Пясняр чыстае Красы на паштоўках

З нагоды чарговага дня нараджэння Максіма Багдановіча, якое адзначаецца 9 снежня, хацеў бы ўзгадаць пра паштоўкі ў яго гонар. Было іх, дарэчы, не так і шмат, але некаторыя вартыя, каб пра іх узгадалі.



Першыя паштоўкі ў гонар беларускіх літаратараў з’явіліся ў 1906 годзе. Іх выпусціла беларуская выдавецкая суполка ў Санкт-Пецярбургу «Загляне сонца і ў наша ваконца». На паштоўках былі партрэты Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча і Янкі Лучыны.

А вось класік беларускай літаратуры, пясняр Чыстае Красы Максім Багдановіч (1891–1917) на паштоўках з’явіўся толькі пасля Другой сусветнай вайны. У 1958, 1963 і ў 1973 гадах у беларускіх дзяржаўных выдавецтвах выдаваліся падборкі паштовак з партрэтамі многіх беларускіх пісьменнікаў. Сярод іх быў і партрэт Максіма Багдановіча. А ў 1978 годзе маскоўскае выдавецтва «Советский художник» партрэт Максіма Багдановіча беларускага мастака Монаса Манасзона (1917–1980) рэпрадукавала на паштоўцы.

Арыгінальная паштоўка, прысвечаная Максіму Багдановічу, з’явілася накладам 10 000 асобнікаў у 1981 годзе ў мінскім выдавецтве «Беларусь». Над паштоўкай працавалі вядомыя майстры — графік Пятро Драчоў (1937–2005) і фатограф Валянцін Ждановіч (1937–1992), якія па архіўных матэрыялах даследчыцы творчасці Максіма Багдановіча Ніны Ватацы (1908–1997) аднавілі партрэт паэта і перанеслі яго на паштоўку.

Дарэчы, Ніна Барысаўна Ватацы ўсё жыццё займалася багдановічазнаўствам. Яна адшукала і апублікавала невядомыя тэксты, аўтографы і фотаздымкі Максіма Багдановіча, склала літаратурны альбом пра яго жыццё і творчасць (сумесна з Алегам Лойкам, 1968) і зборнік успамінаў і біяграфічных матэрыялаў «Шлях паэта» (1975), бібліяграфічны паказальнік твораў, аўтографаў і крытычнай літаратуры «Максім Багдановіч» (1977).

Ніна Ватацы адсачыла гісторыю партрэта Максіма Багдановіча. На паштоўцы — той партрэт, які ўпершыню з’явіўся ў другім выданні зборніка «Вянок» (Вільня, 1927). Гэта фрагмент з групавога здымка 1915 года супрацоўнікаў яраслаўскай газеты «Голос», дзе працаваў паэт.

Некалькі паштовак з выявамі класіка беларускай літаратуры пабачылі свет да 100-годдзя Максіма Багдановіча. Былое Міністэрства сувязі СССР у 1991 годзе ў Маскве выпусціла 100-тысячным накладам паштоўку, на якой адлюстраваны партрэт Максіма Багдановіча, чарнільніца з пяром, кнігі ў левым куточку паштоўкі і тэкст зверху: «100 гадоў з дня нараджэння», а ўнізе пад партрэтам напісана: «Беларускі паэт Максім Багдановіч 1891–1917». Аўтарам паштоўкі з’яўляецца мастачка Яўгенія Галубятнікава.

Арыгінальная паштоўка да 100-годдзя Максіма Багдановіча выйшла з друку ў Нью-Ёрку. Паштоўку выпусціў Беларускі інстытут навукі і мастацтва, аўтарам яе з’яўляецца мастачка Ірэна Рагалевіч-Дудко. Паштоўка выйшла на беларускай і англійскай мове. Вершаваныя радкі з беларускай мовы на англійскую пераклала вядомая англійская перакладчыца, журналістка і гісторык Вера Рыч (1936–2009). На паштоўцы намаляваны партрэт Максіма Багдановіча, Пагоня і напісаны радкі з верша «Пагоня» паэта на беларускай і англійскай мовах: «Біце ў сэрцы іх — біце мячамі! Не давайце чужынцамі быць!» (Strike them, strike to the heart with swords brandished, Let them not into foreigners turn!).

Адзначыла 100-годдзе класіка і мінскае выдавецтва «Беларусь». Яно ў 1991 годзе таксама выпусціла паштоўку, прысвечаную Максіму Багдановічу ў афармленні Міхала Баразны. На адным баку паштоўкі — малады і прыгожы Максім, а на адваротным баку надрукаваны яго верш «Пагоня».

Шмат зрабіла для ўшанавання памяці Максіма Багдановіча гродзенская паэтка і публіцыстка Данута Бічэль. Дзякуючы яе руплівасці ў 1986 годзе ў Гродна быў адкрыты музей паэта, і спадарыня Данута да 1998 года яго ўзначальвала. Гэта дзякуючы Дануце Бічэль у гродзенскім музеі Максіма Багдановіча адбываліся шматлікія вечары, сустрэчы, прэзентацыі. Музей выдаваў буклеты, кнігі, запрашэнні і, вядома ж, паштоўкі.

У 1996 годзе ў гродзенскай друкарні накладам 500 асобнікаў была выпушчана паштоўка, прысвечаная маці Максіма Багдановіча Марыі Багдановіч (1869–1896). На адным баку паштоўкі змешчаны партрэт маладой і прыгожай Марыі Багдановіч і радкі з верша Максіма: «І ціха думаў я: быць можа, любоў, палёгшы у трунах, перамагла і смерці жах!». А на адваротным баку паштоўкі надрукаваны верш паэта «Раманс»:

Не знайсці мне спакою

Ні цёмнай ночай, ні днём,

Бо любоў мяне мучыць і паліць

Пякельным агнём.

Але ведама: каб апаліўшыся,

Боль заглушыць, —

Трэба толькі да раны

Халоднай зямлі прылажыць.

Пэўна прыйдзецца мне

Пахавацца ў сырую зямлю,

Каб суцішыць мучэнні

І тую забыць, што люблю.

У 1997 годзе гродзенскі музей Максіма Багдановіча выдае яшчэ адну паштоўку, на гэты раз з партрэтам Максіма Багдановіча. Наклад паштоўкі быў 400 асобнікаў.

Грамадска-культурны дзеяч, навуковец, калекцыянер Анатоль Белы (1939–2011) заснаваў у 1990 годзе і адкрыў у 1999 годзе на ўласнай сядзібе ў горадзе Старыя Дарогі прыватны мастацкі музей. У музеі да сённяшніх дзён экспануецца каля 1700 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, медальернага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі.

У экспазіцыі прадстаўлены партрэты князёў, палкаводцаў, культурна-асветніцкіх дзеячаў Беларусі, батальныя карціны, краявіды, помнікі дойлідства, гарады і замкі Беларусі, бюсты і медалі, зробленыя ў гонар знакамітых дзеячаў Бацькаўшчыны. Ёсць там і бюсты Максіма Багдановіча і яго бацькі Адама Багдановіча. Анатоль Белы пры жыцці выдаў серыю паштовак, на якіх адлюстраваны вялікія беларусы ХХ стагоддзя. Адна з паштовак прысвечана Адаму і Максіму Багдановічам: на адным баку — бюсты Максіма і Адама Багдановічаў, на адваротным — верш Яўгена Гучка «Парыж — Старыя Дарогі» з радкамі: «Адам і Максім Багдановічы паўсталі таксама ў метале надоечы…».

Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча да яго 115-годдзя выпусціла каляровую паштоўку, прысвечаную паэту і Ракуцёўшчыне. Летам на ўскраіне Ракуцёўшчыны ў 1911 годзе гасцяваў Максім. «Страніца лепшая ў штодзённіку жыцця!» — так назваў паэт гэты час. Там ён напісаў два цыклы вершаў —«Старая Беларусь» і «Места» (усяго 17 вершаў) і дзве паэмы  — «У вёсцы» і «Вераніка».

Музеефікацыя ракуцёўшчынскіх месцаў пачалася ў 1970-х гадах. А ў 1977 годзе ў вёсцы Ракуцёўшчына на ўспамін аб знаходжанні там паэта пастаўлены два помнікі-валуны: адзін — як вечная свечка памяці, на другім выбіты радкі з «Санета» Максіма Багдановіча. У 1981 годзе ў вёсцы каля помніка беларускімі літаратарамі пасаджаны мемарыяльны «Максімаў сад».

У 1994 годзе там быў створаны філіял музея Максіма Багдановіча «Фальварак Ракуцёўшчына», які ўключае сядзібу Лычкоўскіх (домік арандатара, фальварковая хата, гаспадарчыя пабудовы), тэрыторыю вакол сядзібы, Максімаву крыніцу. Штогод тут адбываецца свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета», прысвечанае памяці Максіма Багдановіча.

Маладзечанскія краязнаўцы Міхась Казлоўскі і Барыс Брацук да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча ў Маладзечне выпусцілі сваю чорна-белую паштоўку з партрэтам Максіма Багдановіча.

* * *

Вось такія паштоўкі ў гонар нашага выдатнага паэта выдаваліся на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. Магчыма, штосьці аўтар артыкулу і прапусціў, пра штосьці не ведае, але ведаюць нашы чытачы. Калі ласка, дасылайце свае аповеды.

Ілюстрацыі з уласнай калекцыі Сяргея Чыгрына

Каментаваць