзел польскага генштаба стварыў некалькі дзясяткаў дыверсійных груп. Як узгадвае ў сваіх успамінах, напісаных у сакавіку 1940 года ў Камп’ене маёр Войска Польскага Уладзімір Дамброўскі, большасць з кіраўнікоў гэтых груп прайшлі выдатную дыверсійную спецпадрыхтоўку на польскай тэрыторыі.

Аднак у 1930 годзе ў раёне Барысава АДПУ і вайсковай выведцы РСЧА ўдалося выйсці на след аднаго з такіх атрадаў, а пазней знішчыць усю дыверсійную сетку. У выніку Другі аддзел Генштаба Войска Польскага вымушаны быў адмовіцца ад падрыхтоўкі дыверсійных атрадаў для дзейнасці на савецкай тэрыторыі і сканцэнтраваў увагу на арганізацыі абароны ўласнай тэрыторыі.

Вясной 1929 года ў складзе Другога аддзелу Генеральнага штабу Войска Польскага (выведкі) з’явілася новая структура — Экспазітура №2. У яе складзе дзейнічалі грамадска-палітычны аддзел, а таксама секцыі, якія займаліся краінамі Балтыі (Латвія, Эстонія), Расіяй (у тым ліку і БССР), Літвой (у тым ліку Усходняй Прусіяй і вольным горадам Данцыгам), Германіяй і заходнімі краінамі. Акрамя гэтага, асобная група польскіх спецыялістаў займалася вывучэннем нацыянальнага пытання.

Інжынерныя працы Войска Польскага. Заходняя Беларусь, лета 1939 года

«Калі заўтра вайна»

У 1930-х гадах найбольшую ўвагу спецыялісты гэтай арганізацыі надавалі працы аддзела «Расія», які падзяляўся на дзве падгрупы: XIII-а (Віленскае, Наваградскае, Палескае ваяводствы) і XIII-b (Валынскае, Тарнопальскае і Станіславаўскае ваяводствы). Менавіта гэтыя структуры і займаліся падрыхтоўкай партызанскіх атрадаў на выпадак магчымай вайны з СССР. Галоўная стаўка рабілася на чальцоў Стралецкага хаўрусу (Związek Strzelecki), у склад якога ўваходзілі як жыхары мястэчак, так і вёсак. З 1930 года тэхнічны аддзел пачаў распрацоўку аб’ектаў на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў, якія падчас ваенных дзеянняў можна было б выкарыстоўваць як базы ці склады зброі для партызан.

Таксама складаўся спіс аб’ектаў (электрастанцый, мастоў, складоў, чыгуначных ліній), якія павінны былі быць знішчаныя пры адступленні Войска Польскага з заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх тэрыторый. Уся гэтая інфармацыя перадавалася на месцы, дзе з ёй знаёміліся кіраўнікі будучых партызанскіх атрадаў. Аднак грошай (у месяц выдзялялася 4400 злотых «камандзіровачных», а таксама каля 9000 злотых на неабходныя тэхнічныя матэрыялы) не хапіла на правядзенне глыбокага і ўсебаковага аналізу, таму замест паўнавартаснай камісіі над распрацоўкай мясцовасці для будучых партызанскіх дзеянняў працавала некалькі чалавек, з якіх адзін — афіцэр, які прайшоў дыверсійную падрыхтоўку, а другі быў яго памочнікам (звычайна радавы ці малодшы камандзір). Менавіта гэтыя «двойкі» павінны былі скласці падрабязныя інжынерныя планы аб’ектаў, якія падлягалі знішчэнню, разлічыць колькасць выбухоўкі, неабходнай для гэтага, а таксама знайсці месцы для магчымых партызанскіх баз.

У красавіку 1930 года Мабілізацыйнае бюро Міністэрства вайсковых спраў Польшчы выдала загад, які дазволіў Другому аддзелу адбіраць з навабранцаў патрэбных для выведкі асоб. Такое ж права атрымала і Экспазітура №2. Такім чынам, выведка змагла адбіраць кадры, патрэбныя для арганізацыі магчымых партызанска-дыверсійных груп. Акрамя гэтага, працягвалася супраца з рознымі грамадскімі структурамі, якія праводзілі падрыхтоўку моладзі да службы ў Войску Польскім. Галоўным цэнтрам падрыхтоўкі партызан Другой Рэчы Паспалітай стаў «Хаўрус былых удзельнікаў нацыянальных паўстанняў», які меў свае прадстаўніцтвы ва ўсходніх ваяводствах.

Мабілізацыйная карта жаўнера 84-га пяхотнага палка з Пінска, 1939 год

Пазней польскія выведнікі сталі выкарыстоўваць і «Стралецкі хаўрус». Другі аддзел Генштабу Войска Польскага заключыў пагадненне з гэтай арганізацыяй, у адпаведнасці з якім з 1 ліпеня 1930 года ў кіраўніцтве «Хаўрусу» ў Вільне (а ў 1933 годзе ў Брэсце на Бугу) былі ўведзены пасады «інспектараў». Гэта былі афіцэры-выведнікі, якія займаліся падборам кадраў для будучай дыверсійнай дзейнасці. Дарэчы, забягаючы наперад, варта адзначыць, што пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года НКУС сярод іншых катэгорый польскіх грамадзян жорстка рэпрэсаваў былых сяброў гэтай арганізацыі. Шмат з іх трапілі ў мінскую «Валадарку», а пазней, відавочна, апынуліся ў сумнавядомым Беларускім катынскім спісе.

Удзельнікі Стралецкага хаўрусу ў Навагрудку, 1938 год

Праца з моладдзю

Вялікую ўвагу Экспазітура №2 надавала супрацы з Хаўрусам польскага харцэрства. У рамках гэтай арганізацыі з 1932 годзе была створана сакрэтная арганізацыя «Секцыя грамадзянскай падрыхтоўкі» (СГП), у задачу якой уваходзіла «падрыхтоўка моладзі да выканання спецыяльных заданняў». Пад апошнім і мелася на ўвазе партызанская дзейнасць у выпадку вайны з усходнім суседам. У ліпені 1933 года СГП атрымала дадатковае заданне: супрацьстаяць антыўрадавай дзейнасці нацыянальных меншасцяў, а таксама левых і камуністычных арганізацый.

Хутка з’явіліся спецыяльныя акругі гэтай арганізацыі са сваімі задачамі. Акруга «Міхал» (Маладзечна) займалася барацьбой з антыдзяржаўнай прапагандай. Акруга «Людвік» (Ліда) — падрыхтоўкай мясцовага насельніцтва да партызанскай барацьбы ва ўмовах вайны. Акругі «Баляслаў» (Баранавічы), «Лазар» (Лунінец), «Стэфан» (Сарны) і «Рышард» (Роўна) адказвалі за «развіццё польскасці ва ўсходніх ваяводствах». Нарэшце, акруга «Тадэвуш» (Тарнопаль) адказвала за «супрацу з «палешукамі» і супрацьдзеянне ўкраінскім нацыяналістычным арганізацыям». Сябры СГП наведвалі заняткі па ідэалогіі, а таксама вайсковыя зборы. Пры гэтым, асаблівы націск рабіўся на дыверсійную дзейнасць у пазафрантавых умовах.

Мапа эвакуацыі ў выпадку вайны, 1938 г.

З чым сустрэлі Другую сусветную вайну

У канцы 1930-х гадоў Варшава перастае цікавіцца магчымым усходнім тэатрам вайсковых дзеянняў і ўсю ўвагу пераносіць на Захад. У канцы 1938 года кіраўнік аддзелу «Усход» Экспазітуры №2, узгаданы вышэй маёр Уладзімір Дамброўскі, стварыў арганізацыю «Крэсавыя загоншчыкі» (КЗ). Звязана гэта было з разуменнем таго, што большасць членаў СГП, па-першае, вядомыя ў грамадстве асобы, а па-другое, яны з’яўляюцца прадстаўнікамі польскай меншасці на тэрыторыі Заходняй Беларусі, і ў выніку вайны савецкія ўлады іх будуць знішчаць у першую чаргу (так яно і было ў верасні 1939 года і пазней. — І.М.).

У сваю чаргу, КЗ павінны былі стаць сакрэтнай глыбока заканспіраванай дыверсійнай арганізацыяй, чальцоў якой ніхто б не ведаў. Аднак для падрыхтоўкі польскіх дыверсантаў на Усходзе ўжо не хапала спецыялістаў, бо большасць з іх працавала на «нямецкім накірунку». Апошні ўдар па падрыхтоўцы польскіх партызан на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў нанеслі мабілізацыйныя мерапрыемствы вясной-летам 1939 года, калі большасць кантынгенту, падрыхтаванага на выпадак вайны з СССР, апынулася ў шэрагах Войска Польскага і «паехала» на Захад.

У чэрвені 1939 года маёр Уладзімір Дамброўскі звярнуўся да кіраўніка Другога аддзелу Генштабу польскага войска з прапановай пакінуць на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў спецыялістаў па арганізацыі дыверсій і вызваліць іх ад мабілізацыі. Таксама афіцэр прасіў перадаць у распараджэнне Экспазітуры №2 неабходную колькасць зброі і іншых, неабходных для арганізацыі партызанскай дзейнасці, рэчаў. Аднак у Варшаве палічылі, што Польшчы нічога не пагражае з боку СССР, і вырашылі не падтрымліваць прапанову афіцэра выведкі.

Эшалон Войска Польскага ў Баранавічах,жнівень 1939 года

1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. А праз 17 дзён пачаўся паход Чырвонай Арміі. Ніякай агульнай арганізацыі польскай партызанска-дыверсійнай дзейнасці на гэтых тэрыторыях ужо не было, таму мы можам казаць толькі аб некаторых выпадках, калі афіцэры Войска Польскага бралі справы ў свае рукі і стваралі падабенства «партызанскага руху».

Так, у Гродна дыпламаваны палкоўнік Багдан Гулевіч здолеў арганізаваць «актыў» і з яго дапамогай падрыхтаваў мясцовых жыхароў да барацьбы супраць бронетанкавых частак РСЧА. Атрад падпаручніка рэзерву Антонія Іглеўскага таксама разгарнуў партызанскую дзейнасць супраць Чырвонай Арміі ў раёне сучаснай беларуска-літоўскай мяжы ўжо ў верасні 1939 года. Нарэшце, свае партызанскія атрады на тэрыторыі Заходняй Беларусі спрабавалі стварыць жаўнеры Корпусу аховы памежжа, а таксама маракі Пінскай рачной флатыліі ВМФ Другой Рэчы Паспалітай.

Члены Секцыі грамадзянскай падрыхтоўкі ў Пінску, 1937 год

Каментаваць