Прымусовая праца: галоўны рухавік сталінскай эканомікі

У другой палове 1930-х гадоў БССР з’яўлялася адным з актыўных пастаўшчыкоў працоўнага «кантынгенту» ГУЛАГу для будоўляў на тэрыторыі Расіі. Па дадзеных архіва КДБ Беларусі, толькі ў 1935 годзе з БССР «канфіскавана крымінальна-дэкласаванага і сацыяльна-шкоднага элемента — 18 653 чалавекі»...

Жаночая будаўнічая брыгада Белбалтлаг1932 год Фота з архіву таварыства Мемарыял

Прымусовая праца ў савецкай дзяржаўнай сістэме была не тое што важнай, а неад’емнай часткай сістэмы. Яна была часткай савецкай ідэалогіі, згодна з якой сацыяльная дзяржава — дзяржава толькі для працоўных, а непрацуючыя ліквідуюцца — знішчаюцца, ізалююцца, або перавыхоўваюцца.

Пры гэтым прымусовая праца не толькі лічылася найбольш эфектыўнай формай перавыхавання, але і была значным складнікам савецкай эканомікі. Яна давала краіне самую танную працоўную сілу, якую можна было выкарыстоўваць, перш за ўсё, на непапулярных, «брудных» і цяжкіх працах.

Тэма выкарыстання прымусовай працы ў савецкі час у гісторыкаў непапулярная, таму дазволю сабе расказаць пра яе больш падрабязна. Асабліва карысна ведаць, як гэта было, каб зразумець, як можа быць. Сумна знакаміты Дэкрэт №3, які атрымаў у народзе назву «дармаедскага», — толькі цьмяны водгалас працэсаў, якія адбываліся ў Беларусі ў 1930-я гады.

Царская Расія: толькі для крымінальнікаў

У пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі, прымусовая праца была формай пакарання за крымінальныя злачынствы, звязаныя з пазбаўленнем волі, і называлася катаргай. Катаржныя турмы, як правіла, знаходзіліся ў Сібіры і былі разлічаныя на ўтрыманне ўсяго некалькіх тысяч чалавек. На катарзе зняволеныя (акрамя палітычных) абавязаныя былі працаваць. Аднак у Сібіры з-за малой колькасці насельніцтва, адсутнасці шляхоў зносін у турэмных майстэрнях не было ніякага эканамічнага сэнсу.

Пасля 1905 года змясціць усіх рэпрэсаваных сібірская катарга ўжо не магла (там знаходзілася на той час 6 143 чалавекі), таму стала практыкавацца адбыццё пакарання «па месцы жыхарства» — у павятовых турмах або часовых катаржных турмах. У 1909 годзе, настойваючы на захаванні і развіцці катаргі, Савет міністраў меркаваў выкарыстаць «магчымасць шырокага развіцця ў Сібіры ў недалёкай будучыні вонкавых прац, якія там ужо здзяйсняюцца, і затым магчымасць выкарыстання працы катаржных пры пабудове Амурскай чыгункі і другой каляіны Сібірскай». У царскай Расіі, аднак, гэта выканаць не змаглі.

Пасля 1917 года разам з існуючай сістэмай месцаў зняволення на тэрыторыі Расіі і ў Беларусі пачала фармавацца сетка новых карных устаноў — лагераў прымусовых работ — або, як іх часам называлі ў афіцыйных (!) дакументах, — канцэнтрацыйных.


Канцлагеры. Пачатак

У Наркамаце ўнутраных спраў быў створаны аддзел прымусовых работ. У красавіку 1919 года Прэзідыум УЦВК выдаў пастанову аб арганізацыі лагераў прымусовых работ, падпісаную Міхаілам Калініным, помнік якому да гэтага часу стаіць у Мінску.

Першапачаткова лагеры ствараліся ва ўсіх губернскіх гарадах у названыя асаблівай інструкцыяй тэрміны. Змяшчаць лагеры павінны былі не менш за 300 чалавек. Адказнасць за выкананне інструкцыі ўскладалася на губернскія ЧК.

У лагер змяшчаліся непрацуючыя, за выключэннем толькі «асобаў, якія пакутуюць хранічнымі хваробамі і арганічнымі недахопамі, што робяць іх зусім няздольнымі да працы». Непрацаздольнасць вызначалася кіраваннем лагера па заключэнню ўрача.

Спачатку ў адзін лагер з мужчынамі змяшчаліся жанчыны, а таксама дзеці. Пасля для кожнай «катэгорыі» былі створаныя свае лагеры.

Кадр з фільма «Соловки».


Утрыманне лагера і адміністрацыі акуплялася працай зняволеных. Лагеры не павінны былі нічога каштаваць дзяржаве. Усе зняволеныя «неадкладна па паступленні ў лагер» прызначаліся на працы і павінны былі «займацца фізічнай працай на працягу ўсяго часу іх знаходжання там». Род работ вызначаўся адміністрацыяй. Спачатку замена фізічнай працы разумовай дапускалася толькі «для некаторых асоб з дазволу мясцовых аддзелаў кіравання». Зняволеныя працавалі 8 гадзін на дзень, дапускаліся звышурочныя і начныя працы.

Узнагароджанне за працу кожнага зняволенага прызначалася па стаўках прафсаюзаў у дадзенай мясцовасці. Аднак працоўнаму з заробку заставалася толькі чацвёртая частка, астатняе ішло на пакрыццё расходаў лагера. За адмову ад працы зняволены караўся — характар кары і памер вызначаўся інструкцыяй і цалкам залежаў ад кіраўніцтва лагера.


Лёгкае вырашэнне кадравага пытання

Ужо ў 1919 годзе недахоп кваліфікаваных служачых у савецкіх установах стаў досыць адчувальным. 17 снежня Малы СНК пад кіраўніцтвам Уладзіміра Леніна прыняў дэкрэт «Аб парадку накіравання зняволеных на працы ў савецкія ўстановы». Згодна з ім, спецыялістаў, якія адбывалі пакаранне ў лагерах, днём прывозілі працаваць ва ўстановы, а ночыць вярталі ў лагер. Дэкрэт адкрываў новыя гарызонты — з дапамогай прымусовай працы можна было вырашаць любыя эканамічныя праблемы дзяржавы. Стваральнікі дакумента ўсведамлялі непапулярнасць прынцыпова новай магчымасці выкарыстання працы савецкіх людзей, і таму аднагалосна вырашылі дэкрэт публічна «не друкаваць».

З заканчэннем НЭПу ў Папраўча-працоўны кодэкс БССР, прыняты ў 1926 годзе, былі ўнесеныя змены і дапаўненні, якія больш дакладна рэгламентавалі парадак адбыцця пакарання. Асуджаныя да прымусовай працы на тэрмін да 6 месяцаў адбывалі пакаранне па месцы сваёй працы — вядома, з меншым заробкам. У 1934 годзе ППК БССР дапоўнены пунктам аб парадку адбыцця пакарання членамі сельгасарцеляў: асуджаныя да 6 месяцаў адбывалі пакаранне ў калгасах.

Структура савецкіх папраўча-працоўных устаноў БССР называлася «аддзелы месцаў зняволення» (АМЗ). Яна ўключала папраўча-працоўныя калоніі, дамы заключэння, ізалятары, бюро папраўчых работ. Тут знаходзіліся асуджаныя на тэрміны да 5 гадоў. Асуджаныя да пазбаўлення волі больш чым на 5 гадоў накіроўваліся ў папраўча-працоўныя лагеры за межы БССР — на стратэгічна важныя будоўлі СССР.

Мапа ГУЛАГу


На службе ў ГУЛАГу

На пачатку 1935 года АДПУ ўвайшло ў сістэму Наркамата ўнутраных спраў, у якую ўключылі і Дзяржаўнае ўпраўленне лагераў і месцаў зняволення — знакаміты ГУЛАГ. Разам з месцамі зняволення пад кантроль НКУС перадаваліся і курыруемыя імі вытворчыя аб’екты — ад найбуйнейшых будоўляў (БАМ, канал Масква — Волга) да дробных сельгаспрадпрыемстваў пры калоніях. НКУС, такім чынам, стаў буйным гаспадарчым наркаматам.

АМЗ БССР з’яўляліся тэрытарыяльнымі органамі Дзяржаўнага кіравання ўсімі месцамі зняволення СССР. Яны займаліся ў асноўным сельскагаспадарчымі работамі і выпускам тавараў шырспажыву, большай часткай для лагерных патрэб. Асноўнай працай для зняволеных, якія знаходзіліся ў Беларусі, з’яўляліся «контрагенцкія працы» па замовах розных наркаматаў і ведамстваў, саветаў усіх узроўняў, партыйных органаў. Зняволеныя, напрыклад, працавалі на Віцебскім цагляным заводзе, на торфараспрацоўцы, на будаўніцтве дарог і будынкаў.

Найбольш поўныя звесткі пра колькасць людзей, занятых прымусовай працай у БССР, утрымліваюцца ў Дзяржаўным архіве ФСБ Расіі. Цяпер яны маладаступныя для беларускіх даследчыкаў. Дадзеныя, якія захоўваюцца ў архіве КДБ Беларусі, Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, урывачныя.

Я знайшла звесткі, напрыклад, што ў лютым 1933 года ў БССР (у Віцебску, Магілёве, Гомелі, Оршы, Бабруйску, Полацку, Слуцку і Мінску) змяшчалася каля 23,5 тысячы зняволеных. Пры гэтым «планавая» колькасць месцаў складала 6293. Зняволеныя «звыш ліміту» накіроўваліся ў распараджэнне Масквы, на будоўлі ГУЛАГу.

У дакладной запісцы НК юстыцыі БССР, накіраванай у ЦК КП(б)Б 11 лютага 1933 года, паказвалася: «Па лініі АДПУ БССР атрымана 3 нарады на 6300 асобаў для адпраўкі ў канцлагеры, з якіх першая партыя ў 1300 асоб падрыхтаваная і будзе адпраўленая 15.02, а другая партыя ў 3000 асоб падрыхтаваная да адпраўкі да 20.02. Трэцяя партыя ў 2000 асобаў будзе таксама адпраўленая прыблізна каля 25.02».

У архіве КДБ маюцца няпоўныя дадзеныя аб накіраваных у ГУЛАГ. У 1936 годзе ў тэлеграме ў Маскву наркам БССР Ляплеўскі пісаў: «ГУЛАГам дадзены нарад на 1000 чалавек для Бамлага тэрмінам адпраўкі 22 красавіка. У сувязі з вашай тэлеграмай прымаю ўсе неабходныя захады, каб адпраўку 1000 чалавек скончыць не пазней за 10 красавіка». У маі 1936 года была накіраваная чарговая тэлеграма, у якой паказвалася, што рэспубліка на май 1936 года атрымала нарад ГУЛАГу на 700 чалавек. На чэрвень нарад — таксама на 700 чалавек.

У БССР тэрытарыяльнае ўпраўленне ГУЛАГу было адкрытае ў 1934 годзе ў Мінску на базе УЖ-15 і праіснавала да 1960 года. Па дадзеных НКУС БССР, накіраваных у Маскву 20 красавіка 1935 года, фактычная колькасць зняволеных у сістэме НКУС БССР складала: у «закрытых» месцах зняволення — 8331 чалавек, у калоніях — 3930 чалавек. Колькасць зняволеных беларусаў, якія працавалі ў БССР у 1937 годзе — 10 994 чалавекі, у 1939-м — 5147 чалавек, у 1941-м — 8544 чалавекі.


Прамысловасць рукамі зняволеных

Выкарыстанне прымусовай працы для вырашэння пытанняў эканомікі было нераўнамерна размеркаванае па тэрыторыі СССР. Грунтуючыся на праграме 1929 года, звязанай з каланізацыяй раёнаў Далёкага Усходу з дапамогай зняволеных, лагеры будаваліся ў асноўным там і на Поўначы. У цэнтральных раёнах Саюза лагеры ствараліся толькі для абслугоўвання пэўных аб’ектаў і зачыняліся, калі патрэба ў гэтым абслугоўванні знікала.

У БССР будоўляў, якія б стала патрабавалі вялікую колькасць працоўных, у другой палове 1930-х гадоў не было, таму тут і спецыяльных лагераў не стварылі.

За гады другой пяцігодкі ўступілі ў дзеянне буйныя прадпрыемствы: Аршанскі льнокамбінат, Крычаўскі цэментны, Гомельскі шкляны, Быхаўскі ацэтонавы, Магілёўскі трубаліцейнага, Бабруйскі гідролізны заводы, Гомельскі тлушчавы камбінат, была ажыццёўлена рэканструкцыя 80 іншых буйных прадпрыемстваў рэспублікі. На гэтых будоўлях выкарыстоўваліся, у асноўным, зняволеныя, якія атрымалі тэрмін да 5 гадоў.

Аднак беларускія прадпрыемствы стратэгічнага прызначэння пры неабходнасці маглі атрымаць пэўную колькасць рабочай сілы па нарадах ГУЛАГу. Так, у маі 1936 года па распараджэнні кіраўніцтва ГУЛАГу Віцебскаму цагельнаму заводу было накіравана 165 чалавек.

На тэрыторыі БССР былі і асобныя аб’екты, якія ўваходзілі ў сістэму ГУЛАГу. У 1938 годзе ў 54 гарадах СССР знаходзіліся мэблевыя прадпрыемствы ГУЛАГу, у тым ліку ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Бабруйску. Як правіла, гэтыя прадпрыемствы, як і іншыя, выпускалі тавары шырокага спажывання і знаходзіліся ў калоніях. Якасць прадукцыі, зразумела, не была высокай.


Пастаўшчык працоўнай сілы

У другой палове 1930-х гадоў БССР з’яўлялася адным з актыўных пастаўшчыкоў працоўнага «кантынгенту» ГУЛАГу для будоўляў на тэрыторыі Расіі. Дадзеныя аб вывезеных з БССР людзях недакладныя і ўрывачныя. Па дадзеных архіва КДБ Беларусі, толькі ў 1935 годзе з БССР (Дакладная запіска «Пра вынікі барацьбы з крымінальнай злачыннасцю за 1935 год»), «канфіскавана крымінальна-дэкласаванага і сацыяльна-шкоднага элемента — 18 653 чалавекі».

Акрамя гэтага ажыццяўлялася высяленне з памежнай паласы. Выслана было 2000 сем’яў — 9877 чалавек. Высланыя былі накіраваныя ў Паўночны край (1400 сем’яў) і ў Паўночны Казахстан (600 сем’яў).

У 1936 годзе, згодна з дакладной запіскай «Аб выніках барацьбы з крымінальнай злачыннасцю за 1936 год», асудзілі 19 977 чалавек. Былі высланыя 1779 сем’яў з памежных абласцей. У 1937 годзе (да 20 кастрычніка) па дадзеных НКУС пры ачыстцы памежнай паласы было рэпрэсавана: па 1 катэгорыі — 1210 сем’яў (4483 чалавекі, з якіх 2498 былі дзецьмі да 15 гадоў) і па другой катэгорыі — 2066 сем’яў (7623 чалавек, з іх 4212 чалавек — дзеці). Вядома, што расстралялі 1210 чалавек, астатнія былі адпраўленыя ў лагеры.

У 1937–1938 гадах право­дзіліся аперацыі па ізаляцыі антысавецкіх элементаў, выяўленых «па нацыянальнай прыкмеце». Па трох аперацыях — польскай, латышскай і нямецкай — у БССР з верасня 1937 года па снежань 1938 года былі асуджаныя, адпаведна, па польскай — 20 940 чалавек, па нямецкай —1459 чалавек, па латышскай — 563 чалавекі. Па «польскай аперацыі» расстралялі 14 034 чалавекі, па астатніх — больш за 1500 чалавек. Такім чынам, у лагеры было адпраўлена каля 7,5 тысячы чалавек. Акрамя таго, з памежнай паласы выслалі ў гэты год яшчэ 3100 чалавек.

З 1939 года да мая 1941-га ў Заходняй Беларусі былі праведзеныя аперацыі па «ізаляцыі» «леснікоў» і «асаднікаў». За гэты перыяд былі асуджаныя 56 320 чалавек (расстраляныя з іх 3903 чалавек), высланыя — 101 726 чалавек плюс 1 эшалон (каля 800 чалавек).


Дзе працавалі беларусы?

Па нарадах ГУЛАГу зняволеныя з БССР з 1936 года накіроўваліся ў лагеры: Дмітлаг, Бамлаг, Дальлаг, Свірлаг, Белбалтлаг, Севвестлаг, Ухтпечлаг, Карлаг, Волгалаг, Цемлаг, Прорвлаг, АМЗ (аддзелы месцаў зняволення) Карагандзінскага абласнога ўпраўлення Паўночнага краю, Узбекскай АССР і іншыя.

Згодна з даведнікам «Сістэма папраўча-працоўных лагераў у СССР», у Дзмітраўскім ППЛ зняволеныя з БССР працавалі на будаўніцтве каналаў Масква—Волга, рэканструкцыі ракі Яўза і Істынскай плаціны, Цэнтральнага аэрадрома імя Фрунзе ў Маскве, на будаўніцтве Сталінскай вадапомпавай станцыі, лесанарыхтоўках, торфараспрацоўцы.

У Бамлаге ажыццяўлялася будаўніцтва БАМа на ўчастках Тында — Камсамольск, грамадзянскае будаўніцтва па трасе БАМа, падрыхтоўчыя і праектна-шукальныя работы на ўчастках Тахтамыгда — Тында, Вапнавы — Ургал, Ургал — Камсамольск, Тайшэт — Падун, Тында — Зея, Камсамольск — Саўгавань.

У Дальлагу (Хабараўск) рабіліся лесанарыхтоўкі, здабыча золата на востраве Аскольд, здабыча каменнага вугалю на рудніках «Арцём» і «Райчыха», дарожнае будаўніцтва, у тым ліку чыгуначных ліній Бірабіджан — Блюхерава і Валачаеўка — Камсамольск, лоўля і перапрацоўка рыбы, вырошчвалася сельгаспрадукцыя, збудаванні на рацэ Сяданка для водазабеспячэння Уладзівастока, вяліся работы па паглыбленні ракі Амур, будаваліся цэментавыя і цагляны заводы каля Хабараўска і Уладзівастока, грузілі вагоны на Усурыйскай чыгунцы, будавалі «спецкропкі Наркамсувязі».


Дасягненні зэкаў

У сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны з 15 мая па 6 лістапада 1941 года ў падпарадкаванні аддзела папраўча-працоўных калоній НКУС БССР знаходзіўся Белакаровіцкі лагер, які дыслакаваўся ў Жытомірскай вобласці Украінскай ССР. Галоўнай задачай лагера была распрацоўка трох каменных кар’ераў, а з пачаткам ваенных дзеянняў — капанне процітанкавых равоў, акопаў. Камяні здабываліся таксама для будаўніцтва аэрадромаў на тэрыторыі БССР.

27 сакавіка 1941 года было арганізаванае Галоўнае ўпраўленне аэрадромнага будаўніцтва НКУС СССР. У складзе НКУС саюзных рэспублік былі створаныя ўпраўленні або групы аэрадромнага будаўніцтва — УАСы. Начальнікамі УАСаў сталі кіраўнікі НКУС рэспублік, якія адначасова з’яўляліся ўпаўнаважанымі на месцах па будаўніцтве аэрадромаў. Да 15 чэрвеня 1941 года ў СССР было пачата будаўніцтва 254 аэрадромаў, з іх у БССР — 61. 156 будоўляў абслугоўвалі зняволеныя, прысуджаныя да папраўча-працоўных работ без утрымання пад вартай (51920 чалавек), да папраўча-працоўных калоніяў (199674 чалавекі) і лагераў (44490 чалавек). Пастановай ЦВК і СНК СССР ад 3 сакавіка 1936 года акрамя зняволеных на будоўлі дазвалялася прыцягваць сельскае насельніцтва «на ўмовах непасрэднай бясплатнай асабістай працы» на працягу шасці дзён у годзе вясной і восенню.

Асаблівае значэнне для эканомікі Беларусі мела дзейнасць НКУС па будаўніцтву дарог — стратэгічных і мясцовых. Пастановай ЦВК і СНК СССР ад 28 кастрычніка 1935 года ў падпарадкаванне НКУС СССР было перададзенае Цэнтральнае ўпраўленне шашэйных і грунтовых дарог і аўтамабільнага транспарту, якое займалася будаўніцтвам, рамонтам і эксплуатацыяй дарог краіны. У студзені 1936 года паступіў загад зняць з аб’ектаў усіх вольнанаёмных, а для работ выкарыстоўваць людзей з адмыслова створаных для кожнага аб’екта калоній у сістэме тэрытарыяльных АМЗ. Галоўнымі былі названыя найбуйнейшыя аўтадарожныя будоўлі: шашы Масква — Мінск і Масква — Кіеў. Для абслугоўвання гэтых будоўляў у сістэме ГУЛАГу былі арганізаваныя лагеры — Вяземскі і Калужскі.

Будаўніцтва 695-кіламетровай шашы Масква — Мінск ажыццяўлялася зняволенымі Вяземскага ППЛ — лагер размяшчаўся ў Вязьме Смаленскай вобласці. Колькасць зняволеных пастаянна змянялася — ад 12 тысяч да 50 тысяч чалавек.

Будаўніцтва дарог стратэгічнага значэння курыравалася асабіста наркамамі, як саюзнымі, так і рэспубліканскімі. 26 чэрвеня 1936 года наркам унутраных спраў БССР Ізраіль Ляплеўскі дакладаў наркаму ўнутраных спраў СССР Рыгору Ягодзе аб праведзеным з 15 па 25 чэрвеня «дэкадніку па будаўніцтву дарог мясцовага і стратэгічнага значэння»: «Цяпер асабліва націскаем на заканчэнне будаўніцтва мастоў, на вывазку жвіру, на зборку мясцовага каменя. Націскаем, каб тэмпы работ па будаўніцтву стратэгічных дарог, узятыя ў стаханаўскай дэкадзе, захаваць на дасягнутым узроўні». Усяго да гэтага часу было зроблена 896 кіламетраў мясцовых дарог (планавалася зрабіць 751 кіламетр), пабудавана 6714 пагонных метраў новых мастоў, план азелянення выкананы на 140,9%.

Будаўніцтва шашы Масква — Мінск да пачатку вайны не было завершанае. Вясной 1941 года па рашэнні СНК будаўніцтва 200 кіламетраў, якія засталіся, было перанесенае на восень 1942 года. У лютым 1941 года работы былі спыненыя, зняволеныя перакінутыя на будаўніцтва аэрадромаў. Дарогі, пабудаваныя зняволенымі, засталіся да сёння. У іх ёсць адна адметная рыса: месцы, дзе пастаянна здараюцца аварыі. Старыя людзі казалі, што ў гэтых месцах закапаныя тыя, хто памёр падчас будоўлі і быў закапаны ў траншэях.

Можна доўга пералічваць аб’екты, дзе выкарыстоўвалася прымусовая праца беларускіх людзей. Для гэтага не хопіць месца не толькі ў артыкуле.


ГУЛАГ як рухавік эканамічнага цуду

У сакавіку 1940 года Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў і калоній НКУС СССР падрыхтавала справаздачу, у якой былі падведзеныя вынікі дзейнасці ГУЛАГу. Дакумент быў складзены для ўнутранага карыстання і меў грыф «Цалкам сакрэтна». Ён вялікі па аб’ёме, займае 183 аркушы, забяспечаны рознымі табліцамі, з’яўляецца найбольш поўнай комплекснай характарыстыкай ГУЛАГу і яго дасягненняў.

Усяго праз ГУЛАГ да сакавіка 1940 года прайшло амаль 8 мільёнаў чалавек — такая колькасць картак змяшчалася ў цэнтральнай картатэцы ГУЛАГу. З іх 36 тысяч з’яўляліся «спецыялістамі» — інжынерамі, тэхнікамі, лекарамі, планавікамі, эканамістамі... «Паўнавартаснай рабочай сілай» (так напісана ў справаздачы) з’яўлялася 75–80% кантынгенту зняволеных.

Праз 162 прыёмнікі-размеркавальнікі ГУЛАГу прайшло 952834 падлеткі. Ва ўсіх 50 дзіцячых калоніях былі арганізаваныя прадпрыемствы, якія займаліся металаапрацоўкай, дрэваапрацоўкай, абутковай вытворчасцю і трыкатажнай вытворчасцю.

Да пачатку 1940 года гаспадарчая дзейнасць ГУЛАГу ахоплівала прамысловасць, сельскую гаспадарку і будаўніцтва найбуйнейшых індустрыяльных комплексаў. Прамысловасць ГУЛАГу мела 17 галін. Напярэдадні вайны доля прадпрыемстваў НКУС у агульным аб’ёме народнай гаспадаркі СССР складала: па вытворчасці нікелю — 46,5%, кобальту — 40%, хромавай руды — 40,5%, лесаматэрыялаў — 25,3%. Аб’ём лагернай вытворчасці каляровых металаў складаў 40% ад аб’ёму прадукцыі, што выпускалася прадпрыемствамі галіны. Вугальныя басейны НКУС далі краіне ў 1940 годзе 4,3 млн. тон вугалю. У склад Ухцінскага камбіната НКУС уваходзіла прадпрыемства па вытворчасці радыю — адзінае ў СССР. 83 цагляных заводы НКУС штогод выраблялі 206 млн. штук цэглы, на фабрыках рабілі абутак, трыкатаж, алюмініевы посуд, мэблю, скабяныя вырабы, конскую збрую. 11% капітальных укладанняў СССР асвойвалася НКУС.

Як правіла, выселеныя за межы БССР у Беларусь ужо не вярталіся. Тыя, хто выжыў, засталіся ў Расіі. БССР яшчэ да Другой сусветнай вайны панесла вялікую cтрату працоўных рэсурсаў. Крэдыты, якія атрымлівала Беларусь ад Расіі ў першыя дзесяцігоддзі ХХІ стагоддзя — далёка не поўная плата за прымусовы ўнёсак беларусаў у развіццё расійскай эканомікі.


Абмеркаванне:

  • Зорка
  • 2017-12-06 01:47:05
Дзякуй за артыкул вялікі. Заўджы цікавалі такога кшталту дадзеныя, сапраўдныя абёмы знічшальнага апарату і здзекаў той эпохі.

Каментаваць