Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«Рабуюць і цягнуць адтуль усё, што могуць»

У адной са справаздач НКУС БССР інфармаваў кіраўніцтва рэспублікі пра злоўжыванні некаторых асоб з партапарату. Так, грамадзянін Фёдар Кокуш, які часта знаходзіўся ў камандзіроўках у Заходняй Беларусі, прывозіў у Мінск шмат прамтавараў, якія яго жонка прадавала па спекулятыўных цэнах.

Маёр Афанасьеў з саслужыўцамі, БАВА, Мінск, 1938 год

Мужчыны — у войска, жанчыны — у краму

Як вядома, Крэмль з першага дня Другой сусветнай вайны ўважліва сачыў за падзеямі ў суседняй Польшчы. Мяжа з Польшчай была побач, а там, за «рыжскім кардонам», для значнай колькасці грамадзян савецкай Беларусі жылі не абстрактныя «браты», а рэальныя сваякі, якія па розных абставінах засталіся ў Польшчы.

Ужо праз тыдзень пасля нападу Трэцяга Рэйху на Другую Рэч Паспалітую ў БССР абвясцілі вайсковыя зборы, і ўсе мужчыны (з 1899 па 1915 гады нараджэння) былі мабілізаваныя ў Чырвоную Армію. 11 верасня 1939 года войскі Беларускай асаблівай вайсковай акругі ператварылі ў Беларускі фронт. У той жа час быў прыведзены ў баявую гатоўнасць Мінскі ўмацаваны раён, які ў выпадку вайны мусіў прыкрываць сталіцу БССР. Кулямётныя батальёны, якія неслі службу ў ДАКах на мяжы, былі папоўнены за кошт прыпіснога складу.

Што гэта ўсё значыла? Тое, што і савецкі бок рыхтаваўся да вайны. І гэта разумелі звычайныя жыхары памежнай рэспублікі. Хутка ў крамах Мінска і іншых гарадоў пачалі знікаць соль, запалкі, мука, цукар і іншыя «стратэгічныя» тавары. Людзі масава пайшлі ў банкі і пачалі здымаць грошы з рахункаў. Так, у адной з мінскіх ашчадкас за перыяд з 1 па 9 верасня 1939 года людзі знялі 1 264 999 рублёў. У Бабруйску ў адзін з вераснёўскіх дзён у банку грошы ўвогуле скончыліся, і супрацоўнікі ашчаднай касы замовілі ў дзяржбанку яшчэ 300 тысяч рублёў.


«Віншую з вызваленнем ад панскай залежнасці»

Людзі баяліся вайны і не верылі ў трываласць Пакту аб неагрэсіі, заключанага паміж СССР і Германіяй у жніўні 1939 года. Аднак 17 верасня 1939 года Масква дала адказ на шматлікія пытанні, якія з’яўляліся ў галовах савецкіх грамадзян. Да канца месяца Заходняя Беларусь была цалкам занятая Чырвонай Арміяй, і ў кастрычніку таго ж года было прынята рашэнне пра ўключэнне гэтых тэрыторый у склад БССР. Шматлікія беларусы, якія жылі ў розных кутках Савецкага Саюза, пачалі дасылаць віншавальныя лісты сваякам на «вызваленых» тэрыторыях. Так, 5 кастрычніка 1939 года жыхарка Ленінграда Кацкевіч Е.П. даслала паштовую картку свайму брату на адрас: станцыя Нёман, Віленскай губерні, Лідскага павету, Беліцкай воласці, вёска Збляны. Працытуем тэкст паслання, адрасаванага на імя Яўстафія Кашталяна:

«Дарагі брат Асташык! Віншую Вас з вызваленнем ад панскай залежнасці і з надыходам вольнага, радаснага жыцця. Напішыце мне, ці дайшоў мой ліст, і пра ўсё падрабязна. Я вельмі рада, што больш не будзе мяжы, і змагу Вас запрасіць у Ленінград, а таксама сама ўбачу сваю Радзіму. Мой адрас: горад Ленінград, пр. Перамогі, дом 68, кв. 8».

Паштовая картка з Ленінграда ў Заходнюю Беларусь

Аднак не ўсе жыхары Краіны Саветаў з такім натхненнем сустрэлі навіну пра далучэнне Заходняй Беларусі. У кастрычніку 1939 года наркамат унутраных спраў БССР інфармаваў сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнку пра контррэвалюцыйныя і антысавецкія выказванні з боку некаторых савецкіх грамадзян (дакумент захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь).

Грамадзянка Марыя Шаблоўская, якая знаходзілася пад наглядам НКУС, у адной з размоў заявіла: «Вы бачыце, як атрымалася. Рабуюць і цягнуць адтуль рэчы, матэрыялы, ды ўсё, што могуць. Напалі на Польшчу і разрабавалі яе. Як толькі з гэтым пагаджаюцца іншыя краіны?! Гэта тое ж самае, як я прыйду да вас, абрабую і выганю вас. А потым буду смяяцца. Паглядзім, што будзе далей… Мне адна жанчына распавядала, як бальшавікі там робяць: абшарніцкай зямлёй надзяляюць сялян, а потым яе ў іх забяруць у калгасы. Сяляне тады адумаюцца. Але будзе ўжо позна».

Жыхарка Мінска Кацярына Белавусава ў размове пазначыла: «Вось заяўляюць, што мы пайшлі вызваляць народ Заходняй Беларусі, а што адбываецца на самай справе? Чырвонаармейцы рабуюць там насельніцтва і прывозяць дадому шмат розных рэчаў. Каштоўныя рэчы з маёмасці абшарнікаў нашыя жаўнеры прысабечваюць і забіраюць». Пра «рабаванне» выказалася М.І. Запольская, якая падкрэсліла, што «праз цэлыя ночы па вуліцы (гутарка ішла пра вуліцу Гарбарную) ідуць машыны з нарабаванай у Польшчы маёмасцю».  


Вільня — літоўцам?

Непакоіла жыхароў БССР і сітуацыя з Віленшчынай. Напрыклад, выкладчык Белдзяржуніверсітэту Міхаіл Стажынскі ў размове адзначыў: «Як так магло здарыцца, што ўрад СССР пагадзіўся аддаць Вільню і Віленскую вобласць Літве?! У нас зараз гэткія апетыты разгарэліся, што мы хочам падпарадкаваць сабе як мага больш гарадоў, а тут на табе, аддаем Вільню!»

Віленская сітуацыя здзівіла і медсястру чыгуначнага шпіталя Мінску, грамадзянку Клімовіч, якая ў адной з размоў заявіла: «Брат майго мужа жыве ў Вільні. Ён напісаў ліст, што хутка ўбачымся, а цяпер зноў няма надзеі сустрэцца, таму, што савецкі ўрад перадаў Вільню і Віленскую вобласць Літве. Заваявалі — а зараз аддаем! Напэўна, савецкі ўрад жадаў паказаць сваю сілу, што мы моцныя, але не трэба забываць, што ў нас шмат забітых і параненых». У той жа час грамадзянін Бакіноўскі ў прысутнасці «крыніцы» сказаў: «Савецкай уладзе хутка прыйдзе канец. Англія і Францыя адпомсцяць СССР за Польшчу».

Мінск, Дом ураду, 1937 год

Кардон застаецца

Калі грамадзянка Кацкевіч Е.П. пісала, што «цяпер знікне мяжа», дык яна яшчэ не ведала пра планы Крамля. А Масква не спяшалася аб’ядноўваць Беларусь. Вось што казаў пра гэта жыхар памежнага мястэчка Радашковічы Васіль Гайсюк: «Нас у БССР без паперкі з міліцыі не пускалі. У мяне ж сястра ў Мінску жыла, дык я ні пры паляках не мог да яе паехаць, ні пасля аб’яднання. Так і жылі ў адной краіне па розныя бакі ад чырвона-зялёных слупоў». А вось жыхар вёскі Загор’е Пружанскага раёна Пракоп Чабай у сакавіку 1941 года ўсё ж наведаў сталіцу БССР. Туды яго накіравала нарыхтоўчая кантора, у якой працаваў беларус. У калекцыі аўтара ёсць часовае пасведчанне спадара Пракопа, з якім ён і паехаў на Усход.

Асабістае пасведчанне жыхара БССР, 1939 год


Дарэчы, у адваротны бок адказныя таварышы з БССР вельмі часта ездзілі. У адной са справаздач НКУС БССР інфармаваў кіраўніцтва рэспублікі пра злоўжыванні некаторых асоб з партапарату. Так, грамадзянін Фёдар Кокуш, які часта знаходзіўся ў камандзіроўках у Заходняй Беларусі, прывозіў у Мінск шмат прамтавараў, якія яго жонка прадавала па спекулятыўных цэнах. У сваю чаргу, супрацоўнікі базы Мінваенгандлю Юнэс, Шапіра, Фельдман, Гольдберг набылі сабе ў Наваградку паліто, гарнітуры, гадзіннікі і прывезлі ў БССР поўныя валізкі мануфактуры.

Начальнік аднаго з адміністратыўна-гаспадарчых аддзелаў таварыш Валажынец прывёз з Вільні вялікую колькасць рэчаў, у тым ліку і радыёпрыёмнік. Але лепей за ўсіх быў шчыры камсамолец Уладзімір Плімак, які падаў у райком заяву на накіраванне «на Захад» і тлумачыў гэта тым, што «ён атрымае ў Заходняй Беларусі кватэру, добра апранецца і там увогуле ўсё танна і досыць».

На колькі вядома, вялікіх судовых працэсаў па такіх справах у БССР у 1939–1941 гадах не было. Хутчэй за ўсё, нават і санкцыі супраць гэтых асоб былі вельмі сціплымі. Урэшце, логіка іх дзеянняў упісвалася ў бальшавіцкі лозунг «рабуй нарабаванае».


Страты, пра якіяне ўзгадвалі

Памятаеце, як у справаздачы НКУС адна з жанчын згадала пра забітых і параненых падчас далучэння Заходняй Беларусі да БССР чырвонаармейцаў. Афіцыйна Беларускі фронт у перыяд з 17 па 30 верасня 1939 года страціў 403 чалавекі забітымі, 13 чалавек зніклі без звестак і 642 чалавекі былі параненыя, кантужаныя, абпаленыя. Здаецца, не так і шмат, але ў савецкай гістарыяграфіі тыя падзеі называліся не вайной, а паходам.

Пахаванне маёра Афанасьева, 1939 год

 У верасні 1939 года ў хаты жыхароў БССР прыходзілі пахаронкі. Адну з іх атрымала сям’я маёра Афанасьева, які загінуў у баях з польскімі войскамі.

Пенсійнае пасведчанне жонкі маёра Афанасьева

 У лістападзе 1939 года яго жонка Антаніна Сяргееўна і сын Аляксандр атрымалі пасмяротную пенсію «па страце карміцеля». Як вынікае з пенсійнай кніжкі, сям’я афіцэра атрымлівала пенсію да чэрвеня 1941 года.

Пенсійнае пасведчанне жонкі маёра Афанасьева

Пра ўсе гэтыя моманты ў Савецкім Саюзе не любілі ўзгадваць. 


Каментаваць