План “Вострая брама”: вызваліць Вільню

У канцы чэрвеня 1944 года савецкія войскі пачалі аперацыю “Баграціён. Неўзабаве першыя чырвонаармейскія часткі падышлі да былой “рыжскай мяжы, якая з 1921 па 1939 год падзяляла Беларусь на дзве часткі. Гэты факт непакоіў польскі эмігранцкі ўрад у Лондане.
 



Падпалкоўнік А.Кжыжаноўскі (Воўк), камандуючы аперацыяй Вострая Брама


Безумоўна, Савецкі Саюз быў хаўруснікам Вялікабрытаніі, ЗША і Францыі. Аднак палякі не пагаджаліся на страту сваіх усходніх ваяводстваў і хацелі бачыць сваю краіну ў межах да верасня 1939 года.

14 лютага 1942 года загадам тагачаснага польскага галоўнакамандуючага генерала Ул. Сікорскага Саюз узброенай барацьбы быў перайменаваны ў Армію Краёвую (далей — АК), атрады якой актыўна дзейнічалі не толькі на этнічных польскіх тэрыторыях, але і ў Заходняй Беларусі. Трэба адразу падкрэсліць, што ў складзе АК было шмат беларусаў-каталікоў, якія часцей змагаліся не за якую-небудзь палітычную ідэю, а за сваю зямлю.

Акцыя “Навальніца

У лістападзе 1943 года ўсе акругі АК атрымалі загад галоўнага каменданта генерала Т. Камароўскага аб пачатку так званай акцыі “Навальніца. У адпаведнасці з ім польскія партызанскія фарміраванні павінны былі праводзіць дыверсіі на камунікацыях нямецкіх войскаў. Як адзначае беларускі даследчык Я. Сямашка, палітычнай мэтай “Навальніцы быў захоп кантролю над важнейшымі ваенна-стратэгічнымі, прамысловымі, адміністрацыйнымі і культурнымі цэнтрамі краіны, яшчэ да таго, як іх вызваліць ад немцаў савецкая армія.

Адзел акаўцаў. Навагрудчына, 1943 г. На жаўнерах польская даваенная форма ўзораў 1919 і 1936 гг.



Галоўным адміністратыўным цэнтрам паўночна-ўсходніх крэсаў была старажытная Вільня. Камандаванне АК разумела, што вызваленне гэтага гораду з-пад нямецкай акупацыі іх часткамі давала польскаму ўраду ў Лондане дадатковы козыр у спрэчцы са Сталінам. Больш таго, у польскіх партызан на Заходняй Беларусі быў досвед захопу добра ўмацаванага населенага пункта. У чэрвені 1943 года акаўцы правялі ўдалую аперацыю па авалоданню Івянцом. Нямецкі гарнізон у горадзе складаўся з роты жандармерыі, батальёна беларускай паліцыі, гаспадарчай роты і некалькіх рот нямецкіх пілотаў, якія знаходзіліся на адпачынку. У азначаны час акаўцы атакавалі будынак жандармерыі і казармы. Адначасова былі перакрыты дарогі на Ракаў і Стоўбцы. Падчас бою на бок акаўцаў перайшлі беларускія паліцэйскія, што значна ўзмацніла сілы атакуючых. Немцы даволі ўпарта абараняліся ў будынках старых казарм. Неўзабаве на дапамогу палякам прыйшлі і… савецкія партызаны. Бой працягваўся 18 гадзін. У выніку нямецкі гарнізон быў знішчаны, а горад у нямецкім тылу быў вызвалены ад акупантаў.

Падпалкоўнік “Воўк

Аднак нягледзячы нават на гэтую і іншыя перамогі камандаванне АК разумела, што атака на Вільню — гэта зусім іншы маштаб баявых дзеянняў. 26 мая 1944 года генерал Камароўскі загадам 996/І прызначыў камандуючым Навагрудскай і Віленскай акругамі АК падпалкоўніка А. Кжыжаноўскага (псеўданім “Воўк). Ён і прадставіў 12 чэрвеня 1944 года ў варшаўскай штаб-кватэры АК план пад кодавай назвай “Вострая брама.

У адпаведнасці з ім нямецкі гарнізон у Вільні павінны былі атакаваць 5 палявых груповак польскіх партызан. Першапачаткова дату правядзення акцыі прывязалі да дня, калі часткі Чырвонай Арміі дойдуць да Смаргоні і Сол. Аднак пазней камандаванне АК прызначыла пачатак аперацыі “Вострая Брама на ноч з 7 на 8 ліпеня 1944 года. Адначасова з правядзеннем атакі на Вільню іншым атрадам АК быў адданы загад правядзення дыверсій супраць нямецкіх войскаў у раёне Ашмян, Баранавічаў, Слоніма, Ліды, Юрацішак. 4 ліпеня 1944 года часткі 3-га Беларускага фронту перайшлі лінію мяжы, існаваўшай да 1939 года.

Акавец, са збораў музея Войска Польскага ў Варшаве

Тады кіраўніцтву АК стала зразумела, што Чырвоная Армія падыдзе да Вільні раней, чым гэта падавалася палякам. Штаб АК прыняў рашэнне распачаць атаку на нямецкі гарнізон Вільні на суткі раней. На жаль, пра перанос часу аперацыі не былі своечасова праінфармаваныя камендант Віленскага гарадскога гарнізона АК “Людвік, камандзір паўночнага злучэння “Венгельны, камандзір 6-й брыгады “Конар. Частка польскіх камандзіраў, адчуваючы небяспеку прамога сутыкнення з савецкімі войскамі, у апошні момант адмовілася ад удзелу ў “Вострай браме. У выніку з запланаваных 10 тысяч жаўнераў пад Вільняй АК змагла выкарыстаць толькі 6 тысяч, якім супрацьстаяла, па розных падліках, каля 17 тысяч немцаў. У 2 гадзіны ночы акаўцы пайшлі ў атаку на добра ўмацаваныя пазіцыі гітлераўцаў.

Атака

Галоўную задачу выконвалі падраздзяленні пад камандаваннем маёра А. Аляхновіча і маёра Ч. Дэмбіцкага. У раёнах Грыбішкі, Гуры, Віленская калонія наступаючых затрымаў шчыльны кулямётны агонь з нямецкіх дотаў. Хутка польскія жаўнеры пачалі сустракаць першыя савецкія вайсковыя аддзелы. Так, капітан Б. Загурны са сваімі людзьмі дапамог наступленню савецкай 97-й Віцебскай пяхотнай дывізіі. Першая брыгада Віленскай акругі АК наступала сумесна з байцамі 277-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі. Дарэчы, камандзір гэтай дывізіі, генерал-маёр Белкін-Гладышаў выдаў польскаму падраздзяленню падзяку, у якой, у прыватнасці, адзначалася, што “польскія салдаты змагаліся за авалоданне Вільняй мужна, і брыгада заслугоўвае права карыстацца ўсімі неабходнымі прывілеямі.

Акаўцы



Акаўскія падпольшчыкі ў Вільні ўласнымі сродкамі захапілі правябярэжную частку горада і сумесна з савецкімі падраздзяленнямі атакавалі левы бераг. Найбольш жорсткія баі адбыліся на вуліцы Субоч. Там знаходзіўся нямецкі бункер і некалькі зенітак. Цаной жыцця дзясяткаў савецкіх і польскіх салдат праз два дні ўдалося знішчыць фашысцкі гарнізон. Усяго ў баях з немцамі падчас аперацыі “Вострая брама загінула 500 жаўнераў Арміі Краёвай, яшчэ каля 1000 было паранена.

З 9 ліпеня ў правабярэжнай частцы горада дзейнічала польская камендатура. У сваю чаргу, левы бераг Віліі знаходзіўся пад юрысдыкцыяй савецкага камандавання. 13 ліпеня падхарунжы Е. Енч і капрал А. Рыхтер паднялі на вежы Гедыміна польскі сцяг. У гэты ж дзень аддзелы АК пад Краўчунамі ўступілі ў бой з адступаючымі з Вільні часткамі нямецкіх войскаў і разбілі іх. У палон было ўзята каля 1000 гітлераўцаў, якіх палякі перадалі Чырвонай Арміі.

Турма замест ордэна

Пасля вызвалення Вільні савецкае камандаванне пачало перамовы з падпалкоўнікам Кжыжаноўскім аб разбраенні польскіх частак і стварэнні асобнага польскага корпусу. У гэты час польскія аддзелы пачалі акружацца падраздзяленнямі НКУС. У расійскім гістарычным архіве захоўваецца даклад Л. Берыі Сталіну адносна польскіх фармаванняў у Вільні. У дакуменце наркам падкрэсліваў: “Наяўнасць польскага войска дэзарыентуе мясцовае насельніцтва. Многія думаюць, што гэта польская армія Берлінга. [...] 16 ліпеня ў раён Вільні намі перакідваецца адна дывізія ўнутраных войскаў НКУС і 4 памежатрады.

Жаўнеры Арміі Краёвай і Чырвонай Арміі ў вызваленай ад немцаў Вільні. 1944 год



14 ліпеня 1944 года Кжыжаноўскі быў запрошаны на сустрэчу з камандаваннем 3-га Беларускага фронту. Польскі афіцэр быў у добрым настроі, калегам ён паўтараў фразу: “Бачыце, што не змаглі зрабіць палітыкі на зялёным сукне, зробім мы, салдаты. Аднак 17 ліпеня ў штабе Івана Чарняхоўскага польскі падпалкоўнік быў арыштаваны і змешчаны спачатку ў віленскую турму, а потым перавезены ў маскоўскую Лубянку.

Далейшы лёс гэтага чалавека нагадвае шпіёнскі дэтэктыў. Знаходзячыся ў лагеры ў Гразёўцу, ён здзяйсніў удалы пабег і вярнуўся ў Вільню, дзе спрабаваў схавацца ў польскім консульстве. Там яго зноў арыштоўваюць, вяртаюць у Бутырку, аднак хутка адпускаюць у Польшчу. Праз год Кжыжаноўскага арыштоўвае польская палітычная паліцыя UB. Падпалкоўніка абвінавачваюць у акцыях супраць савецкіх партызан на Віленшчыне. У 1951 годзе ён памёр ад сухотаў у турэмным шпіталі.

Розныя лёсы

Пасля арышту кіраўніцтва Віленскай і Навагрудскай акруг АК атрады польскіх партызан спрабавалі ўратавацца ад НКУС у Рудніцкай пушчы, аднак шмат з іх трапіла ў акружэнне. Усяго ў руках савецкіх спецорганаў аказалася некалькі тысяч акаўцаў. Шмат хто з іх будзе сасланы на працу ў Варкуту. Некаторыя жаўнеры і афіцэры ўступяць у народнае Войска Польскае і працягнуць змагацца з нацыстамі ў шэрагах 1-й арміі ВП. Так скончылася дзёрзкая і гераічная аперацыя “Вострая брама.
 

Абмеркаванне:

  • Радам
  • 2012-12-18 14:15:41
Трэба адразу падкрэсліць, што ў складзе АК было шмат беларусаў-каталікоў, якія часцей змагаліся не за якую-небудзь палітычную ідэю, а за сваю зямлю

-----------------------------

А якія сведчанні гэтаму? Ці арганізоўвалі свае, беларускія атрады?
  • Пятро Гусаў
  • 2012-12-19 05:54:24
Людзі змагаліся за свой дом у атрадах АК. І што тут не зразумелага? І не важна, што фармацыя была польская. Галоўнае змагаліся за сваё. Дарэчы, у АК было і шмат праваслаўных беларусаў. Артыкул вельмі
цікавы і змястоўны! Як дарэчы і ўсе іншыя працы гэтага аўтара!
  • Радам
  • 2012-12-19 13:49:56
Проста змагацца за дом? Як вы сабе гэта ўяўляеце? У атрадах усё адно была прапаганда: у адных савецка, там - польская. Вось гэты аспект хацелася б бліжэй пабачыц. Аўтару ідэя ;)

Каментаваць