Слуцкія могілкі: мінулае і сучаснае

Набліжаецца нацыянальны дзень ушанавання памяці нашых продкаў — Дзяды. Гэта своеасаблівы дзень для кожнага з нас — калі мы наведваем могілкі, дзе спачываюць родныя і блізкія, задумваемся пра свае карані, якія моцна трымаюць нас на нашай зямлі, пра пераемнасць пакаленняў, пра спрычыненасць да агульнай гісторыі, увасобленай у кожным чалавеку, які нарадзіўся, жыў і сышоў у іншы свет, перадаўшы жыццё і хаду гісторыі сваім нашчадкам.



Набліжаецца нацыянальны дзень ушанавання памяці нашых продкаў — Дзяды. Гэта своеасаблівы дзень для кожнага з нас — калі мы наведваем могілкі, дзе спачываюць родныя і блізкія, задумваемся пра свае карані, якія моцна трымаюць нас на нашай зямлі, пра пераемнасць пакаленняў, пра спрычыненасць да агульнай гісторыі, увасобленай у кожным чалавеку, які нарадзіўся, жыў і сышоў у іншы свет, перадаўшы жыццё і хаду гісторыі сваім нашчадкам.

Нагодай для напісання артыкула стаў непрыемны інцыдэнт падчас правядзення талакі па добраўпарадкаванню старых могілак у цэнтры Слуцка, якую зладзілі актывісты грамадскай кампаніі «Наш Дом». Акцыю, якую мусілі б падтрымаць і мясцовыя ўлады і простыя случчакі.

У супрацьстаянні з міліцыяй

Да ініцыятараў далучылася некалькі гарадскіх жыхароў, але шчырае жаданне грамадзян прыйшлося не да спадобы мясцовым уладам. Уборка могілак нашых продкаў пераўтварылася ў супрацьстаянне з правакатарамі ў цывільным, міліцыяй і ідэалагічнымі работнікамі.

Ад пачатку акцыі ўзнікла спрэчка з прадстаўнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія таксама былі запрошаны на дабрачыннае мерапрыемства. Але, замест таго, каб дапамагаць, яны насміхаліся з удзельнікаў акцыі, давалі ўказанні. У планах дзяржаўных работнікаў стаяла добраўпарадкаванне бліжэйшых ад дарогі магіл, бачных гараджанам з вуліцы. Але ўдзельнікі ад пачатку вырашылі прыбраць самыя занядбаныя месцы. «Не, даражэнькія, мы прыйшлі ў першую чаргу даглядзець магілы вядомых беларусаў, а таксама магілы ХІХ стагоддзя, бо ўжо не засталося ў Слуцку іх сваякоў і блізкіх!» — заспрачалася з камунальнікамі ініцыятар талакі случчанка Зінаіда Цімошык. Але спрэчкай усё не скончылася. У выніку правакацыі ўладаў добраўпарадкаванне могілак магло завяршыцца трагедыяй.

Адзін з удзельнікаў акцыі, праваабаронца і былы дэпутат Вярхоўнага савета ХІІІ склікання Валерый Шчукін ледзь не патрапіў пад скіраваны на яго трактар для вывазу смецця, якім быў раструшчаны інвентар, а адскочыўшая з-пад колаў рыдлёўка трапіла ў галаву журналісткі «Белсату», яе прыйшлося везці ў лякарню для аказання медычнай дапамогі. Сведкамі гэтых здарэнняў сталі ўсе ўдзельнікі акцыі — людзі пераважна пенсійнага ўзросту, некалькі маладых гараджан, якія, кінуўшы мяцёлкі і граблі, пачалі абараняць пацярпелых. Нехта з прысутных заўважыў: «Не хапала толькі танкаў!»

Напярэдадні талакі ініцыятары акцыі разаслалі індывідуальныя запрашэнні дваццаці чатыром дэпутатам раённага савету, якія маюць выбарчыя акругі ў Слуцку, асобна быў запрошаны старшыня раённага савета дэпутатаў В. Ф. Ржанец. Але ніводзін з іх не спрычыніўся да добрай ініцыятывы гараджан.

Актывістка Зінаіда Цімошык датэлефанавалася да аднаго з дэпутатаў — кіраўніка раённага камітэта БРСМ, каб запрасіць на добраўпарадкаванне могілак: «Вас жа абіралі людзі. Прыйдзіце, пакажыцеся ім, магчыма, атрымаеце бонусы па сваёй далейшай дэпутацкай дзейнасці. Людзі пабачаць, што вы працуеце разам з імі». Але дэпутат адказаў, што ён чалавек паднявольны і падпарадкоўваецца толькі старшыні раённага савета дэпутатаў.

Зінаіда Цімошык і Валеры Шчукін у вострай размове з прадстаўнікамі ўладаў



Спадарыня Зінаіда, якая цягам некалькіх гадоў добраахвотна прыбірае асобныя магілы, абураецца: «На жаль, ніякай дапамогі ад уладаў чакаць не даводзіцца. Хутка Дзяды, а могілкі, якія знаходзяцца ў дваццаці метрах ад жылых дамоў, у жудасным стане! Канешне, насельніцтва само павінна клапаціцца пра індывідуальныя магілы родных і сваякоў. Але праходы да магіл, могілкі ў цэлым, павінны ўтрымлівацца ў ідэальным становішчы мясцовымі ЖКГ! На гэта спецыяльна выдзяляюцца сродкі. Кантроль за добраўпарадкаваннем пахаванняў на тэрыторыі кожнага раёна ажыццяўляе мясцовая ўлада, а таксама дэпутацкі корпус».

І сапраўды, вялізныя могілкі, дзе пахаваны вядомыя нашы землякі, знаходзяцца ў такім занядбаным стане, што да некаторых магіл немагчыма патрапіць без сякеры, прасякаючы сабе сцяжынку праз хмызняк. Практычна па ўсёй тэрыторыі могілак рассыпана смецце, пластыкавыя бутэлькі з-пад піва, аднаразовы посуд, шкляныя бутэлькі з-пад гарэлкі; шматлікія магілы буйна параслі чартапалохам, дзе-нідзе трапляюцца вялікія сметнікі; спілаваныя магутныя дрэвы спачываюць на магілах ХІХ стагоддзя.

Старадаўні Некропаль

Могілкі, гісторыя якіх пачынаецца ў ХVІІ стагоддзі, знаходзяцца ў цэнтры горада па вуліцы 14 Партызан і займаюць да 6 гектараў зямлі. Гэта сапраўдны некропаль Слуцка, які захоўвае ў сабе гісторыю чатырох стагоддзяў! Тэрыторыя могілак умоўна падзелена на чатыры часткі — з праваслаўнымі пахаваннямі, каталіцкімі, яўрэйскімі і самымі занядбанымі — лютэранскімі. Да гэтага часу на частцы лютэранскіх пахаванняў захаваліся магілы часоў Вялікага Княства Літоўскага. Да слуцкіх могілак прылягае і вялізны мемарыяльны комплекс у памяць загінулых салдат Другой сусветнай вайны. Тут парадак.

На могілках пахаваны героі паўстання Кастуся Каліноўскага, слуцкія паўстанцы, святары, дырэктары школ, кіраўнікі раёну, простыя людзі, ёсць брацкія магілы. Тут знайшлі вечны спачын вядомыя культурныя дзеячы Беларусі: да іх магілаў прыходзяць не толькі землякі, але прыязджаюць і людзі з замежжа. Так, пісьменнікі з Польшчы, Украіны прыязджаюць пакланіцца магіле паэта-дэмакрата ХІХ стагоддзя, удзельніка паўстання К. Каліноўскага Альгерда Абуховіча, творы якога дайшлі да нашых часоў.

Варварскае стаўленне да гісторыі

Вялікую гістарычную каштоўнасць прадстаўляе мармуровы помнік Люцыне Ордзе з роду Руткоўскіх — нявестцы вядомага беларускага мастака і кампазітара Напалеона Орды. Яе магілу разрабавалі пасля Другой сусветнай вайны, а надмагільную пліту спрабавалі вывезці — ды не атрымалася. Так пліта і засталася ляжаць, расколатая на дзве часткі. Зараз гэта ўлюбёнае месца п’янтосаў, якія, карыстаючыся адсутнасцю аховы, надмагілле Люцыны Орды выкарыстоўваюць у якасці стала. Некаторыя выпівохі так наўпрост і дамаўляюцца на вечаровую сустрэчу: «Сустрэнемся ў бары «Ля графіні». Мясцовыя жыхары ведаюць, дзе знаходзіцца той «бар», праз дарогу ад якога размешчаны харчовая крама.

Блукаючы па могілках, я пабачыла адчыненыя і разрабаваныя шукальнікамі скарбаў найпрыгажэйшыя мармуровыя магілы, спілаваныя часткі металічных крыжоў, парослыя імхом пліты ХVІІІ стагоддзя. Некаторыя помнікі ўразілі сваімі формамі і шыкоўнымі вобразамі — з увасобленай прыродай, дрэвамі і кветкамі, іншыя, высечаныя з валуноў, нагадалі старадаўніх ідалаў. Усе гэтыя гістарычныя каштоўнасці, творы мастацтва, на жаль, не ахоўваюцца службамі гораду.



«Як будзе выхавана наша моладзь, калі сярод могілак п’юць, гуляюць, брыдкасловяць?! — разважае ініцыятар кампаніі па добраўпарадкаванню могілак Зінаіда Цімошык. — Я пабывала ў Германіі, Аўстраліі, іншых краінах свету і пабачыла, як прыстойна там выглядаюць месцы пахаванняў, як ушаноўваюць людзі памяць продкаў. Мне захацелася, каб нашы грамадзяне мелі такі ж годны апошні прытулак. Мая мара — добраўпарадкаваць занядбаныя могілкі па ўсёй Беларусі». Сваёй апантанай дзейнасцю спадарыня Зінаіда абапіраецца на Пастанову Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2002 года №17/43 пра ўтрыманне месцаў пахавання памерлых, у якой прапісаны нормы па ўтрыманні могілак.

«Законы павінны выконвацца! — кажа яна. — Гэта значыць, могілкі павінны мець прыстойную агароджу, цэнтральны ўваход, праходы да магіл павінны захоўвацца ў ідэальным стане, кантэйнеры для смецця не павінны перапаўняцца. Мусіць быць установа для выдачы інвентару: асабліва гэта важна для горада, бо некаторыя людзі пражываюць у аднапакаёвых кватэрах, не маючы магчымасці размясціць інвентар. У наяўнасці павінна быць кніга ўліку са змешчанай інфармацыяй па кожнай асобнай пранумараванай магіле, хто за ёй даглядае, кантакты гэтага чалавека. Згодна з Законам, выканаўчыя органы ўлады здзяйсняюць кантроль, каб магілы не прарасталі быллём. Існуе Адміністрацыйны кодэкс, згодна з якім не дазваляецца вырошчваць на магілах двухметровае кустоўе. І калі чалавек не даглядае магілу, то павінен панесці адміністрацыйную адказнасць».

Случчанка тры гады таму пачала перапіску аб дапамозе ў добраўпарадкаванні могілак з мясцовым райвыканкамам, звярталася ў суд; актывісты «Нашага Дому» абыходзілі гараджан з інфармацыйнымі матэрыяламі, збіралі подпісы. «Адзінае, чаго я патрабую, — каб выконваўся Закон аб пахаваннях, які пакуль не дзейнічае ў Слуцку. Улады не павінны дэманстраваць сваё варварскае стаўленне да гісторыі, падаваць прыклады пасіўнасці да грамадскіх дабрачынных ініцыятыў. Тая ідэалогія, якую сёння прапагандуюць сваім стаўленнем да праблемаў горада так званыя «народныя абраннікі» — праз свае паводзіны, учынкі, — гэта ідэалогія бездухоўнасці, забыцця памяці памерлых. Прыборка могілак прайшла б нашмат прадуктыўней, калі б мясцовыя міліцыянты не запалохалі сваёй прысутнасцю і правакацыямі гараджан».

 

Каментаваць