Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Пошук ворагаў паўсюль, нават у калгасах

«У калгасе добра жыць — адзін косіць, сем ляжыць. А як сонца прыпячэ, дык апошні ўцячэ». Калектывізацыя і раскулачванне знішчылі ў сялян жаданне прадукцыйнай працы. А сельская гаспадарка краіны так і не акрыяла ад рэпрэсій 1930-х гадоў.


Пачатак тут: «Каб ніводнага кулака не засталося…»



«Пошук ворагаў у калгасах» — так афіцыйна называліся масавыя рэпрэсіі сярод сялян, служачых і інтэлігенцыі.

Статыстыка і людзі

Згодна з рашэннямі Тройкі ПП АДПУ па БССР, у 1930 го­дзе высяленню за межы БССР падлягалі 1931 сям’я — 8208 чалавек. З памежных акруг Мінскага, Полацкага, Бабруйскага і Мазырскага раёнаў меркавалася вывесці 59,2% усіх кулакоў — 1143 сям’і, з астатніх 19 памежных раёнаў — 463 сям’і (24%).

Рэальнае высяленне было іншым. 5519 чалавек загрузілі ў тры з паловай эшалоны — 141 «людскі» і 34 багажныя вагоны. «Недагруз 1 ½ эшалона (77 людскіх вагонаў) адбыўся з-за адсеву — за кошт старых, дзяцей і збольшага хворых, якія засталіся на месцы. Лішняя колькасць загружаных багажных вагонаў адбывалася выключна з-за параўнальна вялікай нормы дазволенага да правозу кожнай сям’і багажу (30 пудоў на сям’ю — запас трохмесячнага харчавання)», — рапартавалі беларускія чэкісты ў Маскву.


У красавіку — чэрвені 1931 года да высялення былі прыгавораныя 5000 сем’яў кулакоў. З 1 па 14 чэрвеня на Урал штодня адпраўлялася па эшалоне. Дзяцей да 10 гадоў і старых дазвалялася пакідаць у сваякоў. Сем’і кулакоў, якія не мелі працаздольных мужчын, высяленню не падлягалі.

У другой палове 1931 года да высылкі запланавалі яшчэ 5671 сям’ю з 61 раёна БССР. Рэальна было выселена 5664 сям’і, ці 22 670 чалавек. «Уся работа праводзіцца ў парадку паведамленага СПА АДПУ плана НР952», — тэлеграфавалі ў Маскву беларускія чэкісты.

Заўважу, што праца спецслужбаў у тыя гады вялася заўсёды згодна з планамі. З Масквы, Мінска сыходзілі ці канкрэтныя лічбы, ці працэнты людзей, якія падлягалі рэпрэсіям. Недавыкананне плану суправаджалася тлумачэннямі.

У наступныя гады высяленне кулацтва працягвалася яшчэ больш маштабна. Напрыклад, з 5 па 15 мая 1933 года падлягалі высяленню 8316 сем’яў з колькасцю душ — 30 410 чалавек і 243 «адзіночкі». Памеры раскулачвання на ліпень 1934 года былі даведзеныя ў Маскву сакратаром ЦК КП(б)Б Гікалам: 35 тысяч сем’яў.

З-за недаступнасці архіваў КДБ РБ, дакладная колькасць пацярпелых ад калектывізацыі людзей не ўстаноўлена. Агульнапрынятымі лічацца: раскулачылі ад 48 да 64 тысяч сем’яў, рэпрэсавалі ад 297,8 да 396,8 тысячы чалавек.

І стукацтва…

«Кулакі», пераселеныя ў Расію, імкнуліся збегчы адтуль на Радзіму. Каб спыніць гэты працэс, АДПУ выдала адпаведны загад (№223/106). Тых, хто збег, абавязкова трэба было вярнуць і пакараць.

Мясцовыя жыхары, якія затрымалі ўцекачоў-кулакоў, атрымлівалі грашовую ўзнагароду «за кошт утрымання з заробку злоўленых кулакоў». Для заахвочвання затрымання дазвалялася «выкарыстанне рэшткаў сумаў ад спецыяльных асігнаванняў на высяленне кулакоў». Тых, хто ведаў пра «збеглых», але не данёс, судзілі па артыкуле «за неданясенне». Частку маёмасці кулака атрымлівалі тыя, хто на яго данёс.


Наступствамі прымусовай калектывізацыі былі выпадкі супраціву сялян. У БССР, у адрозненне ад Украіны, масавых выступаў не было. Аднак сказаць, што высяленні адбываліся зусім пакорна, нельга. Толькі за чэрвень 1930 года, паводле дадзеных АДПУ па БССР, адбыліся 3 забойствы, 4 раненні, 3 замахі, 6 выпадкаў збіцця актывістаў, 48 падпалаў, арыштавалі 32 чалавекі. У жніўні адбыліся 26 падпалаў, забіта 3, арыштавалі 52 чалавекі.

Нават у калгасах

«Пошук ворагаў у калгасах» — так афіцыйна называліся масавыя рэпрэсіі сярод сялян, служачых і інтэлігенцыі, звязаных з сельскай гаспадаркай.

Максімальны размах гэтая кампанія мела ў 1932–1934 гадах. Прававой асновай для масавых рэпрэсій з’яўляўся Крымінальны Кодэкс і Пастанова ЦВК і СНК СССР ад 7 жніўня 1932 года «Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванні грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці», прынятая па ініцыятыве Сталіна. За крадзеж калгаснай і кааператыўнай маёмасці, крадзеж грузаў на чыгуначным і водным транспарце закон прадугледжваў расстрэл з канфіскацыяй маёмасці, які пры змякчальных абставінах мог быць заменены пазбаўленнем волі на тэрмін не менш за 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. У якасці «меры судовай рэпрэсіі» па справах аб ахове калгасаў і калгаснікаў ад гвалтаў і пагрозаў з боку «кулацкіх элементаў» для апошніх прадугледжвалася пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў. Асуджаныя па гэтым законе не падлягалі амністыі.


Для ўвядзення такіх жорсткіх законаў былі, перш за ўсе, эканамічныя прычыны. У «Тэзісах да дакладу аб палітычным стане рэспублікі і аператыўнай працы органаў ПП АДПУ з 1.05.32 па 1.05.33 г.», накіраваных у Маскву, паказвалася галоўная прычына рэпрэсій — асноўныя паказчыкі развіцця сельскай гаспадаркі знізіліся, і ў цэлым выкананне кампаній і мерапрыемстваў за май-снежань 1932 года было ацэнена як «зрыў і недавыкананне». Чэкісты канстатавалі: у 1932 годзе хлебанарыхтоўкі выкананыя на 66%, нарыхтоўка насення — на 34,3%, памольныя зборы — на 38,3%, льназдача — на 38,2%, мясанарыхтоўка — на 73,9%, нарыхтоўка бульбы — на 74,1%. Акрамя таго, з калгасаў выйшлі 43 155 гаспадарак, распаліся 867 калгасаў, калектывізацыя знізілася на 10,2%.

ПП АДПУ па БССР у пошуку «ворагаў у калгасах» мела чатыры асноўныя мэты: «чыстку» калгасаў ад асобаў, апазіцыйна або варожа настроеных да існуючага парадку, барацьбу з раскраданнем калгаснай уласнасці, кантроль за працай кіраўнічых структур і эфектыўнасцю іх працы па выкананні дырэктыў РКП(б) — КП(б)Б, ліквідацыю ачагоў магчымага супраціву.

Чысткі калгасаў, як правіла, пачыналіся з аналізу дзейнасці калгаснай і раённай кіраўнічай эліты, затым членаў КП(б)Б. У «Спецзводцы аб прыцягненні да адказнасці членаў і кандыдатаў КП(б)Б за сабатаж дзяржаўных мерапрыемстваў і зрошчвання з кулакамі», падрыхтаванай АДПУ па БССР 8 студзеня 1933 года, указвалася, што за час з 15 снежня па 4 студзеня, паводле дадзеных з 57 раёнаў БССР, выключана з партыі 998 чалавек, з якіх арыштавана і аддадзена пад суд 325 чалавек, з іх 4 старшыні райвыканкамаў, 103 старшыні сельсаветаў, 90 старшыняў калгасаў, 26 членаў сельскіх саветаў, 11 дырэктараў саўгасаў, 5 кіраўнікоў МТС, 85 членаў праўлення калгасаў, 14 намеснікаў старшыняў і сакратароў сельскіх саветаў. Мясцовая кіруючая эліта, дарэчы, як і сёння, першая несла цяжар рэпрэсіяў.


У пачатку 1933 года агентурны і асведамляльны апарат ПП АДПУ па БССР быў задзейнічаны для правядзення «шырокай аперацыі па арганізацыйных кадрах кулацкай контррэвалюцыі». На абласныя ўпраўленні былі спушчаныя планы «выяўлення ворагаў у калгасах». Яны грунтаваліся на «ўсталяванай колькасці шкоднікаў» — 4–6% працаздольнага сялянства.

Найбольш масавымі арышты былі ў студзені-лютым 1933 года. 23 красавіка 1933 года супрацоўнікі Асобага адзела дакладвалі аб ліквідацыі 24 груп (1148 чалавек), 29 рэзідэнтур (277 чалавек), 93 контррэвалюцыйных паўстанцкіх груповак (1163 чалавекі), 21 контррэвалюцыйнай шкодніцкай групы (248 чалавек), 18 бандыцкіх груповак (136 чалавек). Акрамя таго, «ліквідавалі» 1188 адзіночак. Яшчэ на 4299 чалавек «вяліся справы». На 7 лютага былі арыштаваныя 22 352 асобы, на 10 лютага — ужо 23 544. За тры дні было арыштавана 1192 чалавекі!

Толькі ў першай палове 1933 года Тройкай ПП АДПУ да расстрэлу асуджана 2158 чалавек, да лагераў — 8617 чалавек, да высылкі — 2487 чалавек, а 1448 спраў на 5794 чалавекі перададзена ў НК юстыцыі. Трэба было «асудзіць» яшчэ 26 957 чалавек «улічанага кулацкага і а/с элементу». Рэпрэсіямі была ахоплена ўся рэспубліка.


Рэпрэсіўныя дзеянні спецорганаў былі паспяховымі — з пункту погляду савецкай дзяржавы. Да 1 мая ў калгасы ўвайшла 38 071 гаспадарка, было створана 417 калгасаў. «Упершыню за час існавання Савецкай Беларусі былі выкананыя асноўныя гаспадарча-палітычныя кампаніі», — рапартавалі беларускія чэкісты ў Маскву.

Чысткі сялян працягваліся да канца 1930-х гадоў. Аднак маштабы іх былі значна меншыя, чым у 1932–1933 гадах. Як правіла, сялян уключалі ў шпіёнскія і тэрарыстычныя арганізацыі, ім інкрымінавалі дзеянні ўжо не па развале калгасаў, а ў адпаведнасці з профілем «шкодніцкай арганізацыі» — шкодніцтва ў сістэмах жывёлагадоўлі, льнаводства, ветэрынарыі, сельгаснарыхтовак, земляробства, механізацыі сельскай гаспадаркі, лясной гаспадаркі. Так, з 20 снежня па 5 лютага 1935 года былі ліквідаваныя 129 тэрарыстычных арганізацый (598 чалавек), 1281 тэрарыст-адзіночка. Асабліва адзначу — гэтыя рэпрэсіі ажыццяўляліся ў Беларусі яшчэ да крывавага 1937 года.

Нябачныя наступствы

Наступствамі актыўнай «ліквідацыі кулацтва як класа» стаў масавы рост дзіцячай беспрытульнасці, рост крымінальнай злачыннасці. У дакладной запісцы, накіраванай у ЦК КП(б)Б і СНК БССР кіраўнікамі партыйнай арганізацыі Жлобінскага раёна 5 ліпеня 1933 года, паказвалася, што 216 гаспадарак з 885 чалавекамі «падвергліся адміністрацыйна-судоваму пакаранню з боку органаў ДПУ і суда з канфіскацыяй маёмасці. Гэтыя сем’і ў сваёй пераважнай большасці знаходзяцца ў раёне і жывуць за кошт жабрацтва, ходзяць па дамах». Кіраўнікі раёна не ведалі, што рабіць з гэтымі сем’ямі, і пыталіся пра гэта ў кіраўніцтва краіны.

Маштабы бездагляднасці і звязанай з ёй дзіцячай злачыннасці сталі настолькі значнымі, што ў 1935 годзе барацьбой з беспрытульнасцю дзяцей сталі займацца чэкісты. Толькі за красавік 1935 года ў БССР «канфіскавана з вуліц у гарадах, раённых цэнтрах і рабочых пасёлках 2243 бездаглядных, 58 з якіх былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці ў ліпені, 191 — у маі, 103 — у чэрвені. У жніўні «изъято» 670 дзяцей, 42 з якіх — асуджаныя.

Пасля дзеці накіроўваліся ў размеркавальнікі і дзіцячыя дамы. У мэтах барацьбы з беспрытульнасцю « наладжваецца агентурнае абслугоўванне дзіцячых устаноў з задачай выяўлення засмечанасці сярод педагагічнага калектыву і выкрыцця недахопаў у выхаваўча-педагагічнай працы і гаспадарчай падрыхтоўцы справы», — паведамлялі ў Маскву беларускія чэкісты аб мерапрыемствах па барацьбе з беспрытульнасцю.

Варта адзначыць, што сучасныя працаўнікі беларускіх спецслужбаў надзвычай ганарацца роляй НКУС у ліквідацыі бездаглядных — архіўныя справы, якія змяшчаюць інфармацыю аб гэтай дзейнасці, можна атрымаць без абмежаванняў.

Калектывізацыя і раскулачванне знішчылі ў сялян жаданне прадукцыйнай працы. Ужо ў 1930-я гады папулярнай была прыпеўка: «У калгасе добра жыць — адзін косіць, сем ляжыць. А як сонца прыпячэ, дык апошні ўцячэ». Некалькі пакаленняў беларускіх сялян выраслі з ідэямі не пазітыўнасці калектыўнай працы, а з ідэямі — усё навокал «не маё» і адпаведнымі адносінамі да гэтага.

Сельская гаспадарка краіны так і не акрыяла ад рэпрэсій 1930-х гадоў. Яна застаецца калектыўнай, а «кулакоў» вярнуць у вытворчасць не вельмі і атрымліваецца.

Фота з кнігі Таццяны Процька "Станаўленне савецкая таталітарнай сістэму ў Беларусі (1917—1941 гг.)" 



Каментаваць