Праваслаўе ў краіне санацыі

Восенню 1918 года Польшча пасля двух стагоддзяў няволі стала незалежнай. Некалькі наступных гадоў гэтай краіне прыйшлося адстойваць свае межы. Варшава разумела, што нават «атэістычная» Масква можа згуляць на рэлігійным фактары.



Царква ў Глыбокім. 1930-я гады


Найбольш кровапралітным быў канфлікт з бальшавіцкай Расіяй у выніку якога ў складзе Другой Рэчы Паспалітай апынуліся Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, з амаль 3 мільёнамі праваслаўнага непольскага насельніцтва.

Ад «маскоўскай» царквы да «аўтакефальнай»

На працягу кароткіх «нулявых саветаў» у 1920 годзе бальшавікі паспелі паралізаваць працу цэркваў і касцёлаў на заходнебеларускіх тэрыторыях. Святароў знішчалі, прымушалі эміграваць, цэрквы зачынялі. Пасля «рыжскага міру» праваслаўная царква на тэрыторыі Польшчы фармальна знаходзілася пад юрысдыкцыяй маскоўскага патрыярхату. Варшава разумела, што з цягам часу нават «атэістычная» Масква можа паспяхова згуляць на рэлігійным фактары і выкарыстаць яго ў справе маніпуляцыі непольскім насельніцтвам (беларусамі і ўкраінцамі) ва ўсходніх ваяводствах. Таму палякі зрабілі акцэнт на гістарычную сувязь праваслаўя на землях Першай Рэчы Паспалітай з Канстанцінопалем, але не з Расіяй.

Пры гэтым варта было ўлічваць, што жыхары Заходняй Беларусі ўжо не памяталі «рэспубліку абодвух народаў». Для іх праваслаўная царква была неад’емна звязана з імперыяй Раманавых. У маі 1920-га года (яшчэ пад час баявых дзеянняў польска-бальшавіцкай вайны) быў абраны кіраўнік праваслаўнай царквы ў Польшчы. Ім стаў біскуп Уладзімір Ціханіцкі. Аднак гэты чалавек быў настроены «прарасійскі» і нават меў кантакты з патрыярхам маскоўскім Ціханам. За гэта ў чэрвені 1921-га года святар страціў сваю пасаду. У гэты ж час у Польшчу з Балканаў вярнуўся праваслаўны біскуп Юры Ярашэўскі. Улады Другой Рэчы Паспалітай паважалі яго за тое, што ён не ўдзельнічаў у русіфікатарскай дзейнасці праваслаўнай царквы ў часы Расійскай імперыі, а таксама ненавідзіў савецкую ўладу.

16 верасня 1921-га года адбылася канферэнцыя ў Міністэрстве рэлігійных веравызнанняў і публічнай асветы, падчас якой біскупа Юрыя (пры падтрымцы міністра Мацея Ратая) абралі кіраўніком праваслаўнай царквы на тэрыторыі Польшчы. Масква ў асобе патрыярха Ціхана прызнала Ярашэўскага прадстаўніком маскоўскага праваслаўя ў Польшчы. У студзені 1922-га ў колах польскіх праваслаўных святароў адбывалася дыскусія па пытанні абвяшчэння аўтакефаліі. 30 студзеня 1922 года былі прыняты «Часовыя прадпісанні, рэгулюючыя адносіны паміж польскім урадам і праваслаўнай царквой», якія хутка набылі форму закона (дарэчы, гэты дакумент рэгуляваў дзейнасць праваслаўя на тэрыторыі Польшчы на працягу ўсяго міжваеннага дваццацігоддзя).

Жыхары Заходняй Беларусі

На сінадальным зборы ў Пачаеўскай лаўры ў маі 1922-га года ізноў было выказана жаданне рухацца да аўтакефаліі. Праз год там жа, у Пачаеве, быў створаны Сінадальны вучэбны камітэт, які адказваў за вывучэнне «закона Божага» у пачатковых і сярэдніх свецкіх школах. На месцах, у мястэчках і вёсках праваслаўныя святары разглядалі аўтакефалію, як здраду «рускаму праваслаўю». Супраць аддзялення ад «трэцяга Рыму» выступалі і шматлікія «белыя» эмігранты як ў Польшчы, так і ў іншых усходнееўрапейскіх краінах.

8 лютага 1923 года мітрапаліт Юры быў застрэлены адэптам маскоўскага патрыярхата архімандрытам Смарагдам. Новым кіраўніком польскага праваслаўя стаў біскуп Дыянісій. У гэты ж час актыўна абмяркоўвалася пытанне, на якой мове праводзіць набажэнствы ў праваслаўнай царкве. Восенню 1924 года сінод пашырыў права выкарыстання беларускай мовы ў набажэнствах і дазволіў вывучэнне рэлігіі на роднай мове.

17 верасня 1925 года ў варшаўскай царкве Святой Марыі Магдалены афіцыйна было абвешчана стварэнне Аўтакефальнай праваслаўнай царквы на польскіх землях. У студзені 1930 года метрапаліт Діянісій сусрэўся з прэзідэнтам Другой Рэчы Паспалітай Ігнаціем Масціцкім. Палітык і рэлігійны дзеяч абмеркавалі комплекс мерапрыемстваў, неабходных для канчатковага правядзення аўтакіфаліі. Пазней з’явілася спецыяльная ўрадава-праваслаўная камісія якая рэгулявала дзейнасць «рускай» царквы. Яна распрацавала дэкрэт «Аб адносінах дзяржавы да польскага аўтакефальнага праваслаўнага касцёла», які прэзідэнт Масціцкі падпісаў 18 лістапада 1938 года, а 10 снежня Рада міністраў зацвердзіла так званы «Унутраны статут», які рэгуляваў дзейнасць польскага праваслаўя.

Мітрапаліт Дыянісій

На тэрыторыі міжваеннай Польшчы дзейнічалі Валынская, Варшаўская, Гродзенская, Віленская і Пінская (ці Палеская) праваслаўныя дыяцэзіі. Варта адзначыць, што ў 1930-я гады каталіцкі касцёл спрабаваў рэанімаваць ўніяцтва на тэрыторыях Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны і ў гэтай справе часта ўмешваўся ў дзейнасць праваслаўя. Пры гэтым урад фінансіраваў дзейнасць «сваёй» праваслаўнай царквы. У 1936 годзе на падтрымку «аўтакефальных» з бюджэту было выдаткавана 1 млн. 333 тыс. 600 злотых. Урад выплочваў стыпендыі маладым святарам, а таксама фінансаваў рэмонт цэркваў.

18 лістапада 1939 года быў зацверджаны «Унутраны статут», які замацаваў поўнае падпарадкаванне праваслаўнай царквы польскай дзяржаве, а галоўнай мовай набажэнстваў афіцыйна была зацверджана польская. У маі 1939 года міністр веравызнанняў зацвердзіў статут праваслаўнай кансісторыі,  а праз месяц заканадаўча былі акрэслены маёмасныя правы праваслаўнай царквы на польскіх землях. Як бачым, працэс уругулявання дзейнасці «усходняга касцёла» на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай расцягнуўся амаль да пачатку Другой Сусветнай вайны.

Барацьба за беларусізацыю «праваслаўнага касцёла»

У сярэдзіне 1920-х — пачатку 1930-х гадоў на тэрыторыі Заходняй Беларусі беларуская інтэлігенцыя і святары спрабуюць зрабіць усё, каб праваслаўе на гэтых тэрыторыях мела беларускі характар. З лютага 1925 года там выдаваўся часопіс «Праваслаўны беларус». Тэматыка выдання мела хрысціянска-маральную накіраванасць і не чапляла пытанні палітыкі. Член польскага Сената, беларус Вячаслаў Багдановіч, у 1927 годзе стварае Праваслаўнае беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, якое актыўна выступала за пашырэнне беларускай мовы ў царкоўных набажэнствах, а таксама за вывучэнне «закона Божага» у школах па-беларуску. Сам сенатар неаднаразова выказваўся ў падтрымку царкоўнаславянскай мовы і выступаў супраць перавядзення праваслаўных набажэнстваў на польскую мову. Дарэчы, у пачатку 1930-х гадоў у былой сталіцы Вялікага княства Літоўскага выдавалася некалькі беларускіх праваслаўных выданняў (напрыклад, «Голас праваслаўнага беларуса» і «Царква і народ»), якія, аднак, не змаглі істотна паўплываць на сітуацыю праваслаўя у Заходняй Беларусі.

У Вільні вакол беларускай гімназіі таксама сфарміравалася плынь, якая выступала за «беларусазцыю» праваслаўнай царквы у Заходняй Беларусі. Дырэктар гімназіі Радаслаў Астроўскі ў 1929 годзе даслаў віленскаму ваяводзе ліст, у якім прасіў аддаць у распараджэнне навучальнай установы Мікалаеўскую царкву з усёй маёмасцю. Важнасць працэсу пераводу праваслаўя на «беларускія рэйкі» адзначалі і шматлікія польскія тагачасныя публіцысты. Напрыклад, Тадэвуш Галаўко бачыў карысць у тым, што праваслаўе ва ўсходніх ваяводствах, дзякуючы намаганням беларусаў і ўкраінцаў, паступова дэрусіфікуецца.

1 сакавіка 1930 года у Вільні прайшоў з’езд праваслаўных беларусаў, у якім удзельнічалі жыхары Ваўкавыскага, Вілейскага і Маладзечанскага павета, а таксама прадстаўнікі віленскай беларускай гімназіі і іншыя дзеячы беларускіх арганізацый. У выніку быў створаны Цэнтральны беларускі праваслаўны камітэт (ЦБПК). Яго асноўным выданнем павінен быў стаць часопіс «Светач Беларусі». Большасць даследчыкаў адзначаюць, што гэтая арганізацыя мела моцны палонафільскі накірунак. Што ж тычыцца мовы багаслужэння, то члены ЦБПК выказваліся за тое, каб беларуская выкарыстоўвалася ў пропаведзях для мясцовага насельніцтва, а таксама ў набажэнствах для беларусаў, жаўнераў Войска Польскага.

1937 год. Прысяга праваслаўных жаўнераў Войска Польскага ў Брэсце

У 1937 годзе дзейнасць камітэта па справе беларусізацыі праваслаўя актывізавалася. Вялікая заслуга ў гэтым былога рэктара Віленскай духоўнай семінарыі, архімандрыта Піліпа. Варта таксама адзначыць, што аднымі з галоўных цэнтраў праваслаўя на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны час былі манастыры. У міжваенны час іх было 16 (5 жаночых і 11 мужчынскіх). Яны адыгрывалі сваю ролю ў грамацкім жыцці.

Школа і войска пад кантролем уладаў

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Польшчы ад 17 сакавіка 1921 года ў кожнай навучальнай установе, якія наведвалі дзеці да 18 год, уводзілася абавязковае выкладанне «закона Божага». У лютым 1928 года польскія ўлады дазволілі выкладанне рэлігіі ў пачатковых школах на роднай мове, калі гэтага пажадаюць бацькі вучняў. У канцы 1920-х гадоў на Віленшчыне ў большасці школ такія заняткі адбываліся па-беларуску і толькі невялікі працэнт школ у якасці мовы выкладання выкарыстоўваў рускую. Аднак з пачатку 1930-х гадоў улады бяруць кірунак на паланізацыю праваслаўнай царквы і фарміраванне з жыхароў непольскіх тэрыторый, якія ўваходзілі ў склад Другой Рэчы Паспалітай, «праваслаўных палякаў».

Дзеля гэтага выкладанне «закона Божага» пераводзілася на польскую мову. Тое ж тычылася і царкоўных богаслужэнняў. У сярэдзіне 1930-х гадоў маладых святароў сталі накіроўваць на вучобу на факультэт праваслаўнай тэалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. За адукацыю і пражыванне гэтых людзей плаціў польскі ўрад. Яны павінны былі стаць апорай у паланізацыі праваслаўя ва ўсходніх ваяводствах. У ліпені 1935 года ў Беластоку з’явілася «Аб’яднанне праваслаўных палякаў імя Юзафа Пілсудскага», якое выступала за поўны перавод багаслужэнняў у цэрквах на польскую мову. Паступова падобныя арганізацыі з’явіліся і ў іншых гарадах Заходняй Беларусі. У Гродна быў створаны «Дом праваслаўных палякаў імя Стэфана Баторыя». У 1937 годзе гродзенскім праваслаўным біскупам стаў Сава, а віленскім — Матвей. Абодва былі прыхільнікамі паланізацыі праваслаўнай царквы. Некаторыя выданні тады пісалі, што яшчэ ўчора гэтыя і іншыя святары русіфікавалі насельніцтва, а зараз займаюцца яго паланізацыяй.

Іншым інстытам, якога тычылася «праваслаўная справа», было войска. Значную частку жаўнераў міжваеннага Войска Польскага складалі беларусы і ўкраінцы, сярод якіх было шмат праваслаўных. У канцы 1930-х гадоў у складзе польскага войска было 14 праваслаўных вайсковых капеланаў. Гарнізонныя цэрквы знаходзіліся ў Гродна, Дэмбліне, Познані, Торуні і Катовіцах. Было таксама 5 капліц. Гэтага не хапала, таму праваслаўным вайскоўцам, якія неслі службу ў Заходняй Беларусі, дазвалялі карыстацца цывільнымі цэрквамі. У 1932 годзе камандуючыя карпусных акруг выдалі загад аб арганізацыі памяшканняў для літургій там, дзе не было праваслаўных капліц. У Седлецах такі пакой быў зроблены ў адной з пачатковых школ, а ў Пружанах — у жаўнерскім клубе.

У 1925 годзе было выдана 15 тысяч экземпляраў праваслаўных малітоўнікаў для жаўнераў з усходніх ваяводстваў. Кніжка ўтрымлівала тэксты на царкоўнаславянскай мове. У 1938 годзе было выдана другое выданне малітоўніка для жаўнераў Войска Польскага беларускага паходжання.

Пры гэтым працэс паланізацыі праваслаўнай царквы працягваўся. 11 лістапада 1935 года ў шматлікіх гарнізонах Войска Польскага (у тым ліку і ў Брэсце) прайшлі праваслаўныя богаслужэнні на польскай мове. А ў 1938 годзе камандуючы ІІІ карпусной акругай у Гродна генерал Юзаф Альшчына-Вільчынскі загадаў разабраць гарнізонную праваслаўную царкву. У канцы 1930-х гадоў кіраўніком Галоўнага ўпраўлення праваслаўнага духавенства Войска Польскага быў ксёндз-дэкан (адпаведнік вайсковага звання падпалкоўнік) Сымон Федарэнка. Ён паходзіў з праваслаўнай украінскай сям’і. Яго бацька быў святаром у вёске Чарткоў. Падчас Вераснёўскай кампаніі 1939 года гэты чалавек разам з падначаленымі знаходзіўся ў Роўна. Там ён і трапіў у савецкі палон і апынуўся сярод зняволенных лагера ў Казельску. Вясной 1940 года праваслаўнага капелана забілі ў Катыні. 

Абмеркаванне:

  • жэнік
  • 2015-08-08 15:03:43
называть межвоенную польшу второй речью посполітой беларусу все равно что еврей будет доказывать пользу холокоста
  • жэнік
  • 2015-08-08 15:06:47
почему бы межвоенную литву не назвать вторым вкл? чтоб уже дно было чтоб днищенское
  • жэнік
  • 2015-08-08 16:18:23
называць польшчу другая рэч паспалітая гэта лёгкі калабарасьён. ак гэта рэха той польшчы і настаўнікаў лідчыны і шчучыншчыны забівалі менавіта яны
  • Ihar
  • 2015-08-10 19:05:34
Гэты тэрмін узяты не з галавы, а прыняты ў гістарыяграфіі. Як і тэрмін Заходняя Беларусь", кі, дарэчы выклікае супраціў у некаторых польскіх калег
  • жэнік
  • 2015-08-10 20:20:32
выбачаюся але з боку беларуса гэта гучыць недарэчна. гэта прызнанне слушнасці захопу вялікай часткі беларусі польшчаю як акт гіст справядлівасці
  • Ihar
  • 2015-08-11 04:03:03
Я гісторык, а не палітык, і ўж тым больш не глупы агітатар. Я аперую фактамі і даю гэтыя факты чытачам, а яны павінны рабіць высновы. Было акрэсленне - ім карыстаемся. А наконт міжваеннай Літвы -
гэта перабольшванне. Тэрмін "Другая Рэч Паспалітая" не высасаны з пальца, а абумоўлены асаблівасцямі гістарыяграфіі. І польскай і беларускай
  • жэнік
  • 2015-08-12 17:45:07
я ведаю што вы не палітык і не агітатар. але гэтая назва не вельмі аб'ектыўная датычна беларусі і гістарыяграфіі. самы аб'ектыўны варыянт рэч паспалітая польская перыяду (перыяд выбраць самім). у
1918 годзе сярод раднікаў бнр існаваў план пераназвання бнр у рэч паспалітую беларускую. дзякуй
  • Alexandr
  • 2015-12-12 03:35:22
Паважаная рэдакцыя! Дадзены артыкул напісаны без спасылак на навуковую літаратуру і крыніцы, дае палітычныя аценкі, разглядаецца аднабакова і грунтуецца на здагадках

Каментаваць