Сабору Пятра і Паўла — 400 гадоў

12 ліпеня, у дзень св. апосталаў Пятра і Паўла, найстарэйшы праваслаўны храм Мінска, названы ў гонар гэтых апосталаў, адсвяткаваў сваё 400-годдзе. Прайшла ўрачыстая літургія, праведзеная Патрыяршым экзархам усёй Беларусі мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам.



У прысутнасці шматлікага кліру і духавенства на чале з настаяцелем храма пратаірэем Георгіем Латушкам, гасцей і дыпламатычнага корпуса асвяцілі памятныя дошкі — у гонар фундатараў храма і апосталаў Пятра і Паўла.

Гісторыя храма, захаванага ў старой частцы Мінска сярод пастаўленых вакол новабудоўляў і хмарачосаў, — шчаслівы выпадак выратавання святыні, якая доўгія гады за савецкім часам служыла архівам, і асаблівы гонар праваслаўнай грамады сталіцы сёння.

Фундацыю на пляц «да возера ракі Свіслачы прылеглы» дала з дазволу караля Жыгімонта ІІІ 23 лістапада 1611 года княгіня Аўдоцця Рыгораўна Друцкая-Горская (удава каралеўскага маршалка Багдана Статкевіча). Да яе далучыліся іншыя ахвярадаўцы, не толькі праваслаўныя: традыцыя талерантнасці дапамагала праваслаўнай грамадзе ў пераважна каталіцкім і ўніяцкім горадзе пачатку XVII стагоддзя захаваць ідэнтычнасць. Мецэнатамі манастыра былі пратэстанты Януш Радзівіл, Марцін Валадковіч і Ян Агінскі; у 1635 годзе Мікалай Рыгоравіч Дзераваед ахвяраваў храму маёмасць, у 1620 годзе каталічка княжна Ганна Тышкевіч — грошы. У 1624-м кіеўскі мітрапаліт Пётр Магіла выдаў грамату з дабраславеннем на адкрыццё пры храме жаночага манастыра. Будаўніцтва сабора пачалося ў 1612-м і цягнулася некалькі гадоў, пазней пры ім узніклі брацтва, шпіталь, школа.

Падпарадкаваны віленскаму Свята-Духаваму манастыру, ён знаходзіўся ў юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярха, захоўваючы беларускую праваслаўную традыцыю. Менавіта таму храм узведзены ў нацыянальнай архітэктурнай традыцыі з рысамі ранняга барока: 6-слуповы інтэр’ер, вежы абапал фасаду — як у цэрквах абарончага тыпу. Сёння нацыянальныя традыцыі падтрымлівае ўтворанае намаганнямі айца Георгія Латушкі пры храме ў час яго адраджэння ў 1990-я гады брацтва Віленскіх пакутнікаў. Тут выдаецца царкоўная літаратура па-беларуску, а па суботах адбываюцца беларускія набажэнствы.

Да юбілею сабора фактычна завершана раскрыццё і рэстаўрацыя роспісаў сабора — фрэсак 1793–1795 гадоў і алейнага жывапісу другой паловы ХІХ стагоддзя і пачатку ХХ-га. Ад першапачатковага начыння храма на сёння не захавалася амаль нічога. Храм занепадаў у XVIII стагоддзі, цярпеў ад кватаравання французскага лазарэту ў 1812 годзе, савецкай атэістычнай барацьбы ў 1930-я. Пасля апошняй вайны яго інтэр’еры былі падзелены на 4 паверхі і перагароджаны. Працы па акуратным дэмантажы перакрыццяў, з захаваннем роспісаў, запатрабавалі вялікіх намаганняў адноўленага прыходу. Сучасны прыгожы іканастас у псеўдавізантыйскім стылі — вынік аднаўлення 1990-х гадах.

Сёння жыццё храма ўвасабляецца ў дзейнасці брацкага і моладзевага хораў, спартова-гістарычнага клуба св. Даўмонта Пскоўскага, брацтваў. Сведчаннем адзінства прыходу — на нядзельных набажэнствах у саборы св. Пятра і Паўла спяваюць усе вернікі ў храме.

Самы старажытны з захаваных праваслаўных храмаў сталіцы працягвае адраджацца і як царква, і як адметны помнік культуры.

Каментаваць