Праведнікі і вырадкі з аднае вёскі: Ахвяры і каты Курапатаў

Імёны бязвінных ахвяраў сталінізму Сцяпана і Соф’і Жукоўскіх, забітых у Курапатах, упершыню агучыў адкрывальнік гэтага знаку бяды беларусаў Зянон Пазьняк у сваім артыкуле «Шумяць над магілай сосны…» («Літаратура і мастацтва», 16 верасня 1988): «Зазваніў тэлефон. Жаночы голас прасіў аб спатканні і душыўся ад плачу. Забілі бацькоў…тату і маму…у тым лесе…»


Успамінае мінчанка Галіна Сцяпанаўна Жукоўская (па мужу Сідзякіна, 1924 году нараджэння). Бацька яе, Сцяпан Іванавіч, нарадзіўся і жыў да 1932 году ў Цне (былая вёска каля самых Курапатаў на паўночна-усходнім ускрайку сталіцы, зараз уваходзіць у яе Савецкі раён — М.Г). Потым пабудаваў хату на вуліцы Цнянскай у Мінску (цяпер вуліца Кульман — М.Г.) і пераехаў з сям’ёй у горад.


Меў эканамічную адукацыю, працаваў планавіком па сацыяльным забеспячэнні ў Доме ўраду. Маці — Соф’я Адамаўна Саковіч — хатняя гаспадыня, абсалютна непісьменная, не магла распісацца.


31 кастрычніка 1937 году ў тры гадзіны ночы загула машына, спынілася, і ў дом уваліліся энкавэдзісты. «Тады людзей забіралі па начах, — кажа Галіна Сцяпанаўна, — і ўсе слухалі, ці не гудзе машына, былі нагатове. І вось загула… Перапаролі хату, без панятых, без прад’яўлення абвінавачванняў ці якіх небудзь дакумантаў, нічога не тлумачачы. Забралі пашпарты, усе фатаграфіі і сказалі збірацца. Мама пайшла ў тапачках, хоць была ўжо халодная восень».


На той момант Галіне Сцяпанаўне было 13 гадоў. У тую ноч яна асірацела. Прыйшлі, забралі і павялі навек. Ніякіх тлумачэнняў і ніякіх звестак, толькі пракляцце члена сям’і ворага народу ўпала на галаву.


Назаўтра кінулася ў НКУС. Масы людзей. Доўгія чэргі да следчых стаяць па некалькі сутак. Начавалі ў калідорах у чарзе, каб потым пачуць дзяжурны адказ: высланы на 10 гадоў без права перапіскі. Хадзіла і выстойвала тройчы. Апаратчык нават у спіскі не глядзеў, адказваў як заведзены ўсім адно і тое ж. Яны спадзяваліся. Не ведаючы, што іхных блізкіх і родных ужо расстралялі.


Зянон Пазьняк (кадр з дакументальна-публіцыстычнай стужкі Міхася Жданоўскага «Дарога на Курапаты»)

Па звестках, атрыманых мною ад сведкаў, расстрэльвалі ў Курапатах спецыяльныя каманды. У іх складзе былі, па словах Галіны Сцяпанаўны, і свае, мясцовыя. Адзін з іх нарадзіўся і жыў у Цне (паколькі вядзецца следства, прозвішча не называю (…). Працаваў ахоўнікам у НКУС у Мінску. Заўсёды хадзіў на працу па Цнянскай, паскрыпваючы партупеяй. Спаткаючы маленькую Галю, глядзеў на яе з лютай злосцю. Сваіх, цнянскіх, ён ведаў. У вёсцы не раз выхваляўся, што Жукоўскіх ён «сам стрелял» на Бродзе (мясцовая назва ўрочышча Курапаты – М.Г.). Пахваляцца забойствамі «ворагаў народа» (хоць гэта было і забойства ў патыліцу) лічылася за гонар. Некаторыя дзяўчаты імкнуліся выйсці замуж за энкавэдзістаў.

 

«Рожа. Грубая рожа, — успамінае пра «героя» Галіна Сцяпанаўна, — ня твар, а нейкая доўгая, нялюдская фізіяномія. У 1960-х гадах я хацела яго знайсці, думала, што ён жыве яшчэ. Здаецца, я яго б разарвала за маіх бацькоў».

 

Пытанне: «Ён жыве, ці памёр?»

— «Памёр у 1954 годзе…А колькі нацярпелася прыніжэнняў, голаду. На працу нідзе не магла ўладкавацца. У 1947 годзе прынялі машыністкай у ваенную часць. Напісала, што бацькі памерлі. Выклікаюць у контрразведку. Сядзіць такі рыжы хам, фізіяномія чырвоная: Где твои родители, ё.т.м.? — і пісталет на стол. — Гэта вы мне скажыце, дзе мае бацькі, — адказваю. — Што вы мяне пытаеце, дзе вы іх падзелі? — Иди! Тут жа мяне выгналі з работы».

 

Пазней гэтую трагічную гісторыю дапоўніў даследчык мінулага Курапатаў, журналіст Яўген Гарэлік. У сваёй кніжцы «Куропаты: следствие продолжается» (Москва, Юридическая литература, 1990), напісанай у суаўтарстве з Георгіем Тарнаўскім і Валерам Собалевым, Яўген Гарэлік прыводзіць цікавыя звесткі.

Сваякі Яўгена Гарэліка каля ягонага здымку на выставе «Праўда пра Курапаты. Факты. дакументы, сведчанні» (Мінск, Палац мастацтва, лістапад 2015)


Улетку 1938-га разам з сваёй суседкай — ураджэнкай Цны Кацярынай Сіманенка Галіна Жукоўская пайшла ў Брод. Праз шчыліну пад плотам убачыла нядаўна насыпаны жоўценькі пясочак з паўтыканымі свежымі галінкамі. Пераначавала ў бацькоў Кацярыны. Двойчы ўгледзела «чорныя варанкі», што везлі ў лес новых ахвяраў. Да вайны пра бацькоў нічога не дазналася. Пад час акупацыі была ў партызанах разам з мужам. Пасля вызвалення ён пайшоў на фронт і прапаў без вестак.

 

Пра лёс бацькоў даведалася толькі ў 1959-м. У адказ на шматлікія запыты з ваеннага трыбуналу, урэшце, паведамілі, што тата і матуля спадарыні Галіны, асуджаныя да вышэйшай меры пакарання па абвінавачванню ў шпіянажы на карысць Польшчы, былі расстраляныя, адпаведна, 22 і 27 лістапада 1937-га ў Мінску, рэабілітаваныя пасмяротна. Прычым, у даведках не пазначана, дзе пахаваныя, аднак дачка ўпэўнена, што іх забілі ў Курапатах.

 

«Справа ў тым, што да вайны ў вёсцы Цна жыў Бацян Рыгор Іванавіч. Працаваў ён у НКВД. Жыхары вёскі апавядалі, што ён па п’янцы хваліўся аднойчы, як расстрэльваў Жукоўскіх, гэта значыць маіх бацькоў», — сведчыць Галіна Жукоўская ў кнізе Яўгена Гарэліка.

 

У мінулым годзе размаўляў са старшынёй Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаідай Антонаўнай Тарасевіч. Яна нарадзілася ў ГУЛАГу ў 1937-м і толькі ў 1945-м вярнулася з бацькамі на радзіму продкаў. Вясною 1946 года, як толькі сышоў снег і падсохла зямля, яна разам з маці Таццянай Зенчык, родам з вёскі Чыжоўка Папярнянскага сельсавета Мінскага раёна, што недалёка ад Курапатаў, распачала пошук сваёй радні — блізкай і далёкай.


Зінаіда Тарасевіч каля стэндаў выставы пра Курапаты

Пад час вандровак даведаліся пра расстрэлы ў Бродзе, а таксама пра аднаго з катаў. У гаворцы з жыхарамі вёскі Якубавічы дайшлі да лёсу вядомага мясцовага абібока Грышкі Бацяна:

 

«Гэты несусветны гультай нідзе не вучыўся, не хацеў працаваць, толькі хадзіў па навакольных вёсках у пошуках здабытку альбо проста пабавіць час. І людзі шкадавалі гэтага дзівака і падкормлівалі яго. Грышку было здалёк чуваць, калі ён падыходзіў да чарговай хаты і заўсёды прамаўляў: ”Гзачем, гзачем Вы слово дали, гзачем не думали любить?». Мабуць гэтыя словы з нейкага верша ён толькі і вывучыў, да таго ж з памылкай. І вось, як аказалася, гэты абібок вельмі спатрэбіўся энкавэдзістам, бо менавіта ён расстрэльваў людзей у тых самых Курапатах, побач з якімі і жыў у 1930-я гады. Больш за тое, як стала вядома, гэты латруга і мярзотнік, пра якіх у нас кажуць: «Дурны, дурны, але сала любіць!», пад час нямецка-фашысцкай акупацыі Беларусі выдаваў нацыстам мясцовых людзей».

 

Колькі словаў у характарыстыку Грышкі Бацяна днямі дадала старажыл Цны Вольга Цімафееўна Бароўская, 1927 года нараджэння:

 

«Жылі ў нашай вёсцы тры браты Бацяны — Грышка, Міхаіл і Андрэй. Гэтыя гультаі і злодзеі адразу ўступілі ў партыю, каб не працаваць і быць начальнікамі. У каго авечачку, у каго курэй пакрадуць. Я ўжо была замужам, пайшла на працу, а тым часам Міхаіл зняў замок з нашага хлява і скраў мае курачкі. А Грышка, які служыў у НКВД, за адну ноч згроб за краты вельмі паважаных людзей, у тым ліку настаўніка Арсеня Паўлавіча Грушу і доктара Канановіча, імя якога, на жаль, не памятаю. Праз колькі дзён мой малодшы брат, 1924 года нараджэння, калі ішоў са школы, бачыў, як па Сморгаўскім тракце (зараз паміж Даўгінаўскім трактам, вуліцамі Арлоўскай і Карастаянавай – М.Г.) браты Бацяны везлі сабе цэлы воз дабра, нарабаванага ў дамах арыштаваных. Дабра было столькі, што адзін чамадан жоўтага колеру зваліўся з возу і мой брат схаваў яго ў жыце за Дзядкавым лесам (на захад ад цяперашняга Цнянскага вадасховішча – М.Г.). Потым брат з татам прынеслі да нас гэты чамадан, дзе былі недашытая коўдра, іголкі і нейкія анучы. Вось такія былі браты Бацяны, нічым не грэбавалі. Была ўлада савецкая, яны падтрымлівалі яе, прыйшла ўлада нямецкая, сталі на бок гэнай. Потым аднаго з братоў забілі, а Грышка пахаваны на мясцовых могілках».  


Вольга Бароўская (кадр з стужкі «Дарога на Курапаты»)


Аднак апроч вырадкаў Грышкі Бацяна і ягоных братоў жылі ў Цне і сапраўдныя людзі. У вышэйзгаданым артыкуле Зянон Пазьняк апавядае пра аднаго з іх — старшыню сельсавета, а потым калгаса Цімоха Васілевіча Бацяна. Гэты прыстойны чалавек ніколі не зрабіў подласць — не выдаў і не прадаў аніводнага земляка. А калі забралі любімага настаўніка мясцовай дзятвы Арсеня Паўлавіча Грушу, Цімох Бацян не зачыняў дзвярэй сваёй хаты перад няшчаснай жонкай арыштаванага, таксама настаўніцай Вольгай Іванаўнай, і падтрымаў адзінокую кабету ў бядзе.


У адказ на адмову старшыні сельсавета выдаваць энкавэдзістам «ворагаў народа», Цімоха Бацяна ноччу схапілі і павезлі ў Брод. І калі на краю ямы прыставілі наган да горла і пад страхам смерці патрабавілі назваць імёны тых, хто павінен пайсці за плот, мужчына закрычаў «У мяне няма ворагаў!». Дзякуй Богу, каты не забілі Цімоха Бацяна, відаць таму, што не хапіла фармальнасцяў…

 

Так што гісторыя Курапатаў мае не толькі ката Грышку Бацяна, ягоных ахвяраў Сцяпана і Соф’ю Жукоўскіх, але і праведніка Цімоха Бацяна.



Каментаваць