След калабаранта. Мастак Анатоль Рубановіч

29 чэрвеня 2006 года Махроўскі сельскі выканаўчы камітэт прыняў рашэнне №62 аб ушанаванні памяці Рубановіча Анатоля Паўлавіча (12.04.1908–14.01.1970) наступным чынам: перайменаваць вуліцу Юбілейную вёскі Махро ў вуліцу імя Рубановіча; жыхарам вуліцы Юбілейнай вёскі Махро забяспечыць у вызначаным парадку ўнясенне зменаў у рэгістрацыйна-тэхнічную дакументацыю жыллёвых дамоў, пазначаных у пункце 1 сапраўднага рашэння.

(На выяве: Анатоль Рубановіч — па этапах жыцця: у маладосці, у пас. Ласінае, у Архангельску, у адвечным спакоі)



29 чэрвеня 2006 года Махроўскі сельскі выканаўчы камітэт прыняў рашэнне №62 аб ушанаванні памяці Рубановіча Анатоля Паўлавіча (12.04.1908–14.01.1970) наступным чынам: перайменаваць вуліцу Юбілейную вёскі Махро ў вуліцу імя Рубановіча; жыхарам вуліцы Юбілейнай вёскі Махро забяспечыць у вызначаным парадку ўнясенне зменаў у рэгістрацыйна-тэхнічную дакументацыю жыллёвых дамоў, пазначаных у пункце 1 сапраўднага рашэння.

(На выяве: Анатоль Рубановіч — па этапах жыцця: у маладосці, у пас. Ласінае, у Архангельску, у адвечным спакоі)


Пасяджэнне сельвыканкама стала афіцыйнай адмашкай для пачатку актыўных дзеянняў грамадскасці, якая з усёй апантанасцю ўзялася за справы. У красавіку 2007 года ўжо напоўніцу ішла праца ў музеі махроўскай сярэдняй школы па стварэнню экспазіцыі новай залы, прысвечанай творчасці Рубановіча і яго вучням. Варта адзначыць, што амаль усё ўвасаблялася без аніякага фінансавання, на дабрачынных пачатках.

Урачыстае ўшанаванне жыхара “палескай перліны, вёскі Махро, стала не толькі мясцовым святам, але і скасаваннем яшчэ адной “белай плямы ў гісторыі ХХ стагоддзя ў Беларусі.

Карыстаючыся нагодай, аддзячым захавальніцу фондаў музея Валянціну Раманюк, рупнасцю якой копіі ўсіх працоўных матэрыялаў, датычных Анатоля Рубановіча, трапілі ў адрас Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, з ласкі дырэктара якога, Ганны Вячаславаўны Запартыкі, я іх атрымаў.

Бацькі

Бацька нашага героя — Павел Адамавіч Рубановіч, як і дзед Адам Якаўлевіч, паходзіў з вёскі Лемяшэвічы пад Пінскам. Нарадзіўся Павел Адамавіч якраз на Пакроў 1876 года ў сям’і патомнага праваслаўнага святара, у якой, апрача яго, было яшчэ пяцёра дзяцей.

Да 1896 года Павел выхоўваўся і навучаўся ў Пінскай духоўнай вучэльні, потым закончыў 5 класаў Тульскай духоўнай семінарыі. У 1900 годзе ён быў накіраваны на службу ў Мінскае губернскае праўленне, дзе хуткім часам быў пераведзены на пасаду калежскага рэгістратара, а неўзабаве заняў месца справавода 5-га стала. (У асабістай справе Паўла Адамавіча, што захоўваецца ў Брэсцкім абласным архіве, ёсць дакумент, які сведчыць аб унясенні яго ў снежні 1901 года ў дваранскую радаслоўную кнігу Расійскай імперыі).

23 снежня 1905 года Павел Адамавіч Рубановіч, які ўжо займаў пасаду тытулярнага саветніка, пабраўся шлюбам з дачкой святара з Бабруйскага ўезда Вольгай Уладзіміраўнай Уруцэвіч, што працавала настаўніцай мінскай жаночай гімназіі. А праз некалькі гадоў сям’я пабольшала: 12 красавіка 1908 года ў Стаўбцоўскім раёне (па іншых звестках, у Мінску) у Паўла Адамавіча нарадзіўся сын, нарачоны Анатолем.

А. Рубановіч. Партрэт маці


З шэрагу версіяў і здагадак наконт паходжання прозвішча Рубановіч, распаўсюджанага на землях былога Вялікага Княства Літоўскага сярод мясцовай шляхты, бытавала меркаванне, што ўтворана яно было ад дзеяслова “рубіць. Не выключана, што так маглі празваць чалавека, што быў знявечаны на вайне, атрымаў “рубленую рану. Прозвішча “рубан маглі даць і сталяру. Як бы там ні было, але падчас Першай сусветнай вайны Павел Адамавіч стаў палкавым свяшчэннікам, за што, відаць, і быў адзначаны бронзавым медалём, ордэнамі Белага Арла і Св. Станіслава 3-й ступені, медалём у гонар 300-годдзя Дома Раманавых.

“Душаратавальную ніву не пакінуў і пасля кастрычніцкага перавароту, хіба што звярнуўся ў Духоўную Кансісторыю ў 1918 годзе з прашэннем перавесці яго з грамадзянскай службы ў царкоўную. Мажліва, што гэты крок збярог ягонае жыццё. Рукапаложаны ў 1921 годзе ў сан святара Цырскай (былой уніяцкай) царквы, потым спраўляў пастырскія абавязкі ў пабудаванай напрыканцы ХІХ стагоддзя ў псеўдарускім стылі Троіцкай царкве мястэчка Лагішын. Значная частка жыцця была пражытая на колах і ў пераездах.

Надыходзіў час грунтоўна асталёўвацца, і Павел Адамавіч звяртаецца ў 1927 годзе з прашэннем перавесці яго куды-небудзь на больш сталую службу. Так трапіў ён на самы ўскраек Беларусі, у вёску Махро Пінскага ўезду. Змяніў памерлага святара Туміловіча ў невялічкай, пабудаванай у 1792 годзе Пятра-Паўлаўскай царкве, драўляныя аб’ёмы якой, як заўважаюць даследчыкі архітэктуры, з’яўляюцца “прыкладамі перапрацоўкі на Беларусі мураванай архітэктуры стылю барока. Дарэчы, у час перабудовы на адной з падрубін майстры змаглі прачытаць прозвішча будаўніка храма — Парфірыя Дашкевіча з сяла Адрыжын.

Сын

Нашчадак святарскага роду Рубановічаў — Анатоль атрымаў неблагую адукацыю. Напачатку хатнюю, а потым у Пінскай духоўнай вучэльні. З маленства быў здатны да малявання. Здольнасці юнака запрыкмеціў епіскап Пінскі айцец Пётр, які з 1921 года быў у ліку распрацоўшчыкаў праграмы падтрымкі здольных прыхаджан. Факт атрымання на саборы ў 1922 годзе польскай праваслаўнай царквой аўтакефаліі падштурхнуў іерархаў да запачаткавання ўласнай іканапіснай школы, для ўвасаблення якой наладжваліся сувязі як з мастацкімі ўстановамі карэннай Польшчы, так і з Заходняй Украінай.

Па праграме падрыхтоўкі “ўласных багамазаў Анатоль трапіў напачатку ў Варшаўскую мастацкую вучэльню (будучую Акадэмію мастацтва). Сямейнае паданне сцвярджае, што па вяртанню з Варшавы Анатоль удасканаліў сваё майстэрства ў Вене ды Парыжы. Выстава яго твораў, зладжаная ў 1938 годзе ў Вільні, дзякуючы клопату стрыечнай сястры Ксеніі, сталася “справаздачнай. Сучаснікаў тады вельмі ўразілі велічна-прыгожыя абразы Мікалая Цудатворца, Серафіма Сароўскага ды Укрыжаванне. У тагачасным віленскім друку ёсць станоўчыя водгукі на выставу. У фондах жа школьнага музея вёскі Махро зберагаюцца ўспаміны сведкаў, як мастак працаваў над гэтымі абразамі.

Да верасня 1939 года рэлігійная тэматыка была вядучай у творчасці Анатоля Рубановіча. Ад моманту далучэння Заходняй Беларусі да БССР творчы дыяпазон яго — як сюжэтна, так і жанрава — пашыраецца і збочвае ад абранай магістральнай лініі. Неўзабаве збег знешніх абставін, памножаны на душэўны непакой юнацтва — пачатак Другой сусветнай вайны і савецкая акупацыя, смерць бацькі ў 1940 годзе, — мацуюць у ім перакананне цалкам прысвяціць сябе духоўнаму служэнню. Ад прыроды маючы добры голас і музычны слых, ён становіцца псаломшчыкам махроўскай Пятра-Паўлаўскай царквы, дзе з усёй душой выконвае свае абавязкі, не зважаючы на прыйшоўшую ў іх вёску вайну. Па смерці Рубановіча-старэйшага настаяцелем царквы быў Серафім Якаўлевіч Калінін (1905 года нараджэння, з вёскі Дзеткавічы Кобрынскага раёна; закончыў 6 класаў рэальнай вучэльні ў Пінску).

А. Рубановіч. Ранняя вясна

 



Пад абцасамі

Пінск і Брэст з навакольнымі мястэчкамі і селішчамі ў часы другой нямецкай акупацыі былі перададзены пад патранат рэйхскамісарыята “Украіна. Што акупацыя заўжды ўздзейнічае разбуральна на чалавека і на грамадства — аксіёма. Нямецкая акупацыя не была выключэннем. Тым больш, што за колькі папярэдніх гадоў “пад саветамі беларуская грамада шпарка пазбаўлялася гуманізму і грамадскай салідарнасці і, такім чынам, яшчэ больш падрыхтоўвалася да глыбейшых разбурэнняў. Стратэгія выжывання — рэч індывідуальная. З нешматлікіх варыянтаў найбольш распаўсюджанымі былі падпарадкаванне акупантам, выжыванне коштам жыццяў іншых. Трэці, найбольш трапны варыянт, які выбраў Анатоль Рубановіч, трывала абапіраўся на хрысціянскую мараль.

Звыкла і шчыра адпраўляў набажэнствы ў мясцовай царкве і кіраваў хорам, нёс землякам словы малітвы і суцяшэння, не пакідаў і заняткі мастацтвам. Выпрабаваннем сталася прызначэнне яго войтам Махроўскай гміны. Так ён трапіў у “калабаранты. Але жыхары вёскі аднагалосна сцвярджаюць, што, каб не спрактыкаваны розум ды чалавекалюбства мясцовага войта, хутчэй бы за ўсё, ні вёскі на мапе, ні яе жыхароў не было б і ў паміне.

Пераможная вясна

Летам 1944 года, падчас нямецкага адступлення, Анатоль Паўлавіч з сям’ёй і іншымі жыхарамі вёскі, у ліку якіх была і яго будучая жонка, на 16 гадоў маладзейшая за яго, пакаёўка Антаніна, быў прымусова вывезены ў Нямеччыну. Адукаваны, свабодна валодаючы некалькімі еўрапейскімі мовамі, ён пасля паразы гітлераўскай Германіі мог бы застацца на эміграцыі і лёгка адаптавацца на новым месцы жыхарства. Зрабіць гэта было не дужа складана, бо лагер па дэпартацыі, у якім ён утрымліваўся, знаходзіўся ў амерыканскай зоне акупацыі.

Ці адчуваў сваю віну за службу ў немцаў? Каб быў вінаваты ў “здрадзе, то, мусіць, быў бы пакараны партызанамі, але “народныя мсціўцы яго не кранулі.

Ці быў страх вяртання на Радзіму? Не, ад савецкіх афіцэраў сувязі, што былі адказныя за вяртанне суграмадзян у СССР, не хаваўся.

Хутчэй, наадварот, вяртанне на Радзіму мацавалася ў ім любоўю да радзімы і жыццёвай надзеяй на лепшае. На радасць бацькам падрастала дачушка Воля.

Па вяртанні Анатолю Паўлавічу прапанавалі выкладаць маляванне ў мясцовай школе. Шмат і з задавальненнем працаваў за мальбертам. Па большасці над партрэтамі ды краявідамі. Але лад ды спакой нядоўга панавалі ў іх доме.


А. Рубановіч. Зімовы пейзаж



Калабарант

Дачушцы Волі не споўнілася і дзевяці месяцаў, калі адным днём спякотнага чэрвеня 1946 года ў хату да Рубановічаў завіталі госці з Пінску.

Па выраку ваеннага трыбунала войскаў МУС Пінскай вобласці Анатоль Паўлавіч Рубановіч быў асуджаны па артыкуле 63–1 Крымінальнага кодэксу БССР на 10 гадоў лагераў, з пазбаўленнем грамадзянскіх правоў на пяць гадоў і канфіскацыяй маёмасці. Ад расстрэлу выратаваў прыняты ў 1947 годзе закон аб адмене смяротнага пакарання.

Бясконцае, знешне пазбаўленае логікі, следства. Абсурдныя абвінавачванні ў супрацоўніцтве са святарамі-аўтакефалістамі мітрапаліта Мельхісэдэка, што былі расстраляныя ў Мінску яшчэ ў ліпені 1937 года, толькі на падставе падазрэння, дакументальна ніяк не даведзенага, у сваяцтве з епіскапам Міхалам Рубановічам. Шантаж сваяцтвам з пакараным у СССР у 1930 годзе “ворагам народа пратаіерэем Парфірыем Рубановічам (ураджэнцам в. Лемяшевічы Пінскага павету, забітым савецкімі партызанамі ў 1943 годзе, — С. Г.) . Ну і, зразумела, абвінавачванне ў “здрадзе савецкай радзіме падчас нямецкай акупацыі.

Здрада Анатоля Паўлавіча палягала ў тым, “што часова пражываючы на акупаванай нямецкімі войскамі тэрыторыі (з чэрвеня 1941-га па жнівень 1943 года) служыў войтам Махроўскай гміны ў Іванаўскім павеце.

Доказам абвінавачвання было тое, што ён падтрымліваў (свядома і добраахвотна!) захопніцкі рэжым. Маючы пад сваім кіраваннем пяць старастаў з акаляючых Махро вёсак, ён арганізоўваў і кантраляваў выкананне загадаў нямецкіх уладаў па рэквізіцыі ў насельніцтва быдла, хлеба, цёплай вопраткі, а таксама па адпраўцы жыхароў гміны ў Нямеччыну на прымусовыя працы.

Салідарнасць аднавяскоўцаў


Яшчэ падчас следства, у 1947 годзе, жыхар вёскі Махро Кухнавец Фядос Іванавіч асмеліўся сабраць подпісы ледзь не ўсіх сваіх аднавяскоўцаў у абарону “ворага народа і калабаранта Анатоля Рубановіча. Сталінскія абвінаваўцы, аднак, адпрэчылі дакументы, падрыхтаваныя “народнымі абаронцамі.

Анатоль Паўлавіч, будучы войтам гміны, ведаў, што стараста вёскі Махро — Трафім Паўлюкавец дапамагае партызанам, што на тэрыторыі гміны з 10 траўня 1943 года дзейнічае падпольны вясковы савет, а вёска Калено — “сталіца партызанскага краю. Пазней Мікалай Кананчук, сын старшыні падпольнага савета Максіма Кананчука з вёскі Ляскавічы, распавядаў: “Ведаю, што Рубановіч быў звязаны з бацькам. Прыходзілася не раз паведамляць яму аб часе правядзення сходак, якія праводзіліся часцей за ўсё па начах у нашай хаце.

Адпаведна з “новым парадкам, калі ў вёсцы альбо блізу яе гінуў хоць адзін салдат рэйха, немцы расстрэльвалі 10–20 закладнікаў. Якраз увесну 1944 года на дарозе, недалёка ад Махро, узарваўся на міне воз з гуртам нямецкіх жаўнераў. Немцы сагналі за агароджу царквы Пятра і Паўла больш як 50 чалавек, сярод якіх былі старыя, жанчыны і дзеці, і нацэлілі на іх кулямёты. Да сёння народная памяць захавала, як з капелюшам у руцэ да нямецкага афіцэра рушыў Анатоль Паўлавіч, нешта доўга казаў яму, а калі аргументы ў абарону закладнікаў закончыліся, моўчкі пайшоў і стаў разам з імі. Што даводзіў святар нямецкаму афіцэру, не вядома, але пэўна тое, што пасля гэтага ахвярнага добраахвотнага далучэння святара да закладнікаў афіцэр зыркнуў на купку “прыгавораных і даў каманду сыходзіць.

Па ўспамінах Данілы Катовіча і іншых, другі раз Анатоль Рубановіч выратаваў аднавяскоўцаў, калі побач з хутарам Ігнатоўца падчас сутычкі быў забіты адзін з партызанаў і адзін немец.

У прадстаўнікоў новых уладаў Рубановіч выклікаў давер сваім святарскім “рукапалажэннем, дасканалым веданнем нямецкай мовы, здольнасцю лагічна абгрунтаваць свае доказы. Ён рабіў усё магчыма, каб ратаваць людзей, зберагчы вёску. За вайну ў вёсцы Махро ніводны чалавек не быў расстраляны.

Вяртанне

Асуджаны 30 ліпеня 1947 года Рубановіч развітаўся з турэмна-гасцінным Мінскам. Яшчэ тры гады мусіў адседзець у астрозе МГБ-НКУС, пакуль быў этапаваны на поўнач. У сталінскім канцлагеры пасёлка Ласіны, што на Архангельшчыне, яго ратавала непахісная вера ў Бога. У задушліва-скразняковай шчытавой будыніне лагернага жытла, разлічанай на сорак спакутаваных і знясіленых працай у рудніку мужыкоў, адзінае, што мажліва было, дык гэта згадваць родную старонку, у думках размаўляць з роднымі ды маліцца пад дранай посцілкай: “Божухна, дай сілы перажыць, Божухна, дапамажы ператрываць.

“19.VII.1954, грамадзянін СССР, беларус… рашэннем сесіі Архангельскага аблсуда, на падставе арт. №457 і 462 УПК быў датэрмінова вызвалены, аб чым сведчыць Даведка № 0012515 ад 29.VII.1954.

Даведка аб вызваленні



Праз гады, ссівелы, з падарваным ушчэнт здароўем, асабістымі грашыма ў памеры 332 рублёў, вярнуўся ў родную вёску. Мусіў быў пачынаць жыццё ад пачатку. Не надта проста было ўладкавацца на працу з кляймом “вораг народа, але пашанцавала. Запатрабаваны быў і як загадчык вясковага клуба, прыдатным стаўся досвед яго як былога рэгента, спатрэбілася і мастацкая адукацыя. З 1960 года, не губляючы сувязі з клубам як асноўным месцам працы, выкладаў выяўленчае мастацтва ў Махроўскай школе.

Выключна інтэлігентны, добра выхаваны і адукаваны прафесіянал, ён заўжды быў надзвычай уважлівы да вучняў. Шмат хто з іх назаўжды звязаў сваё жыццё з алоўкам і пэндзлем. Але лёс падрослай дачкі Вольгі ён усё ж бачыў у медыцыне. Блаславіў яе на працу на гэтай ніве, якая пачалася з сястрынскіх курсах у Іванаўскай лякарні.

Творчы даробак

Ствараючы экспазіцыю музея, дабрачынныя супрацоўнікі яго і мясцовыя краязнаўцы, лістуючыся з пасёлкам Ласіны, здолелі атрымаць адтуль колькі вершаў Рубановіча ды алоўкавых накідаў “лагернага перыяду. Асноўная ж частка цяперашняй калекцыі сабрана “па хатах жыхароў Махро і акаляючых вёсак. Усяго блізу 40 твораў. Першае, што звяртае ўвагу ў творах гэтага заходнебеларускага мастака — іх няроўны прафесійны ўзровень. Дарэчы, у публікацыях міжваеннага часу ён фігураваў як мастак-прафесіянал, а ў публікацыі, што з’явілася ў Іванаўскай раёнцы ў 1961 годзе, названы самадзейным мастаком. Мастацкую няроўнасць, мажліва, патлумачыць пакручастым жыццёвым шляхам, адсутнасцю акаляючай творчай атмасферы. Згадзіцеся, вайна, а пазней мазольная праца на апатытавых рудніках не спрыялі развіццю Богам дадзеных здольнасцяў мастака і паэта.

Сціплую на сённяшні дзень спадчыну заходнебеларускага мастака Анатоля Рубановіча можна ўмоўна падзяліць на некалькі часавых прамежкаў.

Творы першага, даваеннага перыяду, часу “ўзлёту творчых сіл і маладой энергіі не захаваліся. Другі перыяд храналагічна акрэсліваецца межамі 1944–1946 гадоў. Асобныя з твораў сведчаць аб высокім узроўні яго прафесійнай падрыхтоўкі. З краявідаў сваёй непаўторна-чыстай мелодыяй вылучаецца камерная выява ўскрайку заснежанай палескай вёсачкі. Але ўсё ж партрэтам належыць прыярытэтнае месца.

Адзін з лепшых партрэтаў таго часу — “Партрэт маці (папера, акварэль, змешаная тэхніка, 1946). Работа досыць вялікага памеру і на першае ўражанне зусім немудрагелістая. Пагрудная выява гераіні пададзена амаль у фас, але з лёгкім намёкам на разварот у тры чвэрці, які ў спалучэнні з віруючымі віхурамі ўмоўнага фону выклікае адчуванне дынамікі, або эфект “жывога жыцця. Сур’ёзна-ўладарная і разам з тым інтэлігентна-далікатная панна ў цёмным гарнітуры строгага крою і белай блузцы з брошкай-медальёнам годна глядзіць выпрабоўваючым позіркам шэра-блакітных вачэй праз круглыя шкельцы акуляраў. Знешняе падабенства выявы нестарой яшчэ “матушкі з арыгіналам можа пацвердзіць яе фотавыява дарэвалюцыйных часоў.

У паслялагерны перыяд (ад 1956 года) Рубановіч не меў мажлівасці займацца не папулярным пры савецкай уладзе сакральным мастацтвам. У палескай глыбінцы, у атмасферы прафесійна-эстэтычнага вакууму, мяркуем, сюжэтны жывапіс (апрача зменлівага і непаўторнага краявіду) таксама быў без патрэбы. Свецкія, па большасці пагрудныя партрэты аднавяскоўцаў, пэўным чынам працягвалі запачаткаваную ім у даваенныя гады традыцыю пісання абразоў. Галерэя створаных партрэтаў аднавяскоўцаў досыць шырокая. Апрача разнастайнасці традыцыйных характарыстык герояў, стаўшых абавязковымі (моцная воля, характар, сур’ёзны позірк альбо абаянне маладосці — знешняя вабнасць, непасрэднасць і г.д.), мусім адзначыць агульную для ўсіх твораў рысу — іх светланоснасць. Ва ўсіх творах без выключэння чуецца шчырае імкненне мастака вылучыць хоць каліўца Боскага святла, што ёсць у кожным чалавеку.

Адбітак Боскага святла, што выпраменьваў Анатоль Паўлавіч, згас пад “стары Новы год — 14 студзеня 1970 года.
 

Каментаваць