Протаігумен, які абараняў беларусаў

Ён быў адным з тых палякаў, якія прызнавалі за беларусамі права на родную мову ў Царкве. Сам прыкладаў намаганні, каб авалодаць беларускай мовай і абавязаў усіх святароў вучыць мову народа, сярод якога яны павінны былі працаваць



Уладзімір Пянткевіч


Уладзімір Пянткевіч, першы протаігумен усходняй міcіі і суперыёр законнага дому айцоў-езуiтaў у Альбярціне, пахаваны ў Слоніме. Але магіла яго ледзь не згубілася за савецкія бязбожныя часы. Знайсці яе дапамагла некалі былая выхавальніца альбярцінскіх езуітаў спадарыня Браніслава Васіленка-Бараноўская.

Ён быў адным з тых палякаў, якія прызнавалі за беларусамі права на родную мову ў Царкве і ў рэлігійным жыцці. Сам прыкладаў намаганні, каб авалодаць беларускай мовай і абавязаў усіх святароў, якія працавалі ў Альбярціне і ваколіцах, ды ўсіх выхаванцаў Альбярцінскага манаскага дома, вучыць мову народа, сярод якога яны павінны былі працаваць. Ды і з’яўленне беларускамоўнага ўніяцкага часопіса «Да Злучэньня!», які рэдагаваў Антон Неманцэвіч, было зусім не выпадковым.

 

Вокладка часопіса

З біяграфіі

Уладзімір Пянткевіч нарадзіўся 26 снежня 1865 года ў вёсцы Аджыконь каля горада Кросна (Польша). Гэта быў найстарэйшы сын Максіміліяна — адміністратара маёнткамі і Ганны (дзявочае прозвішча Крышталовіч). Пянткевічы мелі яшчэ двух сыноў — Аляксандра і Браніслава.

Пасля заканчэння трохкласнай школы ў Кросне, Уладзімір вучыўся ў гімназіі ў г. Ясла (1–2 класы) і г. Жэшаў (3–4 класы). У 1880 годзе ён уступіў у ордэн езуітаў у вёсцы Стара Весь каля горада Бжозаў, дзе прайшоў двухгадовы навіцыят і вывучаў гуманітарныя навукі, а таксама рыторыку, між іншым пад кіраўніцтвам немца Алойза Петэрса. А потым штудзіраваў філасофію ў г. Хыраў і ў Цярнопалі. Са снежня 1888 года да чэрвеня 1890 года вывучаў лацінскую мову ў Хыраве і дапамагаў ксяндзу Мар’яну Мараўскаму рэдагаваць штомесячнік «Усеагульны агляд», а таксама прыватным чынам закончыў першы курс багаслоўя.

У 1891–1894 гадах Уладзімір Пянткевіч працягваў навуку на багаслоўскім факультэце, падчас якой 26 мая 1892 года быў рукапаложаны ў святары. Пэўны час выкладаў багаслоўе ў семінарыі езуітаў у Кракаве, а пасля закончыў курсы езуіцкай духоўнасці (трэцюю прабацыю, а гэта самая высокая ступень езуіцкага пасвячэння) у Цярнопалі.

У 1896–1898 гадах святар быў членам рэдкалегіі штомесячніка «Усеагульны агляд», дзе адказваў за грамадскі аддзел. А друкавацца пачаў з 1890 года, публікаваў у штомесяніку «Усеагульны агляд» артыкулы, справаздачы і рэцэнзіі, а таксама пераклады паэтычнай творчасці Мацея Казіміра Сарбеўскага, знаёміў з ягонай рукапіснай спадчынай і прапаведніцкай дзейнасцю, спрабаваў нават пісаць рэлігійныя песні.

З 1897 года на старонках штомесячніка «Усеагульны агляд» Уладзімір Пянткевіч тлумачыў грамадскія пытанні, выказваўся за наладжванне апекі над дзяўчатамі, якія працуюць або шукаюць працу, над рабочымі і эміграцыяй. З этычнага боку ён абгрунтоўваў дапушчальнасць арганізавання забастовак прафсаюзамі і рабочымі ў абарону ад эксплуатацыі і несправядлівасці (артыкул «Страйк перад этыкай» у месячніку «Усеагульны агляд» за 1898 год і іншыя).

У 1989 годзе святар Пянткевіч вярнуўся на кафедру дагматычнага багаслоўя ў семінарыі ордэна езуітаў у Кракаве. У гэты час ён становіцца суперыёрам дома езуітаў у Львове і прысвячае сябе галоўным чынам прапаведніцтву і арганізаванню саслоўных гавенняў для моладзі, інтэлігенцыі, памешчыкаў і клірыкаў. Ён умеў спалучаць глыбокія багаслоўскія разважанні з прыгожым стылем і багатым красамоўствам.

Пасля зыходу з пасады ў чэрвені 1904 года Уладзімір Пянткевіч выехаў у Рым, дзе ў 1904–1906 гадах працаваў сакратаром нямецкай асістэнцыі езуітаў, да якой тады належала галіцыйская правінцыя. Пасля вяртання на радзіму Пянткевіч быў рэктарам калегіі ў Кракаве, затым дарадчыкам правінцыяла, а пасля намеснікам правінцыяла і правінцыялам галіцыйскіх езуітаў. Ён рэарганізаваў тады езуіцкае школьніцтва ў адпаведнасці з патрабаваннямі, пераняў апякунства над новаадкрытай місіяй польскіх езуітаў у Паўночнай Радэзіі, наглядаў за сацыяльнымі адносінамі і развіццём народных рухаў у Галіцыі.

Айцы-езуіты ўсходняга абраду ў Альбярціне, канец 1920-х гадоў. У цэнтры з белай барадой Уладзімір Пянткевіч

Пад уплывам Уладзіміра Ледухоўскага, асістэнта пры генерале ордэна, з вялікай упартасцю Уладзімір Пянткевіч падтрымліваў — насуперак агульным меркаванням польскіх езуітаў — ідэю будаўніцтва касцёла Сэрца Езуса ў Кракаве (вул. Каперніка, 26) паводле праекта Францішка Манчынскага. Падчас Першай сусветнай вайны з паловы 1914 года да паловы 1915 года працаваў у душпастырстве на Верхняй Сілезіі і Пазнаншчыне, выступаў з патрыятычнымі пропаведзямі. Потым узначальваў езуітаў у Станіслававе (цяпер гэта горад Івана-Франкоўск) ды кіраваў у якасці намесніка правінцыяла езуіцкімі дамамі на Букавіне і ва ўсходняй частцы Галіцыі, якую занялі расіяне.

Пасля вайны вярнуўся ў Кракаў, дзе выступаў з пропаведзямі і супрацоўнічаў з езуіцкім перыядычнымі выданнямі «Усеагульны агляд», «Sodalis Marianus», «Glosy Katolickie». Напрыканцы 1923 года прымаў удзел у кангрэгацыі езуітаў у Рыме, падчас якой па адмысловай ініцыятыве папы Пія ХІ ва ўлонні ордэна была створана ўсходняя галіна грэка-славянскага абраду (гэтак званая ўсходняя місія) і ў 1924 годзе была адкрыта першая місійная станцыя ў Альбярціне каля Слоніма. Уладзімір Пянткевіч далучыўся да гэтай місіі, а 15 ліпеня 1925 года ён быў прызначаны суперыёрам ды протаігуменам. І на гэтай пасадзе заставаўся да канца жыцця.

У Альбярціне

Нягледзячы на свае 60 гадоў, Уладзімір Пянткевіч энергічна пачаў вывучаць старажытнацаркоўнаславянскую і беларускую мовы, усходнюю літургію, арганізоўваць місію, прыцягваць да справы добраахвотнікаў розных нацыянальнасцяў: італьянцаў, французаў, венграў, немцаў. У 1926 годзе ён адкрыў уласны навіцыят у Альбярціне. Шляхам выступленняў і публікацый у айчынным і замежным друку знаёміў шырокія слаі грамадства з узнікненнем і развіццём уніяцкай акцыі.

Айцы-езуіты ў Альбярціне. Злева другі ў першым шэрагу Уладзімір Пянткевіч, пачатак 1930-х гадоў

Але далёка не ўciм тады падабалася дзейнасць айцоў-езyiтаў у Альбярціне. Трэба адзначыць, што з некаторым недаверам пэўны час глядзелі на дзейнасць езуітаў у Альбярціне і беларускія каталіцкія святары з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. А вядомы сваім змаганнем супраць усяго беларускага Віленскі архібіскуп Рамуальд Ялюбжыкоўскі выдаў спецыяльны пастырскi лicт. А ў рэлігійным штомесячніку «Jutrzenka Bialostocka» рэдактар ксёндз-канонік Адам Абрамовіч у кастрычніку 1931 года змясціў артыкул пад загалоўкам «З якой мэтай?», у якім крытыкаваў айцоў езуітаў у Альбярціне. Гэты самы артыкул пад змененым загалоўкам «Русіфікацыя Слонімшчыны» 6 кастрычніка 1931 года перадрукавала «Gazeta Warszawska», а таксама віленскае «Slowo», а таксама ягоны правінцыйны варыянт «Kurier Nowogrуdzki». 2 снежня 1931 года тая ж «Gazeta Warszawska» апублікавала вялікі артыкул памешчыка з вёскі Бердавічы (цяпер гэта вёска называецца Бярдовічы. — С. Ч.) Слонімскага павета Ул. Есьмана, які называўся «Русіфікацыя польскай Беларусі», дзе большую частку матэрыялу займала абвінавачванне ў русіфікацыі спраў ордэна езуітаў грэчаска-славянскага абраду. Гэты матэрыял перадрукавалі таксама іншыя выданні.

Такія шматлікія атакі на ўсходнюю місію вельмі расхвалявалі Уладзіміра Пянткевіча. Ён рэзка абвяргаў падобныя закіды праціўнікаў. На ўсіх уніяцкіх канферэнцыях у Пінску ён заўсёды выступаў у абарону правоў беларусаў на сваю мову. А ў 1932 годзе ў Кракаве Уладзімір Пянткевіч выдае палемічную брашуру «Праўда аб Альбярціне» — як адказ пану Есьману з Бердавіч і ксяндзу-каноніку Адаму Абрамовічу з Беластока. У сваім выданні аўтар растлумачыў усім мэты місіі ў Альбярціне. У прыватнасці, Уладзімір Пянткевіч пісаў (тэкст даецца ў перакладзе на беларускую мову): «…Слонімшчына і Наваградчына — гэта не Калуга ці Вязьма, і не разумець, што ўніяцкая акцыя на крэсах Польшчы — галоўным і першачарговым чынам, а ў пераважнай большасці выпадкаў, нават выключна, — мусіць весціся на беларускай і ўкраінскай мовах…» Далей святар Пянткевіч тлумачыў: «Манашкі, якім мы даручылі прытулак у нашай Альбярцінскай парафіі, дзяцей (усходніх, а не польскіх) на беларускай мове навучаюць і выхоўваюць, арганізуючы з імі батлейкі, рытмічныя танцы гномікаў і іншага роду пастаноўкі і гульні. Я сам нядаўна біскупа-візітатара ад імя двух абрадаў прамовай на польскай і беларускай мовах вітаў, а на ўрачыстай літургіі, здзейсненай уладыкам у Альбярціне, пасля адной ягонай прамовы на рускай мове прагучалі аж дзве беларускія споведзі. Таксама ў другой парафіі ў Сынковічах наш пробашч, блізкі сусед п. Есьмана, навучанне рэлігіі ў некаторых школах пастаянна вядзе на беларускай мове, а і з падрастаючай пазашкольнай моладдзю ладзіць пастаянна беларускія самадзейныя пастаноўкі і гутаркі… Мы палічылі неабходным стварыць таксама беларускі ўніяцкі штомесячнік пад загалоўкам «Да Злучэньня», ад студзеня гэтага года выдаем яго ў Альбярціне… і г.д.».

Уладзімір Пянткевіч моцна перажываў за лёс святой справы хрысціянскага аб’яднання. Дый узрост яго быў ужо немалы. Ён памёр ад сардэчнага прыступу 23 сакавіка 1933 года. Яму было 88 гадоў.

***

Крыж у гонар памяці айцоў-езуітаў у мікрараёне Альбярцін у Слоніме

 

Шыльда на крыжы

 

Штогод у Слоніме ў мікрараёне Альбярцін, дзе знаходзілася рэзідэнцыя айцоў езуітаў усходняга абраду, адбываюцца пілігрымкі вернікаў. Там цяпер стаіць памятны крыж. У 2000 годзе падчас адной такой пілігрымкі мясцовая старая жанчына-ўніятка прынесла з сабой фотаздымак першага протаігумена ўсходняга абраду а. Уладзіміра Пянткевіча з надпісам па-беларуску.

Каментаваць