Рыжская мяжа як зона загароды

Пасля 17 верасня 1939 года на працягу амаль двух гадоў былая савецка-польская мяжа ператварылася ў так званую «зону загароды», праз якую можна было праехаць ці прайсці толькі са спецыяльным пропускам.



Памежны пераход у Коласава, 1930-я гады


 У чэрвені 1941 года камандаванне Чырвонай Арміі паспрабуе арганізаваць у Беларусі абарону на лініі старой мяжы, аднак з гэтага нічога не атрымаецца.

Бальшавіцкі спецназ у «зялёных фуражках»

Напярэдадні ўварвання ў Польшчу ў верасні 1939 года сярод падраздзяленняў памежнай аховы НКУС БССР вылучаліся асобныя спецыяльныя часткі. Яны першымі павінны былі перайсці савецка-польскую мяжу і знішчыць гарнізоны стражніц Корпуса Аховы Памежжа. Так, у складзе 13-га Бярэзінскага памежнага атрада ў перыяд з 11 па 15 верасня 1939 года было сфармавана 9 баявых груп (ад 40 да 120 чалавек). Напярэдадні «вызвольнага паходу» асабісты склад атрада быў папоўнены курсантамі палкавых школ унутраных войскаў Асобнай мотастралковай дывізіі асаблівага прызначэння. У адпаведнасці з загадам НКУС СССР № 0001-080 ад 10 верасня 1939 года, са складу 17-га Цімкавіцкага памежнага атрада быў вылучаны спецыяльны аператыўны батальён у колькасці 300 чалавек.

Савецкія памежнікі на лініі загароды, 1940 год

Удзельнічалі ў паходзе і памежнікі 12-га Бігосаўскага, 14-га Плешчаніцкага, 15-га Заслаўскага, 16-га Дзяржынскага, 18-га Жыткавіцкага памежных атрадаў. Як дзейнічаў памежны спецназ?

Напрыклад, у паласе дзеяння Бярэзінскага памежатрада ў 5 гадзін раніцы савецкія штурмавыя групы перайшлі мяжу і атакавалі польскія стражніцы. Палякі спрабавалі паведаміць свайму камандаванню пра атаку з Усходу, аднак зрабіць гэтага не паспелі, бо сувязь была знішчана. Добра падрыхтаваныя бальшавіцкія падраздзяленні хутка блакіравалі польскія заставы і закідалі капістаў гранатамі.

Пазней, пасля заканчэння «вайны», савецкія памежныя часткі выкарыстоўваліся ў акцыях па арыштах, канваяванні і ахове польскіх ваеннапалонных, а таксама грамадзянскіх асоб.

Мапа БССР да ўз'яднання

Мяжа застаецца

28–30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку адбыўся народны сход Заходняй Беларусі, на якім была прынята дэкларацыя аб абвяшчэнні савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі. Тады ж дэпутаты пастанавілі прасіць Вярхоўны Савет СССР уключыць Заходнюю Беларусь у склад СССР.

Краіна нібы аб’ядналася, але «рыжскую мяжу» ў Маскве вырашылі пакінуць. Праўда, пасля «вызвольнага паходу» памежныя атрады НКУС БССР чакала рэарганізацыя.

Загадам ад 3 жніўня 1940 года 15-ты Заслаўскі і 17-ты Цімкавіцкі памежныя атрады былі расфармаваныя, а іх участкі і асабісты склад перададзеныя ў распараджэнне 16-га Дзяржынскага памежатрада, які, нягледзячы на «ўз’яднанне», працягваў ахоўваць участак былой дзяржаўнай мяжы па лініі Радашковічы — Заслаўе — Негарэлае — Цімкавічы — Чырвоная Слабада (260 км). У гэты час «рыжская мяжа» пачала называцца «зонай загароды». Па стане на жнівень 1940 года ў складзе Дзяржынскага атрада было 10 камендатур, 10 аддзяленняў сувязі, 42 лінейныя заставы, КПП «Радашковічы» і «Негарэлае», узвод сувязі, аўтаўзвод, гаспадарчы ўзвод.

Савецкія памежнікі затрымалі парушальніка мяжы

Акрамя гэтага «рыжскую мяжу» працягвалі ахоўваць часткі 13-га Бярэзінскага памежнага атрада, у склад якога былі ўключаны суседзі з расфармаванага 14-га Плешчаніцкага атраду. Загадам № 001121 ад 20 верасня 1939 года быў сфармаваны 83-ці Маласлабоцкі памежатрад, у склад якога ўвайшлі чатыры камендатуры, 22 лінейныя заставы, КПП «Бігосава», узвод сувязі і іншыя часткі. Таксама ахову «старой мяжы» ажыццяўлялі 18-ты Жыткавіцкі памежатрад і 22-я асобная Ветрынская памежкамендатура.

 

Савецкі памежнік у Заходняй Беларусі, верасень 1939 года

 

У снежні 1940 года Лаўрэнцій Берыя накіраваў на імя Сталіна сакрэтную службовую запіску, у якой адзначалася: «Тэрыторыі заходніх абласцей Украіны і Беларусі да гэтага часу не ачышчаны ад антысавецкіх і варожых элементаў. [...] Значная колькасць удзельнікаў антысавецкіх арганізацый, шпіёнаў, дыверсантаў і іншых варожых элементаў спрабуе пракрасціся з заходніх абласцей Украіны і Беларусі ў асноўныя раёны СССР праз існуючую сёння так званую «зону загароды» на былой савецка-польскай мяжы. За мінулы перыяд на тэрыторыі Заходняй Беларусі выкрыта і ліквідавана 162 контррэвалюцыйныя арганізацыі, арыштавана 1068 шпіёнаў.

Зыходзячы з гэтага НКУС СССР лічыць неабходным і далей захоўваць на лініі былой савецка-польскай мяжы зону загароды, а таксама зоны загароды на былых савецка-эстонскай, савецка-латвійскай і савецка-румынскай межах. На гэтых участках нясуць службу 10 551 памежнік, з якіх 7 тысяч пакінуты ў памежных войсках на 1 год. Дадзены тэрмін службы мінае 1.01.1941 года. Для захавання існуючай сёння зоны загароды НКУС СССР просіць вашага дазволу:

1. Даць НКУС СССР права затрымаць тэрмінам на 1 год у памежных войсках 7 тысяч памежнікаў з ліку тых, у каго ў студзені міне тэрмін службы.

2. Абавязаць Эканамічны савет пры СНК СССР разглядзець заяўку НКУС на матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне для пазначанай дадатковай лічбы памежнікаў».

Пра тое, як дзейнічала мяжа пасля «ўз’яднання», успамінаюць шматлікія жыхары Заходняй Беларусі. Напрыклад, жыхарка мястэчка Коласава Сцепаніда Яўсейчык расказвае: «У маці была сястра стрыечная ў БССР, дык маці праз былую мяжу да яе не пусцілі. Бацьку аднойчы, мусіць у 1940 годзе, адправілі ў Негарэлае на працу. Ён, калі вярнуўся адтуль, дык казаў, што ў Саветах жывуць вельмі бедна, а мы ж тады таксама ўжо былі савецкімі, аднак тое, што «за польскім часам» назапасілі, з таго і жылі». На працягу 1940 года на ўчастку аднаго толькі 13-га Бярэзінскага памежатраду ў «зоне загароды» было затрымана 2935 «парушальнікаў мяжы».

Падобная сітуацыя была і на іншых участках «рыжскай мяжы». Партфункцыянеры з Мінска, атрымаўшы спецыяльныя дазволы на перасячэнне мяжы, ехалі на Захад па «панскае дабро». Тады ж на рынках сталіцы БССР з’явілася вопратка з брэндамі заходнееўрапейскіх фірм, прадметы мастацтва, антыкварыят і іншыя рэчы.

Трагедыя 1941-га

У мемуарах і ўспамінах шматлікіх савецкіх генералаў і маршалаў можна прачытаць, што камандаванне РСЧА ў першыя дні вайны спрабавала арганізаваць абарону на лініі старой мяжы. Тут гутарка ішла хутчэй не пра старыя, абяззброеныя ў 1940–1941 гадах ДАКі «Лініі Сталіна», а пра «памежную дыстанцыю», на якой захоўваліся вайсковыя часткі і куды планавалася сцягнуць рэзервы.

Савецкая памежная застава ў Коласава. Здымак нямецкага афіцэра, чэрвень 1941 года

Аднак перад тым, як пачаць змагацца з наступаючым ворагам, савецкія памежнікі, пакінутыя на «рыжскай мяжы», вымушаны былі адыгрываць ролю «заградатрада», які фільтраваў бежанцаў з Заходняй Беларусі, якія спрабавалі ўратавацца ад нацыстаў.

Адным з такіх быў жыхар Навагрудка Давід Коган. Вось як ён апісваў тую сітуацыю: «На старой савецка-польскай мяжы памежнікі правяралі дакументы, і тых, хто не меў дазволу, накіроўвалі назад. Саветы атрымалі загад не прапускаць людзей, якія былі грамадзянамі Польшчы да 1 верасня 1939 года». Ужо ўзгаданая вышэй Сцепаніда Яўсейчык пацвярджае гэты факт. «На Усход беглі ў асноўным савецкія чыноўнікі з сем’ямі ды габрэі. Тут (у Коласава) іх шмат сабралася, а памежнікі прапускалі гэтых людзей марудна. Немцы бамбілі станцыю. Шмат хто з тых бежанцаў назаўсёды тут і застаўся».

Што ж тычыцца баёў з немцамі на старой мяжы, то спачатку памежнікам прыйшлося змагацца з нямецкімі парашутыстамі, але хутка вайна дакацілася і сюды. Байцы 13-га Бярэзінскага памежатрада ўпершыню сутыкнуліся з наступаючымі часткамі вермахта 27 чэрвеня ля Лагойска. У вёсцы Ілья мужна змагалася 12-я застава. 29 чэрвеня ў бой у «зоне загароды» ўступіла 5-я памежкамендатура. У ліпені памежнікі з Бярэзіно ахоўвалі тылы 22-й савецкай арміі, а ў верасні на базе памежатрада быў сфармаваны 13-ты памежны полк. Таксама актыўны супраціў ворагу аказалі і часткі 18-га Жыткавіцкага і 83-га Маласлабодскага памежных атрадаў.

Пашпарт жыхаркі Заходняй Беларусі, якая працавала ў Латвіі і вярталася праз КПП Бігосава

Цяжкія баі з немцамі вёў 16-ты Дзяржынскі памежатрад, які спачатку змагаўся супраць нямецкіх дыверсантаў, а пазней аказаў упарты супраціў наступаючаму ворагу ў Радашковічах, Заслаўі, Старобіне, Новым Поле, Філіповічах, Чырвонай Слабады. У раёне Стоўбцаў — Коласава разам з памежнікамі змагаліся і мотастралковыя часткі Чырвонай Арміі. На гэтым участку адбыліся жорсткія танкавыя баі. Пазней памежнікі з Дзяржынску былі зведзены ў 16-ты памежны полк, падраздзяленні якога прайшлі ўсю вайну і ў маі 1945 года ажыццяўлялі ахову будынку ў Калхорце, у якім адбывалася падпісанне акту аб капітуляцыі нацысцкай Германіі.

Толькі пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ганебная «рыжская мяжа» і яе адпаведнік — «зона загароды» адышлі ў небыццё. Зараз пра іх нагадваюць толькі старыя ўмацаванні ды дзе-нідзе захаваўшыся калючы дрот.

Абмеркаванне:

  • Волатаў
  • 2014-02-11 19:19:39
Выдатная праца! Невядомыя факты і гісторфя. Добры адказ тым, хто ставіў пад сумнеў гісторыю існавання "рыжскай мяжы" пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939 года.
Насамрэч, варта было б падкрэсліць ролю памежнікаў у баях чэрвеня 1941 года на старой мяжы, а не міфічную "Лінію Сталіна", дзе змагалася толькі некалькі Дакаў. Мая бабуля таксама
апавядала, як бежанцы ў 41-м беглі на ўсход, а іх нкусаўцы не пускалі. Жудасныя часы былі.
  • Krzysztof
  • 2014-02-11 20:43:00
dobry artykuł, który przypomina o mało znanym fakcie, do dziś niektórzy czytający wspomnienia ludzi wracających z Syberii w okresie między 39 a 40 rokiem nie rozumieją dlaczego np. mieli problem by
przedostać się ze Sławuty do Ostroga czy innych miejscowości, które już wtedy przecież były w jednym Związku Radzieckim. Dzięki za artykuł, warto to upowszechniać
  • Виталий
  • 2014-02-12 01:45:17
Такую правду из государственных СМИ публика узнает не скоро. Статья содержит факты, убийственные для пропагандистских мифов советского времени. Изложенное автором совпадает с рассказами моих
родственников, не пропущенных через старую границу на восток и вынужденных вернуться в занятые немцами Барановичи. С июня 1941 по июль 1944 из-за этого пришлось моим родственникам оставаться под
оккупацией. Мои бабушка и дед пересекли старую границу впервые в 1940 году по дороге к западно-белорусским родственникам, дед был офицером и ему выдали специальное разрешение для посещения родных
мест, которых он не видел двадцать межвоенных лет. Старую межу у Колосово пересекали в вагонах для скота по пути на восток десятки тысяч депортированных граждан межвоенной Польши разных
национальностей. Это одна из трагичных страниц второй мировой войны. Спасибо за статью, Игорь!

Каментаваць