Рука Масквы: забойства ў Белавежскай пушчы

Усе ведаюць пра героя польска-бальшавіцкай вайны 1920 года генерала Станіслава Булак-Балаховіча. І амаль не вядомы застаецца яго родны брат Юзаф, які загінуў у выніку замаху, падрыхтаванага, як лічаць некаторыя, Масквой.

Вайсковая кар’ера

Юзаф Нікадзімавіч Булак-Балаховіч нарадзіўся на Віленшчыне ў 1894 годзе ў сям’і дробных беларускіх землеўласнікаў. Увесну 1916 года ён паступіў на службу ў Рускае імператарскае войска. Праз год перавёўся ў польскі Першы корпус пад камандаваннем генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Пазней, разам з братам Станіславам, удзельнічаў у баявых дзеяннях супраць бальшавікоў у Эстоніі. Наконт этнічнай прыналежнасці братоў Балаховічаў да сённяшняга дня працягваюцца спрэчкі. Усім вядомы словы Юзафа Пілсудскага, якімі ён ахарактарызаваў Станіслава Булак-Балаховіча: «Сёння гэты чалавек рускі, заўтра паляк, паслязаўтра беларус, яшчэ праз дзень — негр». Разам з тым адназначным з’яўляецца той факт, што лёс і жыццё братоў Булак-Балаховічаў былі звязаны з Беларуссю і з’яўляюцца неад’емнай часткай нашай нацыянальнай гісторыі.

Станіслаў Булак-Балаховіч перад сваімі жаўнерамі, 1930 год

Станіслаў Булак-Балаховіч перад сваімі жаўнерамі, 1930 год


У красавіку 1920 года Юзаф Булак-Балаховіч разам з братам стварылі шматнацыянальны атрад у складзе 3-й арміі Войска Польскага. Юзаф Нікадзімавіч неаднаразова ўдзельнічаў у жорсткіх баях з Чырвонай Арміяй і асабліва адзначыўся падчас нападаў на тылы бальшавікоў на Палессі. У белай арміі ён атрымаў званне палкоўніка, а ў польскай быў ужо генералам. У лістападзе 1920 года ў Мазыры Станіслаў Булак-Балаховіч абвясціў сябе галоўнакамандуючым беларускімі войскамі, а яго брат стаў камандзірам добраахвотніцкай арміі. Аднак хутка Чырвоная Армія пачала наступ, і «балахоўцы» вымушаны былі адступіць у Польшчу.

Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч

Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч



У Белавежскай пушчы

Пасля заканчэння вайны шматлікія былыя жаўнеры арміі Булак-Балаховіча засталіся на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай. Ім давялося вучыцца жыць у мірных умовах. Значная колькасць «балахоўцаў» накіравалася ў Белавежскую пушчу: там была праца і магчымасць зарабіць на жыццё. Браты Булак-Балаховічы прыехалі ў Белавежу ў маі 1921 года. Юзаф разам з жонкай Зінаідай і сынам Здзіславам здымалі прыватны дом. Галава сямейства займаўся размяшчэннем сваіх былых жаўнераў і арганізацыяй для іх дапамогі. Пазней Юзаф Нікадзімавіч супрацоўнічаў з Дырэкцыяй дзяржаўных лясоў і адказваў за транспарціроўку лесаматэрыялаў з Белавежскай пушчы.

У Маскве, безумоўна, памяталі пра гэтых антысаветчыкаў. Больш таго, у Крамлі разумелі, што «балахоўцы» заставаліся вялікай небяспекай для ўлады Саветаў. Да таго ж большасць з іх жыла ў Заходняй Беларусі і ў выпадку магчымай вайны, улічваючы іх досвед партызанскай дзейнасці, «балахоўцы» маглі стварыць вялікія праблемы для бальшавікоў. Таму і быў распрацаваны план знішчэння Станіслава Булак-Балаховіча. Стаўка была зроблена на тое, што, калі ўдасца забіць «галоўнакамандуючага», яго былая армія перастане быць арганізаванай сілай.

Жаўнеры-балахоўцы

Жаўнеры-балахоўцы



Забойца

На ролю выканаўцы забойства быў абраны былы «народны міліцыянер» Рыгор Байко (па іншых дадзеных, імя яго было Аляксандр). Байко нарадзіўся ў 1890 годзе ў Гайнаўцы. У 1920 годзе ён падтрымаў бальшавікоў, якія наступалі на Варшаву, і нават «ахоўваў парадак» на Падляшшы. Як вядома, авантура Леніна скончылася «цудам на Вісле», і хутка Войска Польскае ўжо стаяла пад Мінскам. Байко, які ў гэты час карыстаўся псеўданімам «Шумарскі», апынуўся на нелегальным становішчы, сышоў у лес і пачаў займацца браканьерствам і дробным рабаваннем.

Саветы ўзгадалі пра яго летам 1923 года. Байко загадалі падрыхтаваць і здзейсніць напад на Станіслава Булак-Балаховіча. У ноч з 11 на 12 чэрвеня 1923 года невялікая група пад камандаваннем Рыгора Байко заняла пазіцыі на шашы Бельск — Белавежа і пачала чакаць ахвяру.

Паліцыя, Заходняя Беларусь

Паліцыя, Заходняя Беларусь


Некаторыя польскія даследчыкі адзначаюць, што насамрэч ехаць у гэты час павінен быў Станіслаў, аднак у апошні момант захварэў яго конь, і па справах у Гайнаўку паехаў Юзаф Булак-Балаховіч.

Што ж адбылося на лясной дарозе? Вось як апісвала тыя падзеі адна з тагачасных польскіх газет: «Генерал Балаховіч выехаў у Гайнаўку ў 8-30. Там ён сустрэўся з купцом Вішняковым і пазнаёміў таго з палкоўнікам, «балахоўцам» Перамыкіным (братам камандуючага 3-й рускай арміяй Барыса Перамыкіна). Гэта адбылося ў 16 гадзін у рэстаране Лук’янюка. [...] У Гайнаўку выехалі ў 20-30. Спераду сядзелі Булак-Балаховіч і Перамыкін, а ззаду, на мяшках, Вішнякоў. [...] На палове дарогі, калі экіпаж праехаў мясцовасць Звярынец, з цемры выйшаў чалавек, які свяціў электрычным ліхтарыкам і хрыплым голасам запытаў: «Колькі зараз часу, панове?». Балаховіч спыніў каня, а Вішнякоў дастаў гадзіннік і пры святле ліхтарыка адказаў: «Пяць хвілін дванаццатай». «Першая?» — запытаў незнаёмы. «Пяць хвілін дванаццатай», — паўтарыў Вішнякоў. «Першая?» — ізноў сказаў незнаёмы. Вішнякоў паднёс гадзіннік да самага носу незнаёмага і сказаў: «Няхай пан сам паглядзіць. Пяць хвілін дванаццатай». У гэты момант Балаховіч змяніў пазіцыю і запытаў па-руску: «Кто вы? Что вы тут делаете?». Незнаёмы ціха адказаў: «Працуем». «Где вы работаете?» — працягваў Балаховіч. «Там, у лесе», — адзначыў незнаёмы. «Где в лесу? Вы должны знать, в каком лесу и у кого вы работаете», — крычаў Балаховіч. У гэты момант незнаёмы адышоў у бок леса і пагасіў ліхтарык. У цемры было бачна некалькі людскіх фігур. Балаховіч зноў закрычаў: «Эй, сколько вас там? Все выходите на шоссе». Перамыкін выйшаў з экіпажу і тут пачуўся стрэл. Балаховіч упаў паранены. Конь спужаўся і панёсся наперад. Ззаду пачуліся стрэлы».

Далей газета паведамляла, што Перамыкін і Вішнякоў збеглі ў лес і праз некаторы час выйшлі на працоўных, якія адвялі іх у камісарыят паліцыі ў Белавежы. Адтуль яны паінфармавалі генерала Станіслава Булак-Балаховіча аб трагедыі, якая здарылася з яго братам.

Паляванне на забойцу

Паліцыя, якая хутка была на месцы, убачыла, што побач з перакуленай павозкай ляжаў труп Юзафа Булак-Балаховіча. Куля трапіла яму ў твар і знесла палову чэрапа.

Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч абвінаваціў у нападзе купца Вішнякова. Аднак сапраўдны забойца заставаўся на свабодзе.

У красавіку 1926 года Рыгор Байко забіў уласніка мясной лаўкі ў Белавежы Караля Лаша. Паліцыя параўнала два забойствы і прыйшла да высновы, што яны былі здзейснены адным чалавекам. Праз год Байко схапілі.

Паліцэйскі ўчастак, Заходняя Беларусь

Паліцэйскі ўчастак, Заходняя Беларусь


Падчас следства злачынца здаў сваіх паплечнікаў: Станіслава Арцішэўскага, Аляксандра Бартасяка, Міхала Лешчука. Па выніках следства адбыўся суд, які прыгаварыў Байко да смерці. Пазней, праўда, прысуд быў заменены на пажыццё­вае турэмнае зняволенне.

Пасля стварэння лагера ў Бярозе-Картузскай туды, сярод іншых, перавялі і забойцу Юзафа Булак-Балаховіча. Свабоду Рыгор Байко атрымаў пасля 17 верасня 1939 года. Далейшы лёс яго невядомы.

Эпілог

Юзафа Булак-Балаховіча пахавалі на могілках у Белавежы. На месцы забойства генерала быў пастаўлены крыж. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны шмат былых «балахоўцаў», нягледзячы на ўзрост, пайшлі бараніць Радзіму. Брат забітага Станіслаў Булак-Балаховіч стварыў партызанскі атрад і змагаўся ў аточанай ворагам Варшаве. У маі 1940 года Станіслаў быў забіты падчас спробы арышту супрацоўнікамі гестапа.

Сын Юзафа Булак-Балаховіча Здзіслаў быў жаўнерам аднаго з атрадаў Арміі Краёвай, які дзейнічаў на Навагрудчыне. «Здруй» (такі псеўданім меў хлопец) памёр ад цяжкіх ран, атрыманых у адным з баёў з немцамі ў 1944 годзе.

У 1994 годзе ля Гары Баторага ў Белавежскай пушчы пастаўлены помнік у гонар забітага генерала. А з 2010 года ў памяць пра Юзафа Булак-Балаховіча ў раёне Гайнаўкі і Белавежы адбываецца роварны рэйд.

Фота з асабістага архіву Ігара Мельнікава

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • З-пад Менску
  • 2018-02-22 10:11:00
Якое ўсе? Калі хоць 20% беларусаў ведае пра Балаховіч - то ўжо цудоўны вынік. Тут пра БНР і 50% беларусаў ня чулі. Нават пра ДНР больш ведаюць...
  • ротфронт
  • 2018-02-22 20:49:44
то рабіце, каб ведалі - чаго смаркачы размазваць ды слёзы ліць?)

Каментаваць