Савінкаў. Канец рускага тэрарыста

Усе ведаюць, хто такі Барыс Віктаравіч Савінкаў. А дзякуючы кінафільму «Трэст» ведаюць і пра аперацыю чэкістаў, праз якую ў 1924 годзе заманілі Савінкава ў СССР. Аднак мала хто ведае, што пераходзіў ён мяжу пад Заслаўем. 



Барыс Савінкаў


Выпускнік варшаўскай гімназіі, студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта. Здавалася, што перад ім адчыняюцца магчымасці някепскай кар’еры… Аднак з універсітэта Савінкава выключылі за антыўрадавую дзейнасць. Пазней арыштавалі за рэвалюцыйную дзейнасць.

Пасля былі «Баявая арганізацыя», тэракты, забойствы, рэвалюцыя, барацьба супраць бальшавікоў, якая прывяла яго ў Варшаву. Там ён стварыў Рускі палітычны камітэт, а таксама садзейнічаў фарміраванню арміі Станіслава Булак-Балаховіча.

Пасля падпісання мірнай дамовы ў Рызе бальшавікі патрабавалі ад Пілсудскага выслаць Савінкава з Польшчы. Таму ён з’ехаў з Польшчы. Летам 1922 года для наладжвання сувязі са сваімі паплечнікамі Савінкаў накіраваў з Парыжу ў савецкую Расію свайго ад’ютанта Леаніда Шашэню. Аднак пры пераходзе савецка-польскай мяжы яго затрымалі савецкія памежнікі. На допыце ў АДПУ з затрыманага выбілі імёны агентаў. Хутка адзін з іх, Міхаіл Зекуноў, а таксама сам Шашэня, пагадзіліся на супрацу з савецкімі спецслужбамі.

Сіндыкат–2

 

Па заданні АДПУ Зекуноў прыехаў у Вільню да аднаго з дзеячаў «Народнага саюза абароны радзімы і свабоды» Івана Фамічова з інфармацыяй пра тое, што Шашэня «выйшаў на сувязь з вялікай і моцнай антысавецкай групай у Маскве». Гэтай інфармацыі хапіла, каб ёй зацікавіліся савінкаўцы. Яны яшчэ верылі, што ў СССР маглі захавацца тыя, хто ўсур’ёз змагаўся супраць савецкай улады.

З гэтага моманту пачалася праца над «вывадам рускага тэрарыста №1» і аднаго з галоўных антысаветчыкаў на тэрыторыю СССР. За рэалізацыю гэтага этапу аперацыі «Сіндыкат–2» (менавіта так называлася аператыўная гульня, распрацаваная АДПУ для знішчэння савінкаўскага антысавецкага падполля) адказваў контрвыведвальны аддзел (КРА) АДПУ пад кіраўніцтвам Артура Артузава. У аперацыі былі задзейнічаны намеснік начальніка КРА Раман Піляр, памочнік упаўнаважанага КРА паўнамоцнага прадстаўніцтва па Заходняму краю АДПУ Ян Крыкман і іншыя.

Ян Крыкман

Бальшавікам удалося закінуць у савінкаўскае атачэнне свайго аператыўнага супрацоўніка Андрэя Фёдарава, які выконваў ролю прадстаўніка маскоўскай антысавецкай арганізацыі. Чэкіст некалькі разоў быў у Вільні і Варшаве і сустракаўся там з падначаленымі Савінкава. Саветнік Юзафа Пілсудскага па «руска-ўкраінскай тэматыцы», а таксама сябар Барыса Савінкава Зміцер Філосафаў не паверыў Фёдараву і парэкамендаваў выслаць з Вільні ў Маскву Івана Фамічова. Бальшавіцкія спецорганы былі да гэтага падрыхтаваныя і падставілі сапраўдных контррэвалюцыянераў — арганізацыю «Ліберальныя дэмакраты».

Трэба ехаць

 

У ліпені 1923 года чэкіст Фёдараў у Парыжы сустрэўся з Савінкавым і парэкамендаваў як мага хутчэй ехаць у Расію, каб узначаліць маскоўскую антысавецкую групу. Савінкаў не паверыў і накіраваў у Маскву свайго чалавека Сяргея Паўлоўскага. Пасля пераходу савецка-польскай мяжы ў Беларусі той сабраў атрад аднадумцаў і пачаў нападаць на бальшавіцкія органы і рабаваць банкі. Калі Паўлоўскі нарэшце прыехаў у Маскву, яго адразу арыштавала АДПУ.

Больш таго, чэкістам удалося завербаваць Паўлоўскага. З Масквы ў Парыж пайшоў ліст, у якім зноў пацвярджалася існаванне антысавецкай арганізацыі ў Маскве. Савінкаў працягваў з недаверам ставіцца да «маскоўскай антысавецкай арганізацыі», аднак пры гэтым ён баяўся страціць час і, галоўнае, уплыў на магчымых хаўруснікаў, якія заставаліся на тым баку «рыжскай мяжы».

Савецкія памежнікі, 1924 год

У жніўні 1924 года Барыс Савінкаў усё ж вырашыў ехаць у савецкую Расію. У Маскве атрымалі тэлеграму: «Сёння канчаткова дамовіліся з бацькам. Бацька з пляменнікам і пляменніцай едуць адпачыць да мяне ў лецішча. Паедзем адсюль (з Парыжа) 7–8 жніўня». Савінкаў патрабаваў, каб Паўлоўскі прыехаў у французскую сталіцу і дапамог яму ў небяспечным падарожжы, аднак АДПУ прыдумала легенду пра тое, што Паўлоўкі цяжка паранены падчас адной з «экспрапрыяцый» на Поўдні Расіі. Разам з Савінкавым у СССР выехалі Аляксандр Дыгхоф-Дырэнталь, яго жонка Любоў, Іван Фамічоў і чэкіст Андрэй Фёдараў. Аднак апошні ў Вільні пакінуў групу і паабяцаў сустрэць Савінкава ўжо на тэрыторыі савецкай Беларусі.

Колькасць затрыманых у 1922–1925 гг. парушальнікаў савецка-польскай мяжы ў Беларусі

Акно на мяжы

 

Пераход мяжы адбываўся ў раёне Заслаўя. Вось як гэты момант апісвала ў сваім дзённіку Любоў Дыгхоф-Дырэнталь: «15 жніўня. На сялянскай падводзе складзеныя валізкі. Мы ідзем у след за ёй. Свеціць месяц. Ён свеціць так ярка, што можна падумаць, што гэта дзень, а не ноч, калі б не поўная цішыня. Толькі рыпяць колы. Больш ні гуку, хоць блізка вёска. Холадна. Мы прагна п’ем паветра — паветра Расіі. Расія ў некалькіх кроках ад нас, наперадзе. Мы выехалі ў Расію па патрабаванні Сяргея Паўлоўскага. Ён павінен быў прыехаць да нас у Парыж. Але ён быў паранены пры нападзе на бальшавіцкі цягнік і замест сябе прыслаў Андрэя Паўлавіча і Фамічова. Мы ідзем хутка, у поўным маўчанні.

За кожным кустом, можа быць, хаваецца памежнік, з-за кожнага дрэва можа пстрыкнуць вінтоўка. Вось злева заварушылася нешта, потым справа. І вось паўсюль. Праляцела сава. Гэта трэці перасцерагальны знак: раніцай разбілася люстэрка і сёння пятніца — дурны дзень. Мы ідзем ужо больш за гадзіну, але стомленасці няма. Мы ідзем то полем, то лесам. Мяжа ўецца. Вось у пералеску каламажка і цялега. Коні вялікія. Да Мінска нам трэба будзе зрабіць 35 вёрст. Вёска. Брэшуць сабакі. Затым палі і ап’яняльнае паветра. А ў галаве адна думка: палі — Расія, лясы — Расія, вёскі — таксама Расія. Мы — шчаслівыя. Мы ў сябе. Дарога кепская, усё ў ямах. На адным з паваротаў каламажка перакульваецца. Мы падаем. [...] 16 жніўня. Вось нарэшце мы і дома. Прыехалі. Мінск. Прыгарадныя вуліцы пустыя. Рэдкія мінакі абарочваюцца на нас, хоць у Вільні мы апрануліся па-руску. Мы спыняемся ля аднаго з дамоў на Савецкай. Тут мы адпачнем і ў вечары паедзем у Маскву».

На мяжы Савінкава сустракаў оперупаўнаважаны ДПУ па Заходняму краю Ян Крыкман. У 1922 годзе ён быў прызначаны ў 15-ты памежны атрад у Заслаўі на пасаду «каменданта зоны». Для Савінкава ён быў «Іванам Пятровічам Батавым», членам антысавецкай арганізацыі, якому ўдалося трапіць на службу ў савецкую памежную ахову.

Чыгуначны памежны пераход ля Радашковічаў. Бачныя савецкі і польскі памежныя знакі

Менавіта Крыкман адказваў за падрыхтоўку ля Заслаўя акна на мяжы для пераходу савінкаўцаў. Для базы была выбрана старая карчма ў 11 кіламетрах ад Заслаўя ў раёне Радашковічаў.

Вось як пераход на савецкі бок групы Барыса Савінкава пад Заслаўем апісваў Іван Крыкман: «У той дзень на мяжу прыехалі Пузіцкі і Дземідзенка (супрацоўнікі АДПУ — І.М.). Спыніліся ў густых кустах недалёка ад памежнага слупа. Ноч была цёмнай. Прайшла гадзіна, другая. Раптам з польскага боку замігцеў агеньчык. Побач з Мухіным (сакрэтны супрацоўнік АДПУ) стаялі Савінкаў, Любоў Дзерэнталь, яе муж і супрацоўнікі польскай выведкі Сякунда і Маер.

Пузіцкі падышоў да іх, павітаўся і сказаў, што шлях вольны. Палякі засталіся на сваім баку, а іншыя пайшлі наперад. Я падышоў да іх, казырнуў і прапанаваў усім здаць зброю, каб пазбегнуць ускладненняў. Першым аддаў свой рэвальвер Савінкаў, пазней іншыя. Фамічоў падышоў да мяне. Працягнуў руку і павітаўся. Я паклаў іх рэвальверы ў кішэні і загадаў ісці за мной. Мы яшчэ днём папярэдзілі начальніка атрада, каб той не ставіў на гэтым участку памежнікаў. Хутка мы выйшлі да схаваных коней, запрэжаных у дзве тачанкі. Каб не выклікаць падазрэння ў мясцовага насельніцтва, я прапанаваў гасцям апрануцца ў чырвонаармейскія шынялі і будзёнаўкі. Даехалі да вялікага возера ў 12 кіламетрах ад Мінска, зрабілі прывал. Паелі, селі ў тачанкі і паехалі далей».

Памежнікі 15-га Заслаўскага памежнага атрада, пачатак 1930-х гадоў

У Мінску 16 жніўня 1924 года на канспіратыўнай кватэры па адрасу Захар’еўская, 33 усіх арыштавалі. Калі чэкісты ўвайшлі ў пакой са зброяй, Савінкаў павярнуўся да іх і сказаў: «Чыста зроблена… Дазвольце працягнуць сняданак?» У той жа дзень усіх арыштаваных накіравалі ў Маскву, дзе наўпрост з Беларускага вакзала перавезлі ва ўнутраную турму АДПУ на Лубянцы.

Памежнікі 15-га Заслаўскага памежнага атрада ДПУ БССР, пачатак 1930-х

Суд

 

Праз тыдзень у газеце «Праўда» была змешчана кароткая заметка: «У 20-х чыслах жніўня гэтага года на тэрыторыі Савецкай Расіі АДПУ быў затрыманы грамадзянін Савінкаў Барыс Віктаравіч, адзін з самых непрымірымых і актыўных ворагаў працоўна-сялянскай Расіі (Савінкаў затрыманы з фальшывым пашпартам на імя В.І. Сцяпанава). У 23 гадзіны 23 жніўня Савінкаву было ўручана абвінаваўчае заключэнне, і па сканчэнні 72 гадзін, згодна з патрабаваннем Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, у вайсковай калегіі Вярхоўнага суда СССР пачалося слуханне яго справы».

Падчас следства Савінкаў прызнаў віну і супрацоўнічаў з чэкістамі. 29 жніўня 1924 года суд прысудзіў яго да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці, аднак пазней прысуд быў заменены на 10 гадоў зняволення. Савінкава трымалі на Лубянцы, аднак у маі 1925 года ён загінуў. Па адной з версій, сам выкінуўся з акна, па іншай — сысці з жыцця яму дапамаглі супрацоўнікі савецкіх спецслужбаў. Іншыя спадарожнікі Савінкава таксама патрапілі пад рэпрэсіі.

1924 год. Судовы працэс над Савінкавым

Арышт і смерць Барыса Савінкава канчаткова паралізавалі дзейнасць «Народнага саюза абароны Радзімы і свабоды». Большасць з членаў гэтай арганізацыі былі арыштаваныя. Чэкісты, якія ўдзельнічалі ў аперацыі, і асабліва тыя, хто рыхтаваў «вывад Савінкава на савецкі бок», атрымалі ўрадавыя ўзнагароды. Аднак ужо ў 1930-я гады большасць з іх былі рэпрэсаваныя. Разам з імі пайшлі ў небыццё і ўсе тайны, звязаныя з арыштам «рускага тэрарыста №1» Барыса Савінкава.

Каментаваць