Першаму трамваю ў Беларусі — 118 год

30 чэрвеня (па новым стылі) 1898 года з дэпо горада Віцебска выйшаў першы трамвай. З гэтай нагоды Отта Крамер напісаў «Трамвайны марш».




Гісторыя віцебскага трамвая пачалася ў 1896 годдзе. За права пабудаваць у горадзе «конна-электрычную чыгунку» ў той час змагаліся трое: ганаровы грамадзянін Кіева Фельдзер, грамадзянін Францыі Фернан Гільён і прадстаўнік Бельгійскага грамадства ў Бруселі Пётр Вільмен. Іх заявы былі разгледжаны гарадской управай, і ў выніку галасавання перамог французскі праект.



Віцебская ўправа заключыла з Гільёнам дамову на будаўніцтва ў Віцебску электрычнай чыгункі. Дамова прадугледжвала перадачу канцэсіі на будаўніцтва і эксплуатацыю трамвая на 40 гадоў. А Гільён павінен быў за ўласны кошт пабудаваць чыгунку, трамвай і ўсю неабходную інфраструктуру. А потым яшчэ і выплочваць з кожнага вагона грошы ў гарадскую казну.



Першы віцебскі трамвай выйшаў на лінію 18 (30) чэрвеня 1898 года.



Будаўніцтва трамвая дазволіла вырашыць не толькі транспартную праблему. Напрыклад, электрастанцыя магутнасцю 425 кВт, якую таксама пабудаваў Гільён, асвятляла губернатарскі палац, штаб Двінскай ваеннай акругі, суд, гатэль, лазарэт і тэатр.



Варта адзначыць, што трамвай у Віцебску з'явіўся раней, чым у Маскве (1899) і Санкт-Пецярбургу (1907). А ў Мінску электрычная чыгунка запрацавала толькі ў 1929 годдзе. 




Цікавосткі пра віцебскі трамвай:

  • Адмыслова для ўрачыстасцяў, звязаных з пускам трамвая, віцебскі кампазітар  Отта Крамер напісаў «Трамвайны марш».
  • Дліна трамвайнай лініі складала 5.1 км.
  • Маторны выгон быў разлічаны на 32 месцы: 20 сідзячых і 12 стаячых на пляцоўках. Прычапны вагон меў 28 месцаў.
  • Калі ўсе месцы былі запоўнены, больш людзей у вагон не пускалі.
  • Трамвай выходзіў на маршрут а сёмай гадзіне раніцы летам і на гадзіну пазней зімой. Рух спыняўся ў 11 вечара.
  • Трамваі хадзілі з інтэрвалам 12-15 хвілін. Праўда, хуткасць была не надта вялікая — у сярэднім 13.5 км/гадзіну.
  • У вагон не пускалі п'яных і неахайна апранутых грамадзян, нельга было паліць, правозіць сабак.
  • Квіткі прадаваў кандуктар. Праезд каштаваў 5 капеек для дарослых, 3 капейкі для вучняў у форме. Дзеці да 5 гадоў ездзілі бясплатна. Таксама бясплатным быў праезд і для супрацоўнікаў паліцыі.
  • Трамвайнае дэпо і зараз знаходзіцца на першапачатковым месцы.
  • У Віцебску на вуліцы Фрунзэ, дом 7 працуе музей трамвая.
  • На сёння менавіта ў Віцебску існуе найбольш разгалінаваная трамвайная сістэма ў Беларусі.

Фота з сайтаў evitebsk.com і probelarus.by


Каментаваць