Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Савецкая Беларусь не адставала ад РСФСР у сэксуальных эксперыментах

Сямейныя камуны і фактычныя шлюбы: гісторык прэзентаваў кнігу, прысвечаную станаўленню новых сужэнскіх стасункаў у БССР.

Аляксандр Гужалоўскі. Фота "Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Для працы над кнігай “Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг.” гісторыку Аляксандру Гужалоўскаму давялося карпець над дакументамі не толькі ў шматлікіх беларускіх, але і маскоўскіх архівах. У выніку з’явіўся першы твор, прысвечаны дзяржаўнаму рэгуляванню сэксуальна-шлюбных адносін у БССР пасля рэвалюцыі.

— Увогуле, кніжка — не пра сэкс. Кніжка — пра свабоду, дакладней, пра імкненне да індывідуальнай свабоды, якое мы бачым цягам усяго ХХ стагоддзя, — акрэслівае змест твора сам аўтар.

У першым паслярэвалюцыйным дзесяцігоддзі побач з традыцыйнымі шлюбнымі адносінамі сталі ўзнікаць і зусім новыя. Грамадства змянялася, а разам з ім змянялася стаўленне да інтымнай і сямейна-шлюбнай сферы. Адным з першых ленінскіх дэкрэтаў у 1917 годзе быў дэкрэт “Аб грамадзянскім шлюбе”, адпаведна з якім на змену царкоўнаму шлюбу прыйшоў грамадзянскі. На той час гэта стала катастрафічнай зменай для свядомасці людзей. Камуністычная ідэалогія адмаўляла правілы існавання “буржуазнай”, то бок, традыцыйнай сям’і.

 

Аляксандр Гужалоўскі. Фота "Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

— Тое, што можа ўзнікнуць замест традыцыйнай сям’і, паспрабаваў акрэсліць адзін чалавек — Аляксандра Калантай. У сваёй працы “Дарогу крылатаму Эрасу” яна спрабуе даць формы ўзаемаадносін у свабодным грамадстве. Яе галоўная ідэя ў тым, што каханне не будзе ні прадавацца, ні купляцца — ні ў форме прастытуцыі, ні ў форме шлюбу (бо Калантай лічыла, што буржуазны шлюб — гэта форма продажу кахання). Аляксандра Калантай прапанавала “працоўным пчолам” — так яна называла людзей будучыні — аб’яднацца дзеля працягнення роду. Не буду паглыбляцца ў падрабязнасці цікавых камбінацый з двух, трох, пяці чалавек, якія аб’ядноўваюцца на розныя часовыя тэрміны, — распавёў падчас прэзентацыі кнігі аўтар.

Адным з найбольш рэзкіх апанентаў Калантай стаў псіхіятр, дырэктар Інстытута педалогіі ў Маскве Арон Залкінд, аўтар бестсэлера 1926 года “12 палавых запаведзяў рэвалюцыйнага пралетарыяту”. Ён прапанаваў адмовіцца ад сэксуальных эксперыментаў і субліміраваць палавую энергію ў працоўныя здзяйсненні. Асобы націск у працы Залкінда зроблены на тое, што пралетар і бядняк не могуць уступаць у сувязь з прадстаўнікамі заможных слаёў.

 

Аляксандр Гужалоўскі. Фота "Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"


Савецкая Беларусь не адставала ад РСФСР у прагрэсіўных поглядах на шлюб. Адной з тых, хто зацята іх прасоўваў, стала Соф’я Шамардзіна. Яна нарадзілася ў Мінску, скончыла Бястужаўскія курсы і з вясны да восені 1921 года была “галоўнай беларускай жанчынай” — узначальвала жаночы аддзел ЦК КПБ. Выступаючы перад працоўнымі, яна прапагандавала адмову ад традыцыйнай сям’і, вызваленне жанчын ад хатніх абавязкаў і падпарадкавання мужчынам. У жыцці самой Шамардзіной былі шматлікія раманы, у тым ліку з вядомымі паэтамі Уладзімірам Маякоўскім і Ігарам Севяраніным. Пасля Соф’я стала жонкай старшыні СНК Язэпа Адамовіча, які ўрэшце скончыў жыццё самагубствам.

Да прапаганды далучаліся і навукоўцы, якія даказвалі “шкоднасць” буржуазных шлюбаў. У сваёй кнізе “Сацыялогія шлюбу і сям’і” прафесар БДУ Сямён Вальфсон у 1929 годзе абгрунтоўвае неабходнасць стварэння новых квазі-сямейных працоўных калектываў. У прыватнасці, Вальфсон піша, што з 1924 па 1927 гг. колькасць шлюбаў у БССР на 1000 тысяч насельніцтва скарацілася з 1120 да 850. А колькасць разводаў, наадварот, павялічылася з 60 да 180 ў месяц — што, безумоўна, сведчыла пра станоўчы напрамак развіцця грамадства.

Працэс разводу, паводле першага савецкага Сямейна-шлюбнага кодэкса 1918 года, спрашчаўся да мінімуму: каб развесціся, аднаму з бакоў дастаткова было проста падаць у суд заяву. Пасля рэвалюцыі шлюб не ствараў агульнай маёмасці — значыць, жанчына, якая выходзіла са шлюбнага становішча, часцей за ўсё заставалася ні з чым, апроч дзяцей, на якіх было вельмі праблематычна атрымаць аліменты ад бацькі.

Становішча ўскладніў і першы беларускі Сямейна-шлюбны кодэкс 1927 года, які легалізаваў так званы фактычны шлюб — на той час гэты панятак абазначаў тое, што сёння мы называем грамадзянскім шлюбам. У такіх адносінах жылі многія вядомыя беларусы. Напрыклад, актрыса Стэфанія Станюта вырашыла не рэгістраваць свой шлюб з акцёрам віцебскага тэатра, і саюз у выніку распаўся. Кампазітар Мікалай Аладаў і яго жонка Алена былі разам ужо ў 1920-х, але зарэгістравалі адносіны толькі ў 1943 годзе. Рэпрэсаваны паэт Уладзімір Дубоўка прапаноўваў сваёй спадарожніцы Марыі Кляўз ажаніцца, але яна казала: “Навошта? Мы і так кахаем адзін аднаго”. Дубоўка ўсё ж настаяў, і ў будучыні гэта дапамагло Марыі перадаваць арыштаванаму мужу перадачы, якія прымалі толькі ад сваякоў. Зорка беларускай оперы Ларыса Александроўская ў 1920-х жыла ў фактычным шлюбе з намеснікам начальніка вайсковай школы Нікандрам Міхайлавым, аднак пара распалася, бо спявачка не вытрымала колькасці прыхільніц свайго партнёра.

Замест ранейшага царкоўнага шлюбу нярэдка спраўлялі “чырвоныя вяселлі”, дзе маладых “дабраслаўлялі” старшыня заводскага камітэту, партарг і прафарг. А яшчэ былі “чырвоныя хрэсбіны”… Новыя савецкія рытуалы адпаведна змянялі і паводзіны людзей. Тагачасныя норавы ва ўспамінах апісвае выканаўца ролі Купалавай Паўлінкі Паўліна Мядзёлка, якая ў 1925 годзе трапіла ў БССР з Рыгі. Яна піша, што прыйшла з братам у сталоўку Наркамасветы, і калі той пасля абеду паспрабаваў накінуць на плечы дзяўчыне жакет, усе чыноўнікі падхапіліся і пачалі рагатаць. Тое самае адбылося, калі небарака падаў дзяўчыне руку, дапамагаючы сыйсці з прыступак.

 

Аляксандр Гужалоўскі. Фота "Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Яшчэ адным вынікам сацыяльных пераўтварэнняў першай чвэрці ХХ стагоддзя (не толькі Грамадзянскай і Першай сусветнай вайны, а і шлюбных эксперыментаў) стала вялікая колькасць беспрытульнікаў. З гэтай з’явай беспаспяхова змагаліся цягам 1930-х гг.

— Жанчын вызвалілі ад хатняй працы, выхавання дзяцей і адправілі працаваць на 8-гадзінную вытворчасць. Гэта была рэальнасць. А што тычыцца дзіцячых садкоў, харчавання, сацыяльнай сферы — усё гэта было толькі на словах, на гэта не хапала грошай, — зазначае Аляксандр Гужалоўскі.

Як вынік значнай праблемай таго часу сталі аборты. У 1918 годзе СССР стаў першай краінай, дзе аборты былі дазволены без абмежаванняў. У 1926 годзе на кожныя 100 нараджэнняў прыпадала амаль 50 абортаў. І гэта — афіцыйных, якія рабіліся ў клініках. У той час як у вёсках і мястэчках былі распаўсюджаныя паслугі падпольных абарцістак… 

"ЕўраБеларусь"

 

Каментаваць