Рука Масквы: забойства ў Белавежскай пушчы

Усе ведаюць пра героя польска-бальшавіцкай вайны 1920 года генерала Станіслава Булак-Балаховіча. І амаль не вядомы  застаецца яго родны брат Юзаф, які загінуў у выніку замаху, падрыхтаванага, як лічаць некаторыя, Масквой.



Вайсковая кар’ера

Юзаф Нікадзімавіч Булак-Балаховіч нарадзіўся на Віленшчыне ў 1894 годзе ў сям’і дробных беларускіх землеўласнікаў. Увесну 1916 года ён паступіў на службу ў Рускае імператарскае войска. Праз год перавёўся ў польскі Першы корпус пад камандаваннем генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Пазней, разам з братам Станіславам, удзельнічаў у баявых дзеяннях супраць бальшавікоў у Эстоніі. Наконт этнічнай прыналежнасці братоў Балаховічаў да сённяшняга дня працягваюцца спрэчкі. Усім вядомы словы Юзафа Пілсудскага, якімі ён ахарактарызаваў Станіслава Булак-Балаховіча: «Сёння гэты чалавек рускі, заўтра паляк, паслязаўтра беларус, яшчэ праз дзень — негр». Разам з тым адназначным з’яўляецца той факт, што лёс і жыццё братоў Булак-Балаховічаў былі звязаны з Беларуссю і з’яўляюцца неад’емнай часткай нашай нацыянальнай гісторыі.

У красавіку 1920 года Юзаф Булак-Балаховіч разам з братам стварылі шматнацыянальны атрад у складзе 3-й арміі Войска Польскага. Юзаф Нікадзімавіч неаднаразова ўдзельнічаў у жорсткіх баях з Чырвонай Арміяй і асабліва адзначыўся падчас нападаў на тылы бальшавікоў на Палессі. У белай арміі ён атрымаў званне палкоўніка, а ў польскай быў ужо генералам. У лістападзе 1920 года ў Мазыры Станіслаў Булак-Балаховіч абвясціў сябе галоўнакамандуючым беларускімі войскамі, а яго брат стаў камандзірам добраахвотніцкай арміі. Аднак хутка Чырвоная Армія пачала наступ, і «балахоўцы» вымушаны былі адступіць у Польшчу.

Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч

У Белавежскай пушчы

Пасля заканчэння вайны шматлікія былыя жаўнеры арміі Булак-Балаховіча засталіся на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай. Ім давялося вучыцца жыць у мірных умовах. Значная колькасць «балахоўцаў» накіравалася ў Белавежскую пушчу: там была праца і магчымасць зарабіць на жыццё. Браты Булак-Балаховічы прыехалі ў Белавежу ў маі 1921 года. Юзаф разам з жонкай Зінаідай і сынам Здзіславам здымалі прыватны дом. Галава сямейства займаўся размяшчэннем сваіх былых жаўнераў і арганізацыяй для іх дапамогі. Пазней Юзаф Нікадзімавіч супрацоўнічаў з Дырэкцыяй дзяржаўных лясоў і адказваў за транспарціроўку лесаматэрыялаў з Белавежскай пушчы.

У Маскве, безумоўна, памяталі пра гэтых антысаветчыкаў. Больш таго, у Крамлі разумелі, што «балахоўцы» заставаліся вялікай небяспекай для ўлады Саветаў. Да таго ж большасць з іх жыла ў Заходняй Беларусі і ў выпадку магчымай вайны, улічваючы іх досвед партызанскай дзейнасці, «балахоўцы» маглі стварыць вялікія праблемы для бальшавікоў. Таму і быў распрацаваны план знішчэння Станіслава Булак-Балаховіча. Стаўка была зроблена на тое, што, калі ўдасца забіць «галоўнакамандуючага», яго былая армія перастане быць арганізаванай сілай.

Жаўнеры-балахоўцы

Забойца

На ролю выканаўцы забойства быў абраны былы «народны міліцыянер» Рыгор Байко (па іншых дадзеных, імя яго было Аляксандр). Байко нарадзіўся ў 1890 годзе ў Гайнаўцы. У 1920 годзе ён падтрымаў бальшавікоў, якія наступалі на Варшаву, і нават «ахоўваў парадак» на Падляшшы. Як вядома, авантура Леніна скончылася «цудам на Вісле», і хутка Войска Польскае ўжо стаяла пад Мінскам. Байко, які ў гэты час карыстаўся псеўданімам «Шумарскі», апынуўся на нелегальным становішчы, сышоў у лес і пачаў займацца браканьерствам і дробным рабаваннем.

Саветы ўзгадалі пра яго летам 1923 года. Байко загадалі падрыхтаваць і здзейсніць напад на Станіслава Булак-Балаховіча. У ноч з 11 на 12 чэрвеня 1923 года невялікая група пад камандаваннем Рыгора Байко заняла пазіцыі на шашы Бельск — Белавежа і пачала чакаць ахвяру.

Паліцыя, Заходняя Беларусь

Некаторыя польскія даследчыкі адзначаюць, што насамрэч ехаць у гэты час павінен быў Станіслаў, аднак у апошні момант захварэў яго конь, і па справах у Гайнаўку паехаў Юзаф Булак-Балаховіч.

Што ж адбылося на лясной дарозе? Вось як апісвала тыя падзеі адна з тагачасных польскіх газет: «Генерал Балаховіч выехаў у Гайнаўку ў 8-30. Там ён сустрэўся з купцом Вішняковым і пазнаёміў таго з палкоўнікам, «балахоўцам» Перамыкіным (братам камандуючага 3-й рускай арміяй Барыса Перамыкіна). Гэта адбылося ў 16 гадзін у рэстаране Лук’янюка. [...] У Гайнаўку выехалі ў 20-30. Спераду сядзелі Булак-Балаховіч і Перамыкін, а ззаду, на мяшках, Вішнякоў. [...] На палове дарогі, калі экіпаж праехаў мясцовасць Звярынец, з цемры выйшаў чалавек, які свяціў электрычным ліхтарыкам і хрыплым голасам запытаў: «Колькі зараз часу, панове?». Балаховіч спыніў каня, а Вішнякоў дастаў гадзіннік і пры святле ліхтарыка адказаў: «Пяць хвілін дванаццатай». «Першая?» — запытаў незнаёмы. «Пяць хвілін дванаццатай», — паўтарыў Вішнякоў. «Першая?» — ізноў сказаў незнаёмы. Вішнякоў паднёс гадзіннік да самага носу незнаёмага і сказаў: «Няхай пан сам паглядзіць. Пяць хвілін дванаццатай». У гэты момант Балаховіч змяніў пазіцыю і запытаў па-руску: «Кто вы? Что вы тут делаете?». Незнаёмы ціха адказаў: «Працуем». «Где вы работаете?» — працягваў Балаховіч. «Там, у лесе», — адзначыў незнаёмы. «Где в лесу? Вы должны знать, в каком лесу и у кого вы работаете», — крычаў Балаховіч. У гэты момант незнаёмы адышоў у бок леса і пагасіў ліхтарык. У цемры было бачна некалькі людскіх фігур. Балаховіч зноў закрычаў: «Эй, сколько вас там? Все выходите на шоссе». Перамыкін выйшаў з экіпажу і тут пачуўся стрэл. Балаховіч упаў паранены. Конь спужаўся і панёсся наперад. Ззаду пачуліся стрэлы».

Далей газета паведамляла, што Перамыкін і Вішнякоў збеглі ў лес і праз некаторы час выйшлі на працоўных, якія адвялі іх у камісарыят паліцыі ў Белавежы. Адтуль яны паінфармавалі генерала Станіслава Булак-Балаховіча аб трагедыі, якая здарылася з яго братам.

Паляванне на забойцу

Паліцыя, якая хутка была на месцы, убачыла, што побач з перакуленай павозкай ляжаў труп Юзафа Булак-Балаховіча. Куля трапіла яму ў твар і знесла палову чэрапа.

Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч абвінаваціў у нападзе купца Вішнякова. Аднак сапраўдны забойца заставаўся на свабодзе.

У красавіку 1926 года Рыгор Байко забіў уласніка мясной лаўкі ў Белавежы Караля Лаша. Паліцыя параўнала два забойствы і прыйшла да высновы, што яны былі здзейснены адным чалавекам. Праз год Байко схапілі.

Паліцэйскі ўчастак, Заходняя Беларусь

Падчас следства злачынца здаў сваіх паплечнікаў: Станіслава Арцішэўскага, Аляксандра Бартасяка, Міхала Лешчука. Па выніках следства адбыўся суд, які прыгаварыў Байко да смерці. Пазней, праўда, прысуд быў заменены на пажыццё­вае турэмнае зняволенне.

Пасля стварэння лагера ў Бярозе-Картузскай туды, сярод іншых, перавялі і забойцу Юзафа Булак-Балаховіча. Свабоду Рыгор Байко атрымаў пасля 17 верасня 1939 года. Далейшы лёс яго невядомы.

Эпілог

Юзафа Булак-Балаховіча пахавалі на могілках у Белавежы. На месцы забойства генерала быў пастаўлены крыж. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны шмат былых «балахоўцаў», нягледзячы на ўзрост, пайшлі бараніць Радзіму. Брат забітага Станіслаў Булак-Балаховіч стварыў партызанскі атрад і змагаўся ў аточанай ворагам Варшаве. У маі 1940 года Станіслаў быў забіты падчас спробы арышту супрацоўнікамі гестапа.

Сын Юзафа Булак-Балаховіча Здзіслаў быў жаўнерам аднаго з атрадаў Арміі Краёвай, які дзейнічаў на Навагрудчыне. «Здруй» (такі псеўданім меў хлопец) памёр ад цяжкіх ран, атрыманых у адным з баёў з немцамі ў 1944 годзе.

У 1994 годзе ля Гары Баторага ў Белавежскай пушчы пастаўлены помнік у гонар забітага генерала. А з 2010 года ў памяць пра Юзафа Булак-Балаховіча ў раёне Гайнаўкі і Белавежы адбываецца роварны рэйд.

Фота з асабістага архіву Ігара Мельнікава

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-11-01 21:44:27
"Усе ведаюць пра героя польска-бальшавіцкай вайны 1920 года генерала Станіслава Булак-Балаховіча" - дужа сумнеўныя былі яго геройствы, з прысмакам пагромаў. Можна казаць пра
харызматычнага вайсковага дзеяча-авантурыста, але на героя "бацька", дальбог, не цягне.
  • Ігар Мельнікаў
  • 2015-11-01 23:12:45
Гэта быў таленавіты вайсковец. Добры стратэг. Жорсткі - так. Але, адзін з тых, хто стаяў у пачаткаў беларускай вайсковай справы.
  • ВР
  • 2015-11-01 23:51:23
1. Па-свойму таленавітымі былі і Чынгісхан, і многія гітлераўскія военачальнікі, асуджаныя пасля 1945 г. Гераізм - іншае.

2. "Добры стратэг" - не, яго сіла была якраз у тактыцы (раптоўныя рэйды і да т.п.).

3. Праблема не ў жорсткасці, а ў тым, што Ваш "герой" не цаніў чалавечыя жыцці, у тым ліку мірных жыхароў. Адсюль пагромы, забойствы бязвінных. У 1920 г. ён быў не адзін такі, але
гэта не апраўданне.

4. Вы ж не лічыце, што гісторыя бел. вайсковай справы пачалася ў 1920 г.? Мо ўсё-ткі аддамо належнае пераможцам бітвы пад Оршай? :)
  • Ігар Мельнікаў
  • 2015-11-02 20:08:35
Мы кажам не пра татар і немцаў. а пра Балаховіча. Таму не блытайце яечню з божым жарам. Тактыка, стратэгія - вынік уданыя баявыя дзеянні. Пагромы былі паўсюль. Але галоўнае была беларуская сіла. якая
змагалася з бальшавікамі. Наконт беларускай вайсковай справы - зраблю ўдакладненне. У ХХ ст. Ды і калі мы кажам пра Беларусь - гэта ўсё ж ХХ ст. Бо да гэтага была гістарычная Літва. Беларуская па
сутнасці, але не толькі Беларусь туды ўваходзіла. Нацыянальная дзяржава пачалася ў ХХ ст.

Каментаваць