Беларусь 1861–1914 гадоў вачамі даследчыкаў Варшаўскай гістарычнай школы

Значная частка польскіх даследчыкаў Варшаўскай гістарычнай школы вельмі крытычна  і неадназначна разглядала аспекты сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі ў 1861–1914 гг. 



Фота NAC


Трэба аднак падкрэсліць, што важкім фактарам з’яўлялася тое, што прадстаўнікі гэтага накірунку былі ў сваёй большасці сведкамі і ўдзельнікамі працэсаў, якія адбываліся на тэрыторыі Каралеўства Польскага і Паўночна-Заходняга краю ў другой палове XIX — пачатку XX ст.  

Пасля падзелаў Польшчы напрыканцы ХVIII ст. яе тэрыторыі былі ўключаны ў склад трох вялікіх імперый: Расійскай, Аўстрыйскай і Прускай. У складзе Расіі польскія землі былі вылучаны ў асобную адміністратыўную адзінку — Каралеўства Польскае (Królestwo Polskie,  Царства Польскае). На тэрыторыі Расіі працэс развіцця польскай гістарычнай навукі быў даволі марудным. У 1870 годзе ў Варшаве быў створаны Варшаўскі імператарскі ўніверсітэт. Аднак, польскія гісторыкі ў сваёй большасці страцілі свае пасады ў  гэтай навучальнай установе.  Разам з тым, не гледзячы на рэпрэсіі з боку расійскіх улад, тагачасныя польскія навукоўцы актыўна друкавалі свае працы ў часопісах “Варшаўская бібліятэка” і “Атэнэўм”. У 1881 г. у польскай сталіцы з’явілася грамадская арганізацыя “Каса імя Юзефа Мяноўскага”, якая актыўна фінансавала выданне прац польскіх даследчыкаў. Пасля рэвалюцыі 1905 года адносіны ўлад да польскай гісторычнай навукі сталі больш лагоднымі. Хутка ў Варшаве пачаў выдавацца часопіс “Гістарычны агляд”, а ў 1907 г. расійская адміністрацыя дае згоду на адкрыцце “Таварыцтва навуковых курсаў”. 

Трэба падкрэсліць, што характэрнай рысай варшаўскай гістарычнай школы было імкненне абгрунтаваць неабходнасць мірнага, пазітыўнага і арганічнага супрацоўніцтва польскіх эліт з расійскай адміністрацыяй. Дарэчы, прадстаўнікоў гэтай школы называлі варшаўскімі пазітывістамі. У палітычнай вобласці — гэта была праграма супрацоўніцтва з уладамі дзяржаў, якія захапілі польскія землі.

 Ідэолагі Варшаўскага пазітывізму крытычна ставіліся да польскага грамадства і адзначалі, што саслоўная каставасць, клерыкалізм адмоўна ўплываюць на перспектывы  яго развіцця.  Прадстаўнікі гэтай гістарычнай школы адзначалі, што сапраўдным прадметам даследавання павінна была стаць гісторыя грамадства, а не дзяржавы, як лічылі іх апаненты з Кракава. Такім чынам, “варшавян”, перад усім, цікавіла не палітычная гісторыя, а менавіта грамадска-гаспадарчыя адносіны, выяўленне ролі шляхты і буржуазіі ў гісторыі краіны, развіццё культуры ў грамадстве зямель былой І Рэчы Паспалітай. Лозунгам вызваленчай барацьбы яны супрацьпастаўлялі патрабаванне эканамічнага развіцця краю. Таму па іх меркаванню, адзіным шляхам для развіцця грамадства былі паступовыя рэформы.

Значная частка польскіх даследчыкаў Варшаўскай гістарычнай школы вельмі крытычна  і неадназначна разглядала аспекты сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі ў 1861–1914 гг. Трэба аднак падкрэсліць, што важкім фактарам з’яўлялася тое, што прадстаўнікі гэтага накірунку былі ў сваёй большасці сведкамі і ўдзельнікамі працэсаў, якія адбываліся на тэрыторыі Каралеўства Польскага і Паўночна-Заходняга краю ў другой палове XIX — пачатку XXст.  Калі гаварыць пра вывучэнне гісторыі Беларусі гэтага перыяду, то адной з галоўных тэм, даследаванню якой прысвяцілі свае навуковыя працы прадстаўнікі варшаўскай гістарычнай школы, быў аналіз царскіх рэформ  другой паловы ХІХ ст.  Так, польскія гісторыкі Ю. Качкоўскі [1, с. 21], З. Людкевіч [2, с. 43] ў сваіх манаграфіях  ахарактарызавалі стан сельскай гаспадаркі ў  беларускіх губернях Паўночна-Заходняга краю як даволі адсталы і не развіты. Аўтары правялі  глыбокі аналіз буржуазных рэформ ва ўсей Расійскай імперыі  ў другой палове ХІХ ст. і адзначылі, што адной з мэт іх правядзення была барацьба з польскасцю ў гэтым рэгіёне. Акрамя гэтага гісторыкі падкрэслівалі, што рэформы спрыялі  памяншэнню буйной зямельнай уласнасці, і ў першую чаргу —  польскай.

Знакаміты польскі даследчык, эканаміст і публіцыст Ул. Гізберт-Студніцкі ў сваіх манаграфіях таксама аналізаваў палітыку рускай адміністрацыі на тэрыторыі Беларусі. Аўтар падкрэсліваў, што важнай праблемай для эканамічнага становішча Паўночна-Заходняга краю было памяншэнне “польскай” зямельнай уласнасці і замена яе на расійскую. Ул. Студніцкі адзначаў, што для паляпшэння ўмоў расіян урад стварыў спрыяльныя ўмовы крэдытавання.  Царскім рэскрыптам ад 5/18 сакавіка 1864 г. быў уведзены фонд для пакупкі надзелаў і маёнткаў рускімі асаднікамі. Як падкрэсліваў даследчык,  расійскія памешчыкі купляючы зямельны маёнтак, закладзены ў крэдыторскай арганізацыі, або абцяжараны доўгам, маглі альбо перанесці доўг на сябе,  альбо  заплаціць 5% ліквідацыйных, і 5,5% рэнты — па намінальнаму кошту. Таксама, купляючы маёнтак без затрымкі сплаты доўгу, рускі асаднік карыстаўся правам займацца вінакурэннем у маёнтку, а калі  ен належаў да купцоў 1-ай і 2-й гільдыі, атрымліваў права наследнага карыстання маёнткам. І нарэшце, набываючы зямельны маёнтак ён мог карыстацца з урадавых пазык і пазык са спецыяльнага фонду [3, с. 12–13].  Публіцыст падкрэсліваў, што польскія і “каталіцкія” маёнткі да 1897 г., павінны былі дадаткова аплачваць 10% падатак, як кантрыбуцыю за паўстанне 1863 г., што адмоўна ўплывала на развіцце сельскагаспадарчай вытворчасці ў памешчыцкіх гаспадарках.

Гаворачы аб працэсе фарміравання і развіцця беларускай нацыі, Ул. Гізберт-Студніцкі адзначаў, што само паняцце “беларускі народ” было не навуковым.  На яго думку паняцце народ мела палітычны падтэкст, а беларусы аніякіх палітычных традыцый не мелі. Гэтую пазіцыю аўтара можна патлумачыць тым, што польская інтэлігенцыя ў дакастрычніцкі перыяд, баялася, што беларусы, якія ў сваёй большасці былі праваслаўнымі,  стануць палітычнай зброяй у руках расійскіх улад у іх барацьбе супраць палякаў у Літве і Беларусі. Публіцыст не браў пад увагу тое, што працэс фарміравання беларускай нацыянальнай свядомасці меў аб’ектыўны характар і ішоў на рубяжы вякоў даволі хуткімі тэмпамі. Упэўнена можна сказаць, што Ул. Студніцкі правеў глыбокае даследаванне працэсаў трансфармацыі ў сацыяльна-эканамічным жыцці Беларусі ў другой пал ХІХ пач. ХХ ст.  Зразумела, што значны ўплыў на характар яго прац зрабіла палітычная кан’юнктура.

Прадстаўнікі Варшаўскай школы актыўна даследавалі стан і перспектывы развіцця крэдытна-фінансавай сістэмы Беларусі, без якой, як зразумела, быў не магчымы пераход тагачаснай эканомікі Беларусі на капіталістычныя рэйкі. Так, А. Лентоўскі у сваіх публікацыях “Пагашэнне даўгоў шляхецкай зямельнай уласнасці ў  Літве” [4, с.31–32] i  „Пагашэнне даўгоў шляхецкай зямельнай уласнасці на Русі” [5, с.45–46] звяртаў увагу на нестабільную сістэму крэдытавання  на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю, падкрэсліваючы, што яна была мала эфектыўнай.  Па яго меркаванню, крэдытна-банкаўская сістэма Паўночна-Заходняга краю была развіта даволі слаба, а існуючыя банкі за асноўную мэту лічылі не паляпшэнне эканамічнага стану рэгіёну, а барацьбу з польскім землеўладаннем.

На нашу думку, не зусім правільна адзначаць, што крэдытна-банкаўская сістэма ў Беларусі не была развітай. На самой справе ў другой палове ХІХ ст. на Беларусі была створана развітая банкаўская сетка, якая працавала даволі эфектыўна. Так, у 1872 г. аперацыі ажыццяўлялі камерцыйныя зямельныя банкі: Віленскі —  ва ўсіх пяці губернях, Маскоўскі — у Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях і Санкт-Пецярбурскі — у Віленскай і Гродзенскай губернях.  На пачатак 1895 г. землеўласнікі заклалі 3860 тыс. дзесяцін, што складала 41,6% усей прыватнай зямлі. Узгаданы А. Лентоўскім Сялянскі банк быў утвораны ў 1883 г. У Беларусі, пры яго дапамозе беларускімі сялянамі было куплена 425,1 тыс. дзесяцін зямлі. За зямлю памешчыкі атрымалі 11,4 млн. руб. Найбольш паспяхова дзейнічалі аддзяленні Сялянскага банка ў  Магілёве (адчынена ў 1883 г.) і Мінску (адчынена ў 1886 г.). Акрамя гэтага ў Беларусі дзейнічалі Віцебскае (1886 г.), Віленскае (1887) і  Гродзенскае (1885) аддзяленні. У 1885 г. быў створаны Дзяржаўны дваранскі зямельны банк. Дваране польскага паходжання і каталікі не мелі права карыстацца з яго паслуг. Аднак, нягледзячы на гэта, да 1895 г. было закладзена 483 тыс. дзес. зямлі, а сума пазык, выданых банкам была, 8 429 тыс. руб [6, с. 275–277 ].

Разам з аналізам банкаўскай сістэмы, А. Лентоўскі вывучаў і дзейнасць страхавых арганізацый на Беларусі. Так, ён даследаваў дзейнасць Мінскага  страхавога таварыства і  падкрэсліваў, што гэта арганізацыя абслугоўвала амаль, усе губерні Паўночна-Заходняга краю. Пачатковы капітал таварыства складаў  500 тыс. рублёў, а сума страхавых узносаў каля 400 тыс. рублёў [7, с. 45–46]. Па меркаванню аўтара,  Мінскае страхавое таварыства аказала  значны ўплыў на развіццё капіталістычных пераўтварэнняў у Беларусі.


У пачатку ХХ ст. сярод варшаўскіх гісторыкаў з’явілася шмат прыхільнікаў т.зв “нацыянальнай арыентацыі”, якая з цягам часу стане ідэалагічнай асновай палітычнага руху нацыянал-дэмакратаў. Яны глыбей пачынаюць вывучаць пытанне нацыянальнага складу Беларусі і Літвы. Спрабуюць зрабіць ідэалагічны падмурак дзеля абгрунтавання права Польшчы на гэтыя тэрыторыі. Адным з яскравых прадстаўнікоў Варшаўскай гістарычнай школы з’яўляецца вядомы польскі гісторык і дэмограф Э. Малішэўскі. Значную ўвагу гэты даследчык надаў вывучэнню нацыянальнага складу губерняў Паўночна-Заходняга краю, пры чым, значны акцэнт ён рабіў на падліку колькаснага  складу польскага насельніцтва ў рэгіёне. У манаграфіі “Палякі і польскасць на Літве і Украіне” аўтар правёў глыбокі аналіз папярэдніх польскіх гістарычных даследаванняў па гэтай тэме і крытычна ахарактарызаваў вынікі Усерасійскага перапісу 1897 г. Па яго меркаванню, лічба палякаў у спісе была заніжана. Галоўным яго аргументам была розніца ў выніках Усерасійскага перапісу 1897 г. і перапісу, праведзенага МУС у 1909 г. Э. Малішэўскі падкрэсліваў, што падчас перапісу 1897 г. лічба палякаў была заніжана ў Віленскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях. Аднак польскі даследчык не зрабіў такога параўнання ў  адносінах да Ковенскай і Гарадзенскай губерняў. Хаця, калі параўнаць вынікі перапісаў 1897 г. і 1909 г. па гэтых дзвюх губернях, то аказваецца, што і ў Гродзенскай губ. колькасць палякаў таксама паменшылася ў 1909 г. да 5,5 %, а  лік  рускіх і беларусаў павялічыўся на 2,1%  і 13,1 % адпаведна. З гэтага вынікае, што розніца — гэта не фальсіфікацыя. Трэба таксама браць пад увагу і тое, што ў гэты перыяд пачаў памяншацца працэнт так званых “тутэйшых”.

Э. Малішэўскі адзначаў, што ў Беларусі і Літве пражывала 1,5 млн. палякаў. Аднак, гэта лічба завышана, таму што гісторык памылкова залічыў да палякаў усіх каталікоў Вільна, дробную шляхту Віленскай губ., палову сялян-каталікоў  Гродзенскай губ., усіх сялян-каталікоў Віцебскай губ.[8, с. 28–37 ]

 Акрамя выяўлення нацыянальнага складу насельніцтва Э. Малішэўскі прааналізаваў дынаміку  стану “польскага” землеўладання ў Беларусі.  Даследчык падкрэсліваў, што ў Мінскай губерні польскае і каталіцкае землеўладанне пасля паўстання 1863–64 гг.  значна паменшылася. Па яго меркаванню, 1831 г. не адзначыўся тут значнымі канфіскацыямі (былі канфіскаваны Стаўпцы Чартарыйскіх, Брыцянка Белапятровічаў і інш.), і 1863 г. таксама не паспрыяў вялікім канфіскацыям. Аднак, значны ўплыў на памяншэнне каталіцкага землеўладання на Міншчыне меў прымусовы продаж радзівілаўскіх маёнткаў (апошні ўласнік княгіня Марыя Гогенлое з дому Вітгенштэйнаў), які  адбыўся ў перыяд паміж 1890 – 1900 гг. Гэтыя маёнткі ў Мінскай губерні складаліся з 700 тыс. дзесяцін (дакладна: 711,844) пераважна лясоў і пушч. Увесь гэты абшар перайшоў у рукі спекулянтаў і быў значна вынішчаны. [8, с. 39 ].Можна ўпэўнена казаць, што навуковыя працы Э. Малішэўскага мелі яскравы ідэалагічны падтэкст і іх галоўнай мэтай было абгрунтаванне т.зв. “польскасці” Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі.


У падобным да т.зв. “варшаўскага пазітывізму” рэчышчы працавалі  некаторыя польскія публіцысты і на тэрыторыі Беларусі. Гэты накірунак атрымаў назву “літоўскі пазітывізм” і адрозніваўся ад варшаўскага тым, што калі варшавяне аналізавалі перспектывы развіцця польскага грамадства на этнічна польскіх землях, то “літоўскія” пазітывісты аналізавалі фактары, уплываючыя на развіццё польскай этнічнай групы на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Некаторыя даследчыкі імкнуцца вылучыць гэтую групу гісторыкаў і публіцыстаў у асобную  “краёвую” плынь, але  дзякуючы супадзенню метадалагічных падходаў да аналізу гістарычнай рэчаіснасці, і тэматыцы даследаванняў нам падаецца мэтазгодным разглядаць “літоўскіх пазітывістаў” як складаную частку варшаўскай гістарычнай школы.


 Прадстаўнікі гэтага накірунку, члены знатных шляхецкіх радоў, выступалі за “арганічнае” супрацоўніцтва з царскімі уладамі. Яны, у асноўным аптымістычна ўспрымалі  рэформы, якія праводзілі расійскія ўлады. Аднак, некаторыя з іх лічылі  беларускі нацыянальны рух у прыватнасці, і працэс фарміравання нацыянальнай самасвядомасці беларускага народу ўвогуле, “антыпольскай інтрыгай”, інспіраванай расійскімі ўладамі, і накіраванай на памяньшэнне польскага ўплыву у рэгіёне.  У верасні 1905 г. у газеце “Літоўскі кур’ер” быў надрукаваны артыкул А. Багдановіча “Аб беларускай мове” у якім аўтар высмейваў беларускую мову і крытыкаваў інтэлігенцыю, якая падтрымлівала развіццё беларускай мовы і культуры. Аднак галоўнае, што клапаціла аўтара артыкула, было не дапушчэнне ўвядзення  беларускай мовы ў набажэнствы ў каталіцкім касцёле [9]. Гэтую ідэю падтрымліваў і адзін з рэдактараў газеты Ч. Янкоўскі. У адным з артыкулаў апошні падкрэсліваў, што беларускае адраджэнне было інспіравана расійскай адміністрацыяй, дзеля таго  каб аслабіць і знішчыць польскія пазіцыі ў Беларусі. Публіцыст падкрэсліваў, што беларускія сяляне  не жадалі  выкарыстоўваць сваёй мовы ў каталіцкім касцёле. ”Яны моляцца па-польску, так было і пры Ягайлу, так павінна быць і цяпер”, — пісаў Ч. Янкоўскі.[10]

Несупакоенасць гэтых прадстаўнікоў польскіх грамадскіх плыняў Паўночна-Заходняга краю можна патлумачыць тым, што на самой справе, расійская адміністрацыя імкнулася як мага больш абмежаваць польскія ўплывы ў рэгіёне. Урад спрабаваў зрабіць усё, каб стварыць бар’еры паміж палякамі і беларусамі. У справаздачах за 1907 і 1909 гады Віленскі генерал-губернатар адзначаў што ў апошні час, паняцце “паляк” страціла ў губерні этнаграфічны характар і набыло палітычны сэнс. Таму мэтазгодна падтрымліваць і бараніць мясцовых беларусаў, у тым ліку беларусаў-каталікоў, сярод якіх жыве шматвяковае пачуцце адданасці і любові да Расіі. Дзеля гэтага ўладам трэба заахвочваць нацыянальную свядомасць беларусаў, патрабаваць выкарыстання беларускай мовы ў мясцовых храмах і прызначаць святароў-беларусаў у мясцовыя парафіі” [11, л.6].

У сваю чаргу міністр унутраных спраў Макараў  А.А. у 1912 г. пісаў, што урад  разам з мясцовай расійскай грамадскасцю абавязаны ўсімі магчымымі сродкамі забяспечваць у беларускіх народных масах падтрымку і далейшае развіццё свядомасці іх кроўнай, нацыянальнай і культурна-гістарычнай блізкасці да Расіі [12, л.11–12]. Па меркаванню Гродзенскага  генерал-губернатара П.М. Баярскага кожнаму каталіку трэба было гарантаваць  права вызнаваць сваю веру, пры ўмове поўнага палітычнага зліцця з карэнным  расійскім насельніцтвам, каб яны маглі стаць шчырымі, праўдзівымі і лаяльнымі расійскімі грамадзянамі [13, л.8].

Аднак з  сярэдзіны 1906 г. адносіны “літоўскіх пазітывістаў” да нацыянальных пачынанняў беларусаў сталі больш прыхільнымі, пачалі з’яўляцца заклікі аб дапамозе беларускаму адраджэнню. Адным з найбольш вядомых заўзятараў падтрымкі “беларускай справы” была Канстанцыя Скірмунт, якая нарадзілася ў маёнтку Калодна на Палессі ў сям’і землеўладальнікаў. У сваіх творах яна адзначала, што на лёс ВКЛ адмоўна ўплывала празмерная падпарадкаванасць Кароне (Польшчы). Публіцыстка прадстаўляла землеўласніцка-традыцыяналістычную плынь і большасць сваіх артыкулаў друкавала ў часопісах “Край”, „Віленскі агляд”, „Літоўскі кур’ер”.

У  сваіх працах К. Скірмунт бараніла ідэю аб тым, што землі Паўночна-Заходняга краю маюць сваю, асобную ад Каралеўства Польскага гісторыю, звязаную з гісторыяй калісьці магутнага Вялікага Княства Літоўскага. Па яе меркаванню, паняцце  “тутэйшасць” выражае сардэчную сувязь прадстаўнікоў і абаронцаў краю з зямлёй, з яе тысячагадовай гісторыяй, з пахаванымі ў ёй прахамі продкаў. Яно падтрымлівае іх сувязь з мясцовым насельніцтвам. З часу, калі Літва уз’ядналася з Беларуссю, калі да гэтага саюзу далучылася Польшча, землі ВКЛ, былі класічнай тэрыторыяй сумеснага  жыцця брацкіх народаў і гэтыя рысы перайшлі ў сённяшні дзень[14].

Публіцыстка таксама падкрэслівала, што “краёвая” ідэя, а таксама ідэя палітычнай сувязі Літвы і Беларусі не перашкаджае свабоднаму  нацыянальнаму развіццю беларускага і літоўскага народаў. Адным з неабходных элементаў развіцця  нацыянальных асаблівасцяў беларусаў і літоўцаў К. Скірмунт лічыла адукацыю. Па  яе меркаванню беларускі народ на Міншчыне, Магілёўшчыне і Палессі быў зацікаўлены ў нацыянальным адраджэнні і абавязковая адукацыя безумоўна магла паспрыяць станаўленню беларускай нацыі [15].

Трэба падкрэсліць, што краёўцы і літоўскія пазітывісты небеспадстаўна пазначалі, што ў  палітычных праграмах беларускіх партый і рухаў  не было нават намеку на нацыяналізм, чым ў сваю чаргу славіліся літоўскі, польскі і украінскі нацыянальныя рухі[16]. Сапраўды, на пачатку XX стагоддзя прадстаўнікі беларускага палітычнага руху спрабавалі не выкарыстоўваць нацыяналістычных лозунгаў дзеля павышэння ўзроўню развіцця беларускай нацыянальнай свядомасці. Гістарычная традыцыя нацыянальнай роўнасці, якая была  галоўным элементам нацыянальнай палітыкі ў Вялікім Княстве Літоўскім,  адыгрывала сваю пазітыўную ролю. Галоўным пастулатам беларускіх палітыкаў і публіцыстаў у гэты час з’яўляецца не нацыяналізм, а краёвая дэмакратычная ідэя. Яна была заснавана на супольнай барацьбе ўсіх народаў краю: беларусаў, літоўцаў, палякаў, яўрэяў за палітычнае і сацыяльнае вызваленне. Адзін з галоўных ідэолагаў беларускага руху Антон Луцкевіч падкрэсліваў: “Усе тутэйшыя нацыі звязаны ня толькі тым, што жывуць на адной зямлі; нас злучае ў адну вялікую сям’ю, у адно брацтва, наша доля-няволя, нашы беды і жаданні, наша супольная палітычная думка. З гэтай думкі ствараецца краёвая праграма, паводле якой усе мы павінны змагацца за шчасце краю. Нацыяналізм — гэта хворае пачуцце сваёй нацыянальнай асобнасці[17, с. 21]”.

Такім чынам, можна падкрэсліць, што аналізуючы сацыяльна-эканамічную гісторыю Беларусі ў 1861–1914 гг., прадстаўнікі Варшаўскай гістарычнай школы перад усім цікавіліся палітычнычным бокам буржуазных рэформ другой паловы ХІХ ст., а менавіта тым, як гэтыя пераўтварэнні ўвогуле паўплывалі на стан польскай прысутнасці на Беларусі і ў Літве,  і ў прыватнасці які ўплыў яны аказалі на польскае землеўладанне ў рэгіёне.  Разам з тым, у большасці крытыкуючы палавінчатасць праводзімых рэформ, “варшавяне” не заклікалі да актыўнага супраціву расійскім уладам, і, часцей за ўсе, выступалі за арганічнае супрацоўніцтва з імі. Немалаважным было і тое, што варшаўская гістарычная школа  пачынае глыбока даследаваць гісторыю і перспектывы фарміравання беларускай самасвядомасці. Вялікага поспеху ў гэтым дасягнулі “літоўскія пазітывісты”. Разам з тым,  некаторыя з прадстаўнікоў гэтай гістарычнай школы бачылі ў працэсе нацыянальнай эмансіпацыі беларусаў на рубяжы вякоў небяспеку для нацыянальных інтарэсаў Польшчы. І лічылі гэты працэс антыпольскай інтрыгай расійскіх улад, накіраваны на “дэпаланізацію” Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі. 

 
 
 Літаратура: 

  1. Kaczkowski, J. Konfiskaty na ziemiach polskich pod zaborem rosyjskim po powstaniach roku 1831, 1863/      J. Kaczkowski. — Wa-wa, 1918.
  2. Ludkiewicz,  Z.  Komasacja gruntow wiejskich. Studjum ekonomiczne./ Z. Ludkiewicz. —  Wa-wa ,1917.
  3. Studnicki,  W.  Sprawa polska / W. Studnicki. —  Poznan, 1910.
  4.  Łętowski,  A. Odlużenie wlasności ziemskiej  na Litwie / A. Łętowski,  // Ekonomista. —1911.— t. III, №1.
  5.  Lętowski, A.  Odlużenie wlasności ziemskiej na Rusi / A. Łętowski,  // Ekonomista. —1912.— t. III.
  6.  Экономика Белоруссии в эпоху империализма (1900—1917) / Под ред. Г. Т. Ковалевского.— Мн., 1963.
  7.  Lętowski, A. Wzajemnie ubezpieczenia rolne w kraju naszym / A. Łętowski,  // Ekonomista. —1912.— t. III, №2.
  8. Maliszewski, E.  Polacy i polskość na Litwie i Rusi/ E. Maliszewski. — Warszawa, 1914.
  9. Bogdanowicz, A. O języku białoruskim/ A. Bogdanowicz // Kurier Litewski.— 1905.—№ 14.
  10. Jankowski,  Cz. Do kwestji białoruskiej / Cz. Jankowski //  Kurier Litewski. — 1905.—№ 2
  11. Справаздача Віленскага генерал-губернатара // РДГА. Ф. 1284, воп. 194, 1908, д. 66, л. 6.
  12. РДГА. Ф.821, воп.128, 1912, д.697, л. 11–12.
  13. РДГА. Ф 821, воп. 150, 1912, д. 167, л.8.
  14. Futurus (Skirmuntt, K.), Nasza Tutejszość/K. Skirmuntt  // Kurier Litewski. — Wilno. — 22.09—4.10. 1906/ — № 214.
  15. Futurus (K. Skirmuntt). Stronnoctwo krajowe Litwy i Białej Rusi/K. Skirmuntt  // KurierLitewski. — 3.05.1907.
  16. Абрамовіч,  Л. Беларускі нацыянальны рух/ Л. Абрамовіч// Kurier Litewski. — 1907.— № 67.
  17. Луцкевіч, А. Беларусы /А. Луцкевіч. —СпБ., 1909.

www.istpravda.ru

Каментаваць