Польскія каланіяльныя мары

Ў 1918 годзе ў польскіх палітычных колах былі агучаны думкі пра неабходнасць здабыцця тэрыторый на іншых кантынентах. Вайна з бальшавіцкай Расіяй прымусіла палякаў заняцца абаронай уласнай тэрыторыі. Але мара пра калоніі засталася.



Патрабуем заморскіх калоній для Польшчы


Паспяховы нацыянальны праект

У 1920-я гады ў ІІ Рэчы Паспалітай з’явіўся шэраг арганізацый, якія актыўна займаліся прапагандай польскіх каланізацыйных планаў. Так, у 1926 годзе быў створаны Навуковы інстытут па вывучэнні эміграцыі і каланізацыі, а ў 1928-м — Саюз каланіяльных піянераў. Аднак найбольш важнай арганізацыяй у гэтай сферы была Марская і каланіяльная ліга (МКЛ), створаная на базе Марской і рачной лігі. 8 лістапада 1930 года, старшынёй яе праўлення стаў генерал Войска Польскага Густаў Орліч-Дрэшар (трагічна загінуў у 1936 годзе).

 

Густаў Орліч-Дрэшар

Менавіта гэты чалавек ператварыў звычайную рэгіянальную арганізацыю ў паспяховы нацыянальны праект, лейтматывам дзейнасці якога стала ідэя пра тое, што Польшча — гэта не краіна другога свету і не задворкі Еўропы, а моцны ігрок на міжнароднай геапалітычнай арэне.

Эмблема МКЛ

 

Сябры МКЛ

 

У статуце МКЛ, у прыватнасці, адзначалася, што арганізацыя імкнулася да распаўсюджвання ведаў па марской, рачной і эміграцыйна-каланіяльнай тэматыцы. Акрамя гэтага Марская і каланіяльная ліга імкнулася да развіцця польскага гандлёвага і вайсковага флоту. Важным момантам у яе дзейнасці была падтрымка кантактаў з польскімі эмігрантамі ў іншых краінах. Нарэшце, самым галоўным быў пошук новых тэрыторый для польскай нацыянальнай і гаспадарчай экспансіі. Калі ў 1933 годзе колькасць сябраў МКЛ была 706 30 чалавек, то ў 1937 годзе ў складзе арганізацыі было ўжо 535 237 сябраў, а на 1 чэрвеня 1939 года сяброўскія пасведчанні МКЛ мелі 992 780 чалавек.

Плакат  МКЛ

Акрамя гэтага, Марская і каланіяльная ліга была і вельмі багатай арганізацыяй. Напрыклад, у канцы верасня 1937 года бюджэт МКЛ у Віленскім ваяводстве складаў 8 мільёнаў злотых, у Навагрудскім 2 200 мільёнаў злотых і ў Палескім 2 300 мільёнаў злотых. І гэта ў небагатай Заходняй Беларусі. Атрыманыя грошы МКЛ накіроўвала на фінансаванне ВМФ, а таксама… на вырашэнне каланіяльных патрэб сваёй дзяржавы.

Станцыя "Нарач"

Бразільская зямля за польскія грошы

У пачатку 1930-х гадоў у Германіі набіраюць сілу выступленні за вяртанне тэрыторый, якія пасля Першай сусветнай вайны аказаліся ў складзе Польшчы. У адказ польскі бок пачынае раскручваць кампанію па перагляду права на былыя нямецкія калоніі ў Афрыцы. Акрамя гэтага, у 1934 годзе МКЛ выкупіла частку бразільскага штата Парана і стварыла там паселішча польскіх каланістаў «Марская Воля». Палякі збіраліся набыць 2 мільёна гектараў на будаўніцтва жылля і гаспадарчых пабудоў, а таксама мелі намер пабудаваць чыгуначную лінію Рыазін’ё-Гуарапува працягласцю 138 кіламетраў, якая павінна была звязаць польскія пасяленні з бразільскімі гарадамі. «Марская Воля» падзялялася на дзве часткі: гарадскую і вясковую. У 1936 годзе там жыло 75 польскіх сямей.

Польскія каланіяльныя войскі

Хутка МКЛ набыла яшчэ адзін участак у штаце Парана. Пазней ад будаўніцтва чыгункі давялося адмовіцца. Больш таго, урад Бразіліі зразумеў, што такія гульні з зямельнай маёмасцю могуць прывесці да страты гэтых тэрыторый на карысць Польшчы. Краіны знаходзіліся на парозе вайны, аднак «маёмасныя спрэчкі» ўдалося вырашыць мірным шляхам. Падчас Другой сусветнай вайны польскія паселішчы прыйшлі ў заняпад, а бразільскія ўлады забаранілі ўсе праявы польскасці на гэтых тэрыторыях.

Калоніі ў Афрыцы

Кіраўніцтва МКЛ правяло перамовы з Ліберыяй, якія скончыліся падпісаннем дамовы пра двухбаковае супрацоўніцтва. Некаторыя польскія даследчыкі лічаць, што ў гэтага дакумента была тайная частка, якая дазваляла палякам не толькі развіццё сваіх паселішчаў, але і давала магчымасць польскаму ўраду арганізоўваць мабілізацыю грамадзян Ліберыі ў Войска Польскае.

Пазней ІІ Рэч Паспалітая адмовілася ад ратыфікацыі гэтай дамовы. Як кажуць, з-за таго, што ў дакуменце адсутнічала фраза пра тое, што «Ліберыя становіцца пратэктаратам Польшчы».

Польскі бок разглядаў планы каланізацыі Анголы, якая належала Партугаліі. У красавіку 1928 года сябар звязанага з Марской і рачной лігай Саюза каланіяльных піянераў Казімеж Глухоўскі накіраваўся ў Лісабон і сустрэўся з прадстаўнікамі партугальскага ўраду. У снежні таго ж года ў Анголу накіравалася польская навуковая экспедыцыя пад кіраўніцтвам Францішка Лыпа. Галоўнай мэтай паездкі было даследаванне тэрыторыі афрыканскай краіны і пошук месцаў, якія б падыходзілі для польскіх паселішчаў.

Каланіяльны салдат Войска Польскага

Па выніках экспедыцыі палякам стала зразумела, што Ангола не вельмі падыходзіць для масавай каланізацыі, але там можна было развіваць буйныя сельскагаспадарчыя плантацыі. Ужо ў 1929 годзе пачынаюцца перамовы з урадам Партугаліі наконт заключэння гандлёвай дамовы і атрымання дазволу для польскіх грамадзян сяліцца ў Анголе.

Польскія каланіяльныя войскі

Паралельна ў Польшчы ствараецца арганізацыя «Полангола», якая павінна была курыраваць гандлёвыя адносіны паміж Польшчай і Партугаліяй. У снежні 1929 года ў гэтай афрыканскай краіне з’яўляецца плантацыя графа Адама Замойскага. Пазней да яго далучыўся яшчэ дзясятак багатых палякаў. Плантатары вырошчвалі каву, какаву, збожжавыя культуры. У Анголу пачалі прыязджаць польскія турысты. Паралельна палякі спрабавалі «ўкараніцца» ў партугальскім Мазамбіку.

Актыўнасць Польшчы напалохала ўрад Партугаліі, і Лісабон адмовіўся ад пункта дамовы наконт дазволу масавага перасялення польскіх грамадзян у партугальскія калоніі ў Афрыцы.

Ідэя «калоній для Польшчы» — у масы

Агітацыя "Мора — сіла"

Багатая і ўплывовая Марская і каланіяльная ліга праводзіла актыўную работу з польскім грамадствам. У 1932 годзе было праведзена свята мора ў Гдыні. Арганізацыя ўклала значныя фінансавыя сродкі на будаўніцтва інфраструктуры порту ў гэтым горадзе. У 1937 годзе адбылася буйная выстава малюнкаў марской тэматыкі ў Варшаве, а ў наступным годзе такое ж мерапрыемства адбылася і ў Кракаве.

Парад МКЛ у Гдыні

 

Мерапрыемства МКЛ 

Актыўна дзейнічала МКЛ і на тэрыторыі Заходняй Беларусі. На возеры Нарач у Віленскім ваяводстве знаходзілася галоўная рачная база лігі, дзе праводзіліся розныя масавыя мерапрыемствы. Арганізацыя збірала сродкі ў Фонд марской абароны. Адным з вынікаў гэтай працы было фінансаванне будаўніцтва для польскага ВМФ крэйсера «Арол». У красавіку 1938 года ў Польшчы прайшоў так званы «Дзень калоній», падчас якога ў розных польскіх гарадах адбыліся святочныя шэсці і парады.

Адно з мерапрыемстваў МКЛ

 

Польскі гандлёвы флот

 

Галоўнымі друкаванымі органамі МКЛ былі штомесячны часопіс «Мора» і квартальнік «Марскія і каланіяльныя справы». Гэтыя выданні распаўсюджваліся перш за ўсё ў школах і грамадскіх установах. Львіная доля публікацый у іх была прысвечана каланіяльнай тэматыцы.

Часопіс "Польшча на моры"

Плакат "Дні калоній", 1938 год

 

"Дні калоній", 1936 год

У адным з нумароў часопіса «Мора» за 1935 год журналіст пісаў: «Мы, палякі, як і італьянцы, стаім перад вялікай праблемай размяшчэння і выкарыстання насельніцтва, што хутка павялічваецца. Мы, палякі, як і італьянцы, маем права патрабаваць, каб для нас былі адчыненыя рынкі экспарту і рэгіёны для пасялення, каб мы маглі атрымліваць сыравіну, неабходную для нацыянальнай эканомікі на ўмовах, на якіх гэта робяць іншыя каланіяльныя дзяржавы». У адным з нумароў гэтага ж часопісу за 1937 год аўтар адзначаў, што «ІІ Рэч Паспалітая з’яўляецца моцнай еўрапейскай дзяржавай, якой неабходна мець заморскія калоніі для вырашэння сваіх унутраных і знешніх праблем».

Вокладка часопіса "Антэна", прысвечанага каланіяльнай тэматыцы, 1936 год

Напярэдадні Другой сусветнай вайны ў польскіх палітычных колах вельмі сур’ёзна абмяркоўвалася магчымасць адпраўкі габрэйскага насельніцтва Польшчы ў заморскія калоніі. На адным з пасяджэнняў польскага сейма ў лістападзе 1938 года было заяўлена пра неабходнасць памяншэння колькасці гэтай катэгорыі польскіх грамадзян за кошт эміграцыі на новыя тэрыторыі, у прыватнасці, на Мадагаскар.

Плакат

Відавочна, што на гэтую справу аказвала ўплыў складанае міжнароднае становішча і антыгабрэйская палітыка ў Трэцім Рэйху. Рэалізаваць гэтую небясспрэчную ідэю палякі не паспелі. 1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна, якая паставіла канчатковы крыж на польскіх каланіяльных праектах.

Польскі карабель, 1938 год

Польская падлодка і гідрасамалёт

 

Фота з асабістага архіва Ігара Мельнікава

Абмеркаванне:

  • Максім
  • 2013-07-25 22:30:28
Цікавы матэр'ял фотаздымкі і плакаты. У той час існавла думка, што толькі краіны з выхадам да мора могуць нармальна развівацца. Палякі, маючы зусім невялічкую марскую берагавую лінію ўзяліся за
справу вельмі сур'ёзна: пабудавалі новы марскі порт у Гдыні, распачалі будаўніцтва свайго марскога флоту, у тым ліку ваеннага, і пачалі распрацоўваць уласную каланіяльную палітыку. Апошні факт
выглядае вельмі цікавым, бо Свет быў даўным даўно падзелены на сферы ўплыву-таму Польшчы прыйшлося б вельмі нелёгка заваёўваць права на калоніі, магчыма са зброяй у руках. Навіной для мяне стала
польская каланіяльная місія ў Бразіліі; нічога не ведаў я пра польскія планы адносна перасялення габрэйскага насельніцтва на Мадагаскар(чытаў, што былі такія планы і ў гітлераўскай нямеччыне, але ад
іх адмовіліся з-за пачатку вайны).
  • Дрозд Вадим
  • 2013-07-25 22:40:58
Очень интересная статья. Спасибо! Смешно, что поляки мечтали о колониях. Не богатая в общем то страна, завидовала Великобритании и Франции и хотела стать колониальной державой. А все закончилось
гибелью страны и ее граждан. Автору большой респект. Игорь, у Вас очень интересные статьи и фото. Каждая новая публикация открывает массу неизвестных и интересных фактов. Ждем продолжение!

Каментаваць