Шматпакутныя крыжы Беларусі: крыж Расціславу Лапіцкаму

Крыж Расціславу Лапіцкаму ўпершыню быў усталяваны ў верасні 2009 года ва ўрочышчы Чырвоны Беражок, што на Вілейшчыне. Раней тут быў памятны валун з надпісам: «У гэтым месцы расстраляны Расціслаў Лапіцкі (І.ІХ.1928 — 28.Х.1950), змагар за незалежнасць Беларусі». Помнік беларускаму герою быў асвечаны праваслаўным святаром з вёскі Касута, адкуль родам славуты падпольшчык.

(На здымку: Памятны валун, які знеслі ўлады)



Крыж Расціславу Лапіцкаму ўпершыню быў усталяваны ў верасні 2009 года ва ўрочышчы Чырвоны Беражок, што на Вілейшчыне. Раней тут быў памятны валун з надпісам: «У гэтым месцы расстраляны Расціслаў Лапіцкі (І.ІХ.1928 — 28.Х.1950), змагар за незалежнасць Беларусі». Помнік беларускаму герою быў асвечаны праваслаўным святаром з вёскі Касута, адкуль родам славуты падпольшчык.

(На здымку: Памятны валун, які знеслі ўлады)


Магутны камень моцна трымаўся на бетоннай падушцы металічным дротам, важыў некалькі тон, але ж не вытрымаў агрэсіі, паддаўся націску магутнай спецтэхнікі, якой вывезлі яго на сметнік па загаду мясцовых уладаў. Здарылася гэта напярэдадні святога дня памінання памерлых — Радаўніцы.

«Расціслаў Лапіцкі — знакавая для Беларусі фігура, — кажа старшыня Вілейскай суполкі Партыі БНФ, рэдактар гістарычнага часопіса «Волат» Аляксей Сюдак. — У 1948 годзе ён стаў арганізатарам і кіраўніком антыкамуністычнага моладзевага руху на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне. Сябры руху друкавалі і распаўсюджвалі ўлёткі, у якіх заклікалі змагацца са сталінскім рэжымам, выказвалі пратэст супраць антынароднай паліты, якая характарызавалася вялікімі падаткамі, калгасным прымусам, рабаўніцтвам цэркваў, закрыццём беларускамоўных школ і русіфікацыяй насельніцтва. У 1950 годзе моладзевая арганізацыя была выкрытая савецкімі спецслужбамі, а ўсіх яе ўдзельнікаў саслалі ў лагеры. Расціслава Лапіцкага разам з паплечнікам Факундам Несцяровічам асудзілі на смяротнае пакаранне. Расціслава расстралялі ва ўрочышчы Красны Беражок ля Вілейкі. Было яму ўсяго 22 гады. Да гэтага часу ён не рэабілітаваны. Безумоўна, такіх мужных маладых асобаў, як Лапіцкі, было шмат на Беларусі. І кожнаму з іх павінны быць усталяваныя памятныя знакі».

Заканамерным крокам беларускай грамадскасці ў процідзеянне вандалізму мясцовых уладаў стала ўзвядзенне крыжа на месцы знесенага валуна Лапіцкаму. Адбылося гэта 1 верасня 2009 года, на дзень нараджэння нацыянальнага героя.

 Актывісты ўзводзяць крыж

На месцы знесенага крыжа брата


Побач знаходзіўся яшчэ адзін крыж — «Ахвярам рэпрэсіяў ад грамадскасці Смаргоні», які сімвалічна ўшаноўваў памяць усіх змагароў за незалежнасць Беларусі, забітых расійскімі, польскімі, нацысцкімі, савецкімі карнікамі, месцы пахаванняў якіх не вядомыя родным і блізкім ахвяраў. Завяршыў народны мемарыял трэці крыж, з надпісам «Героям Беларусі», усталяваны 9 верасня 2009 года.

10 верасня ўсе тры крыжы былі знесены, традыцыйна, па загаду мясцовых уладаў. А вілейскія актывісты Аляксей Сюдак, Уладзімір Малярчук і Аляксандр Наркевіч, якія ўдзельнічалі ва ўсталяванні народнага мемарыялу, былі абвінавачаны ў правядзенні несанкцыянаванага мітынгу. Мітынгам праваахоўныя органы палічылі ўскладанне кветак ды ўрачыстыя прамовы ўдзельнікаў мерапрыемства па ўшанаванні памяці беларускіх герояў. Тады ім прысудзілі ад 20 да 30 базавых велічынь.

«Так карэктуецца маральнае-этычнае, рэлігійнае выхаванне беларусаў сённяшнімі ўладамі, знішчаецца гістарычная памяць, — каментуе Аляксей Сюдак. — Але не ўсе пагаджаюцца з навязанымі грамадству правіламі. Дзякуючы розгласу гэтай справы ўсё больш людзей стала цікавіцца асобай Расціслава Лапіцкага, маўляў, што ж за чалавек такі быў, калі месца расправы над ім нельга абазначыць сімвалічным помнікам. Крыжы мы зноў аднавілі. І зараз да гэтага месца прыходзяць не толькі грамадскія актывісты, але і тутэйшыя, жыхары з навакольных мястэчак. Маладыя з Вілейшчыны падчас вяселля ўскладалі тут кветкі і запальвалі знічкі».

Сёння асоба беларускага змагара ўвекавечана не толькі народным мемарыялам, але і надрукаванымі кнігамі. У вытоках скрупулёзнай працы па даследаванні жыцця і дзейнасці Расціслава Лапіцкага стаіць вядомы беларускі навуковец, гісторык, археолаг Міхась Чарняўскі. Вынікам яго апантанай даследчыцкай працы з’явіліся дзве кнігі, прысвечаныя Мядзельска-смаргонскаму моладзеваму падполлю 1947–1950 гадоў і яго кіраўніку — «Як пошуг маланкі» і зборнік успамінаў і дакументаў «Не бойцеся ахвяраў і пакут». У гэтым годзе адбылася і прэзентацыя фільма па сцэнару М. Чарняўскага пад аднайменнай назвай кнігі «Як пошуг маланкі».

Нібыта лёс наканаваў нарадзіцца будучаму даследчыку ў той жа вёсцы, дзе жыў змагар, пайсці ў тую самую школу, у якой вучыўся і Расціслаў Лапіцкі. З пачуццём вялікай павагі і любові распавядае Чарняўскі пра свайго земляка. Мы даведваемся, што Лапіцкі быў не толькі моцнай і гераічнай асобай, але і вельмі таленавітым ад прыроды чалавекам. Ён добра маляваў, граў на розных музычных інструментах, цудоўна спяваў, цвёрдай суполкай трымалася каля яго моладзь.

У шматлікіх сваіх інтэрв’ю Міхась Чарняўскі неаднойчы распавядаў пра тое, як моцна паўплывала на яго жыццё асоба Расціслава Лапіцкага. Мусіць, таму ў жахлівую для Беларусі эпоху «застою» Чарняўскі ўваходзіў у лік беларускіх дысідэнтаў, за сваю дзейнасць пераследаваўся ўладамі, быў выкінуты з працы. Ён заўсёды займаў актыўную грамадскую пазіцыю, і як толькі ўзнікла магчымасць, быў сярод тых, хто ствараў Беларускі Народны Фронт і Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду.

Чарняўскі разам з іншымі прадстаўнікамі беларускіх суполак зрабілі шмат для таго, каб імёны змагароў не былі забытыя. Каб было куды прыехаць з Мінска старэнькай сястры Расціслава Лапіцкага і ўшанаваць яго памяць, ускласці кветкі. Крыж ва ўрочышчы Чырвоны Беражок для Алены Лапіцкай — сімвалічна і месца пакуты беларусаў і магіла роднага брата.

 

Каментаваць