Як беларускія анархісты чыгунку рабавалі

У Наваградку 110 гадоў таму адбыўся дзёрзкі напад на цягнік, які перавозіў буйную суму грошай. Гэты налёт стаў адметнай старонкай у гісторыі рэвалюцыйнай барацьбы беларускіх анархістаў і эсэраў. 

Мінская група анархістаў-камуністаў "Чорны сцяг". 1906 год


«Няхай жыве безуладдзе!»

У пачатку XX стагоддзя Беларусь была адным з найбуйнейшых цэнтраў рэвалюцыйнага руху ў Расійскай імперыі. Гэта было абумоўлена некалькімі абставінамі: з’яўленне тут першых прамысловых прадпрыемстваў разам з рабочымі, жорсткая эксплуатацыя і бяспраўе, нацыянальная дыскрымінацыя ў дачыненні да габрэйскага, польскага і беларускага насельніцтва. І наадварот — глыбокія сацыяльныя і нацыянальныя супярэчнасці паміж беларускімі сялянамі і памешчыкамі, большая частка якіх лічыла сябе палякамі, рускімі ці была нямецкага паходжання.

Менавіта ў Беластоку Гро­дзенскай губерні ў канцы 1902 года з’явілася першая ў Расійскай імперыі анархісцкая арганізацыя — гурт «Барацьба». Сярод шматлікіх рэвалюцыйных тэндэнцый анархісты-камуністы былі самымі радыкальнымі — яны не вызнавалі ніякіх кампрамісаў. Паслядоўнікі князя Крапоткіна патрабавалі неадкладнай замены любой улады і капіталізму поўным «безначалием» і камунізмам. Фірмовай тактыкай прыхільнікаў безуладдзя стаў індывідуальны тэрор і экспрапрыяцыі.

У Беластоку, Гродне і некаторых іншых гарадах гурткі анарха-камуністаў змаглі набыць і масавую падтрымку рабочых — перш за ўсё за кошт прымянення падчас стачак так званага «эканамічнага тэрору». Напрыклад, беластоцкі анархіст Нісан Фарбэр, былы беспрытульнік, у 1904 годзе накінуўся з кінжалам на фабрыканта Кагана проста пры выхадзе з сінагогі.

Уладальнікі заводаў самі нярэдка ўжывалі гвалту супраць страйкоўцаў — альбо рукамі нанятых штрэйкбрэхераў, альбо войскаў і паліцыі. Але, зразумеўшы, што яны могуць атры­маць адказ у выглядзе анархісцкай бомбы, якая ўляціць у кватэру, застрашаныя гаспадары прадпрыемстваў сталі паводзіць сябе з працоўнымі значна мякчэй.

Да анархістаў перабягалі многія сябры партый Бунд і РСДРП, незадаволеныя «памяркоўнасцю» свайго кіраўніцтва. А ў партыі эсэраў у той жа Беларусі нарадзілася цэлая плынь «максімалістаў», блізкая да анархістаў.

Бомба для інкасатараў

Аднак рэвалюцыя 1905–1907 гадоў пацярпела паразу. Анархісты папракалі ў гэтым сацыялістычныя партыі: нібыта сваёй арыентацыяй на дэмакратычную «праграму-мінімум» і саюз з буржуазіяй тыя стрымалі народнае паўстанне. Але іх уласная тактыка ўзброеных вылазак і рабаванняў поспеху таксама не прынесла — большасць ідэйных анархістаў вельмі хутка апынуліся на эшафоце або на катарзе. А разгромленыя арганізацыі лібертарыяў сталі папаўняцца за кошт рознага кшталту авантурыстаў ці проста крымінальных элементаў.

На фоне адступлення рэвалюцыйнай хвалі ў беларускіх гарадах і мястэчках пачалі ўзнікаць шматлікія групы «Чорных крумкачоў», «Чорных масак» і іншых гурткоў са злавеснымі назвамі. Яны літаральна тэрарызавалі мясцовых прадпрымальнікаў. Гэта — былыя анархісты, якія цяпер вымагалі грошы не ў ідэйных, а ў асабістых мэтах. Дзеля гэтага здзяйсняліся і шматлікія дробныя рабаванні. Відавочцы ўспаміналі: «Збіраюцца піць гарбату. Няма цукру. Ідуць экспрапрыяваць цукар у краме». Сіянісцкі дзеяч С.М.Гальдштэйн, які вельмі недалюбліваў анархістаў, прыводзіў у прыклад выпадак, як два маладых анархісты ў Беластоку са словамі «Mir expropriiren die Wurst» забралі ў краме два фунты кілбасы.

Вынікам такіх прыгод, нягледзячы на нікчэмную колькасць захопленага, нярэдка станавілася шыбеніца. Але ацалелыя перакананыя баевікі не пакідалі планаў правядзення і буйных аперацый. У 1908 годзе на Гродзеншчыне радыкальныя групы анархістаў і эсэраў-максімалістаў, нягледзячы на ўсе рознагалоссі (безуладнікі крытыкавалі максімалістаў за вынайдзеную імі «Рэспубліку Саветаў»), сталі аб’ядноўвацца.

Мэта таксама была намечана буйная — сутачная выручка Палескай чыгункі.

Раніцай 29 ліпеня 1908 года цягнік, які збіраў грошы з касаў па ўсёй дарозе, прыпыніўся на станцыі «Навагрудак». Ледзь толькі паравоз у клубах густой пары спыніўся ля перона, як загрымелі стрэлы. Два дзясяткі баевікоў адкрылі агонь з рэвальвераў па цягніку і ахове. А затым пачуўся магутны выбух — гэта ў багажнае аддзяленне, дзе ехалі інкасатары, кінулі бомбу. Калі разышоўся дым ад дынаміту, на пероне ў лужыне крыві застаўся ляжаць камандзір баявой групы — ахова цягніка адкрыла агонь у адказ.

Адстрэльваючыся на хаду, экспрапрыятары сталі сыхо­дзіць. Узяць чыгуначную касу ў іх так не атрымалася.

Акрамя забітага правадыра баевікоў, раненні атрымаў машыніст цягніка і некалькі пасажыраў. На ногі была паднятая ўся паліцыя Гродзенскай губерні. Частка ўдзельнікаў нападу была арыштаваная. Паліцыянты хапалі ўсіх запар: разам з падазраванымі Бляхерам і Балодам былі схопленыя Пінчэўскі і Рабіновіч, якія гулялі з імі ў лесе. Затрыманы ў Беластоку па падазрэнні ў налёце ў Наваградку Вайнштэйн быў збіты амаль да смерці, пасля чаго прывезены ў шпіталь. Сярод арыштаваных апынуўся і нехта Дабкоўскі.


Найвысокае памілаванне

Начальнік Гродзенскага губернскага жандарскага ўпраўлення палкоўнік Карпаў задуменна гартаў справы арыштантаў: «Дабкоўскі Э.Г. Сябра партыі анархістаў-максімалістаў. Арыштаваны па ўдзеле ў нападзе на арцельшчыкаў Палескай чыгункі на станцыі «Навагрудак».

Навагрудак. Рынкавая плошча

Мінулым разам на допыце ў Беластоцкай турме гэты нахабны налётчык абяцаў паведаміць нейкія звесткі асаблівай дзяржаўнай важнасці — але толькі высокаму кіраўніцтву. «Што ж, паглядзім, што распавядзе мне гэты разбойнік», — вырашыў начальнік ГЖУ.

Ён загадаў выклікаць Дабкоўскага. Праз пяць хвілін дужыя жандарскія унтэр-афіцэры, бразгаючы шпорамі, увялі ў кабінет шчуплага чарнявага маладога чалавека. Гаспадар кабінета моўчкі кіўнуў на крэсла.

«Спадар палкоўнік, — звярнуўся Дабкоўскі да Карпава. — У мінулы раз я абяцаў адкрыць нейкую таямніцу. І я стрымаю сваё слова. Я і мая група павінны былі забіць іх светласцяў вялікага князя Міхаіла Аляксандравіча і вялікага князя Канстанціна Канстанцінавіча». Жандарскі палкоўнік адразу зрабіў «стойку», хоць і выгляду не падаў. Вялікі князь Міхаіл з’яўляўся родным братам імператара Мікалая ІІ і яшчэ нядаўна быў афіцыйным спадчыннікам трону.

Па словах злоўленага «эксіста», тэрарысты таксама мелі намер ліквідаваць двух высокапастаўленых чыноўнікаў «Паўночна-Заходняга краю». Мэта намечаных аперацый — паказаць, што рэвалюцыя зусім не памерла, а падполле працягвае дзейнічаць.

Палкоўніку Карпаву, зразумела, захацелася высветліць усе абставіны і дэталі планаванага замаху на вялікіх князёў: мянушкі чальцоў баявой арганізацыі, паролі, яўкі… Але тут арыштаванага баявіка нібы падмянілі. І ён паабяцаў распавесці ўсе падрабязнасці толькі ў тым выпадку, калі яму будзе гарантавана найвысокае памілаванне.

«Ён яшчэ і гандлюецца», — задумаўся палкоўнік Карпаў. Калі ўсё гэта праўда — ордэн ці павышэнне па службе яму былі б гарантаваныя. А можа і нават перавод у сталіцу з гэтай пастылай глухмені. Багатае ўяўленне малявала палкоўніку пецярбургскія салоны ды рэстараны і бліскучых дам у капялюшыках з вэлюмам. «А калі гэты ўяўны Рынальда Рынальдыні ўсё гэта выдумаў? Ну што ж, будзем правяраць», — вырашыў Карпаў і паведаміў пра незвычайнага злачынцу куды трэба.

Неўзабаве распараджэннем пецярбургскага Дэпартамента паліцыі перспектыўны арыштант быў пераведзены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Наступнае расследаванне паказала — шыкоўных дам сталічнага паўсвету гродзенскаму палкоўніку яшчэ доўга не відаць. Падследны працягваў даваць блытаныя паказанні — казаў пра нейкую таямнічую жанчыну, якая як бы і адказвала за замах на вялікіх князёў. Урэшце, шпікам стала зразумела — уся гісторыя з тэрактамі супраць сваякоў імператара Мікалая II і высокапастаўленых чыноўнікаў Расійскай імперыі ў Беларусі была выдуманай ад пачатку да канца. Пры гэтым Дабкоўскі не назваў ніводнага рэальнага саўдзельніка, і наогул нікога не выдаў.

Магчыма, арыштаваны рэвалюцыянер такім чынам проста хацеў пацягнуць час. Напрыклад, спадзеючыся падрыхтаваць уцёкі. Неўзабаве дэпартамент паліцыі афіцыйна заявіў, што больш у яго паказаннях не мае патрэбы.

Віленскі акруговы суд прыгаварыў Дабкоўскага да смяротнага пакарання праз павешанне. Аднак пагроза рэвалюцыйнага выбуху ўжо мінула. І па канфірмацыі ад 10 красавіка 1910 года шыбеніца была замененая яму на бестэрміновую катаргу. У калідорах катаржнай «Цэнтралі» і перасыльняў сляды гэтага арыштанта, сына свайго бурнага часу, і губляюцца. У спісах Усерасійскага таварыства паліткатаржан і ссыльна-пасяленцаў чалавек з такім прозвішчам не згадваецца. Магчыма, ён не дажыў да 1920-х гадоў або эміграваў. Ці проста не быў прыняты ў таварыства былых эсэраў і анархістаў, як той, хто даў у свой час «адкрытыя» паказанні...



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Аляксей Хадыка
  • 2018-07-05 07:34:47
Ня дзіва, што беларускія габрэі і Чыкагскай мафіяй кіравалі напалам з італьянцамі. Толькі гэта неяк захаплення не выклікае. Добры артыкул. Здаецца, щ Нясецкака гэты сюжэт ёсць.

Каментаваць