Шляхам атрада Рамана Рагінскага

За 24 дні атрад аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 года Рамана Рагінскага прайшоў па Беларусі 750 кіламетраў. Яго мужнасць уражвала нават ворагаў.



Рэйд атрада Рагінскага паказаў непадрыхтаванасць Паўднёвай Беларусі да паўстання і даў несуцяшальную карціну адносін тутэйшага насельніцтва: як сялянства, так і шляхта Палесся пазбягалі дапамогі паўстанцам. На жаль, вынікі гэтага паходу не былі ўлічаны кіраўніцтвам паўстання пры распрацоўцы тактыкі і пры абвяшчэнні ўсеагульнай барацьбы.

Раман Рагінскі нарадзіўся ў 1840 годзе ў сям’і Юзэфа і Ізабелы, у дзявоцтве Мадзелеўскай, Рагінскіх. Раман захапіўся рэвалюцыйнымі ідэямі ўжо падчас навучання ў Варшаўскай рэальнай гімназіі. А ў 1861 годзе ўдзельнічаў у маніфестацыйным руху, пасля чаго быў вымушаны пакінуць Варшаву і накіравацца ў Геную, дзе паступіў у вайсковую школу. Адкрытая пры падтрымцы Гарыбальдзі ў верасні 1861-га школа рыхтавала вайсковыя кадры для будучага паўстання, пакуль пад націскам Расіі не была зачыненая ў чэрвені 1862-га. Школа здолела падрыхтаваць 120 чалавек, у тым ліку будучых паўстанцкіх камандзіраў Зыгмунта Мінейку і Рамана Рагінскага.

15 кастрычніка 1862 года, па заканчэнні школы, Раман праз Парыж вярнуўся ў Варшаву, і ў кастрычніку 1862-га Цэнтральным нацыянальным камітэтам у Варшаве быў адразу прызначаны памочнікам, а ў лістападзе 1862-га — камісарам па Падляшскім ваяводстве. Раман заняўся вярбоўкай людзей, стварэннем складоў зброі і харчавання. Яго памочнікамі сталі прапаршчык 13-й артылерыйскай брыгады Багуслаў Паўловіч і былы выхаванец аднаго з манастыроў Стасякевіч.

Напярэдадні паўстання Рагінскі меў загад авалодаць павятовым горадам Белая (сёння Бяла-Падляска ў 36 кіламетрах ад заходняй мяжы Беларусі). У ноч з 22 на 23 студня 1863 года Рагінскі на чале каля 60 чалавек спрабаваў авалодаць горадам Белая, але з-за паднятага па трывозе гарнізону рэціраваўся.

Рагінскі адступіў і арганізаваў атрад, які ў хуткім часе павялічыўся амаль да тысячы чалавек. Пасля адыходу з Белай войскаў генерала Мамаева, паўстанцы занялі горад. Аднак ужо 1 лютага Рагінскі ўступіў у начны бой з генерал-маёрам Носціцам. Гэта было іх першае супрацьстаянне ў доўгай чарадзе.

Генерал-маёр граф Іван Рыгоравіч Носціц, нашчадак старога арыстакратычнага роду, праславіўся ўдзелам у задушэнні выступленняў горцаў на Каўказе. У студзені 1863 года па асабістаму загаду імператара Аляксандра ІІ быў накіраваны ў дапамогу віленскаму генерал-губернатару Назімаву. Назімаў жа адправіў яго ў Беласток, адкуль Носціц з войскамі рушыў у Белую.

Пасля авалодання Белай, 4 лютага ў бітве пад Няміравым Носціц спрабаваў акружыць Рагінскага, але той здолеў вырвацца і пасля пераправы праз Буг накіраваўся ў Сямяцічы, каб аб’яднацца з паўстанцамі на чале з Уладзіславам Ціхорскім.

Ужо 6–7 лютага пад Сямяцічамі адбылася бітва паўстанцаў з войскамі генерала Манюкіна, пасля паразы ў якой Рагінскі накіраваўся ўглыб Беларусі, на яе поўдзень, папярэдне некалькі дзён правёўшы ў Белавежскай пушчы.

Атрад перайшоў у Брэсцкі ўезд і 8 лютага наведаўся ў Высока-Літоўск да князя Ксаверыя Сапегі з просьбаю аб дапамозе людзьмі, правіянтам і зброяй. Але атрымаў толькі дзве дубальтоўкі і шэсць коней. Далей іх рух ляжаў да сядзібы Каралёў Мост Пружанскага ўезда, паблізу якой 11 лютага адбылося чарговае сутыкненне атрада Рагінскага з войскамі Носціца.

Былі моцная завіруха і снег. Салдаты скарысталіся надвор’ем, каб незаўважанымі падысці да стадолі, у якой паўстанцы размясцілі коней, сваю амуніцыю, боепрыпасы і порах, ды грэліся і варылі ежу. Пачалася страляніна, і ў хаосе бою агонь, на якім варылі ежу, ахапіў стадолю. 12 паўстанцаў замест таго, каб бегчы ў лес, як астатнія, кінуліся ратаваць коней. Акружаныя, яны не здаваліся і стралялі з палаючага будынка. У гэты час агонь дабраўся да бочкі з порахам. Раздаўся выбух, і амаль усе загінулі.

У гэтым сутыкненні загінула і трапіла ў палон 85 паўстанцаў, быў страчаны абоз. Носціц у сваіх мемуарах пісаў пра 50 загінулых паўстанцаў і трох палонных, свае ж страты ацаніў у 13 параненых салдат.

Сам Рагінскі з рэшткамі атрада адступіў у лес. Познім вечарам 12 лютага яго атрад злучыўся з невялікім фармаваннем акцызнага чыноўніка Гро­дзенскага губернскага праўлення Станіслава Сангіна і рушыў да Шарашова. Паўстанцы захапілі ў мястэчку будынак сельскага праўлення і знойдзенымі там грашамі расплаціліся з мясцовымі жыхарамі за прадукты і адзенне.

Рагінскі пісаў: «Усё мястэчка збеглася нас накарміць, а габрэі даставілі астатняе. Калі ўжо я заявіў, што плачу за ўсё, далі нам тое, у чым больш за ўсё адчувалася неабходнасць: пораху, патронаў і мноства пістонаў для ружжаў».

Далей аб’яднаны атрад пад агульным кіраўніцтвам Рагінскага на 15 фурманках накіраваўся на Пружаны і захапіў іх 13 лютага. Паўстанцам дапамагла гарадская рэвалюцыйная арганізацыя, у якую ўваходзіла фактычна ўсё кіраўніцтва горада. Напад ажыццяўляўся ўвечары, калі вайсковая інвалідная каманда знаходзілася на адпачынку ў казармах. Пры гэтым кіраўнік каманды Пружанскай унутранай аховы паручнік Платон Галаўня «обнаружил трусость и, спасая только себя, бежал из города, переодевшись в крестьянскую одежду». Пазней Галаўню пазбавілі афіцэрскага звання і дваранства, выгналі з арміі і выслалі ўглыб Імперыі.

У рукі паўстанцаў патрапіла больш 10 тысяч рублёў, а пасля абяззброення мясцовай вайсковай каманды былі захопленыя 200 карабінаў і 1720 патронаў.

З гарадской турмы выпусцілі 9 чалавек, але тыя адмовіліся далучацца да паўстанцаў. Увогуле, з Пружан у атрад пайшлі толькі двое: бухгалтар казначэйства Стравінскі, які «нанёс удар шашкаю па галаве» абяззброенаму салдату, і пісарчук уезнага суда Глябовіч, «стрэлам у горла» забіўшы салдата Калеснікава. Акрамя таго, Рагінскі «сілаю ўвёў у мяцеж» некалькі мясцовых шляхцічаў, якія той жа ноччу збеглі з атрада.

Канфіскаваную маёмасць паўстанцы загрузілі на фурманкі і рушылі ў накірунку Кобрына. Па дарозе паміж Рагінскім і Сангіным здарылася спрэчка. Сангін быў супраць далейшага руху ўглыб яшчэ непадрыхтаванай да паўстання тэрыторыі. Рагінскі ж настойваў на адваротным. У выніку атрад Сангіна забраў сваю частку захопленай маёмасці і грошай, ды павярнуў у бок Бельскага ўезда, па дарозе куды 15 лютага патрапіў у пастку паблізу паселішча Рэчыца Пружанскага ўезда і быў разбіты войскамі падпалкоўніка Вімберга. Загінулі 11 паўстанцаў, у тым ліку сам Сангін.

Тым часам Рагінскі з атрадам у 30 чалавек пасля захопу Пружанаў размясціўся павячэраць у маёнтку Лінява памешчыка Багуслава Трэмбіцкага. Да атрада далучалася мясцовая шляхта, гімназісты, рамеснікі, служачыя лясной варты. У выніку атрад Рагінскага дасягнуў 85 чалавек і 14 лютага прыбыў у маёнтак Антапаль Кобрынскага ўезда, які належаў графу Казіміру Ажароўскаму, ад якога Рагінскі атрымаў толькі харчаванне.

Рух углыб Палесся працягваўся. У мястэчку Любашаў Рагінскі атрымаў паведамленне, што ў Пінску знаходзяцца толькі каля 100 чалавек казакоў і салдат мясцовай інваліднай каманды. Усе ж астатнія накіраваныя на пошук паўстанцаў. Рагінскі вырашыў атакаваць горад, але для праверкі інфармацыі адправіў туды свайго сябра Валовіча. Праз два дні той вярнуўся: з паліцэйскім ураднікам Юрашкевічам, настаўнікам Пінскай гімназіі Астрамецкім і гімназістам Клюкоўскім ды паведамленнем аб тым, што інфармацыя аб сыходзе рускіх з Пінску несапраўдная.

Вечарам 20 лютага на мосце праз раку Ясельду, у 11 кіламетрах ад Пінска, атрад перахапіў пошту ў Мінск з сакрэтнай перапіскай і грашыма. Пасля Рагінскі лясамі рушыў у накірунку Лунін-Радзівілавічы, і далей — да Боркаў.

Генерал Носціц 23 лютага падзяліў свае войскі на 4 атрады і накіраваў іх услед паўстанцам. У гэты ж дзень Рагінскі ўвайшоў у маёнтак Лунін князя Друцкага-Любецкага, дзе атрад атрымаў харчаванне і некалькі коней.

Нарэшце 26 лютага атрад дасягнуў паселішча Боркі Пінскага ўезда. Гэта была маленькая бедная вёска, усяго з некалькіх хат і шэрагу гаспадарчых прыбудоў. Паўстанцы размясціліся лагерам сярод гэтых пабудоў і ўладкаваліся на пастой. Ноччу іх нечакана атакаваў атрад штабс-капітана Еўдакімава. У выніку атрад быў амаль разбіты. З 85 чалавек збеглі толькі 12, у тым ліку Рагінскі, 24 патрапілі ў палон, астатнія ж загінулі.

Рэшткі атрада намагаліся вырвацца з акружэння, рухаючыся далей на ўсход. Некалькі дзён яны блукалі па лясах на моцным марозе і ветры, пакуль не дасягнулі маёнтка Круковічы памешчыка Адахоўскага, дзе спадзяваліся пераначаваць. Аднак да маёнтка падышла калона капітана Алебартава, і паўстанцы зноў вымушаны былі ўцякаць у лес. Змучаныя, яны блукалі, пакуль у вёсцы Лахва ім не ўдалося ў мясцовых сялян атрымаць трохі прадуктаў і падводу, на якой накіраваліся ў бок Жыткавічаў Мазырскага ўезда.

Не даходзячы да Жыткавічаў, Рагінскі пакінуў свой атрад і разам з памочнікам Юрашкевічам пешшу адправіўся ў Тураў на сустрэчу шляхты, якую 3 сакавіка збіраў у сваёй хаце адстаўны ўланскі афіцэр Млынскі. Аднак па дарозе яны былі схоплены мяшчанамі і выдадзены казакам. Арыштавалі і іншых прадстаўнікоў атрада. Пад узмоцненай аховаю паўстанцаў адвезлі ў Жыткавічы, а адтуль у суправаджэнні капітана Алебартава даставілі ў Пінск.

У Пінску адбылася першая сустрэча Носціца з Рагінскім. Паўстанец успамінаў: «Ён увайшоў у пакой, дзе сабралася шмат афіцэраў, якія з цікавасцю разглядалі мяне, і, звяртаючыся да мяне, сказаў па-руску:

— Г-н Рогинский, я вашу храбрость уважаю. Подал бы вам руку, но руки ваши обагрены кровью моих соотечественников. Вы подняли мятеж против нашего государя и народа. Если вам это будет прощено, останемся друзьями...

Раман Рагінскі ў сталым веку

Пасля некалькіх дзён пад узмоцненай аховаю на чале з Носціцам Рагінскага правезлі праз Брэст пад увагаю вялізнага натоўпу, пасля накіравалі ў Варшаву, дзе вайсковы суд прыгаварыў яго да смяротнага пакарання. Пасля хадайніцтва Носціца прысуд быў заменены катаргай у Сібіры.

Праз тры дзясяткі гадоў Рагінскі атрымаў амністыю і ў 1896 наведаў 72-гадовага генерала Носціца ў яго маёнтку ва Украіне.

Абмеркаванне:

  • Василий
  • 2016-03-08 13:04:12
Действительно люди с несгибаемой волей, верные идеалам борьбы.

Каментаваць