Санктуарый св. Мікалая і мемарыял Боны Сфорца, польскай каралевы і вялікай літоўскай княгіні

1 сакавіка 2009 года ў паўднёваітальянскім горадзе Бары, сталіцы правінцыі Апулія, адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы Расіі гасцявога двара і праваслаўнай царквы св. Мікалая, якія месцяцца побач са старажытнай каталіцкай базілікай у гонар гэтага святога, дзе з ХІ стагоддзя спачываюць яго рэліквіі, перанесеныя з Міраў Лікійскіх. Перадаючы інфармацыю пра падзеі ў Бары, беларускія СМІ не паведамілі, аднак, што комплекс вялікай каталіцкай базілікі св. Мікалая гістарычна звязаны з нашай краінай значна даўней.

(На фота: Мемарыял Боны Сфорца)

 



1 сакавіка 2009 года ў паўднёваітальянскім горадзе Бары, сталіцы правінцыі Апулія, адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы Расіі гасцявога двара і праваслаўнай царквы св. Мікалая, якія месцяцца побач са старажытнай каталіцкай базілікай у гонар гэтага святога, дзе з ХІ стагоддзя спачываюць яго рэліквіі, перанесеныя з Міраў Лікійскіх. Перадаючы інфармацыю пра падзеі ў Бары, беларускія СМІ не паведамілі, аднак, што комплекс вялікай каталіцкай базілікі св. Мікалая гістарычна звязаны з нашай краінай значна даўней.

(На фота: Мемарыял Боны Сфорца)

Мэрыя Бары атрымала кампенсацыю ў 13 мільёнаў еўра і казармы «Рассані» ў цэнтры горада для перамяшчэння офісаў з былога двара. У 1937 годзе ён быў выкуплены італьянскай адміністрацыяй, калі руская царква не мела сродкаў утрымліваць уласнасць у Італіі. Сёння часы мяняюцца. Сімвалічны жэст прыхільна ўспрыняты ў Расіі і на каталіцкім Захадзе. Для адных ён — знак адраджэння РПЦ, для другіх — праява міратворчага экуменічнага руху.

Італьянскі прэзідэнт Джорджа Неапалітана, калі віншаваў у Бары расійскага калегу Дзмітрыя Мядзведзева і перадаваў яму залатыя ключы ад двара, назваў падзею «праявай талерантнасці перад тварам фундаменталізму, які пагражае запаланіць цывілізаваны свет». Мэр Бары Мікеле Эміліяна параўнаў свой горад з «брамай на Усход» і выказаў спадзяванне, што падзея будзе ўспрынятая як праява любові да «рускіх братоў».


Бона ў маладосці

Расійская рэзідэнцыя была пабудавана ў 1910–1913 гадах Аляксеем Шчусевым, у далейшым знаным савецкім архітэктарам, аўтарам праектаў маўзалея Леніна, гасцініцы «Масква», будынка НКУС і Казанскага вакзала ў Маскве ды іншых помнікаў новай атэістычнай эпохі Расіі. За што атрымаў чатыры Сталінскія прэміі — іронія лёсу.

Авантура ХІ стагоддзя

Узгадкі пра сувязі комплексу вялікай каталіцкай базілікі св. Мікалая з нашай краінай пачнём з далёкай гісторыі. Прыгаданы яшчэ Гарацыем і Тацытам, горад Бары наноў усплыў на старонках гісторыі пасля панавання сарацынаў (841–871), калі ім авалодалі візантыйцы, зрабіўшы ў 968 годзе рэзідэнцыяй катапана, імператарскага намесніка Лангабардскай акругі, гэта значыць Паўднёвай Італіі. Але поўдзень Італіі ў 1070-я гады апанавалі нарманскія наёмнікі, і месцам сваёй рэзідэнцыі выбралі Салерна.

 

Алтар св. Мікалая

 

Так Бары, найбагацейшы горад рэгіёна і цэнтр гандлю, апынуўся перад пагрозай заняпаду. Гандлёвая алігархія горада пасля гэтага знайшла выратаванне ў здзяйсненні авантурнага плану, тыповага для духу эпохі. У 1087 годзе тры караблі з Бары, наладаваныя зернем і іншай прадукцыяй сельскай гаспадаркі, накіраваліся звыклым маршрутам у Сірыю, і, закупіўшы там усходнія тканіны, рушылі ўздоўж узбярэжжа Малой Азіі, каб спыніцца бліз Міраў Лікійскіх. У гэтых мясцінах, праслаўленых св. Мікалаем, дзе ў царкве спачывалі яго мошчы, у ХІ стагоддзі з’яўлялася ўсё болей турак. Таму можна было меркаваць, што загадзя спланаванае камандай караблёў дзёрзкае выкраданне з царкоўнай грабніцы яго парэшткаў хрысціянскі свет успрыме як выратаванне ад няверных. А Бары займее свайго патрона, падобна як Венецыя — святога Марка.

 

Базіліка

 

Так і адбылося. Ужо ў 1087–1089 гадах для размяшчэння святых мошчаў завяршылася ўзвядзенне крыпты з прастолам, якім кіраваў абат Бенедыктынскага кляштара, а пазней арцыбіскуп Ілія, выкарыстаўшы пры гэтым для будучай базілікі перабудаваныя рэшткі былога палаца візантыйскага катапана. Таму формы вялізнай раманскай царквы асіметрычныя, а ў скульптурным дэкоры прысутнічаюць свецкія матывы — выявы быкоў і сфінксаў. А крыпта св. Мікалая, мяркуючы па візантыйскай форме капітэляў калон з кветкава-раслінным дэкорам, першасна служыла залай палаца катапана. Гэта ж Італія, дзе часам культурныя слаі розных эпох папросту накладаюцца адзін на другі.

Бона — жонка Жыгімонта

А чарговым дадаткам, які звязаў далёкі італьянскі горад з нашай краінай непарыўнымі сувязямі гісторыі, было размяшчэнне ў галоўным алтары базілікі ў 1593 годзе скульптурнага надмагілля вялікай княгіні літоўскай і польскай каралевы Боны Сфорца, якая памерла ў Бары ў 1558 годзе.

Будучая ўладарка Польшчы і Літвы нарадзілася 515 год таму, 2 лютага 1494 года ў сям’і міланскага герцага Джан Галеаца Сфорца і Ізабелы Арагонскай, дачкі неапалітанскага караля. А ў 1518 годзе, воляю дынастычных раскладаў, што мусілі зблізіць палітычныя пазіцыі Ягайлавічаў і Габсбургаў, і па рэкамендацыі Уладзіслава Ягайлавіча, караля Чэхіі і Венгрыі, зрабілася другой жонкай яго аўдавелага малодшага брата Жыгімонта Старога. Партыя з палітычнага гледзішча для Жыгімонта была не надта выгадная, але падсалоджаная 200 000 залатых венгерскіх дукатаў прыданага і тым, што 50-гадовы кароль ажаніўся з прыгожай (хаця і невысокага росту) і добра адукаванай 24-гадовай дзяўчынай.

«Добра адукаваная» — сціпла сказана, калі ўлічыць яе гуманістычнае выхаванне, веданне права, філасофіі, палітыкі і валоданне некалькімі мовамі. Разам з 300 асобамі яе двара — ад музыкаў і мастакоў да кухараў — у Польшчу і ВКЛ канчаткова прыйшла ва ўсе сферы грамадскага жыцця культура Рэнесансу. Калі рэнесансавы Вавель у Кракаве ўжо будаваўся, то падобны па стылі палац, які зараз рэстаўратары аднаўляюць побач з віленскай катэдрай, паўстаў за часы Боны.

У прыдворнае жыццё прыйшлі балі і турніры, а ва ўжытак за сталом — відэльцы. Нашы продкі пазнаёміліся з апельсінамі, лімонамі, гранатамі, фігамі, шматлікімі прыправамі — шафранам, імбірам, цынамонам, нарэшце з цукрам. На сталах з’явіліся алівы, каштаны, разынкі, марцыпаны, рыс, а ў гародах пачалі вырошчваць сваю салату. Літоўска-беларуская арыстакратыя канчаткова засвоіла густ да заходнееўрапейскай моды. Нарэшце, сын Боны Жыгімонт Аўгуст паклаў пачатак традыцыям калекцыянавання мастацкіх твораў і рарытэтаў, што ў хуткім часе зрабіла музейныя зборы магнатэрыі ВКЛ аднымі з багацейшых на кантыненце.

Каралева

Цягам сваёй доўгай барацьбы за ўплыў каралеўскай сям’і на справы ў дзяржаве коштам абмежавання правоў магнатаў, асабліва Радзівілаў, Гаштальдаў, Астрожскіх, Ілінічаў, Бона назаўсёды ўвайшла ў гісторыю, якая пісалася не без дапамогі гэтых сем’яў, як «злая каралева».

Але нельга не памятаць, што якраз яе памкненні навесці парадак з пункту гледжання пануючай дынастыі наўпрост ці ўскосна выліліся ў цэлы шэраг прагрэсіўных пераменаў. Пачынаючы з дзяржаўных маёнткаў, палепшыліся спосабы землекарыстання (з меліярацыяй і больш дасканалым севазваротам). Зерне, лён і каноплі пачалі вырошчваць для продажу за мяжой, што хутка вывела ВКЛ на становішча адной з лепшых экспартна-арыентаваных гаспадарак кантынента. Апошняму паспрыяла «валочная памера», пераход на падаткаабкладанне не з асобнай гаспадаркі, а з адзінкі памеру зямлі, валокі (21,36 га). «Памера» здзейснілася канчаткова ў 1557 годзе, на наступны год пасля ад’езду Боны назад у Італію. Варта прыгадаць і першую кадыфікацыю права ВКЛ у выглядзе Статута 1529 года.

 

ЧАСТКА ІІ

 

Крэпасць у Бары

1 сакавіка 2009 года ў паўднёва-італьянскім горадзе Бары, сталіцы правінцыі Апулія, адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы Расіі гасцявога двара і праваслаўнай царквы св. Мікалая, якія месцяцца побач са старажытнай каталіцкай базілікай у гонар гэтага святога, дзе з ХІ стагоддзя спачываюць яго рэліквіі, перанесеныя з Міраў Лікійскіх. Перадаючы інфармацыю пра падзеі ў Бары, беларускія СМІ не паведамілі, аднак, што комплекс вялікай каталіцкай базілікі св. Мікалая гістарычна звязаны з нашай краінай значна даўней.

Бона супраць Барбары

Успаміны дзяцінства пра інтрыгі пры міланскім двары, у выніку якіх сям’я Сфорца страціла ўладу над герцагствам, праз усё жыццё кіравалі жаданнем Боны надзейна забяспечыць уладу сыну. Гэтага яна дамаглася абвяшчэння яго Вялікім літоўскім князем яшчэ пры жыцці мужа, у 1544 годзе. Спадчыннасць улады ў ВКЛ, у адрозненне ад выбарнасці каралёў у Польшчы, фактычна з’явілася гарантыяй абрання яго польскім каралём пасля смерці бацькі (1548). Польскія эліты не жадалі страціць стратэгічна выгаднага палітычнага адзінства з ВКЛ. З гэтага кантэксту вымалёўваецца і логіка яе змагання супраць мезальянсу, здзейсненага сынам у другім шлюбе з Барбарай Радзівіл (1547–1551). Кранальная гісторыя стасункаў Жыгімонта Аўгуста і Барбары ў сачыненнях літаратараў пераўтварылася ў меладраму пра моцнае каханне, нязгоду пакаленняў і атручэнне няшчаснай жанчыны. Улюбёная жонка Жыгімонта, «не каралеўскай крыві», памерла, відаць, ад раку, але вердыкт грамадскай думкі быў суровы — атруціла італьянка, балазе ў прыдворнай практыцы яе радзімы ў XVI стагоддзі падобнае развіццё падзей не было рэдкасцю. А зараз, следам за Бонай, зноў вернемся ў Італію.

На радзіме ў эміграцыі

У 1556 годзе, канчаткова пасварыўшыся з сынам, каралева пакінула краіну. Жыгімонт Аўгуст не наважыўся канчаткова затрымаць маці пад хатнім арыштам, нягледзячы на тое, што закон дазваляў пярэчыць яе планам, спасылаючыся на прававую традыцыю ўзгадняць ад’езд каралеўскіх асоб з краіны з вышэйшымі службовымі ўрадаўцамі. Паўплывала на рашэнне не перашкаджаць ад’езду жаданне маладога караля захаваць за сабой спадчынныя правы на італьянскія валоданні маці — княствы Рассана і Бары (тыя самыя, якія засталіся ў яе сям’і пасля страты Мілана), і жаданне захаваць прыстойную міжнародную рэпутацыю. Бона вывезла з сабой уласныя каштоўнасці і грошы, даходы з каралеўскіх уладанняў — і нямала, 24 вазы, цэлую казну!

Развязка гісторыі была трагічнай. Большасць сваіх сродкаў, 430 000 дукатаў, Бона паспела пазычыць Філіпу ІІ Габсбургу, уладару Іспаніі і Неапаля. Якраз у 1550-я гады дынастыя Габсбургаў у Свяшчэннай Рымскай імперыі падзялілася на іспанскую і нямецка-аўстрыйскую лініі, састарэлы Карл V Вялікі здолеў перадаць свайму сыну Філіпу ІІ іспанскія ўладанні, Неапаль і Нідэрланды, да якіх пазней была далучана Партугалія. Нямецкія і аўстрыйскія землі засталіся за Фердынандам І і яго сынам Максімільянам, а дочкі Фердынанда І Лізавета (1526–1545) і Кацярына (1533–1572) зрабіліся першай і трэцяй жонкамі Жыгімонта Аўгуста, звязаўшы найбліжэйшым сваяцтвам Бону Сфорца з уладарамі Свяшчэннай Рымскай імперыі германскага народа, а Ягайлавічаў — з нямецка-аўстрыйскімі Габсбургамі. Бона Сфорца, аднак, у сваіх уцёках у Бары зрабіла стаўку на саюз з «іспанцам» Філіпам ІІ, што ў выніку каштавала ёй жыцця.

Атрута для каралевы


Філіп, пры якім Іспанія аформілася ў моцна цэнтралізаваную дзяржаву, будаўнік сталічнай рэзідэнцыі Эскарыял у Мадрыдзе, праблему сваёй пазыкі вырашыў жорстка і цынічна. Падкуплены ім сакратар Боны Сфорца ў Бары Джан Ларэнца Паппакодэ смяротна атруціў апальную каралеву 19 лістапада 1557 года. Гэтую сцэну летапісец польска-літоўскай гісторыі мастак Ян Матэйка ў 1859 годзе адлюстраваў у жывапісным палатне.

Сям'я Боны


Бона адчувала небяспеку, і напярэдадні смерці замірылася з сынам, збіраючыся накіравацца ў Польшчу. Яна падрыхтавала і два варыянты тастаменту. Адзін з іх прадугледжваў перадачу Бары і Рассана іспанцам, а сыну з дочкамі гарантаваў грашовыя выплаты. Другі пакідаў спадчыннікам Жыгімонта Аўгуста. Натуральна, Паппакодэ знішчыў другі дакумент, і італьянскія ўладанні былі занятыя іспанцамі. Толькі падчас Лівонскай вайны з Іванам Жахлівым Жыгімонт Аўгуст дамогся вяртання часткі «іспана-неапалітанскай» пазыкі талернымі, паўталернымі і чвэрцьталернымі манетамі габсбургскай чаканкі, якія з надбіткам вензеля Жыгімонта Аўгуста і датай «1564» пэўны час абарачаліся ў ВКЛ і Польшчы.

Мемарыял для Боны


З чатырох дачок Боны асаблівую ролю ва ўшанаванні яе памяці і ў стварэнні яе мемарыяла ў Бары адыграла Ганна (1523–1596), каралева ўжо ўз’яднанай паводле Люблінскай уніі 1569 года Рэчы Паспалітай, жонка Стэфана Баторыя (на троне ў 1576–1586). З яе ініцыятывы ў 1589 годзе па дазволе папы Сікста V пачалося будаўніцтва комплекса-мемарыяла ў алтары базілікі св. Мікалая, куды была перанесена труна Боны, папярэдне змешчаная ў гарадской катэдры. Скульптурная кампазіцыя, агульны дызайн якой выканаў паляк Томаш Трэттар, а постаці з карарскага мармуру — італьянцы Андрэа Сарці, Франчэска Закарэллі і Франчэска Бернуччы, скончаная да 1593 года, па вялікім рахунку наследуе ўзор знакамітай капліцы Медычы ў Фларэнцыі работы Мікеланджэла.


Бона Сфорца ў 1517 г.


У кожнай краіне на паўночны ўсход ад Італіі яна б лічылася шэдэўрам нацыянальнай вартасці, у Італіі ж засталася тыповым, хоць і багатым, узорам мемарыяльнай пластыкі позняга Адраджэння. У цэнтры кампазіцыі на каменным саркафагу — укленчаная фігура Боны ў маленні, побач і ніжэй якой спачываюць алегарычныя жаночыя постаці з гербамі Польшчы і Бары. У нішах за алегорыяй Польшчы — скульптура св. Мікалая, за алегорыяй Бары — св. Станіслава.

 

Бона Сфорца (нацыянальны музей у Познані)

 

Патрануючы ўзвядзенне мемарыяла, дачка Боны Ганна Ягелонка нагадвала пра захаванае намінальнае права асабістай уласнасці і прэтэнзіі Рэчы Паспалітай на землі Боны — Бары і Рассана. Гэтая памяць выразна захоўвалася і ў сярэдзіне XVII стагоддзя, калі скульптура была дапоўнена фрэскамі скляпенняў алтарнай часткі па загадзе Яна Казіміра, які кіраваў Польшчай і ВКЛ у 1648–1668 гадах. Ён быў праўнукам Боны — праз яе чацвёртую па старшынству дачку, жонку шведскага караля Яна ІІІ і маці Жыгімонта ІІІ Вазы, першага прадстаўніка гэтай дынастыі на польскім і літоўскім тронах. У фрэсках над скульптурным мемарыялам з’явіліся партрэты Яна Казіміра, яго жонкі Марыі Ганзага, вобраз апекуна Літвы св. Казіміра. Але жывапісныя адлюстраванні не перажылі «рэстаўрацыю» базілікі пад старасветчыну ўжо ў ХХ стагоддзі.

Памяць

Не ўсе помнікі «палонікі-літуанікі-беларусікі» заспее сёння наш суайчыннік, наведваючы Бары, што лепш рабіць 7–9 мая, у час святкавання гадавіны прыбыцця мошчаў св. Нікалая, або 6 снежня, у дзень асноўнага каляндарнага свята ў гонар нябеснага патрона — Rito delle nubili па-італьянску. Ён не пабачыць тое, што апісаў у сакавіку 1584 года Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка, славуты будаўнік Нясвіжскага замку, у сваёй «Перыгрынацыі, або Паломніцтве ў Святую Зямлю». На дзвюх брамах размешчанага непадалёк Бары мястэчка Астуна тады яшчэ заставаліся малюнкі гербаў Боны і ўрачыстыя надпісы ў гонар яе прыбыцця з Кракава, якое прайшло з вялікімі ўрачыстасцямі. Затое стаіць у Бары замак Il Castello, узнесены ў ХІІІ стагоддзі Фрыдрыхам ІІ Швабскім на нарманскіх падмурках і ўпрыгожаны рэнесанснымі арачнымі матывамі пры Ізабеле Арагонскай і яе дачцэ Боне Сфорца.

Бона Сфорца (мастак Лукас Кранах)


Зразумела, кагосьці ў Бары і да базілікі св. Мікалая будзе вабіць слаўныя ўспаміны рыцарскіх часоў, імёны герояў Першага крыжовага паходу (1096), якія маліліся тут па дарозе да Іерусаліму — Уга з Вермандуа, Раберта з Фландрыі, Стэфана з Блуа, да якіх далучыліся князь Бары Баэмунд і яго пляменнік Танкрэд, абодва героі «Вызваленага Іерусаліму» Тарквата Тасса. Кагосьці прыцягне ідэя адведаць рускі двор. Але наведвальніку з Беларусі варта не забыцца, што ў самым сэрцы старажытнай базілікі, побач з мошчамі патрона ўсіх падарожнікаў, маракоў, паняволеных, святога Мікалая Калядных святкаванняў і апекуна Русі, яго сустрэне мемарыял, прысвечаны адной з самых вядомых гераінь нашай даўняй гісторыі.
 

Каментаваць