Пасечаная дынастыя

У гістарычнай навуцы за Войшалкам усталявалася слава прадаўжальніка справы Міндоўга, забітага князем Даўмонтам. І сам Войшалк быў забіты ўладзімірскім князем Львом. Бацька і сын на вяршыні ўлады сталі ахвярамі замаху на жыццё.

 



Бацька і сын

Імя Міндоўга з’яўляецца ў летапісе пад 1219 годам. Ён — вядомы ўдзельнік разгрому тэўтонцаў у 1237 годзе ў бітве пад Драгічынам. У 1248 годзе Міндоўга запрасіў сваім князем Наваградак. Князь Галіцкай Русі Даніла, бачачы ў ім суперніка, аб’яднаўся з немцамі і яцвягамі і пайшоў на яго вайной.

Ад першага шлюбу ў Міндоўга былі дачка і сын Войшалк. Дзеля замірэння з князем Данілам ён выдаў сваю дачку за яго сына Свараміра (кароткая форма — Шварн), а Войшалка быў змушаны пакінуць у Данілы закладнікам. Войшалк, паселены ў Паланецкім манастыры пад нагляд манахаў, прыняў праваслаўе і паверыў так моцна, што прыняў пострыг, а калі вярнуўся на радзіму, стаў ігуменам манастыра на Нёмане.

Пашыраючы межы Наваградскай дзяржавы, Міндоўг адымаў удзелы ў пляменнікаў Таўцівіла і Ердзівіда. Яшчэ аднаго пляменніка Трайняту ён паставіў сваім намеснікам у Жмудзі. Міндоўг забіў правіцеля суседняга з Наваградкам княства Відымунта, а яго зямлі і жонку ўзяў сабе. У гэтым шлюбе ў яго нарадзіліся два сына — Рукля і Рэпік. Дзеля міру з Лівонскім ордэнам, Міндоўг, а разам з ім і сям’я, у 1252 годзе перайшлі ў каталіцтва, жонка прыняла імя Марты, Рукля — Генрых, Рэпіка называюць Андрэем.

Але ў 1259 годзе князь скасоўвае сяброўства з Ордэнам, выганяе з Наваградскіх земляў нямецкіх манахаў і вяртаецца да дзедаўскай веры. Міндоўг праводзіць паход на Мазоўшу, захоплівае князёў Земавіта і Конрада, спальвае Плоцк і Варшаву, але раптоўная смерць Марты ў 1262 годзе пакідае князя ўдаўцом.

Яр і помста

На пахаванні Марты прыбывае з Нальшы яе сястра, былая замужам за князем Даўмонтам. Убачыўшы сваячку, Міндоўг запаліўся ярам і на памінках абвясціў, што пакідае яе сваёй жонкай, каб дзеці апынуліся ў роднасных руках. Уласнымі рукамі ён завязаў вузел трагедыі. Жанчына, у якой быў малады муж, мусіла застацца з 65-гадовы князем.

Даўмонт зганьбаваны. Пляму ганьбы можна змыць толькі крывёй крыўдзіцеля. У дружыне Даўмонта — 300 ваяроў. Але адпомсціць князю Міндоўгу, якому падпарадкавана ўся моц Наваградскага княства, такой дружынай у адкрытым супрацьстаянні было немагчыма. І Даўмонт заклікаў у саюзнікі пляменніка Міндоўга, князя Трайняту, які жадаў заняць месца дзядзькі, а таксама радцу Міндоўга, князя Астапа, бацька якога збег з Разанскага княства пасля забойства некалькіх сваякоў. Даўмонт, які выступіў супраць Міндоўга па прыватных матывах, асвятляецца ў нашай літаратуры змрочнай лексікай — забойца, якога скарысталі змоўшчыкі. Быццам прычыны прыватнай помсты менш паважаныя, чым імкненне да крыўднага гвалту.

Войшалк


5 жніўня 1263 года Даўмонт і Трайнята нечакана нападаюць на Міндоўга. У гэтай сутычцы Даўмонт сякерай пасек Міндоўга, як гавораць летапісы, «у капусту». А ўсіх, хто былі пры ім — Руклю і Рэпіка, новую жонку, блізкіх яму баяраў, — забіла дружына.

Ігумен Войшалк збег у Пінск у Лешчанскі манастыр.

Ваенная дапамога

Ад усіх гарадоў Міндоўга, дружыны, срэбра і золата не засталося Войшалку нічога — толькі рыза ды конь, на якім ён выратаваўся ад пагоні. Адзінае, чым яшчэ ён валодаў, была спадчына на ўладу вялікага князя Наваградка і Літвы. Але для гэтага трэба падперазацца мячом, сабраць полк, без разбору забіваць. Пінскі князь Георгій згадзіўся даць сваіх кметаў за абяцанне літоўскага сяброўства, прыязджаў швагер Шварн абгаварыць умовы сваёй падтрымкі, і на подступах лета Войшалк аддаў загад «зацягваць у Наваградку сіло».

Міндоўг


Месца забітага Міндоўга заняў у замку князь Трайнята, перавёз сюды жонку, двор, слуг. Праз пяць месяцаў да Трайняты прыехаў з Полацка стрыечны брат Таўцівіл — «дзяліць спадчыну па Міндоўгу». Дзяльба скончылася тым, што Трайнята ўвагнаў брату ў горла нож, хоць гэты нож павінен быў усадзіць у грудзі Трайняту князь Таўцівіл, як гэта было дамоўлена з ім Войшалкам.

Шукаць новых выканаўцаў давялося нядоўга — пагадзіліся чацвёра стайнікаў Міндоўга. У іх сіло Трайнята патрапіў у майскі дзень, калі адправіўся парыцца ў лазенку. Раптам у апарню ўвайшлі чацвёра. Трайнята звярнуў да іх твар, пазнаў і толькі ўскрыкнуў, калі ў яго спіну ўсадзіліся чатыры нажы…

Нарэшце Войшалк увайшоў у замак. Перш за ўсё ён загадаў караць разанца Астапа і даставіць да яго Даўмонта. Войшалку ўбачылася магільная павуціна на магіле Даўмонта, на папялішчах яго замка і дварах яго кметаў. Гэтую павуціну сплятуць мячы кметаў князя Георгія і ратнікаў Шварна. А таксама павуціну па Даўмонту разважыць яго сваяк, нальшанскі князь Гердзень, таму што аддасць яму Войшалк усе Даўмонтавы землі.

Даўмонтаў горад

Даўмонт быў больш мудры і разам са сваёй дружынай, з усім дваром і вялізным абозам сышоў у Пскоў. «Вялікім было здзіўленне пскавічоў, калі яны даведаліся, што князь прыйшоў з просьбай прыняць яго на службу». Пскавічы параіліся і выставілі ўмовы: Пскоў прыме Даўмонта, калі князь і яго дружына прымуць праваслаўную веру. Князь даў згоду.

І паўстаў у Пскове Даўмонтаў горад, дзе жылі нальшанцы. Сваю службу для Пскова Даўмонт пачаў паходам на князя Гердзеня, які быў узвышаны і пераехаў у Полацк. Даўмонт паланіў княгіню Ефрасінню (жонку Гердзеня і сваю цётку), і сына Гердзеня, свайго пляменніка, і адвёў іх у Пскоў. Гердзень кінуўся ў пагоню адбіваць жонку, але ў сутычцы з дружынай Даўмонта загінуў. Здарылася гэта ў 1267 годзе. Ефрасіння пасля згубы мужа стала манахіняй пад імем Еўпраксія. Сын яе Андрэй пазней выбіўся ў цвярскія біскупы.

Князь Даўмонт у другім шлюбе парадніўся са старэйшым сынам Аляксандра Неўскага князем Дзмітрыем, які змагаўся з братам Андрэем за ўладзімірскі вялікакняжацкі стол. Андрэй прывёў татарскую раць на Уладзімірскую зямлю, а Дзмітрый збег у Ноўгарад. Наўгародцы падтрымалі Андрэя, паланілі жонку, дзвюх дачок Дзмітрыя і яго баяраў з сем’ямі. Бок Дзмітрыя прыняў князь Даўмонт. Было гэта ў 1282 годзе, князь Дзмітрый аддаў Даўмонту ў жонкі сваю дачку Марыю. Ёй было 15 гадоў, князю Даўмонту — за сорак.

Праз год пасля вяселля нарадзіўся сын, які атрымаў імя Давыд. Ён выхаваўся ў Пскове, навучаючыся вайсковай справе ў бацькі. Памёр Даўмонт у 1299 годзе. Вялікі князь Гедымін запрасіў Давыда ў Літву, прызначыў сваім намеснікам на Гарадзенскі ўдзел і аддаў за яго сваю дачку Біруту. Князь Давыд уславіў сваё імя як палкаводзец Вялікага княства ў бітвах з крыжакамі. Але гэта цалкам іншая гісторыя, адносін да князя Войшалку яна не мае.

Зніклая дынастыя

Валынская ваенная дапамога дорага каштавала Войшалку. Ён прызнаў князя Шварна сваім суправіцелем, а потым і саступіў яму ўладу ў Наваградку. Іншымі словамі, ён здрадзіў усёй справе свайго бацькі — створанай ім дзяржаве, яго княжай уладзе, аб’яднаным землям. Усё без клопатаў, без вайны перайшло ў рукі валынскіх суседзяў. Дзіву можна давацца, як некаторыя гісторыкі і папулярызатары беларускай дзяржаўнасці бачаць у асобе князя Войшалка вялікага дзяржаўнага мужа, які ўмацоўвае сваю краіну.

Можна зразумець расійскіх гісторыкаў, якія тлумачаць учынак Войшалка як выкананне задумы стварыць моцнае праваслаўнае Галіцка-Наваградская княства, у якім наваградскія землі склалі б перыферыю. Але хутчэй за ўсё ён саступіў уладу радзіне, кіруючыся асабістымі сімпатыямі, не турбуючы сябе разважаннямі пра гістарычную будучыню той дзяржавы, якую ствараў яго бацька.

У яго самога дзяцей не было, сястра яго была за Шварнам, вось Шварну і даручыў ён вышэйшую ўладу, чаго ніколі не зрабіў бы яго бацька. Паказальны і яго выбар Холмскай зямлі для манаскага жыцця — занадта яна далёка ад яго радзімы, каб весці там праваслаўнае місіянерства, што прыпісваюць яму як духоўную мэту нашы прыхільнікі праваслаўя.

Аднак не наканавана было Войшалку доўга жыць. На Вялікдзень старэйшы брат Шварна князь Леў, дужа пакрыўджаны, што ўладу ў Наваградку атрымаў Шварн, а не ён, запрасіў Войшалка ва Уладзімір, і, быўшы з ім на застоллі, напіўся. «Дьявал же, — як запісаў летапісец, — исконе не хоць добра чаловечаму роду, и вложил в сердце Лвови убити Войшелка», што той і здзейсніў.

Так загас род Міндоўга, хоць мог стагоддзі княжыць у Літве, калі б не запаліўся стары князь да чужой жонкі і не выклікаў бы змрочнай помсты Даўмонта. Ён загінуў, яго дзеці загінулі, пляменнік Ердзівіл загінуў у бітве з мазаўшанамі, сышлі з гэтага свету забітыя пляменнікі Таўцівіл і Трайнята. Усе як адзін!

Мог і Войшалк княжыць і нарадзіць сына, і перадаць уладу яму. Але яму не было прызначана. Ён, апрануты ў вялікакняжацкі ўбор, насіў на галаве чорную скуфейку. Ці думаў ён, каму перадасць уладу над княствам? Верагодна, думаў — дзецям швагра Шварна.

Апыніся князь Шварн мацней здароўем, не пі ён так моцна, — невядома яшчэ, адбылося б Вялікае княства Літоўскае. Можа, яно б звалася Вялікае княства Валынскае. У 1269 годзе Шварн захварэў, перадаў завяшчаннем брату Льву свае гарады Узгорак, Чэрвень і Белз, і праз тры дня сканаў.

У княстве Наваградскім і Літоўскім не знайшлося законнага спадчынніка, і пачалася доўгая, на чвэрць стагоддзя, межусобная вайна князёў за месца вялікага князя.

Каментаваць