Мяняю ваша каханне на жыццё гэтых дурных «палякаў»

Здаецца, гісторыя паўстання Кастуся Каліноўскага даследавана даволі глыбока і ўсебакова. Аднак людская памяць захоўвае яшчэ шмат цікавых і да сённяшняга дня невядомых гістарычных сюжэтаў.



Паўстанцы Каліноўскага


Адзін з іх звязаны з гісторыяй шляхецкага роду Плюта з Гродзенскай губерні. Яго прадстаўнікі былі сапраўднымі патрыётамі. Яны аднымі з першых падтрымалі паўстанне Кастуся Каліноўскага і, стварыўшы атрад, мужна змагаліся супраць царскіх акупантаў.
 
 
   Соф’я Плюта з мужам у Пецярбурзе
 
Нагадаю, галоўнай мэтай паўстанцаў было адраджэнне незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. У 1862 годзе ў Вільні быў арганізаваны Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК), які і пачаў рыхтаваць узброенае выступленне. На пачатку лютага 1863 года ЛПК звярнуўся да насельніцтва літоўска-беларускага краю з просьбай падтрымаць паўстанне. Адным з першых гэты народны ўздым падтрымаў багаты шляхціц з Гродзенскай губерні Станіслаў Плюта
 
У Беластоку ён сфарміраваў атрад са сваіх сялян і мясцовай шляхты і ўдзельнічаў у некалькіх паспяховых аперацыях супраць царскіх войскаў. Трэба таксама адзначыць, што разам з бацькам ваяваў і сын Плюты — Кастусь. Пад Сямятычамі паўстанцкі аддзел Плюты разам з іншымі паўстанцкімі часткамі супрацьстаяў 7 ротам царскіх войскаў з 4 гарматамі. Тады паўстанцы прымусілі рускія войскі адступіць, пры гэтым ім удалося захапіць некалькі гармат і іншыя трафеі. 
 
Паўстанцкі аддзел пад камандаваннем Станіслава Плюты ўдзельнічаў і ў іншых сутыкненнях з царскімі войскамі. У адным з баёў атрад быў атакаваны казакамі і амаль увесь загінуў. Рускія захапілі ў палон параненага шляхціца і яго сына. Абодва апынуліся ў Гродзенскай турме. У той час у гэты астрог трапіла шмат знакамітых ураджэнцаў беларускай зямлі. За кратамі ў Гродна знаходзіўся Напалеон Орда, якога арыштавалі па абвінавачанні, што ён удзельнічаў у антыўрадавых выступленнях і падтрымліваў «польскіх злачынцаў». Акрамя гэтага ў Гродзенскім астрозе тады апынуўся і муж Элізы Ажэшкі Пётр, якога абвінавацілі ў дапамозе аднаму з кіраўнікоў паўстання ў гістарычнай Літве Рамуальду Траўгуту
 
Пра тое, што бацька і сын Плюты трапілі ў рускую вязніцу хутка даведаліся іх блізкія. Малодшая дачка Станіслава Соф’я вырашыла пайсці на беспрэцэдэнтны крок. Яна накіравалася ў Вільню, каб сустрэцца з генерал-губернатарам Міхаілам Мураўёвым і папрасіць таго аб памілаванні для бацькі і брата. 
 
І дзяўчыне ўдалося трапіць на аўдыенцыю да «Вешальніка». Яна расказала губернатару пра тое, як любіць бацьку і брата, спрабавала растлумачыць, чаму тыя выступілі супраць Расіі. 
 
    Міхаіл Мураўёў-вешальнік
 
Мураўёў глядзеў на дзяўчыну з ухмылкай і рабіў выгляд, што слухае. Аднак пасля таго, як Соф’я скончыла, губернатар падышоў да яе і ціха сказаў: «У вас, спадарыня, ёсць адна магчымасць выратаваць сваіх блізкіх. Я мяняю ваша каханне на жыццё гэтых дурных «палякаў»
 
Соф’я глядзела на «Вешальніка» як на ўвасабленне д’ябла. Яна моўчкі павярнулася і пайшла да дзвярэй. Па сямейных паданнях, Мураўёў прамовіў ёй услед: «Зараз вы падпісалі сваім блізкім смяротны прысуд». Жанчына потым усё жыццё будзе ўспамінаць тыя словы, сказаныя крывавым катам паўстання. Мураўёў паклаў перад дзяўчынай на вагі яе гонар і жыццё самых блізкіх для яе людзей. І яна выбрала першае. Праз некалькі дзён гродзенскі шляхціц, удзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага, Станіслаў Плюта быў павешаны. 
 
   Соф'я Плюто, 1866 г.
 
Аднак брату Соф’і Кастусю, калі так можна казаць, пашчасціла. Яго прысудзілі да высылкі ў глыбінныя губерні Расійскай імперыі. Шматлікія даследчыкі, аднак, лічаць, што гэтае «выратаванне» на самой справе было жудаснай карай для асуджаных. У судовых дакументах, якія маюць дачыненне да пакарання паўстанцаў Каліноўскага, досыць часта фігуруе фармулёўка «выслаць у аддаленыя губерні». Паводле афіцыйных звестак расійскіх уладаў, пасля падаўлення паўстання па прысудах ваенных судоў было выслана на катаржныя работы з пазбаўленнем правоў стану і канфіскацыяй маёмасці 972 чалавекі, 345 чалавек было адпраўлена на вайсковую службу шараговымі салдатамі, 864 —  адпраўленыя ў арыштанцкія роты, 4096 (каля 800 сямей) — высланыя «на водворение на казённых землях внутри империи», нарэшце паводле пастаноў судоў 7531 чалавек быў высланы на жыхарства ва ўнутраныя губерні імперыі. Апроч таго, з месцаў свайго жыхарства былі выселеныя 629 сямей засцянковай шляхты. Такім чынам, агульная колькасць высланых з родных мясцінаў паўстанцаў сягала прыблізна 10 тыс. чалавек. Сярод іх большасць (57%) складалі жыхары Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі.
 
Беларускі даследчык Сяргей Токць адзначае, што высылку з родных мясцінаў у аддаленыя губерні як сродак пакарання паўстанцаў і іх прыхільнікаў улады сталі выкарыстоўваць ужо вясной 1863 года. Напрыклад, з Гродзенскай губерні ад пачатку паўстання да жніўня 1863 года былі высланыя 116 чалавек. У большасці сваёй гэта былі асобы, якія лічыліся «нядобранадзейнымі». Праўда, з іх ліку ў Сібір трапілі нямногія, паколькі большая частка высылалася ў цэнтральныя губерні імперыі і на Урал. 
 
Мураўёў назірае як вешаюць паўстанца
 
Летам 1863 года ўлады ўпершыню выкарысталі такі спосаб барацьбы з паўстанцамі як высылка жыхароў цэлага паселішча разам з жанчынамі і дзецьмі. Па прапанове Міхаіла Мураўёва-«Вешальніка» ад 24 ліпеня 1863 года былі высланы «на водворение» жыхары шляхецкай ваколіцы Шчукі ў Гродзенскім павеце. 30 верасня 1863 года гарадзенскі губернатар атрымаў загад ад віленскага генерал-губернатара Мураўёва «аб неадкладным высяленні жыхароў ваколіцы Лукавіца». У дакуменце, у прыватнасці, прапаноўвалася выслаць 37 сямей (каля 120 чалавек) разам з малымі і старымі ў Самарскую, Кастрамскую і Астраханскую губерні.
 
Сын гродзенскага паўстанца Кастусь Плюта быў сасланы у Томскую губерню, вёску Марыінск. Варта падкрэсліць, што да сярэдзіны 1867 года ў розныя куткі Томскай губерні было выслана каля 5 тысяч паўстанцаў з тэрыторый былой Рэчы Паспалітай. Такая высылка шляхты Беларусі, Польшчы і Літвы рабілася дзеля паступовай «дэградацыі» гэтага саслоўя, таму што былых паўстанцаў залічвалі ў катэгорыю «государевых крестьян». У архіўных дакументах 1868 года, у прыватнасці, пазначалася, што Кастусь Плюта, шляхціц Гродзенскай губерні, 26 гадоў, не жанаты, сасланы без захавання маёмасных правоў. На радзіму Кастусь вярнуўся толькі напрыканцы жыцця. 
 
Соф’я Плюта праз два гады пасля паўстання з’ехала ў Пецярбург і там выйшла замуж  за шляхціца Андрэя Меера. Пазней сям’я вярнулася ў Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі. Па ўспамінах родных Соф’я Станіславаўна часта ўзгадвала сустрэчу з Мураўёвым-вешальнікам і дакарала сябе за тое, што не ўратавала брата і бацьку. 
 
Памяць пра гэтых людзей, сапраўдных змагароў за незалежнасць Рэчы Паспалітай і гістарычнай Літвы, жыве і сёння. Тыя, хто падтрымаў Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе, былі сапраўднымі патрыётамі, і іх жыццё ўпісана залатымі літарамі ў летапіс гісторыі Беларусі.
 

Абмеркаванне:

  • Максім
  • 2013-02-11 02:10:18
З артыкула я даведаўся пра яшчэ адну людскую трагедыю цэлай сям'і-патрыётаў нашай Бацькаўшчыны. Бацька і сын Плюты, нягледзячы на сваё багацце і магчымасць весці забяспечанае жыццё, абралі свой
шлях-шлях барацьбы з самадзяржаўем супраць дэспатызму, гвалтоўнай русіфікацыі, рэлігійнага і нацыянальнага прыгнёту, а таксама рабавання нашага краю.

Яшчэ мы бачым маральнае аблічча генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва, які не сароміцца ісці на шантаж у дачыненні да пакутаючай дачцы і сястры паўстанцаў Станіслава і Кастуся Плютаў.

Таксама аўтар паказвае шматлікія метады і маштабы рэпрэсій царскага ўрада ў дачыненні да барацьбітаў за незалежнасць Беларусі.

Трэба захоўваць памяць пра тых людзей, якія паклалі сваё жыццё і шчасце на алтар свабоды ў імя незалежнасці сваёй Радзімы.

Каментаваць