Мінскі бізнэсмэн сябраваў з Пілсудскім

Ён быў адным з найбольш буйных землеўласнікаў у Мінскай губерні, паспяховым бізнэсмэнам, сябрам Дзяржаўнай Рады Расійскай імперыі, міністрам сельскай гаспадаркі Польшчы. Гутарка ідзе пра Канстанціна (Караля) Незабытоўскага.



Заможны землеўласнік

   Нарадзіўся будучы міністр у 1865 годзе ў маёнтку Алешэвічы на Гродзеншчыне. Яго бацька быў буйным землеўладальнікам. У 1879 годзе Канстанцін разам са старэйшым братам Стэфанам паступілі ў 4-ты клас класічнай гімназіі ў Вільні. Дарэчы, аднакласнікамі Незабытоўскіх былі браты — Юзаф і Браніслаў Пілсудскі. Пасля заканчэння школы ў 1884 годзе Канстанцін Незабытоўскі паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, які скончыў з адзнакай у 1889 годзе. Праз год, у Вільні, ён ажаніўся на Соф’і Ленскай. У іх нарадзілася тры дачкі: Марыя, Алена і Ірэна.

   Пасля вучобы Канстанцін вырашыў вярнуцца ў Беларусь і заняцца кіраваннем зямельнай уласнасцю ў Мінскай губерні. Фамільны маёнтак перайшоў яму ў спадчыну пасля смерці бацькі. Незабытоўскі пасяліўся ў фальварку Бацэвічы ў Бабруйскім павеце. У канцы XVІІ стагоддзя Незабытоўскія набылі Бацэвічы ў Радзівіллаў. У пачатку ХХ стагоддзя ў распараджэнні шляхціца былі млын, алейня, цагляны завод, фабрыка мэблі пры якой была арганізавана бальніца для работнікаў.

Фальварак Незабытоўскіх Бацэвічы ў Бабруйскім павеце

  У 1909 годзе замест спаленага драўлянага палаца быў пабудаваны новы каменны палац. Па ўспамінах відавочцаў ў палацы было шмат антыкварнай мэблі, багатая калекцыя гадзіннікаў і іншых дарагіх прадметаў інтэр’еру. Асаблівым гонарам уладальнікаў Бацэвічы была калекцыя старажытнага аўстрыйскага фарфору (каля 500 элементаў). Каля палаца быў разбіты зімовы сад з флігелем. Дарэчы, зімой будынак ацяпляўся дзякуючы сістэме цэнтральнага ацяплення, якая была праведзена па ўказанні Незабытоўскага.

Незабытоўскі ў сваім палацы

Паспяховы бізнэсмэн

   У хуткім часе шляхціц ператварыўся ў буйнога і паспяховага бізнэсмэна. Ён прымае ўдзел у рабоце Мінскага сельскагаспадарчага таварыства (МСТ). Першапачаткова таварыства было звычайным адміністрацыйным праектам царскіх чыноўнікаў, але з цягам часу гэта арганізацыя стала адной з галоўных ўстаноў у Паўночна-Заходнім краі.

   Ідэя стварэння МСТ належала піянеру рускай культуры на Міншчыне міністру ўнутраных спраў Льву Макаву. У 1876 годзе быў зацверджаны статут гэтай арганізацыі. Аднак надзеі на тое, што галоўную ролю ў гэтых арганізацыях будуць гуляць рускія дваране, не апраўдаліся. Менавіта мясцовая беларуска-польская шляхта стала галоўным рухавіком эканамічнага жыцця Міншчыны. Адміністрацыя таварыства імкнулася мадэрнізаваць шляхецкую сельскую гаспадарку. Ствараліся склады сельскагаспадарчых машын, угнаенняў.

  Важным фактарам было тое, што на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў знаходзілася значная колькасць рускіх войскаў. Гэта удала выкарыстала кіраўніцтва МСТ. Паспяховыя перамовы з вайсковым кіраўніцтвам прывялі да заключэння дамовы на пастаўку збожжа, мукі і кашы для вайсковай інтэндантуры. Напрыклад, у 1889 годзе МСТ атрымаў заказ на пастаўку 300 тысяч тон збожжа для войска. Мінскія памешчыкі, у тым ліку і Кантанцін Незабытоўскі, былі манапалістамі і ў пастаўцы мяса і мясной прадукцыі ў войска.

   Дзякуючы актыўнай і паспяховай дзейнасці адміністрацыі МСТ 17 лютага 1900 года было створана Мінскае таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання. Адміністрацыя МСТ спрабавала рэалізаваць праект па стварэнні Паўночна-Заходняга сельскагаспадарчага таварыства ўзаемнага кароткатэрміновага крэдыту. Амбіцыйная ідэя на жаль не была рэалізавана таму, што не выклікала падтрымкі з боку прадстаўнікоў Віленскага і Ковенскага сельскагаспадарчых таварыстваў.

   У 1896 годзе пры таварыстве створана лесаўпарадкавальнае бюро з аддзелам ляснога гандлю, у 1897-м — камерцыйнае аддзяленне. Таварыства пастаўляла лясныя матэрыялы данецкім каменнавугальным шахтам, экспартавала лес, наладзіла гандлёвыя зносіны з Варшавай па збыце масла і малочных прадуктаў, займалася ўпарадкаваннем мінскіх конскіх кірмашоў, стварэннем узорнага кірмашу на Залатой Горцы па продажы коней і іншай жывёлы. Канстанцін Незабытоўскі адзначыўся яшчэ і тым, што падтрымліваў больш дробных землеўласнікаў і тых, хто распачынаў уласную справу.

   У пачатку ХХ стагоддзя Незабытоўскі набывае яшчэ адзін маёнтак у Мінскай губерні. Ольса была адным з буйных землеўладанняў у Беларусі і гістарычна належала роду Забела. Палац у Ольсе быў пабудаваны мінскім кашталянам, генералам-лейтэнантам войск ВКЛ Шымонам Забела ў ХVІІІ стагоддзі. Перад палацам быў разбіты прыгожы сад. Разам з маёнткам Незабытоўскі атрымаў і 900 дзесяцін зямлі. У 1897 годзе шляхціц стаў ганаровым пакаёвым суддзёй у Бабруйску, а ў 1911 годзе — сябрам Дзяржаўнай рады Расійскай імперыі ад Мінскай губерні.

Суддзя і перамоўшчык

   Калі пачалася Першая Сусветная вайна, Незабытоўскі вярнуўся ў Беларусь. 30 красавіка 1918 года па загадзе камандуючага І-м польскім корпусам генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага Канстанцін Незабытоўскі ўвайшоў у склад маёмаснай камісіі корпуса. Акрамя гэтага, ён удзельнічаў у грамадзянскім кіраванні Бабруйскам.

   У чэрвені 1918 года на з’ездзе ў Мінску землеўладальнік быў абраны сябрам Камітэта польскага савета Міншчыны. Аднак, неўзабаве, пасля пачатку наступу Чырвонай Арміі Незабытоўскі пакідае Беларусь і з’яжджае ў Варшаву.

   Знаходзячыся ў Польшчы, шляхціч працягвае цікавіцца справамі ў Мінскай губерні. І гэта не дзіўна, бо там у яго засталіся вялікія зямельныя ўладанні. У студзені 1919 года разам з іншым буйным мінскім землеўладальнікам Эдвардам Вайніловічам Незабытоўскі ўдзельнічаў у перамовах з амерыканскай ваеннай дэлегацыяй на чале з лейтэнантам Фостэрам.

Банкрут паняволі

   Увесну 1919-га шляхціц быў прызначаны паўнамоцным прадстаўніком Польскага Чырвонага крыжа на польска-савецкім фронце ў Беларусі. У выніку Рыжскага мірнага дагавора, падпісанага ў сакавіку 1921 года ўсходняя частка Беларусі апынулася ў руках бальшавікоў. Захад краіны быў уключаны ў склад ІІ Рэчы Паспалітай.

   Такое становішча рэчаў стала сапраўднай трагедыяй для Незабытоўскага. Ён раптоўна страціў усе свае маёнткі і зямельныя надзелы, якія знаходзіліся на Міншчыне. На польскім баку засталіся толькі маёнтак Хотаў каля Стоўбцаў, які належаў жонцы, а таксама Глыбокае і Алешэвічы. Акрамя гэтага, ён набыў былое нямецкае землеўладанне на захадзе Польшчы ў Аркушеве пад Гнезнам.

 

Міністр і дзяржаўны дзеяч

   У маі 1926 года Незабытоўскі ўпершыню пасля доўгай паўзы сустрэўся з Пілсудскім. Гутарка былых школьных таварышаў была доўгай і змястоўнай. Маршал, адчуўшы, што землеўласнік з Міншчыны разбіраецца ў сельскай гаспадарцы, прапанаваў яму пасаду міністра. Праца новага ўрада пачалася ў кастрычніку 1926-га. Для таго, каб стабілізаваць стан сельскай гаспадаркі ў Польшчы Незабытоўскі пачаў кампанію па павышэнню цэн на сельгаспрадукцыю. Аднак, неўзабаве ён сустрэў процідзеянне з боку іншых польскіх палітыкаў. Да таго ж і сам Юзаф Пілсудскі быў не зацікаўлены ў павышэнні коштаў на прадукты для арміі.

Незабытоўскі разам з Пілсудскім

   У сакавіку 1928 года Незабытоўскі быў абраны ў сенат ад Палескага ваяводства. Летам таго ж года шляхціц наведаў Прагу і сустрэўся з чэхаславацкім прэзідэнтам Томашам Масарыкам. Палітыкі абмеркавалі магчымасці паляпшэння адносін паміж дзвюма краінамі.

   Па прапанове Незабытоўскага ў 1929 годзе польскі ўрад адмяніў вывазныя мыты на зерне. У гэтым жа годзе міністр падаў у адстаўку разам з іншымі членамі ўрада. З 1930 года Незабытоўскі цалкам адыходзіць ад палітыкі і пераключаецца на кіраванне сваім маёнткам Хотаў ў Навагрудскім ваяводстве. Там, як і на Міншчыне, яму ўдалося стварыць ўзорную гаспадарку з развітой інфраструктурай і вытворчасцю.

Канстанцін Незабытоўскі. 1934 год

   17 верасня 1939 года Канстанцін Незабытоўскі прымае рашэнне з’ехаць спачатку ў Францыю, а затым у Вялікабрытанію. Там ім былі напісаны ўспаміны пад назвай “З Пілсудскім са школьнай лавы". Памёр мінскі шляхціц ў 1952 годзе ў графстве Бекенхэм ў доме для састарэлых “Антаколь".

Незабытоўскі ў Велікабрытаніі (першы справа)

***

    У пачатку 1990-х гадоў у беларускія Бацэвічы, дзе калісьці знаходзіўся маёнтак Незабытоўскіх з ЗША прыязджала малодшая дачка Канстанціна Незабытоўскага Ірэна з унучкай. Жанчына паспела паказаць унучцы тыя месцы, дзе яна, будучы такой жа маленькай дзяўчынкай правяла дзяцінства. Яны прайшлі па знаёмых вясковых вуліцах, і адшукалі тое месца, дзе некалі стаяў іх радавы маёнтак.

Абмеркаванне:

  • Мила
  • 2014-12-13 18:56:05
Когда-то в своей газетной статье я допустила ошибку, что дочь Незабытовского приезжала в Бацевичи с внучкой. На самом деле с внуком Иваном.

Каментаваць